Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў

Праз чатыры гады пасля Еўрамайдана агульная карціна ва Украіне змрочная.
Эндру Уілсан (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 11 Чэрвеня
Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў

Украіна ўжо знаходзіцца ў рэжыме выбараў. Прэзідэнт і парламент, якія прыйшлі да ўлады ў выніку закалотаў у 2014-ым годзе, будуць пераабірацца на новы тэрмін у 2019-ым годзе: прэзідэнт – у сакавіку, а парламент – у кастрычніку. Аднак прэзідэнт Пятро Парашэнка зараз толькі на чацвёртым або пятым месцы ў апытаннях. У яго таксама самы высокі адмоўны рэйтынг сярод усіх кандыдатаў: 45 % украінцаў не прагаласавалі б за яго ні пры якіх абставінах.

Уздым папулістаў

Праз чатыры гады пасля Еўрамайдана агульная карціна змрочная. Былая прэм’ер-міністарка Юлія Цімашэнка захапіла лідарства ў апытаннях – але за кошт выкарыстання сітуацыі з сацыяльнымі і эканамічнымі праблемамі, а не праз працу над былымі памылкамі.

Пасля яе, паводле апытанняў, ідуць тры іншыя папулісты.

Алег Ляшко – гарласты ўкраінскі эквівалент Уладзіміра Жырыноўскага. У 2014-ым годзе ён насіўся з розным простымі рэцэптамі спынення вайны на ўсходзе краіны; цяпер ён перайшоў на антыкарупцыйную рыторыку, цішком аказваючы ў парламенце паслугі для алігархаў.

Яшчэ адзін кандыдат Вадзім Рабіновіч – алігарх. Яго новая партыя “За жыццё” агітуе за адно – за мір на ўсходзе Украіны, і мае падтрымку Віктара Медведчука – правай рукі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ва Украіне.

Іншы кандыдат – былы міністр энергетыкі Юрый Бойка – больш адкрыта прарасійскі.

Папулізм накладаецца на нацыяналізм. Скрайне правыя падзеленыя і маюць нязначны ўплыў, хоць і робяць шмат шуму на вуліцах. Алег Цягнібок, кіраўнік партыі “Свабода”, – галоўны сярод нацыяналістаў, паколькі з’яўляецца частым госцем на падкантрольных алігархам тэлеканалах.

Нават перспектыўныя кандыдаты схіляюцца да папулізму.

Святаслаў Вакарчук, спявак папулярнага ўкраінскага рок-гурта “Акіян Эльзы”, афіцыйна яшчэ не кандыдат, але інсайдары могуць паспрабаваць перацягнуць яго на свой бок, калі той вырашыць балатавацца.

Найдзіўнейшы з усіх – гэта Уладзімір Зяленскі, актор, які грае ў папулярным тэлевізійным серыяле “Слуга народа настаўніка гісторыі, якога прызначылі прэзідэнтам пасля выступу супраць карумпаваных палітыкаў. У рэальным жыцці прыхільнасць украінцаў да Зяленскага вынікае з антысістэмных настрояў, падобных да тых, якія паўплывалі на стварэнне італьянскага “Руху пяці зорак”. Падобныя настроі могуць лёгка выкарыстоўваць ва Украіне як алігархі, так і ўрадавыя паліттэхнолагі. Абодва, Зяленскі і Вакарчук, маюць рэйтынг на ўзроўні каля 8-9 %.

Уладзімір Гройсман – прэм’ер-міністр з пачатку 2016-га года. Першапачаткова лаяльны Парашэнку, цяпер ён спрабуе знайсці сваю ўласную палітычную нішу, але Парашэнка тонка падкошвае яго, калі той далёка заходзіць. У выніку застаюцца толькі два магчымыя кандыдаты-рэфарматары: былы міністр абароны Анатоль Грыцэнка і мэр Львова Андрэй Садовы. Але ніводны з іх не мае пераканаўчых аргументаў, што яны – людзі з па-за сістэмы: партыя Садовага атрымлівала грошы ад алігархаў, Грыцэнка ж балатаваўся падчас апошніх выбарчых кампаній.

