Турмы без дзяцей: як зменшыць падлеткавую злачыннасць

Штогод каля тысячы падлеткаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Дзяржава можа шмат зрабіць, каб папярэдзіць злачынствы дзяцей.  
Арцём Ткачук· 8 Сакавіка 2017
Турмы без дзяцей: як зменшыць падлеткавую злачыннасць

Выглядае, што дзіцячая злачыннасць у Беларусі знаходзіцца на невысокім узроўні, а доля злачынстваў непаўналетніх складае 3,3 % ад усіх выяўленых фактаў парушэння закону. У 2016-ым у адзінай беларускай калоніі для падлеткаў у Бабруйску адбывала пакаранне больш за 270 хлопцаў ва ўзросце 17-21 год. Крадзяжы застаюцца паловай правапарушэнняў гэтых маладзёнаў, што выклікае пытанне: ці правільна, што яны знаходзяцца ў турме.

А цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы не перавышаюць 10 %.

“Стандартны” ж профіль асуджанага школьнік ці навучэнец ПТВ 16-17 гадоў.

Адмыслоўцы ЮНІСЭФ адзначаюць, што ў Беларусі “ўсё яшчэ высокай застаецца колькасць непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных справаў”. У 2014-ым амаль 17 тысяч беларускіх падлеткаў стаялі на ўліку.  

Большая частка з іх гэта ўсё тыя ж хлопцы 16-17-ці гадоў. Дзяўчыны тыпова застаюцца меней праблемнымі за хлопцаў яны складаюць крыху болей за 20 % пастаўленых на ўлік. Тут паўстае яшчэ адно пытанне: наколькі эфектыўная сістэма ўліку, бо траціна асуджаных падлеткаў раней стаяла на гэтым самым уліку ў міліцыі.

Падлеткавая злачыннасць часта адлюстроўвае праблемы, якія ёсць у грамадстве распаўсюджанасць алкаголю і наркотыкаў.

Алкаголь застаецца найбольш распаўсюджанай прычынай падлеткавай злачыннасці. У 2014-ым кожны чацвёрты асуджаны зрабіў злачынства п’яным. Нездарма міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заклікаў лічыць аматараў алкаголю “ворагамі”, бо “інакш у нас нічога не атрымаецца”.

Калі ж паглядзець на дынаміку, то ў апошнія гады наркотыкі сталіся праблемай нумар адзін сярод падлеткаў. Пры гэтым колькасць іншых відаў злачынстваў непаўналетніх, за выключэннем кіравання без правоў, няўмольна змяншаецца. Напрыклад, калі лічба падлеткаў, якія парушылі закон у нецвярозым стане, зменшылася больш чым у 2,5 раза, то ў стане наркатычнага ўзбуджэння павялічылася ў 4 разы. Колькасць жа злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, у 2014-ым вырасла амаль у 3 разы ў параўнанні з 2010-ым.

Чатыры рэчы, якія могуць зрабіць улады

Натуральна, што дзяржава не можа несці адказнасць за кожнае злачынства, якое робіць падлетак. Дзіцячая злачыннасць існуе паўсюль, але пытанне ў яе памерах.  Вось якім чынам беларускія ўлады маглі б гэты зменшыць.

  • Абмежаванне непаўналетніх злачынцаў ад зэкаў

Яшчэ з савецкіх часоў захавалася практыка, паводле якой падлеткі ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах разам з дарослымі. Нават начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Дарошка адзначыў, што “пасля гэтага вельмі цяжка пераламаць крымінальную псіхалогію, якая склалася”.

У выніку пасля адбыцця пакарання ў калоніі для падлеткаў 40 % асуджаных непаўналетніх аказваюцца ў дарослых калоніях.

Выхаваўчы цэнтр для непаўналетніх патрэбнае выйсце. Важна не дапускаць, каб асуджаныя падлеткі рабіліся зэкамі.

Таксама эксперты бачаць прычыну высокага адсотка асуджаных у “значнай увазе” судоў да ўжывання мер пакарання для падлеткаў і адсутнасці ювенальнай юстыцыі. Для прыкладу, палова асуджаных падлеткаў у 2014-ым атрымала тэрмін за крадзеж.

