Хуткі сэкс па-беларуску

Чаму Беларусь патрабуе публічнай дыскусіі аб легалізацыі прастытуцыі. 
Алена Шпак · 21 Лістапада 2014
Хуткі сэкс па-беларуску

Нягледзячы на барацьбу ўладаў супраць прастытуцыі, яна жыве і развіваецца. За гэтаю з’яваю можна назіраць не толькі на вуліцах, цяпер прастытутку можна замовіць праз інтэрнэт. Напрыклад, сайт «Прастытуткі Менску» прапаноўвае інтымныя паслугі на любы густ, а на некаторых здымках можна разглядзець твары. Гэтаксама секс-бізнес працуе пад выглядам эскорт-паслугаў, рэлакс-комплексаў і крыміналізаваных бардэляў. Ставіцца да гэтай з’явы можна па-рознаму, але попыт нараджае прапанову, і, як бачна, попыт ёсць.

Занятак прастытуцыяй у Беларусі забаронены з 1987-га і застаецца адміністратыўным правапарушэннем. Таму, хто выконвае секс-паслугі пагражае накладанне штрафу (ад 20 да 50 базавых велічынь) або арышт да 15 сутак. Адказнасць нясе менавіта бок, які прапаноўвае паслугі, а не карыстальнікі. У 2009-ым Генпракуратура прапаноўвала ўвесці адміністрацыйную адказнасць за карыстанне паслугамі прастытутак, але далей за прапанову справа не пайшла.

Безумоўна, грошы застаюцца галоўным матыватарам прастытуцыі. Паводле тэматычных рэсурсаў, у сярэднім гадзіна беларускай прастытуткі каштуе $ 50-80. Афіцыйны сярэдні заробак у Менску ў 2014-ым склаў 6,3 млн рублёў працаўніца секс-індустрыі можа зарабіць столькі за 7 гадзінаў 30 хвілінаў.

Таму не дзіўна, што прастытуцыя дастаткова масавая ў Беларусі. МУС Беларусі ўзяло на ўлік каля 1830 грамадзянаў, якія былі злоўленыя пры занятку прастытуцыяй, у Менску 700 чалавек, гэтая лічба складаецца як з жанчын, так і з мужчын. Але, зразумела, гэтыя паказнікі далёкія ад рэчаіснасці. Паводле звестак прадстаўнікоў праекту “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь” прастытуцыяй займаюцца каля 17 тысяч жанчын, дадзеных пра мужчынаў няма. Моваю лічбаў, гэта 0,18 % ад усяго насельніцтва краіны.

Акрамя маральна-этычнага пытання вулічнай прастытуцыі, ёсць пытанні іншага плану. Напрыклад, распаўсюджванне СНІДу, якое пры знаходжанні прастытуцыі ў нелегальным стане з’яўляецца невырашальным. Так, мы не маем рэальных лічбаў хворых на СНІД, якія працуюць на вуліцы, і таму не можам ацаніць узровень небяспекі. Цікавыя дадзеныя атрымалі спецыялісты Глабальнага фонду прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі: “З нагоды бяспечна і небяспечна, мы праводзілі даследаванне акурат “на вуліцы”. Тэст-палоскамі абследавалі сліну і мікрарэакцыі крыві на ВІЧ-інфекцыю. Дык вось, з 20 даследаваных у траіх была ВІЧ-інфекцыя. Яны стаяць на вуліцы”.

Ці трэба легалізаваць прастытуцыю?

Паўстае пытанне, калі дзяржава змагаецца з прастытуцыяй і гэта не дае плёну, можа трэба змяніць тактыку? У некаторых краінах Паўночнай Еўропы, да прыкладу, у Швецыі, прастытуцыя жорстка забараняецца законам з 1999 году. Гэтак за набыццё секс-паслугаў “кліент” рызыкуе атрымаць 6 месяцаў зняволення. На практыцы гэтая забарона прывяла паводле афіцыйнай статыстыкі да скарачэння вулічнай прастытуцыі ў два разы.

З 2009 году ў Нарвегіі набыў моц закон, які надае секс-паслугам у краіне статус “нелегальных”. Такім чынам, грамадзяніну Нарвегіі, якога зловяць пры набыцці секс-паслугаў пагражае буйны штраф або шэсць месяцаў турмы. Калі гаворка ідзе пра прастытуцыю непаўналетніх, то парушальнікам пагражае зняволенне да трох гадоў. У Ісландыі прастытуцыя таксама забароненая, а адказнасць за карыстанне секс-паслугамі цалкам кладзецца на “кліента”, што таксама зніжае попыт.

Ва Усходняй Еўропе адною з першых краінаў, якая легалізавала прастытуцыю, стала Вугоршчына, там прастытуцыя з’яўляецца “індывідуальнай працоўнай дзейнасцю” і рэгулюецца такімі ж нормамі, як іншы малы бізнес. Досвед Галандыі лічыцца паказальным у сферы легалізацыі: прастытуткі маюць права на адпачынак і дзяржаўныя пенсійныя выплаты. Некаторыя краіны таксама зрабілі прастытуцыю легальнаю прафесіяй, сярод іх Швейцарыя, Данія, Бельгія.

У Вялікай Брытаніі прастытуцыя з’яўляецца легальным заняткам, але, з 2009-га ўведзеная крымінальная адказнасць для “кліента” у тым выпадку, калі прастытутку прымусілі прадаваць сваё цела. Нямеччына часткова легалізавала прастытуцыю ў 2002 годзе, але гэты закон распаўсюджваецца толькі на грамадзянаў Еўрапейскага Звязу.

Зразумела, што і беларускае грамадства павінна дыскутаваць на тэму легалізацыі прастытуцыі, каб зрабіць выснову, адэкватную для ХХІ стагоддзя. Досвед іншых краінаў супрацьлеглы, таму Беларусь мусіць абапірацца на ўласную ментальнасць і на тое, што прастытуцыя ўжо сталася часткаю грамадства. “Я не агітую за легалізацыю, я за тое, каб кожная магла ведаць, што яе не паб’юць, не абрабуюць, не прымусяць рабіць тое, на што не пагаджалася” – кажа “Ідэі” беларуская прадстаўніца секс-індустрыі – “Я проста хацела б, каб гэтая тэма не была забароненаю”.

Падобныя тэмы
бізнесграмадствасэкс
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Беларуская акцыя ля Асвенцыма, мірны мат і аптымізм
Беларуская акцыя ля Асвенцыма, мірны мат і аптымізм
Некалькі гісторый пра міліцыю, вяртанне добрага імя мату і пра межы акцыянізму
Антон Раднянкоў· 22 Жніўня
Тры графікі пра тое, чаму Беларусь не стане ІТ-краінай
Тры графікі пра тое, чаму Беларусь не стане ІТ-краінай
Чаму рэгіёнам патрэбная ІТ-адукацыя, а тэхналагічнаму сектару – новая кроў.
Арцём Ткачук· 10 Траўня
Павер мне. Чаму для поспеху рэформаў трэба пачаць адно аднаму давяраць
Павер мне. Чаму для поспеху рэформаў трэба пачаць адно аднаму давяраць
Ужо не адно дзесяцігоддзе ўлады выпрабоўваюць на жыхарах Беларусі больш і менш папулярныя змены. Рэформаў было столькі, што давер да іх перастаў цікавіць усіх, таму і Беларусь рэфармуюць абы-як.