Як еўрапейскія папулісты могуць выйграць, прайграўшы

Травеньскія выбары ў Еўрапейскі парламент называюць лёсавызначальным момантам для будучыні “еўрапейскага праекта” – і на гэта ёсць важкая прычына. З планамі, каб стварыць адзіны фронт, партыям еўраскептыкаў дастаткова толькі  атрымаць траціну месцаў у парламенце, каб перакуліць кіраванне Еўрапейскім Саюзам з ног на галаву.

Mарк Леанард · 18 Лютага
Як еўрапейскія папулісты могуць выйграць, прайграўшы

Ці скончацца выбары ў Еўрапейскі парламент у траўні палітычнай рэвалюцыяй? Партыі папулістаў і нацыяналістаў спадзяюцца на гэта. Яны абяцаюць не толькі перавярнуць брусельскі істэблішмент, але і спыніць свабоднае перасоўванне людзей, зняць санкцыі супраць Расіі, адмовіцца ад НАТА,  будучых гандлёвых здзелак, змяніць палітыку барацьбы са зменай клімату і адмяніць гей-шлюбы.

Многія з гэтых ідэй былі даўно ўключаны ў выбарчыя праграмы маргінальных еўраскептычных партый. Але буйное даследаванне палітычнай сітуацыі ў 27 дзяржавах ЕС, праведзенае пад кіраўніцтвам Сюзі Дэнісан ды Паўла Цэрка з Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях, паказвае, што сёлета выбарнікі могуць быць больш чуйнымі да такіх прапановаў, чым у мінулым.

Раней выбары ў Еўрапейскі парламент былі пераважна справай нацыянальнай, з нізкімі стаўкамі і яўкай. Але гэтыя дні скончыліся.

Цяперашняя выбарчая кампанія стала транснацыянальнай, агульнаеўрапейскай падзеяй.

Тады, як амерыканскі папулісцкі агітатар Стыў Бэнан намагаецца стварыць кааліцыю правых нацыяналістычных урадаў, венгерскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан ды італьянскі віцэ-прэм’ер Матэа Сальвіні сфармавалі папулісцкае згуртаванне, якое сабрала левых, што выступаюць супраць жорсткай эканоміі і правых, якія супраць міграцыі. Мэта Орбана і Сальвіні – захапіць інстытуты Еўрапейскага Саюза ды даць задні ход еўраінтэграцыі знутры. Яны прадугледжваюць не што іншае, як стварыць новы Захад на неліберальных каштоўнасцях.

Хутчэй за ўсё, яўка выбарнікаў у гэтым годзе будзе нашмат большай, чым звычайныя 20-40 %.  Як прыхільнікі Брэксіту здолелі заручыцца падтрымкай тых трох мільёнаў жыхароў Вялікабрытаніі, хто звычайна ўстрымліваўся ад галасавання, так і папулісты з кантынента могуць заахвоціць еўрапейцаў, якія адчуваюць, што асноўныя партыі пра іх забылі. У выпадку, калі яны прыйдуць на выбары ў той жа час, калі прыхільнікі ўмераных лідараў (кшталту канцлера Германіі Ангелы Меркель ды прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона) застануцца дома, папулісцкія партыі могуць атрымаць значна лепшыя вынікі, чым ім цяпер прагназуюць апытанні.

Больш за тое, вынікі даследавання Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях паказваюць, што нават з парламенцкай меншасцю аб’яднанне еўраскептычных партыяў можа істотна абмежаваць магчымасці ЕС вырашаць праблемы выбарнікаў, а таксама паставіць пад сумнёў асноўныя кіроўныя прынцыпы ЕС. Напрыклад, маючы толькі адну траціну месцаў, папулісты змогуць блакаваць санкцыі супраць дзяржаваў-чальцоў Еўрапейскага Саюза, якія парушаюць яго правілы і вяршэнства права. Цяпер ЕС выкарыстоўвае такія захады супраць партыі “Права і справядлівасць” (PiS) у Польшчы і ўрада Орбана ў Венгрыі.

Папулісцкія мяцежнікі таксама могуць сарваць перамовы аб бюджэце Еўрапейскага Саюза і нават выклікаць “шатдаун” урада ЕС, перадухіліўшы Шматгадовую праграму фінансавага развіцця на 2021-2027 гады, як толькі яны заручацца падтрымкай абсалютнай большасці выбарнікаў. З блакавальнай меншасцю або кантролем некаторых парламенцкіх камітэтаў еўраскептыкі таксама здолеюць стаць на шляху міжнародных гандлёвых дамоваў і прызначэнняў у Еўрапейскай камісіі.

Папулісты, якія атрымаюць месцы ў парламенце, таксама будуць імкнуцца аслабіць знешнюю палітыку ЕС: або праз кантроль над бюджэтам, або праз праўкі палітычных рашэнняў. Калі ўлічыць, што многія еўрапейскія папулісты маюць фінансавыя сувязі з Крамлём, то іх мэтай будзе аслабіць санкцыі супраць Расіі. Акрамя таго, папулісты таксама імкнуцца перашкодзіць працы ў галіне абароны навакольнага асяроддзя, напрыклад, Парыжскаму кліматычнаму пагадненню.