Трапляючы ў кола асуджаных, маладзёны вельмі хутка пераймаюць іх культуру, паводзіны і светапогляд. Мадэлі пазасудовага вырашэння справаў, пакаранні, не звязаныя з выключэннем маладзёна з грамадства, могуць стаць шанцам для тых, хто сапраўды спатыкнуўся ў жыцці.

  • Выкарыстанне замежнага досведу

Парадаксальна, але 70 % асуджаных падлеткаў выхоўваліся ў звычайных сем’ях з маці і бацькам. Нездарма некаторыя заходнія даследаванні падкрэсліваюць важнасць падтрымкі з боку бацькоў як асноўны метад прэвенцыі.

З другога боку паліцыя Нью-Ёрка ставіць паводзіны патэнцыяльнай ахвяры злачынцы ў цэнтр увагі. Каб не спакушаць падлетка, яны раяць канкрэтныя правілы паводзінаў і перамяшчэння ў гарадской прасторы.  (Напрыклад, раяць не ездзіць аўтаспынам, не хадзіць у цёмных месцах, трымаць ключы ад дома ў руках, рухаючыся ў бок дзвярэй).

І першая, і другая мадэлі маюць свае перавагі, якія трэба выкарыстоўваць.

  • Зняцце праблемнай моладзі з уліку

Не сакрэт, што сілавыя органы неадназначна ставяцца да падлеткаў выпадкі кшталту прэвентыўных затрыманняў у трактарным пасёлку ці аблава на акцыю “Ежа замест бомбаў” гэта не нонсэнс, а праяўленне правіла. У 2014-ым колькасць маладзёнаў, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў, павялічылася на 2 тысячы асобаў.

Акцыя ЮНІСЭФ “Не вешайце ярлыкі на моладзь” не ўзялася з пустога месца.

Жорсткасць сістэмы пакаранняў для дарослых пераносіцца на моладзь. У МУС падлеткаў трэба зняць з уліку ў сімвалічным сэнсе статыстыка палепшыцца сама сабой.

  • Барацьба з алкагалізмам і наркотыкамі

Выказванні Шуневіча пра алкагольных ворагаў мінаюцца з рыторыкай Лукашэнкі пра нашых людзей-славян, якія любяць “выпіць і закусіць”. Абмежаванне продажу алкаголю ў дзень выпускных баляў гэта, хутчэй, канстатацыя факта, што моладзь п’е, чым змаганне са з’явай.

Вопыт Скандынавіі з іх нешматлікімі крамамі з алкаголем, высокімі цэнамі і абмежаваным часам продажу можа стацца канкрэтнай альтэрнатывай савецкай культуры піцця. Безумоўна, адкрытая мяжа з Расіяй застаецца галоўнай перашкодай антыалкагольных рэгуляцыяў у Беларусі.

Таму абмежаванне ўвозу нелегальнай гарэлкі з тэрыторыі ўсходняй суседкі будзе патрабаваць значных намаганняў з боку сілавых ведамстваў. Але гэта не значыць, што гэта немагчыма скандынаўскія краіны таксама не маюць межаў з рэштай Еўропы, але гэта не перашкаджае антыалкагольнай палітыцы існаваць дзесяцігоддзямі.

Вайна ж з наркотыкамі выглядае куды прасцей дзяржава проста павінна лепш рабіць рабіць сваю працу.

Бо як можна тлумачыць непаўналетнім пра шкоду спайсаў і дапусціць наркасхемы ўнутры самога КДБ?

Кажуць: “Не трэба выхоўваць дзяцей, яны ўсё роўна вырастуць і стануць такімі, як вы. Выхоўвайце сябе”. Спыненне падлеткавай злачыннасці трэба пачынаць з вырашэння грамадскіх праблем у цэлым. Да прыкладу, каб у моладзі прапала лішняя цікавасць да алкаголю, дарослыя мусяць перастаць “адзначаць” кожную нагоду. Такім чынам, злачыннасць трэба папярэджваць, а не канцэнтравацца на пакаранні праблемных падлеткаў.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 12 Студзеня 2020
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Хто бесіць, дзе жыць і калі жаніцца
Адказваем на вашы пытанні – пра карту паляка, перадачу ўлады, пераслед і самых гарачых рэфарматараў.
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка 2019
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня 2019
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.