Апошнія героі. Як грамадскія актывісты ратуюць рэгіёны

Як у краіне абуджаецца грамадства і што гэта дае рэгіёнам, апавядае экспертка па працы з мясцовымі лідаркамі і лідарамі Марына Корж.
Апошнія героі. Як грамадскія актывісты ратуюць рэгіёны

Прынята лічыць, што ў беларусаў усё кепска з актывізмам і грамадзянскай супольнасцю. Звычайна гэта кажуць пра Мінск і перадусім людзі, якія жывуць у Мінску. Мы пагутарылі з эксперткай “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі” Марынай Корж, каб даведацца, ці ёсць грамадская актыўнасць за МКАДам, як мясцовыя супольнасці выбудоўваюць стасункі з уладамі і чаму менавіта ад іх залежыць жыццё рэгіёнаў.

Як сфармаваць мясцовую супольнасць

Атамізацыя грамадства ў Мінску большая. У рэгіёнах кантакты паміж жыхарамі шчыльнейшыя, людзі лепш ведаюць адно аднаго, часцяком у іх ёсць досвед узаемадзеяння. І хоць прафесійная супольнасць у Мінску больш развітая, але тэрытарыяльныя супольнасці на ўзроўні раёну, парку, двароў значна слабейшыя. У рэгіёнах усё наадварот.

Каб мясцовая супольнасць пачала вырашаць канкрэтныя праблемы, у самым пачатку трэба пабудаваць каманду аднадумцаў. Неабходна, каб яны перазнаёміліся, разам абмеркавалі праблемы, склалі нейкі план. Каб запусціць такі працэс, трэба паўгода-год.

IMG_3172-2

 

Часта цэлыя сацыяльныя групы знаходзяцца ў сваіх гета, ім цяжка мысліць у кантэксце тэрыторый. Але трэба разумець, што вырашэнне праблемы, напрыклад, безбар’ернага асяроддзя дапамагае не толькі людзям з інваліднасцю, але і ўсім, хто пражывае на гэтай тэрыторыі: сталым людзям, раварыстам, бацькам з дзецьмі.

Цэлыя сацыяльныя групы знаходзяцца ў сваіх гета, ім цяжка мысліць у кантэксце тэрыторый.

Не трэба думаць, што мясцовыя супольнасці могуць вырашыць усе праблемы, бо той жа інвестыцыйны ці бізнес-клімат залежыць ад палітыкі ўладаў. Таму вельмі важна абіраць тыя праблемы, якія мясцовая супольнасць можа даволі эфектыўна вырашыць, напрыклад, звязаныя з экалогіяй. Да такіх пытанняў лёгка падключаюцца звычайныя жыхары, і мясцовыя ўлады часцяком ідуць насустрач і таксама дапамагаюць.

Як узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі

Працаваць з мясцовымі ўладамі не такая цяжкая задача, як можна падумаць. Галоўнае перацягнуць іх на свой бок. Асабліва актыўныя сельсаветы яны гатовыя ісці за вас у выканкам, весці перамовы, выбіваць там бюджэтныя грошы.

Магчыма нават дамагчыся дзяржаўнага фінансавання. На гэта спатрэбіцца 1-2 гады і вельмі актыўная дзейнасць мясцовай супольнасці: збор подпісаў, публічныя абмеркаванні, сустрэчы з дэпутатамі.

У сельсаветах ёсць такая пасада, як стараста. Звычайна яны прызначаюцца, але ёсць раёны, дзе з ініцыятывы кіраўніцтва іх па-сапраўднаму абіраюць. Старастам можа быць па 80 гадоў, але яны ходзяць па людзях, апытваюць іх і потым абмяркоўваюць у выканкаме іх праблемы. Па сутнасці, у такіх раёнах арганізаваны паўнавартасны працэс мясцовага самакіравання.

Нашыя людзі развучыліся дзейнічаць як супольнасць.

Такім працэсам замінае кепская бюджэтная сістэма. Сёння тыя ж сельсаветы фактычна не маюць уласных сродкаў. Адзінае, што яны могуць дапамагчы атрымаць грошы з раённага бюджэту праз 1-2 гады.

Пры гэтым нашыя людзі развучыліся дзейнічаць як супольнасць. У тых жа ЗША ёсць дакладная прывязка да тэрыторыі, кам’юніці-лідар ды іншыя інстытуты, адказныя за працу з мясцовай супольнасцю. У нас толькі пачынае адраджацца звычка аб’ядноўвацца, каб вырашаць агульныя праблемы. Гэта доўгі працэс, але пакуль людзі не аб’яднаюцца, улады не будуць успрымаць іх сур’ёзна, бо кіраўніцтва пужае толькі масавасць.

(фота by Таня Капітонава)

(фота by Таня Капітонава)

У сённяшняй сітуацыі больш шанцаў у тых рэгіёнаў, дзе ёсць мясцовыя актывісты, а ўлады гатовыя нешта змяняць і весці дыялог. Пры гэтым больш адкрытыя тыя рэгіёны, дзе сітуацыя найгоршая, з імі патэнцыял супрацоўніцтва большы. Ім няма чаго губляць, таму яны вымушаныя нешта рабіць, асабліва ў сітуацыі, калі суседні раён неяк развіваецца. Тады мясцовыя ўлады спрабуюць неяк падцягвацца, хоць і не заўсёды разумеюць, як арганізаваць дыялог з мясцовай супольнасцю.