Тады рызыка заключаецца не столькі ў тым, што папулісты атрымаюць парламенцкую меншасць і перавернуць усё ў адзін дзень, а ў тым, што яны атрымаюць прадстаўніцтва ў Еўрапейскай камісіі і забяспечаць дастаткова вялікую меншасць, каб перакуліць кіраўніцтва ЕС з ног на галаву. Гэта, у сваю чаргу, перашкодзіць выкананню правіл ЕС, умацуе нацыяналістычныя ўрады ды яшчэ больш падарве давер еўрапейскіх выбарнікаў да органаў кіравання Еўрапейскага Саюза.

Неліберальныя ўрады ў Будапешце, Варшаве і Рыме змогуць беспакарана парушаць правілы Еўрапейскага Саюза.

Акрамя таго, выбары ў Еўрапарламент супадаюць з шырока распаўсюджанай унутры дзяржаваў ЕС палітычнай перабудовай. Такім чынам, як для папулістаў, так і для ўмерана настроеных поспех на выбарах у траўні можа прывесці да поспеху на нацыянальным узроўні. Эстонія і Славакія правядуць агульныя выбары перад еўрапарламенцкімі, Бельгія і Данія – на год пазней. У кожным выпадку папулісцкія партыі могуць прыйсці да ўлады як партнёры па кааліцыі.

Што яшчэ горш, бачна, як праеўрапейскія партыі трапяць у пастку, закладзеную антыеўрапейскімі партыямі.

Лібералы, зялёныя і многія левыя партыі ва ўсёй Еўропе падыходзяць да выбараў як да барацьбы паміж касмапалітамі і прыхільнікамі камунітарызму – то бок паміж глабалізмам і патрыятызмам. Хутчэй за ўсё, такія палітычныя рамкі дапамогуць мяцежным еўраскептыкам лепш, чым хтосьці іншы.

Пакуль нічога не страчана. Але каб пазбегнуць разгрому, праеўрапейцы мусяць перастаць паводзіць сябе гэткім чынам, які пацвярджае стэрэатыпы папулістаў пра іх як аб прыхільніках цяперашняга стану справаў у Бруселі. Ім трэба прапанаваць шчырую крытыку недахопаў ЕС, пазбягаючы пры гэтым няправільнай палярызацыі, асабліва ў справах, дзе яны не маюць падтрымкі відавочнай большасці.

У той жа час праеўрапейцы мусяць разабрацца са сваімі праблемамі. Напрыклад, відавочна, што інтарэсы Орбана і Сальвіні ў ключавым пытанні міграцыі не асабліва ўвязваюцца. Пакуль Орбан не хоча пускаць ніякіх мігрантаў, Сальвіні заклікае да таго, каб усе, хто шукае прытулку і прыбывае ў Італію, былі размеркаваныя па ўсім Еўрапейскім Саюзе. Праеўрапейцам варта звярнуць увагу на гэтыя супярэчнасці выбарнікам у Венгрыі ды Італіі.

Макрон менш за ўсіх усведамляе папулісцкую пастку. У сваёй прамове, прысвечанай Дню перамір’я ў мінулым лістападзе, ён супрацьпаставіў патрыятызм нацыяналізму, тым самым абвергнуўшы тэзіс, што сапраўдныя патрыёты процістаяць “глабалістам”. Але ён мала зрабіў, каб паказаць, як яго палітыка можа зрабіць так, каб “пакінутыя элітамі” выбарнікі адчулі сябе ў бяспецы ад глабалізацыі і еўраінтэграцыі.

Як мінімум у тэорыі ідэалогія Макрона дагэтуль прэзентуе сабой найлепшую праеўрапейскую альтэрнатыву нацыяналізму, які адмірае. Але, каб пазбегнуць папулісцкай рэвалюцыі ў траўні, Макрон ды іншыя лідары будуць вымушаныя выйсці за рамкі свайго цеснага кола касмапалітычных эліт. Інакш яны трапяць у пастку еўраскептыкаў.

Першапачаткова гэты артыкул з’явіўся на сайце Project Syndicate.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Павел Зерка (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 30 Ліпеня
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Перад Урсулай фон дэр Ляен стаяць сем асноўных выклікаў. Ёй трэба вынайсці магічную формулу, каб сабраць палітычныя пазлы Еўрапейскага саюза.
Марк Леанард (пераклад Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях) · 7 Траўня
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Шматлікія назіральнікі чакаюць вялікае супрацьстаянне паміж сіламі «адкрытых» і «закрытых» грамадстваў на выбарах у Еўрапейскі парламент у траўні, дзе на коне – будучыня ЕС. Яны не дарма баяцца, але прычына страху памылковая.
Іван Красцев · 29 Сакавіка
Чаму Віктар Орбан і яго саюзнікі не выйграюць еўрапейскіх выбараў
Чаму Віктар Орбан і яго саюзнікі не выйграюць еўрапейскіх выбараў
Правыя папулісты думаюць, што выбарнікі зацыкліліся на іміграцыі. Гэта не так.