Парашэнкава стратэгія пераабрання

Дарадцы Парашэнкі лічаць, што такое памнажэнне супернікаў карыснае для яго ў доўгатэрміновай перспектыве, бо канкурэнцыя паміж некалькімі папулістамі можа перашкодзіць кожнаму з іх захапіць вырашальнае лідарства. Яны таксама лічаць, што ён можа перахапіць нацыяналістычную рыторыку.

Парашэнка, хутчэй за ўсё, будзе ладзіць розныя трукі, прыдуманыя, каб падкрэсліць яго вобраз моцнага галоўнакамандуючага.

Урад будзе выкарыстоўваць сваю запушчаную кампанію “дэкамунізацыі”, каб выставіць Бойку і іншых прарасійскіх канкурэнтаў як неасавецкіх. Парашэнка гэтым летам звярнуўся да Усяленскага патрыярха ў Стамбуле з просьбаю даць аўтакефалію (самакіраванне) Украінскай Праваслаўнай Царкве напярэдадні 1030-й гадавіны хрышчэння Кіеўскай Русі. Ён можа нават ажывіць сваю адарваную ад рэчаіснасці ідэю рэферэндуму аб уступленні ў НАТА, што, верагодна, выкліча станоўчы водгук у кіраўніцтва Дзярждэпа ЗША. І Парашэнка будзе вінаваціць Расію ў маштабным умяшанні ў выбары. Падрыўная дзейнасць Расіі сапраўды будзе рэальнай пагрозай, на якую Кіеў і заходнія сталіцы будуць змушаныя рэагаваць.

Гэтыя метады – частка стратэгіі, вядомай у мясцовым маштабе як “пераключэнне мішэняў”, якая прадугледжвае пераключэнне ўвагі з нязручных тэм і спробы адаптавацца то пад адну важную электаральную групу, то пад другую. Гэта рызыкоўны падыход: Парашэнка можа страціць свой базавы электарат і не атрымаць падтрымкі ніякай новай групы.

Брудныя метады

Знерваваная парашэнкаўская адміністрацыя гуляе брудна. За Парашэнкам ва ўкраінскай палітыцы адбыўся дэбют некалькіх тэхналогій. Тролі і боты становяцца ўсё больш распаўсюджанымі, нават да такой ступені, што цяпер маюць сваю мянушку: парахаботы. На адміністрацыю прэзідэнта таксама таемна працуюць “эксперты” пад прыкрыццём, каб паляпшаць яе імідж у сацыяльных медыях і на тэлебачанні. Улады таксама стварылі прапагандысцкія сайты, такія як “Нацыянальны інтарэс Украіны” – на якім падазрона прафесійная англійская мова – для дыскрэдытацыі рэфарматараў у вачах замежных партнёраў.

Больш за тое, урад увёў агрэсіўныя крымінальныя захады ў дачыненні да антыкарупцыйных актывістаў.

У красавіку 2018-га года Кіеўскі суд стаў на баку чальца парламента Барыслава Разенблата: маўляў, навастворанае Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро пабудавала сваё абвінавачванне ў хабарніцтве супраць яго, неправамерна справакаваўшы Разенблата да атрымання хабару. Віталь Шабунін, кіраўнік Цэнтра процідзеяння карупцыі, быў абвінавачаны ў нападзе на блогера, які справакаваў яго праз інтэрнэт.

Адміністрацыя Парашэнкі ўжо назбірала значныя сродкі фонд для вядзення кампаніі. Хоць адносіны Кіева з Міжнародным валютным фондам застаюцца замарожанымі, дзяржаўныя аблігацыі былі паспяхова прададзеныя на міжнародных рынках, але пад высокія працэнты, што можа зруйнаваць дзяржаўныя фінансы ў будучыні. Давыбары ў 7 акругах у 2016-ым годзе паказалі, што кіроўная партыя паступова адраджае практыку выкарыстання дзяржаўных фондаў і дзяржаўных паслуг, каб выйграць галасы.

