Як прывабіць беларусаў вяртацца на радзіму

Чатыры крокі, якія павінна зрабіць дзяржава.
Зміцер Лысюк· 8 Лютага
Як прывабіць беларусаў вяртацца на радзіму

Тры з паловай мільёна беларусаў жывуць за межамі краіны, што складае амаль 40 % ад насельніцтва Беларусі, падае Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Гэтая лічба ўвесь час расце, бо моладзь працягвае з’язджаць. Паводле ЮНЕСКА, колькасць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, сувымерная з колькасцю польскіх (хоць па колькасці насельніцтва краіны, відавочна, значна адрозніваюцца).

Тым часам без разумных людзей са свежымі ідэямі Беларусі будзе складана развівацца і канкураваць з іншымі краінамі.

Таму пытанне вяртання такіх людзей у Беларусь стаіць даволі востра.

Вядома, не ўсе хочуць вяртацца ў краіну на пастаяннае месца жыхарства. Аднак для тых, хто хацеў бы на радзіму, дзяржава павінна стварыць спрыяльныя ўмовы. Для гэтага на дзяржаўным узроўні мусіць быць распрацаваная комплексная праграма, стратэгія, дзе будзе распісана ў дэталях, як і за кошт чаго прывабіць беларусаў з-за мяжы. Элементамі такой стратэгіі могуць быць:

Прызнанне замежных дыпломаў

Калі з прызнаннем замежных дыпломаў з вучонай ступенню бакалаўра ці магістра ў Беларусі праблемаў няма, то, напрыклад, прызнанне ступені PhD – такая праблема, што не пазайздросціш нават ворагу. Атрымліваецца недарэчная сітуацыя: калі б чалавек з гарвардскім дыпломам вырашыў усё ж вярнуцца на бацькаўшчыну і папрацаваць у айчынным універсітэце, то беларускае ВНУ магло б проста гэтага дыплома не прызнаць.

Паводле незалежных экспертаў у галіне адукацыі, сапраўды немалая колькасць людзей з PhD ступенню, якія выказалі намер вярнуцца ў Беларусь, вымушаныя былі адмовіцца ад гэтай ідэі. Справа ў тым, што яны павінны былі настрыфікаваць (пацвердзіць) свае дыпломы ў Беларусі. Гэта фактычна азначала абарону нанова.

Праца з бізнесам і стварэнне каардынацыйнага цэнтра

З аднаго боку, бізнес сам лепш ведае, што яму трэба. З іншага, ён бывае ў палоне стэрэатыпаў. Удзельнікі нядаўняга круглага стала, арганізаванага агенцтвам “Тваё Заўтра”, адзначылі, што многія вяртанцы ў Беларусь адзначалі скептычнае стаўленне да іх з боку патэнцыйных працадаўцаў (як прыватных, так і дзяржаўных): маўляў, у Беларусь з-за мяжы вяртаюцца няўдачнікі, якія не змаглі там уладкавацца.

Роля дзяржавы павінна заключацца ў тым, каб выступаць у ролі разбуральніка міфаў.

Трэба нішчыць стэрэатыпы і весці адпаведную працу з бізнес-сектарам, растлумачваючы каштоўнасць замежных кадраў.

Гэтая праблема асабліва характэрная для кампаніяў дзяржсектара, дзе аддаюць перавагу правераным кадрам, выпускнікам айчынных ВНУ, і да вяртанцаў ставяцца з асцярогай і падазронасцю. Калі ўлічваць, што дзяржсектар займае значнае месца ў эканоміцы Беларусі, то вырашэнне гэтай праблемы даволі важнае.

Для эфектыўнай рэалізацыі такой стратэгіі дзяржава магла б перадаць частку функцыяў каардынацыйнаму цэнтру, звяну, якое б паспяхова яднала людзей, якія жадаюць вярнуцца на радзіму, з бізнесоўцамі і дзяржаўнымі органамі.  Такую ролю магла б выконваць некамерцыйная арганізацыя, якая дзейнічае прафесійна і эластычна. Тое ж агенцтва “Тваё Заўтра”, якое займаецца падобнай дзейнасцю, змагло б узяць на сябе гэтыя функцыі.

Вучоба за мяжой за кошт дзяржавы

Аб дадзеным падыходзе ўжо напісана і сказана шмат. Аднак яго, безумоўна, варта яшчэ раз узгадаць, бо ён асабліва актуальны для краінаў, якія развіваюцца і маюць вострую патрэбу ў рэформах, да прыкладу, Беларусь.

Казахстан ужо шмат гадоў актыўна адпраўляе навучацца моладзь за мяжу. Абавязак вяртання на радзіму пасля навучання ў прэстыжным універсітэце і гарантаванае працоўнае месца фактычна не пакідаюць удзельнікам праграмы іншага выбару, акрамя вяртання і працы на карысць сваёй краіны на радзіме. Калі дзяржаве патрэбныя добрыя мазгі і свежыя ідэі, дадзены падыход выглядае як выдатны варыянт.

Давер і разуменне агульнай мэты

Грошы важныя, аднак людзям трэба разумець, дзеля чаго яны працуюць і куды інвестуюць свой час і сілы. Тыя, хто гатовыя вярнуцца ў Беларусь, маюць выразна ўсведамляць і падзяляць мэты дзяржавы ды яе каштоўнасці.

І самае галоўнае – яны мусяць давяраць дзяржаве.

Сёння ў краіне наадварот пануе атмасфера недаверу ў адносінах да ўлады. Таму ключавым элементам стратэгіі дзяржавы павінна быць вяртанне страчанага даверу. І пакуль давер не будзе вернуты, вяртанні з-за мяжы будуць спарадычныя, а не масавыя.

Падобныя тэмы
адукацыяміграцыяпраца
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 16 Ліпеня
“Прыярытэты партнёрства” і “20 вынікаў да 2020 года”. Што яны зменяць у дачыненнях з ЕС?
“Прыярытэты партнёрства” і “20 вынікаў да 2020 года”. Што яны зменяць у дачыненнях з ЕС?
Разбіраем два дакументы, якія сёння фармуюць парадак дня стасункаў Беларусі і Захаду.
Зміцер Лысюк· 7 Чэрвеня
Што рабіць з асуджанымі па артыкуле 328 пасля вызвалення
Што рабіць з асуджанымі па артыкуле 328 пасля вызвалення
Як вярнуцца да жыцця пасля турмы.
Зміцер Лысюк· 11 Траўня
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Некалькі ідэй, як можна ўдасканаліць сістэму аховы здароў’я ў краіне.