Больш адкрытыя тыя рэгіёны, дзе сітуацыя найгоршая.

Ускладняе сітуацыю і тое, што ў большасці раёнаў няма недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў, максімум “Белая Русь” ці БРСМ. У такім выпадку ў раёна нават няма ініцыятыўнай групы, нейкага першаснага інстытута, які б запусціў ініцыятыву, дапамог бы мясцовым уладам.

Як дапамагаюць еўрапейскія праекты

Вельмі адкрытыя тыя рэгіёны, якія ўжо папрацавалі з еўрапейскімі праектамі, замежнымі праграмамі, ведаюць, што такое міжнародная тэхнічная дапамога. Але застаецца шмат раёнаў, якія ніколі не ўдзельнічалі ў такіх працэсах, яны скептычна і са страхам ставяцца да міжнародных праектаў.

Але, як толькі раён паўдзельнічаў у адным праекце, з’явіліся нейкія кантакты з экспертнай супольнасцю туды адразу прыходзяць яшчэ пяць розных донарскіх арганізацыяў і міжнародных праграм. Гэта вельмі добра, гэта паказвае раёну, што ёсць розныя магчымасці для развіцця, што такім чынам можна працаваць з рознымі тэмамі і праблемамі. Але калі няма ініцыятывы знізу, ніякі донар не дапаможа.

Калі няма ініцыятывы знізу, ніякі донар не дапаможа.

Неабходна абуджаць актывістаў у рэгіёнах. Пасля таго, як яны праходзяць нашыя курсы па лідарстве, яны распавядаюць знаёмым з суседніх раёнаў. Гэтак праз два гады з’яўляецца міні-кластар, яны пачынаюць арганізоўваць свае лакальныя курсы, рэгістраваць НДА. І даверу ад мясцовай супольнасці да іх куды больш, чым да арганізацыяў з Мінска.

Галоўныя трэнды апошніх гадоў

  • Рост колькасці мясцовых ініцыятываў. Людзі прыходзяць да разумення, што ім патрэбная сістэмная праца, а не адзінкавыя акцыі. Яны пачынаюць супрацоўнічаць між сабой, распрацоўваць стратэгіі для раёнаў, фармаваць адносіны з экспертнай супольнасцю. Калі трэнд захаваецца, мы можам атрымаць процьму новых раённых ініцыятываў, якія будуць вырашаць самыя розныя праблемы ад аховы здароўя да інфраструктуры.
  • Інстытуалізацыя мясцовых ініцыятываў. Ініцыятывы пачынаюць рэгістраваць свае НДА, думаць, якую форму арганізацыі найлепш абраць, як развіваць свае арганізацыі.
  • Узнікненне прадзяржаўных і камерцыялізаваных НДА. Галоўны негатыўны трэнд апошніх гадоў у тым, што мясцовыя арганізацыі пачынаюць успрымаюцца выключна як крыніцы прыцягнення дадатковых сродкаў. Улады праз іх атрымліваюць дадатковыя грошы на вырашэнне сваіх праблемаў. Любая ініцыятыва гэта вельмі добра, але трэба адказаць на пытанне: мы ствараем НДА, каб вырашаць мясцовую праблему, аб’ядноўваць грамадзян, ці проста таму, што ў донара ёсць такія патрабаванні і мы хочам зарабіць грошы.
  • Жаночая актыўнасць. У мясцовых супольнасцях больш актыўныя жанчыны. Яны маюць больш пачуцця грамады, чым мужчыны, і ў нашых праграмах яны дасягалі большых вынікаў. Пры гэтым трэба разумець, што мясцовыя ўлады — гэта пераважна мужчыны, якія не звыкліся ўспрымаць жанчын на роўных. Здольнасць аб’ядноўвацца і выступаць супольнасцю тут значна дапамагае.
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Што зменіць дэкрэт аб ПВТ 2.0 і хто галоўны беларускі IT-прадпрымальнік
Што зменіць дэкрэт аб ПВТ 2.0 і хто галоўны беларускі IT-прадпрымальнік
Пакуль гэта не Антон Марчанка, наш госць, з якім мы абмяркоўваем дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, бязвізавы рэжым і тое, як мясніку ці лыжнаму інструктару стаць цім-лідам у IT.
Наша інтэрв’ю з Макеем і беларус года за мяжой
Наша інтэрв’ю з Макеем і беларус года за мяжой
Які беларус змяняе будучыню Еўропы, колькі грошай Еўрасаюз дае Беларусі і што Глеб скажа Кіселёву.
Рыгор Астапеня· 5 Снежня
Відэа пра заняпад беларускай вёскі
Відэа пра заняпад беларускай вёскі
Кароткая гісторыя нашай бяды.