Платны ўрад: вам давядзецца плаціць

Пошліны на грамадскія паслугі часам маюць сэнс. Аднак часта гэта сапраўдны рэкет.
The Economist , Пераклад Касі Васільевай · 3 Верасня 2015
Платны ўрад: вам давядзецца плаціць

Разводзіцеся? Ідзяце да лекара? Змываеце за сабою ў прыбіральні? Калі так, то Ваш шанец атрымаць рахунак ад урада ўзрастае кожны дзень. У фінансава цяжкі час заходнія краіны спрабуюць звесці канцы з канцамі і не ўвесці пры гэтым непапулярных падаткаў, здымаючы большыя сумы за штодзённыя паслугі. Амерыканскія гарады “выкалочваюць” са сваіх жыхароў на чвэрць больш такіх пошлін, чым у пачатку стагоддзя. Палова дзяржаваў-чальцоў ЕС павялічылі аплату за медычныя паслугі ад пачатку фінансавага крызісу. У Вялікабрытаніі дзейнічаюць суворыя фінансавыя абмежаванні, і новыя пошліны выскокваюць у самых нечаканых месцах: ад крымінальных судоў да муніцыпальных органаў па барацьбе з сельскагаспадарчымі шкоднікамі.

Платны ўрад мае свае перавагі. Аплата паслуг дапамагае эфектыўна размеркаваць рэсурсы, знізіць перарасход, гэтаксама, як паркаматы не дазваляюць людзям прысвойваць месцы для паркоўкі. Плацяжы, з якіх далёка не ўсе рэгрэсіўныя, могуць стацца больш справядлівай мерай, чым агульнае падаткаабкладанне. Ірландыя прыняла спрэчнае рашэнне і пачала ў студзені продаж вады насельніцтву паводле літражу, і гэта значыць, што ашчадныя спажыўцы плацяць менш, чым тыя, чые краны цякуць. Пошліны на навучанне зніжаюць субсідыі, якія студэнтам выплачваюць тыя, хто ніколі не меў прывілею навучацца ва ўніверсітэце. Адзін з найбуйнейшых спажыўцоў бясплатных ці субсідаваных паслуг – сярэдні клас, які мусіць плаціць.

Але цяперашні росквіт пошлінаў больш звязаны не з эканомікай, а з палітычнай мэтазгоднасцю. Палітыкі ўвялі пошліны як лёгкі шлях здабыцця грошай, і ўзвінцілі некаторыя з іх да такой ступені, што яны нават аддалена не суадносяцца з рэальным коштам на прапанаваныя паслугі. Распаўсюджаным рэзультатам ёсць рэгрэсіўнае, эканамічна скажонае махлярства.

Не дзіва, што пошліны папулярныя сярод урадаў. У адрозненне ад новых падаткаў, якія заўважныя ў фінансавых рахунках, пошліны можна схаваць у заканадаўчых актах, якія падлягаюць менш пільнаму вывучэнню. Яны могуць таксама быць накіраваныя на палітычна неарганізаваныя групы, а не на грамадства ў цэлым, з мэтай выклікаць не такі зацяты супраціў, як у выпадку з падвышэннем падаткаў ці змяншэннем дабрабыту. Брытанскі ўрад страціць менш галасоў праз падвышэнне кошту разводу, чым, напрыклад, праз зніжэнне ільготных выплатаў пажылым людзям на такую ж суму.

Аднак, калі пошліна перавышае кошт паслугі, яна робіцца падаткам. Возьмем, для прыкладу, візу для сваяка-ўтрыманца ў Брытанію. Пошліна складзе £ 2,141 ($ 3,370), гэта больш, чым сапраўдны кошт апрацоўкі заявы. З эмігрантаў здымаюць “даплату” на карысць Нацыянальнай службы аховы здароўя, не зважаючы, карыстаюцца яны яе паслугамі ці не.

Прасцей за ўсё “даіць” тых, хто карыстаецца судамі – гэта сапраўдны рынак мары. У Брытаніі, паводле новага заканадаўства аб пошлінах, дробныя хуліганы часам плоцяць больш пошлінаў (і гэтае пытанне не рэгулюецца суддзямі), чым штрафаў. У Амерыцы, чые суды самыя прадпрымальніцкія ў развітым свеце, пошліны настолькі высокія і так шырока распаўсюджаныя, што шмат якія парушальнікі трапляюць у турмы за іх неаплату. Мала хто паспачувае крымінальнікам, але ахвяраў таксама абкладаюць пошлінамі. Пасля таго, як Брытанія ўвяла высокія пошліны за судовыя разбіральніцтвы працоўных канфліктаў у 2013-ым, колькасць позваў аб сексуальнай дыскрымінацыі скарацілася на 83 %.

Адной рукой даючы

Корань праблемы – у няздольнасці здабыць грошы больш празрыстым шляхам, а канкрэтна, падаткаабкладаннем. У Брытаніі мясцовыя ўлады не могуць падвышаць падаткі, бо знаходзяцца пад кантролем магутнага цэнтральнага ўрада. У іншых краінах, напрыклад, у ЗША, палітыкі маюць ідэалагічную алергію на падвышэнне падаткаў. The Economist падзяляе іх жаданне мець маленькі ўрад. Аднак прасоўванне нізкіх падаткаў і надуманых пошлін – гэта кепскі варыянт фінансавай адказнасці. Сістэма, у якой грамадскія сродкі здабываюцца шляхам “даення” тых няўдах, каму патрэбныя паслугі, у якіх манапалістам з’яўляецца дзяржава, – гэта не адказнасць, гэта падман.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.