Як нашым рэгіёнам перажыць крызіс

Гутарым з эканоміка-географам Наталляй Зубарэвіч пра лёс рэгіёнаў і ролю інстытутаў у развіцці краіны.
Антон Раднянкоў· 15 Чэрвеня 2015
Як нашым рэгіёнам перажыць крызіс

Сённяшні крызіс прынцыпова адрозніваецца ад усіх мінулых. Ён будзе цягнуцца доўга і марудна, таму айчыннай эканоміцы варта пачынаць адаптавацца да такога стану існавання. Калі ў 2008-2009 гадах эканамісты з дакладнасцю да квартала называлі дату сканчэння крызісу і вяртання да росту гаспадаркі, то зараз такіх высноваў ніхто не дае.

У нашай монацэнтрычнай мадэлі развіцця, дзе сталіца фармуе чвэрць усяго ВУП, устойлівае развіццё рэгіёнаў робіцца праблематычным. У апошнія гады вакол Мінска пачаў фармавацца ланцуг беднасці: у сталіцы прадукцыйнасць працы ў два разы вышэйшая за агламерацыю і ў тры разы вышэйшая за перыферыю.

У выніку сталіца і мінская агламерацыя перацягваюць да сябе людскі капітал і працоўныя рэсурсы. Сталічная доля ў ВУП толькі павялічваецца, а рэгіёны яшчэ больш адстаюць ад цэнтра і застаюцца са састарэлым і збяднелым насельніцтвам – фармуючы гэтак “ланцуг беднасці”.

Якім чынам спыніць гэтую небяспечную тэндэнцыю і за кошт чаго рэгіёны могуць вярнуцца да росту? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з эканоміка-географам Наталляй Зубарэвіч. Доктар геаграфічных навук спадарыня Наталля лічыцца адной з вядучых расійскіх экспертаў па палітычнай геаграфіі і развіцці рэгіёнаў.

Калі рэгіён не мае буйных запасаў карысных выкапняў, а ў крызіс фінансаванне з цэнтра скарачаецца, як яму пазбегнуць заняпаду?

Крызіс стварае рызыкі для ўсіх, у тым ліку і сталіцам, і сыравінным рэгіёнам, але звычайна буйнейшыя гарады праходзяць крызіс мякчэй, дзякуючы больш разнастайнай эканоміцы і рынку працы, больш высокаму людскому капіталу (адукаваныя лепш адаптуюцца ды ў іх ёсць рэсурсы). З інстытутамі ўсюды бяда на постсавецкай прасторы, і хутка яны не зменяцца.

Значыць, асноўнай стратэгіяй у гэты крызіс застанецца выжыванне ў горшых умовах, але раней ці пазней пачнецца трансфармацыя інстытутаў і структуры эканомікі. Рэфармаванне інстытутаў (правілаў гульні) важнейшае за буйныя інвестыцыйныя праекты. Так, у крызіс прыбыткі рэгіянальных бюджэтаў скарачаюцца, але давайце адрозніваць крызісы, якія аб’ектыўна ўласцівыя рынкавай эканоміцы, рэгулярныя і гуляюць ролю стымулятара абнаўленняў, і заняпад, што азначае дэградацыю.

Тыя эканамічныя цяжкасці, з якімі цяпер сутыкнуліся Беларусь і Расія – гэта што?

Для Расіі гэта крызіс, абумоўлены ўнутраным фактарам – дрэннымі інстытутамі (нормамі і правіламі). Стагнацыя эканомікі пачалася ў 2013 годзе, яшчэ да Крыма. Дзеянне вонкавых фактараў (цана на нафту і санкцыі) толькі дадалося, паскорыўшы падзенне. Трэба мяняць правілы гульні, без гэтага росту не будзе. Для Беларусі прычына тая ж.

Беларусь пакуль не вельмі паспяхова карыстаецца сваім удалым геаграфічным становішчам. У чым праблема і што рабіць, каб стаць канкурэнтаздольнымі?

Часткова выкарыстоўвае – транзіт даволі значны. Але праблем шмат. Перш за ўсё гэта дрэнныя інстытуты (правілы гульні), інвестыцыі без стымулявання – бясконцыя палітычныя разборкі, неабароненасць правоў уласнасці і інш. Уплывае і канкурэнцыя – у Польшчы вырабляць для Расіі выгадней. Увогуле, паглядзіце на Польшчу, гэта пазітыўны (у цэлым) вопыт трансфармацыі эканомікі. Але праблемы будуць у любым выпадку, трэба быць да гэтага падрыхтаванымі.

