Рэквіем па дэмакратыі: Еўрапейскі cаюз і Венгрыя Орбана

Дамоклаў меч адносна задзейнічання Артыкулу 7 меў некаторы поспех у стрымліванні неліберальных памкненняў польскага ўраду. Цяпер ЕС павінен разгледзець магчымасць падвесіць яго над Венгрыяй.
Давід Корані і Крыс Марошхегі (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 1 Траўня 2018
Рэквіем па дэмакратыі: Еўрапейскі cаюз і Венгрыя Орбана

8 красавіка прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан забяспечыў сабе трэці мандат запар на гэтай пасадзе. Выбарчая кампаніі прайшла пад знакам ультра-нацыяналістычнай, кансерватыўнай і анты-іміграцыйнай рыторыкі Орбана, а апазіцыя, што мела намер адабраць уладу ў прэм’ер-міністра, тым не менш, апынулася бездапаможнай у такой сітуацыі.

Орбан быў пераабраны з дапамогай вялікіх абмежаванняў у медыя-прасторы і вельмі несправядлівай выбарчай сістэмы. Нягледзячы на атрыманне толькі прыкладна 48% галасоў выбаршчыкаў, партыя Орбана будзе кантраляваць 67% месцаў у парламенце, дзякуючы своеасаблівай выбарчай сістэме Венгрыі, найбольш дыспрапарцыйнай у Еўропе. Супраць Орбана ў партыйным спісе прагаласавала на больш за 100 000 венграў, чым за ягоную партыю “Фідэс”. Нягледзячы на гэта, ён цяпер мае кваліфікаваную большасць у парламенце, што дазваляе яму мяняць канстытуцыю без супрацоўніцтва з апазіцыяй. 

Мала хто верыць, што выбарчая кампанія была справядлівай. Місія па назіранні за выбарамі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прыйшла да высновы, што: “шырокае ўзаеманакладанне рэсурсаў дзяржавы і кіроўнай партыі … рыторыка запужвання і ксенафобіі, прадузятасць СМІ і непразрыстае фінансаванне кампаніі абмежавалі прастору для сапраўднай палітычнай дыскусіі”. 

Такія вынікі паказваюць, наколькі магутную і трывалую палітычную машыну пабудаваў Орбан ад моманту свайго з’яўлення ў вугорскай палітыцы. Ён ігнаруе стрымкі і процівагі ўладзе, папрызначыў лаяльных асобаў у кожную буйную дзяржаўную ўстанову і скарыстаў сваіх сяброў, каб скупіць апазіцыйныя СМІ.

Але сапраўдным апірышчам ягонага рэжыму з’яўляюцца грошы.

У вугорскай эканоміцы, якая пачала нагадваць эканоміку Расіі, на рынку дамінуюць алігархі, дружалюбныя да прэм’ер-міністру; Орбан жа аднаасобна выбірае пераможцаў і тых, хто прайграе. 

Прыхільнікам партыі Фідэс раздаюцца дзяржаўныя кантракты, рэкламныя грошы і субсідыі. Сябры Орбана зарабляюць вялікія грошы, у тым ліку ягоны сябар дзяцінства Лёрынц Месарош, калісьці проста мантажнік трубаў, які нечакана стаў адным з самых багатых людзей у Венгрыі пасля атрымання шэрагу дзяржкантрактаў. З іншага боку, апаненты становяцца аб’ектамі спецыяльнага падатку, штрафаў і новых удушлівых правілаў. 

Орбан ужо заявіў аб намеры ўмацаваць сваю аўтарытарную палітычную сістэму цягам чацвёртага тэрміну, уводзячы “маральныя, палітычныя і прававыя змены” супраць апазіцыі. Ён будзе надалей прадпрымаць крокі, каб дэмантаваць рэшткі сістэмы стрымак і проціваг, душыць грамадзянскую супольнасць і забяспечваць далейшае ўзбагачэнне ягонай сям’і і блізкіх колаў алігархаў. Актывісты грамадзянскай супольнасці ўжо шукаюць спосабы бараніць сябе і свае сем’і.

