• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Якая роля належыць ровару ў транспартнай сістэме Менску

    Апроч будовы сцежак для актыўнага адпачынку, гарадскія ўлады мусяць дастасоўваць ровар да грамадскага транспарту.

    За апошнія некалькі гадоў ровар у Менску стаў сапраўднаю модаю. Не толькі хіпстары, але і звычайныя менчукі перасядаюць на гэты транспартны сродак, буйныя кампаніі кшталту Velcom і A100 праводзяць акцыі папулярызацыі ровараў, а сталічныя ўлады перафарбоўваюць тратуары ў роварныя сцежкі.

    Але ў непадрыхтаваных умовах такая станоўчая тэндэнцыя можа пераўтварыцца ў праблему. З ростам здарэнняў павялічыцца і напружанасць паміж раварыстамі, кіроўцамі ды пешаходамі. І гэта пры тым, што менскія ўлады разам з ДАІ паводзяць сябе даволі актыўна. Акрамя агромністых планаў на стварэнне роварных сцежак, ідзе барацьба з бардзюрамі, будуюцца ўсё новыя роварныя паркоўкі.

    Часткова гэта можна патлумачыць тым, што мэр Менску Мікалай Ладуцька адначасова ўзначальвае Беларускую федэрацыю роварнага спорту, таму клопаты пра раварыстаў уваходзяць у яго наўпроставыя абавязкі. Гарвыканкам некалькі гадоў назад прыняў Канцэпцыю забеспячэння сістэмы роварнага руху, у якой вызначыў кірунак на развіццё бяспечных роварных камунікацыяў. Але сёння горад перарос гэты агульны дакумент і патрабуе падрабязнай стратэгіі развіцця роварнага руху.

    Ровар не заменіць грамадскі транспарт, але дапоўніць яго 

    Нягледзячы на хуткае развіццё, цяпер перамяшчэнне на ровары не займае і 0,5 % штодзённых паездак і бліжэйшыя гадоў дзесяць гэты паказнік наўрад ці перасягне 5%. Нічога дзіўнага ў такой сітуацыі няма. За выключэннем Галандыі ды Скандынавіі, ровары займаюць даволі нязначную частку штодзённых перамяшчэнняў жыхароў Заходняй Еўропы.

    Праблема хаваецца ў тым, што абсалютная большасць роварных паездак менчукоў мае рэкрэацыйны характар. Таму і раварысты з’яўляюцца на дарогах у другую палову дня, пасля працы. Ровар такім чынам служыць сродкам для актыўнага адпачынку, а не гарадскім транспартам. Гэты ж кірунак развівае існая Канцэпцыя. Такі аднабокі падыход патрабуе перагляду.

    Аптымальная даўжыня паездкі ‑ 3 км, таму ровар і роварны пракат ідэальна пасуюць для пакрыцця «першай-апошняй мілі». Гэта адлегласць, якую жыхару неабходна прайсці ад кропкі грамадскага транспарту да дому або іншага месца прызначэння. Напрыклад, чалавек жыве ў Малінаўцы і да метро зранку трэба ехаць у набітым аўтобусе. Калі ўлады пабудуюць роварную сцежку да метро і бясплатную паркоўку каля яго, то шмат хто перасядзе на ровар.

    Таму хоць ровар і не з’яўляецца паўнавартаснаю альтэрнатываю грамадскага транспарту або аўтамабіля, пры арганічным убудаванні ў транспартую сістэму, ровар павысіць мабільнасць жыхароў і палепшыць прывабнасць грамадскага транспарту.

    Каб дасягнуць такога эфекту пры праектаванні гарадской прасторы неабходна адразу планаваць бяспечную і камфортную інфраструктуру для раварыстаў. Тут гораду неабходна працаваць над:

    – стварэннем роварных парковак побач з чыгуначнымі станцыямі, метро, прыпынкамі грамадскага транспарту;

    – звязанасцю роварных сцежак з маршрутамі грамадскага транспарту;

    – абсталяваннем школ для наладжвання роварнага трафіку;

    – развітаю сістэмаю грамадскага роварнага пракату;

    – магчымасцю зручна перавозіць ровары ў цягніках.

    Узнікненне асэнсаванай інфраструктуры дасць яшчэ большы штуршок для распаўсюду ровару. Пра гэта сведчаць і даследаванні ‑ менавіта бяспечная роварная інфраструктура вызначае шляхі перамяшчэння і прыцягвае значную колькасць новых раварыстаў (да 200% росту).

    Менск не выключэнне. GPS-запісы паказваюць, што два найлепш абсталяваныя маршруты – роварная сцежка ўздоўж Свіслачы, і ўчастак праспекту Незалежнасці ад Свіслачы ў бок Нацыянальнай бібліятэкі – значна больш папулярныя, чым усе астатнія шляхі. Каб ажылі іншыя кірункі, якія ў большасці ўяўляюць звычайную разметку тратуараў, трэба чакаць нанясення спецыяльнага каляровага пакрыцця ‑ гэтак яны зробяцца заўважнымі для пешаходаў і прывабнымі для раварыстаў.

    Дапаўняць і напаўняць зручную інфраструктуру павінна адзіная грамадская сістэма пракату ровараў. Такія сістэмы пачалі актыўна ствараць у свеце з 2006 году, пракат ровараў ужо працуе ў суседніх Варшаве, Вільні ды Маскве. Планы стварэння сістэмы пракату ў Менску даўно існуюць, але пакуль ніхто не наважыцца ўзяць на сябе адказнасць за рэалізацыю і рэнтабельнасць праекту.

    Пакуль улады імкнуцца забяспечыць жыхароў базавымі патрэбамі ў камфортных роварных забавах, горад саспеў да больш сур’ёзных зменаў. Правільнае развіццё роварнага руху не будзе выратаваннем для транспартнай сістэмы. Аднак гэты крок значна палепшыць імідж гораду і зробіць больш зручным грамадскі транспарт, увагі якому пакуль не стае.

    ПаказацьСхаваць каментары