Другі тур

Парашэнку, магчыма, трэба будзе толькі набраць паміж 10 % і 20 % галасоў у першым туры выбараў. Заключная частка яго стратэгіі – мець такога суперніка, якога можна лёгка перамагчы ў другім туры. Не далей як два гады таму Цімашэнка была такім кандыдатам. У той час большасць назіральнікаў лічыла, што вынікі яе дзейнасці ў якасці прэм’ер-міністра перад выбарамі 2010-га года абмяжуюць колькасць галасоў за яе. Але калі верыць апытанням, украінцы, мабыць, маюць кароткую памяць, бо яе рэйтынг працягвае расці. У адказ адміністрацыя Парашэнкі пераключылася на выкарыстанне кампрамату супраць яе – апошнім часам націск робіцца на нібыта ахвяраванні ад Муамара Кадафі на яе выбарчую кампанію 2010-га года і на кантракт на суму ў $ 390,000 дзеля лабіравання яе інтарэсаў у Вашынгтоне.

Ідэальным супернікам Парашэнкі ў другім туры былі б Ляшко, Рабіновіч або Бойка.

Сярод гэтай тройкі Бойка будзе найлепшай мішэнню для патрыятычнай кампаніі Парашэнкі. І на Бойку ёсць шмат кампрамату, асабліва ў сувязі з яго роляй у закупцы ўрадам па завышанай цане крымскіх буравых установак за часамі былога прэзідэнта Віктара Януковіча. Аднак распальванне як украінскага нацыяналізму, так і грамадскай думкі на ўсходзе Украіны можа мець катастрафічныя наступствы.

Рэакцыя Еўропы

Кампанія Парашэнкі таксама будзе рабіць націск на сувязі з Еўропай. Але ніхто не павінен купляцца на міф пра тое, што толькі ён зможа рэфармаваць Украіну. ЕС не павінен адмаўляцца ад найважнейшай барацьбы за антыкарупцыйныя суды, што патэнцыйна мае вырашальнае значэнне для моцы ўкраінскай грамадзянскай супольнасці.

ЕС меў рацыю, замарозіўшы € 600 млн дапамогі Украіне ў снежні 2017-га года з прычыны адкату краіны ад рэформаў.

Але ў сакавіку 2018-га года ЕС прапанаваў даць Украіне дадатковы € 1 млрд еўра ў рамках дапамогі (хай і з некаторымі тымі самымі ўмовамі).

Еўрапейскія краіны могуць зрабіць больш, каб паўплываць на атмасферу выбараў ва Украіне. Яны могуць павялічыць выдаткі супраць дэзынфармацыі ва Украіне і ў іншых краінах. Новапаўсталаму ўкраінскаму грамадскаму вяшчанню трэба дапамагчы замацаваць свае пазіцыі. Магчыма, у кароткатэрміновай перспектыве мала шанцаў на правядзенне радыкальных рэформаў ва Украіне, але рыторыка на выбарах мае важнае значэнне для гэтага працэсу. Яна можа або надаць тэмпу рэформам, або атруціць грамадскі дыскурс на доўгія гады.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Беларусь ліберальней за Крым ў 180 разоў, куды знік рэйтынг Лукашэнкі і цемнаскурыя продкі беларусаў
Беларусь ліберальней за Крым ў 180 разоў, куды знік рэйтынг Лукашэнкі і цемнаскурыя продкі беларусаў
Агляд франтоў БНР, генетычны тэст Глеба (ці беларус ён наагул і ці так гэта важна), ядравы электарат Пуціна (гэта не пенсіянеры) і чаму школьнікі падтрымліваюць Лукашэнку, а выпускнікі – не?
Зміцер Лысюк· 20 Лютага
Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум
Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум
Галоўныя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы ў Беларусі.
Интервью с белорусским политтехнологом Ксении Собчак и Берни Сандерса
Интервью с белорусским политтехнологом Ксении Собчак и Берни Сандерса
Разговариваем с Виталием Шкляровым про выборы в России, США и Беларуси.