• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як Украіна спрабуе рэфармавацца

    Канспект выступу Дзмітрыя Салагуба пра зачыстку банкаўскага сектара, барацьбу з карупцыяй ды агульны стан краіны (+відэабонус).

    Анлайн-часопіс “Ідэя” і Даследчы цэнтр ІПМ у межах Кастрычніцкага эканамічнага форуму зладзілі лекцыю з Дзмітрыем Салагубам – намеснікам старшыні праўлення Нацбанка Украіны. Дзмітрый распавёў пра перадумовы крызісу, сімулякры краіны і пакутлівы шлях да рэформаў.

    Канспект лекцыі змясціў не ўсё, таму рэкамендуем да прагляду відэаверсію сустрэчы.

    Пра сімулякры

    Да 2014-га эканоміка Украіны была сімулякрам – нібыта існавала банкаўская сістэма, але была процьма банкаў, якія банкамі па сутнасці не з’яўляліся. Яны бралі грошы ў насельніцтва і выдавалі іх сваім жа кампаніям у выглядзе крэдытаў. Грошай у банкаўскай сістэме не было і толькі крызіс выявіў гэтую праблему.

    Другім сімулякрам было войска. У нас нібыта было Міністэрства абароны, там працавалі нейкія людзі, былі выдаткі на армію з бюджэту. Але падзеі 2014-га паказалі, што войска не было, не было афіцэрскага корпуса, тэхнікі.

    Ва Украіне праблем больш, чым у Беларусі.

    Крызіс 2014-га атрымаўся такім моцным, бо злілося адразу некалькі фактараў: ваенны канфлікт, калі краіна згубіла тэрыторыю, якая давала 15 % ВУП і 22 % экспарту; праявіліся старыя эканамічныя праблемы і рэзка змянілася структура знешняга гандлю; зачыніўся рынак Расіі, на які прыпадала 30 % экспарту (сёння ўжо толькі 10 %), а знешні гандаль – гэта не тое, што можна хутка перабудаваць.

    Пра шлях рэформаў

    Паводле рэйтынга Vox Ukraine, самыя вялікія рэформы адбываюцца ў сферы барацьбы з карупцыяй. Сёння створана шмат антыкарупцыйных органаў: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро, Нацыянальная антыкарупцыйная пракуратура, Агенцтва супрацьдзеяння карупцыі. Але пакуль ёсць праблемы з іх дзейнасцю.

    Пасля таго, як была ўведзеная электронная дэкларацыя, сотні чыноўнікаў і пракурораў звальняліся, каб не паказваць сваіх прыбыткаў.

    Ва Усходняй Еўропе ёсць два яскравыя прыклады правядзення рэформаў: Грузія і Румынія. Грузія была больш беднаю краінай. Там была вертыкальная карупцыя з канцэнтрацыяй на самым версе. Таму, калі ўдарыць у адным месцы праз стварэнне нармальнага заканадаўства і змену кадраў, праблема карупцыі будзе вырашаная. Ва Украіны акрамя вертыкальнай карупцыі ёсць і гарызантальная. Яна добра самаарганізоўваецца на месцах і вельмі эфектыўная.

    У Румыніі пры яе ўваходзе ў ЕС таксама стварылі шмат антыкарупцыйных органаў, але на першым этапе гэта не дапамагала. Толькі пасля крызісу 2008-га прэзідэнт зразумеў, што краіне патрэбныя рэформы, змяншэнне дэфіцыту бюджэту. Каб “прадаць” грамадству такія рэформы, была распачатая сапраўдная барацьба супраць карупцыі, асабліва ў рэгіёнах.

    Пакуль уся антыкарупцыйная дзейнасць – гэта паколванне монстра. Каб быў сапраўдны эфект, патрэбная кансалідаваная воля вышэйшай улады. Сёння то яна ёсць, то яе няма.

    Калі ў 2007-ым Румынія, Балгарыя і Украіна былі прыблізна на адным узроўні развіцця, сёння Румынія дынамічна развіваецца, Балгарыя засталася на тым жа ўзроўні, а Украіна пайшла ўніз.

    За тры гады Нацыянальны банк Украіны зачыніў 82 банкі (з 180). Гэта тыя банкі, дзе адмываліся крымінальныя грошы, дзе былі невядомыя рэальныя ўладальнікі банкаў ці проста банкі былі не плацежаздольныя. Нашая пазіцыя ў тым, што на рынку не павінна быць банкаў з неідэнтыфікаванымі ўладальнікамі. Мы шмат зрабілі ў гэтым накірунку.

    У канцы 2014-га ў Нацбанку Украіны працавала каля 12 тысяч чалавек, сёння – 5 тысяч. Асноўныя скарачэнні прайшлі ў рэгіянальных офісах. Мы жывем у XXI стагоддзі, тэхналогіі робяць непатрэбнымі такія офісы.

    Тарыфы на газ істотна падняліся і гэта было непапулярным рашэннем. Але гэтая неэфектыўнасць тарыфаў адлюстроўвалася ў дзяржаўным бюджэце. У пэўны момант дэфіцыт газавага сектара складаў палову ўсяго бюджэтнага дэфіцыту краіны.

    Адначасова з ростам тарыфаў была створаная сістэма субсідыяў. Пакуль яна не зусім аптымальная: з прыкладна 20 млн хатніх гаспадарак, каля 8 млн падпадаюць пад субсідыі – гэта каля 40 %. Так не павінна быць.

    З ростам тарыфаў усе заняліся энергаэфектыўнасцю.

    
Узровень якасці дзяржаўнага апарату ў Беларусі лепшы, чымся ва Украіне. Ва Украіне большая розніца ў заробках паміж бізнес-сектарам і дзяржаўным сектарам. Таму доўгі час быў негатыўны адбор: у дзяржаўны сектар працаваць ішлі або не вельмі адукаваныя, або тыя, хто разлічваў жыць на карупцыйны складнік.

    Пра эканамічны стан

    Мінус маленькай краіны ў тым, што немагчыма ўсё вырабляць самім, нейкія тавары прасцей закупіць. Для краін Балтыі, Славакіі ці Чэхіі перавагі адзінага еўрапейскага рынку ў тым, што больш яны не маленькія краіны – яны частка аднаго буйнога рынку. І ў гэтым праблема Грузіі – яна далёка знаходзіцца ад гандлёвых саюзаў і ў яе варожыя суседзі.

    Эканоміка Украіны стабілізуецца – у наступным годзе мы чакаем рост ВУП у 2,5% і інфляцыю ў 8 %. Золата-валютныя рэзервы таксама павялічваюцца: сёння іх хапае на чатыры месяцы імпарту, а ў Беларусі – толькі на два.

    Піць гарэлку ў Новасібірску і дамаўляцца аб новым кантракце прасцей, чым ехаць у Чылі і весці сапраўдныя перамовы ў канкурэнтным асяроддзі.

    Калі я параўнаў Украіну з Інданезіяй – гэта вельмі пакрыўдзіла ўкраінскіх палітыкаў. Але я думаю, гэта Інданезія павінна крыўдзіцца, што яе параўноўваюць з Украінаю.

    Незалежны Цэнтральны банк павінен існаваць для таго, каб выратоўваць палітыкаў ад саміх сябе. 

Палітыкі заўсёды хочуць атрымаць кароткатэрміновыя перавагі за кошт доўгатэрміновых стратаў.

    ПаказацьСхаваць каментары