• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Колькі можна зарабіць на чэках “Маёмасць” у 2016-ым годзе

    Чаму дзеля забавы можна папрасіць бацькоў перааформіць на сябе чэкі “Маёмасць”.

    Напачатку лютага Савет Міністраў пастанавіў прадоўжыць тэрмін абарачэння прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” яшчэ на тры гады. Праект з пачатку 1990-ых у чарговы раз адгукнуўся не вельмі прыемным рэхам.

    Паводле мінімальных разлікаў на руках у беларусаў знаходзіцца, больш за 170 млн узгаданых вартасных папераў. Цана аднаго чэка – BYR 4,4 тыс. Пасля заканчэння тэрміна іх законнай сілы дзяржава павінна будзе выплаціць грамадзянам больш за $ 35 млн. Гэта прыкладна 10 % бюджэту, прызначанага на ахову здароўя ў гэтым годзе. Агульная сума кампенсацыяў выглядае даволі значна, хоць уладальнікі чэкаў у большасці не ведаюць, як імі скарыстацца.

    Як і навошта з’явіліся чэкі “Маёмасць”

    Перадачу правоў уласнасці дзяржавай прыватным асобам можна звесці да дзвюх агульных мадэляў. Гэта можа быць масавая бясплатная прыватызацыя вялікай колькасці аб’ектаў, скіраваная да грамадзян краіны, альбо кропкавая, калі для канкрэтных праектаў дзяржава шукае стратэгічных інвестараў і прадае маёмасць за грошы. Беларусь, як і шэраг іншых усходнееўрапейскіх краін, на пачатковых этапах прыватызацыі абрала першую мадэль.

    Чэкавае раздзяржаўленне ў нашай краіне пачалося ў 1993-ім годзе паводле даволі простай схемы. Кожны, хто меў больш за 16 гадоў, згодна з акрэсленымі правіламі атрымліваў адпаведную колькасць іменных чэкаў, якія мог абмяняць на акцыі прадпрыемстваў.

    Меркавалася, што ў працэсе такой прыватызацыі ў рукі беларусаў будуць перададзеныя дзве трэція часткі ўсёй дзяржаўнай маёмасці.

    Іменныя прыватызацыйныя чэкі (ІПЧ) “Маёмасць” выпускаліся ў форме запісаў на спецыяльных рахунках і захавалі такую постаць да нашага часу. Грамадзяне атрымлівалі адмысловыя сертыфікаты, якія пацвярджалі колькасць выдадзеных чэкаў.

    Магчымасць атрымаць ІПЧ існавала ад 1994 да 1997 года. Дынаміка іх абмену на акцыі ніколі не споўніла дзяржаўнага прагнозу, а грамадская зацікаўленасць гэтым працэсам прапала ў палове мінулай дэкады. Тэрмін абарачэння чэкаў улады шматразова падаўжалі, у асноўным праз тое, што не мелі дастаткова вольных сродкаў для выплаты кампенсацыяў.

    Што рабіць з чэкамі цяпер

    У дадзены момант існуюць два спосабы разумным чынам пазбавіцца ад ІПЧ “Маёмасць”.

    Перадаць альбо прадаць

    Уладальнікі чэкаў могуць падарыць альбо прадаць іх любой асобе з абавязковым пераафармленнем права ўласнасці. Існуе, аднак, пэўнае абмежаванне. Абмяняць атрыманыя такім чынам ІПЧ на акцыі можна тады, калі іх ахвярадаўцам альбо прадаўцом з’яўляецца блізкі сваяк, а колькасць не перакрочвае 250 адзінак. У іншым выпадку чэк можна выкарыстаць толькі як сродак аплаты на адмысловым аўкцыёне, правесці які можа дзяржава. Такога рашэння ўлады яшчэ ніколі не прымалі. Цану продажу ІПЧ зацікаўленай асобе можна акрэсліць самастойна. Зыходзячы з простых эканамічных меркаванняў, мала хто згодзіцца набыць такую паперу больш, чымся за BYR 5 тыс.

    Стаць акцыянерам

    Свае і перааформленыя са сваякоў на сябе чэкі можна перавесці ў акцыі. Уся неабходная дзеля гэтага інфармацыя знаходзіцца на дзвюх інтэрнэт-старонках. На сайце “Беларусбанка” можна знайсці спіс прадпрыемстваў, акцыі якіх можна абмяняць на чэкі, а са старонкі Міністэрства фінансаў загрузіць дакументы з дадзенымі аб дывідэндах. Пасля таго, як выбар будзе зроблены, неабходна звярнуцца ў адпаведны аддзел “Беларусбанка” і правесці абмен.

    Ці варта рызыкаваць

    У асноўным акцыі, якія прапаноўвае дзяржава, не выклікаюць вялікага інтарэсу. Гаворка ідзе пра малавядомыя прадпрыемствы, вялікая частка якіх увогуле не генеруе прыбытку. Прадаць гэтыя акцыі далей не вельмі проста, а абмяняць назад на ІПЧ нельга. Інвестыцыю ў акцыі можна лічыць паспяховай, калі цана гадавога дывідэнду набытых папераў будзе большай, чым BYR 1,5 тыс. У такім выпадку праз тры гады агульная  велічыня прыбытку перакрочыць суму дзяржаўнай кампенсацыі.

    Адзіная рызыка – страта акцыяў у выніку банкруцтва альбо ліквідацыі прадпрыемства. Гэтая небяспека зводзіцца да мінімуму, таму што ўлады не маюць сур’ёзнага намеру адмовіцца ад фінансавай падтрымкі стратных дзяржаўных аб’ектаў. З іншага боку такая стратэгія не абяцае значнага ўзросту памеру прыбыткаў ад дывідэндаў.

    Што здарыцца, калі не рабіць нічога

    Нявыкарыстаныя чэкі “Маёмасць” у Беларусі мае больш за 2 млн чалавек. Пасля заканчэння тэрміну абарачэння ўладальнікі ІПЧ маюць права звярнуцца да дзяржавы з просьбай пра іх кампенсацыю. Пры намінальнай цане, якая не змянялася з 2005-га года, сума грашовай выплаты для адной асобы складзе ў сярэднім каля BYR 370 тыс.

    Абмен чэкаў на акцыі нельга назваць ні дрэнным рашэннем, ні добрай інвестыцыяй. Працэс больш нагадвае даволі цікавае заданне з эканамічнага квесту, у які варта згуляць пры наяўнасці часу. З іншага боку, калі чэкі ляжаць без справы, дзяржаве выгадна бясконца працягваць тэрмін іх законнай сілы.

    Уладальнікі паволі паміраюць, сертыфікаты губляюцца, у выніку інфляцыі абніжаецца рэальная вартасць чэкаў.

    Усё гэта змяншае памер кампенсацыі, істотнай для бюджэту краіны і амаль незаўважнай для яе жыхароў паасобку.

    ПаказацьСхаваць каментары