• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • На волю – з чыстай залікоўкай. Як атрымаць адукацыю за кратамі?

    Адукацыя зняволеных можа дапамагчы сацыялізацыі і зменшыць рэцыдывы, аднак беларускім вязням пакуль не пашэнціла.

    Беларуская дзяржава, здаецца, верыць у шлях да зор праз лайно. Як не толькі пакараць вязня, але і паставіць на шлях да новага жыцця, задача, над якой ломіць галаву МУС, працуючы над новым адмысловым законам. Аднак пакуль не прыдумалі нічога лепшага за тое, каб накіраваць зняволеных у калгас.

    Ідэя, што да нармальнага жыцця ў Беларусі можна прызвычаіцца, працуючы па калена ў лайне, выглядае досыць метафарычна, аднак не надта эфектыўна.

    “Працаўладкаванне будзе садзейнічаць зніжэнню рэцыдыву… дапаможа людзям уліцца ў грамадства, атрымліваць зарплату”, кажа пра навацыю міністр Шуневіч. Аднак і сучаснае грамадства, і годныя заробкі ляжаць далёка за межамі калгасаў.

    Зрэшты, як кажуць адмыслоўцы, нават каб добра працаваць у сельскай гаспадарцы, сёння патрэбная адукацыя, якой у вязняў часцей за ўсё няма: “Ні збажына сама па сабе не расце, ні скаціна. Трэба, каб там працавалі спецыялісты”.

    Сапраўды, адукацыя за кратамі можа стаць шанцам для людзей, якія спатыкнуліся, падмуркам іх будучага годнага жыцця на волі. І гэтае пытанне тычыцца кожнага: калі мы хочам жыць у здаровым грамадстве, то варта дбаць пра рэсацыялізацыю зняволеных. Інакш пасля турмы мы і надалей будзем атрымліваць паламаныя лёсы, а не перавыхаваных ды адукаваных людзей.

    Аднак з атрыманнем адукацыі ў беларускіх турмах і іншых адпаведных установах усё складана.

    Права ёсць магчымасці няма

    Хоць права на атрыманне адукацыі і зафіксаванае ў беларускай Канстытуцыі, аднак у адносінах да вязняў яно не працуе як след. Сярэдняй адукацыяй зняволеных падлеткаў забяспечваюць, аднак калі глядзець далей, на сярэдне-спецыяльную і вышэйшую, то пачынаюцца праблемы.

    На базе некаторых беларускіх калоній існуюць ПТВ, там можна атрымаць працоўную спецыяльнасць. Аднак эксперты не знаходзяць статыстыкі, колькі такіх ПТВ у краіне, якія там умовы навучання, колькі навучэнцаў і г.д.

    Выглядае, што сістэмнага падыходу да гэтага пытання няма.

    Ці будзе за кратамі ПТВ і на якую прафесію там магчыма будзе павучыцца – залежыць ад таго, як пашанцуе асуджанаму, куды яго накіруюць. Не надта падобна да роўнасці правоў.

    З вышэйшай адукацыяй яшчэ горш. Дзейсным крымінальна-выканаўчым заканадаўствам Беларусі вязням гарантуецца права на атрыманне вышэйшай адукацыі, але разам з тым у краіне пакуль няма механізму яго рэалізацыі, як прызнаў намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Уладзіслаў Мандрык.

    Камерцыя за еўрапейскія гранты

    Бадай, адзінае выключэнне – эксперымент у жаночай папраўчай калоніі № 4 Гомельскай вобласці. Там з 2015 года можна атрымаць дыстанцыйную адукацыю ў Мінскім інавацыйным універсітэце (МІУ) па спецыяльнасцях “псіхалогія”, “юрыспрудэнцыя” і “менеджмент”. Аднак тэхнічнае забеспячэнне было аплачана праз еўрапейскі праект, а ўдзельнічаць у вучобе пачалі толькі 15 зняволеных, якіх дбайна адабралі. То бок гэта кропля ў моры.

    Што праўда, досвед атрымаўся паспяховы. Як казаў дырэктар Цэнтра дыстанцыйнага навучання МІУ Сяргей Бяляеў, ёсць планы пашыраць іх дыстанцыйную адукацыю на івацэвіцкую калонію “Воўчыя норы” і дзве калоніі ў Бабруйску. Аднак тут узнікае іншае пытанне: дыстанцыйная адукацыя МІУ не танная.

    Навучальны год у 2015-м каштаваў 8,5 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, а ў 2016-м ужо 1200 рублёў (то бок на 40 % даражэй). Адміністрацыя калоніі кажа, што зарабляць гэтыя грошы вязні могуць на вытворчасці за кратамі, аднак фінансавы цяжар сур’ёзны і на практыцы можа быць дадатковай праблемай для сваякоў на волі.

    У Беларусі існуюць і іншыя ВНУ, якія прапаноўваюць таннейшыя праграмы дыстанцыйнай адукацыі, напрыклад, БДУІР ці Баранавіцкі ўніверсітэт, дзе дыстанцыйны вучэбны год каштуе 790 рублёў. Але іх паслугі за кратамі не прадстаўленыя. МІУ як прыватны ўніверсітэт можна толькі пахваліць за камерцыйную вынаходлівасць.

    Аднак падаецца, што МУС мусіць клапаціцца пра як мага шырэйшы доступ зняволеных да адукацыі і як мінімум павінен забяспечыць доступ да ўжо існых дыстанцыйных праграм.

    Лепей сядзець у Грузіі

    Рэсацыялізацыя зняволеных праз адукацыю – зусім не толькі беларуская тэма. Існуе нават Еўрапейская асацыяцыя турэмнай адукацыі (EPEA). Яна займаецца даследаваннямі па адукацыі ў месцах зняволення і на іх аснове выпрацоўвае evidence-based рэкамендацыі па адпаведнай палітыцы. Яна таксама ўсяляк спрыяе прасоўванню навучання ў турме як сродку фармавання прафесійнай ідэнтычнасці і фундаменту жыццяздольнай кар’еры.

    Беларусь таксама ўваходзіць ва ўсходні рэгіён асацыяцыі, аднак іншых згадак пра нашу краіну на сайце EPEA няма. Што не дзіва – асацыяцыя шчыльна супрацоўнічае з Радай Еўропы, з’яўляецца сябрам яе Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (Conference of INGOs). Ну а Беларусь – даўні зубны боль грамадскіх актывістаў – дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы.

    Зрэшты, пазітыўны досвед турэмнай адукацыі можна знайсці і на Каўказе. Напрыклад, вязні грузінскай турмы ў Руставі маюць магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю завочна ў розных ВНУ Грузіі. Акрамя таго дасяжныя курсы кіравання аўтамабілем (у Грузіі на правы ўсё роўна трэба здаваць толькі рух на пляцоўцы, а не кіраванне ў горадзе). Таксама можна вывучыць замежныя мовы – ад англійскай да французскай, выкладаць якую дапамагае зняволены з Кот д’Івуара.

    У беларускай рэчаіснасці палітзняволеныя маглі б гэтак выкладаць на турэмных курсах “Мова Нанова”.

    Каб вязні, адбываючы тэрмін, маглі вывучыцца не толькі размаўляць на жаргоне ды заварваць чыфір, але і на дыпламаванага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, патрэбная ініцыятыва МУС Беларусі. У першую чаргу гэта пойдзе на карысць усяму грамадству.

    ПаказацьСхаваць каментары