Як беларускія вязні працуюць у калоніях і ўзбагачаюць бюджэт

Прэзентуем наш новы фармат – “Разбор”.

Рыгор Астапеня· 14 Лютага
Як беларускія вязні працуюць у калоніях і ўзбагачаюць бюджэт
Фота: Sputnik

“Разбор” – гэта наша спроба выбіць страйк у свеце, дзе людзі захапляюцца “інсайдарскай інфой з “Тэлеграма”, а многія медыі пераўтварыліся ў мяшанку фактаў, паўпраўды, хлусні і меркаванняў. Часам складаецца ўражанне: каб зразумець свет, лепш наагул не чытаць/не глядзець медыяў. Каб пераканаць вас у адваротным, мы запускаем новы тэкставы фармат, дзе будзем спрабаваць тлумачыць свет.

Першы “Разбор” прысвечаны працы вязняў у беларускіх калоніях. Іх праца, натуральна, нябачная нам на волі, хоць мы можам карыстацца мэбляй ці катацца на санках, вырабленых вязнямі. Здаецца, што мала хто разумее памер гэтай інфраструктуры.  

1. У беларускіх турмах ёсць каму працаваць.

  • У Беларусі каля 50 тыс. чалавек знаходзіцца ў месцах пазбаўлення свабоды, а нашая краіна прысутная ў сусветным топе паводле колькасці вязняў на душу насельніцтва. Нашая пенітэнцыярная сістэма зробленая такім чынам, каб утрымліваць зняволеных як мага даўжэй.
  • Большасць беларускіх вязняў працуе, паколькі іх да гэтага абавязвае беларускае заканадаўства. Толькі на прадпрыемствах МУС працуюць больш за 27 тыс. чалавек (на “хіміі” асуджаныя працуюць на звычайных прадпрыемствах, а, напрыклад, у СІЗА наагул не працуюць). Гэта ў два разы болей, чымся працаўнікоў на МАЗе.

2. Дзяржава стварыла выдатную інфраструктуру для працы асуджаных.

  • У Беларусі 15 прадпрыемстваў у калоніях і лячэбна-працоўных прафілакторыях, якія пераважна займаюцца дрэва- і металаапрацоўкай, швейнай і абутковай вытворчасцю. Напрыклад, яны шыюць вопратку для міліцыі альбо робяць клюшкі, якімі пасля ганарыцца Ігар Шуневіч.
  • Вытворчыя плошчы гэтых прадпрыемстваў складаюць больш за 150 квадратных кіламетраў – па памеры  гэта як Ліхтэнштэйн.
  • Гэтыя прадпрыемствы маюць падатковыя ільготы, ільготы на атрыманне сыравіны і ад іх можна набываць наўпрост – з прымяненнем працэдуры закупкі з адной крыніцы. У іх ёсць нават свой прома-ролік – карацей, усё прыгожа.

3. Гэтыя прадпрыемствы прыносяць шмат грошай.

  • Усе 15 прадпрыемстваў – прыбытковыя.
  • У 2018-ым гэтыя прадпрыемствы заплацілі падаткаў у бюджэт 150 млн рублёў. Прадпрыемствы, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству прамысловасці заплацілі ў паўтара раза менш.
  • Хапае нават сваіх success story – прадпрыемства Івацэвіцкай калоніі экспартуе мэблю ў Францыю (а былы кіраўнік калоніі атрымліваў хабары ад французскай кампаніі на суму больш за € 200 тыс.). Дарэчы, у гэтай калоніі мэбля сапраўды выглядае прыгожа.   

4. Прыбытковасць прадпрыемстваў тлумачацца не толькі ільготамі, але і працай вязняў, якія знаходзяцца ў стане нявольнікаў.

  • Дзяржава не заключае працоўных дамоваў з вязнямі – то бок працуюць яны фактычна без ніякіх правоў.
  • Вязні зарабляюць вельмі мала – яны могуць атрымаць усяго адну капейку за месяц. Вось так выглядаюць заробкі ў аднаго з вязняў.
Фота: Zaza Gašek
  • Фактычна вязні не маюць права адмовіцца ад сваёй бяспраўнай працы. “Крымінальна-выканаўчы кодэкс Беларусі расцэньвае адмову ад працы як парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання, што караецца прыцягненнем да дысцыплінарнай, а часам і да крымінальнай адказнасці”, кажа праваабаронца Павел Сапелка.

5. Гэта не толькі не справядліва ў дачыненні вязняў – гэта шкодзіць беларускаму грамадству.

  • Насамрэч працу вязняў, за якую плоцяць ніжэй, выкарыстоўваюць ва ўсім свеце – паслугамі зняволеных карыстаюцца нават Microsoft і Boeing. Пытанне толькі ў тым, што ў Беларусі ўмовы гэтай працы больш несправядлівыя.
  • Натуральна, што вязні не карыстаюцца асаблівай пашанай у грамадстве – адпаведна людзі не пераймаюцца наконт несправядлівасці адносна іх. Але ў практыцы такі падыход замінае галоўнай мэце турмаў – выпраўленню і рэсацыялізацыі (паводле супрацоўнікаў папраўчых установаў, толькі 12 % вязняў выпраўляюцца падчас адбыцця тэрміну).
  • Пытанне не толькі ў тым, каб справядліва ставіцца да вязняў. Адсутнасць адэкватных заробкаў прыводзіць да таго, што вязні пачынаюць паслятурэмнае жыццё без грошай і з крыўдай на праваахоўную сістэму. Гэта ў пэўным сэнсе штурхае іх зноў да злачынстваў, а ахвяра тут – усё грамадства.
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Ксенія Тарасевіч · 17 Ліпеня
Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі
Тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю ў Беларусі
У 2016-ым Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю, якіх у нас больш за паўмільёна. Гэта быў крок наперад, але дагэтуль хібаў хапае.
Рыгор Астапеня· 11 Ліпеня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Праблема не толькі ў тым, што Ігар Карпенка некампетэнтны, – ён небяспечны для беларускай адукацыі. 
Рыгор Астапеня· 10 Ліпеня
Як Беларусь зарабляе на зняволеных — і чаму гэта дрэнна
Як Беларусь зарабляе на зняволеных — і чаму гэта дрэнна
Тлумачым, як дзяржава ў Беларусі выкарыстоўвае працу зняволеных.