Палітыкі ў Брусэлі і Вашынгтоне, якія думаюць як стрымаць Орбана ад далейшага паступовага знішчэння дэмакратыі ў Венгрыі, павінны шукаць магчымасці, як ізаляваць прэм’ер-міністра і аслабіць ягоны захоп дзяржаўных інстытуцыяў краіны.

Гэта трэба пачынаць з прыцэлу на алігархаў і спонсараў Орбана. Брусэль павінен выкарыстоўваць маючыя адбыцца перамовы аб размеркаванні дапамогі дзяржавам-чальцам з боку Еўрапейскага саюзу на перыяд пасля 2020, каб падштурхнуць Орбана выправіць свае паводзіны.

Дапамога ЕС складае да 6% ад ВУП Венгрыі, але з яе пераважна карыстае вузкае кола алігархаў.

Антыкарупцыйная група выявіла, што ў 2009-2015 62% з фінансаваных ЕС праектаў у Венгрыі былі заключаныя без правядзення публічных кансультацыяў, гэта значыць, без конкурсу, і часта з прадпрымальнікамі, звязанымі з Орбанам. Агенцтва ЕС па барацьбе з карупцыяй, Olaf, варта падвоіць намаганні па расследаванні нямэтавага выкарыстання сродкаў ЕС і распаўсюдзіць вынікі сваіх высноваў.

Брусель таксама павінен больш актыўна дамагацца задзейнічання Артыкулу 7, механізму санкцыяў унутры ЕС, які, калі ўхвалены ўсімі дзяржавамі-чальцамі, пазбавіў бы Венгрыю права голасу. Пагроза Еўрапейскай камісіі аб задзейнічанні Артыкулу 7 супраць Польшчы змякчыў пазіцыю ейнага ўрада адносна рэформы судовай сістэмы і можа мець падобны эфект у Венгрыі. 

ЗША, са свайго боку, павінны актывізаваць расследаванне сувязяў венгерскіх чыноўнікаў з бізнесменамі, на якіх накладзеныя санкцыі, і тэрарыстычнымі сеткамі і ўвесці ў дзеянне індывідуальныя санкцыі супраць памагатых рэжыму Орбана, як яны гэта пачалі рабіць у 2014 годзе. Індывідуальныя санкцыі супраць ключавых дзяржаўных і бізнес-дзеячоў будзе будуць мець свой эфект, даючы зразумець Орбану, што ён не можа беспакарана панаваць і красці.

Цяпер не той час, каб адвярнуцца ад венграў.

Большасць венграў прагаласавалі за спыненне карумпаванага рэжыму Орбана і маюць намер жыць у квітнеючай, дэмакратычнай і свабоднай краіне ЕС. Мы павінны адгукнуцца на іх заклікі і прыняць захады, каб абараніць парэшткі дэмакратыі ў краіне і захаваць надзею на сапраўдныя перамены. 

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыдван Бары Уркоста (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 6 Жніўня 2019
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Самая прарасійская частка Крыма таксама з’яўляецца крыніцай галаўнога болю для Масквы. Ці здолее Крэмль умацаваць свой уплыў у Севастопалі?
Павел Зерка (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 30 Ліпеня 2019
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен
Перад Урсулай фон дэр Ляен стаяць сем асноўных выклікаў. Ёй трэба вынайсці магічную формулу, каб сабраць палітычныя пазлы Еўрапейскага саюза.
Марк Леанард (пераклад Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях) · 7 Траўня 2019
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Зіма блізка ў Еўрапейскім Саюзе?
Шматлікія назіральнікі чакаюць вялікае супрацьстаянне паміж сіламі «адкрытых» і «закрытых» грамадстваў на выбарах у Еўрапейскі парламент у траўні, дзе на коне – будучыня ЕС. Яны не дарма баяцца, але прычына страху памылковая.