Ва ўмовах крызісу і эканамічнага спаду на каго варта рабіць стаўку, куды інвеставаць?

 У крызіс заўсёды трэба рабіць стаўку на больш канкурэнтаздольныя тэрыторыі або сферы эканомікі. Яны хутчэй з яго выходзяць і могуць цягнуць за сабой усю краіну.

Беларусь досыць невялікая краіна, дзе сталіца эканамічна і культурна дамінуе. Чым рэгіёны могуць утрымаць моладзь, пры распрацоўцы стратэгіі развіцця, на што ім варта рабіць акцэнт?

Ператок насельніцтва ў найбуйнейшыя гарады-цэнтры – агульная тэндэнцыя для ўсіх постсавецкіх краін. Менавіта ў сталіцах вышэйшыя заробкі і вялікая разнастайнасць працоўных месцаў. У Беларусі ўрбанізацыя пачалася пазней (пасля Другой сусветнай вайны) і яшчэ працягнецца. Рэгіянальныя цэнтры таксама маюць патэнцыял развіцця, але ў асноўным сцягваюць насельніцтва з вёскі і малых гарадоў свайго рэгіёна. І гэта таксама будзе працягвацца.

Стварэнне больш прывабных (высокааплатных і разнастайных) працоўных месцаў, асабліва ў сектары паслуг, і развітога гарадскога асяроддзя – агульны рэцэпт для развіцця ўсіх рэгіянальных цэнтраў.

Ужо цяпер у Еўропе станавіцца папулярным з’язджаць з буйных гарадоў у сельскую мясцовасць. Малыя гарады там становяцца ўсё больш прывабнымі для жыцця. Чаму ў нас няма такога эфекту?

Таму што гэта розныя стадыі ўрбанізацыі: у Заходняй Еўропе даўно ідзе субурбанізацыя – ператок гарадскога насельніцтва ў прыгарады, паступова ўсё больш далёкія і экалагічна прывабныя, дзякуючы росту даходаў, аўтамабілізацыі, развіццю транспартнай інфраструктуры, а затым у постіндустрыяльную эпоху – і развіццю дыстанцыйнай занятасці. У постсавецкіх краінах яшчэ не завяршыўся перыяд класічнай урбанізацыі – сцягвання насельніцтва ў гарады, асабліва буйныя. Субурбанізацыя ў нас пакуль яшчэ спецыфічная і сезонная – лецішчы.

Кажуць, будучыня за мегагарадамі. Ці поўнай урбанізацыі не пазбегнуць?

Урбанізацыя мае розныя стадыі. Найбуйнейшыя гарады развітых краін ужо перасталі расці па колькасці насельніцтва, але ідзе пашырэнне агламерацыйнай прасторы (у ЗША – гэта метрапалітэнскія арэалы, у Еўропе – шчыльна заселеныя і інфраструктурна звязаныя агламерацыі). Але вёска ёсць і застанецца, яна проста становіцца бліжэйшай да гарадоў па якасці жыцця і росту несельскагаспадарчай дзейнасці.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вадзім Мажэйка· 15 Лістапада
На волю – з чыстай залікоўкай. Як атрымаць адукацыю за кратамі?
На волю – з чыстай залікоўкай. Як атрымаць адукацыю за кратамі?
Адукацыя зняволеных можа дапамагчы сацыялізацыі і зменшыць рэцыдывы, аднак беларускім вязням пакуль не пашэнціла.
Дэдлайны 7-га лістапада, шавіністы, чужы Навальны і свае рэформы
Дэдлайны 7-га лістапада, шавіністы, чужы Навальны і свае рэформы
Вы ведалі, колькі станцый метро было адкрыта на ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі?
Наталля Зубарэвіч: Шлях з саўка зойме для нашых краін усё ХХІ стагоддзе
Наталля Зубарэвіч: Шлях з саўка зойме для нашых краін усё ХХІ стагоддзе
Гутарым з вядомым эканоміка-географам Наталляй Зубарэвіч пра сацыяльную дзяржаву, лічбавую эканоміку і ўзнікненне запыту на рэформы.