Сціслы план па ўратаванні беларускай вёскі

За апошнія 20 гадоў колькасць жыхароў беларускай вёскі зменшылася на мільён. Нягледзячы на ўсе намаганні, улады не знайшлі адпаведнага падыходу, як падтрымліваць вёску.
Арцём Ткачук· 6 Красавіка
Сціслы план па ўратаванні беларускай вёскі

Белстат падлічыў, што ў 2017 годзе ў сельскай мясцовасці жыве амаль кожны пяты беларус, але яшчэ 20 год таму ў вёсцы жыў кожны трэці. Старэйшыя людзі паміраюць, а моладзь з’язджае. Штогод з карты Беларусі знікае сорак вёсак і трыццаць сельсаветаў. Людзі выбіраюць жыллё ў крэдыт у загазаваным горадзе замест беднага існавання з цьмянымі перспектывамі на ўлонні прыроды.

Падтрымка вёскі ўладамі скіравана перадусім на фінансаванне калгасаў, але гэта палітыка не спраўджваецца ўжо другое дзесяцігоддзе. Будаўніцтва аграгарадкоў павінна было заахвоціць людзей працаваць перш за ўсё ў дзяржаўных гаспадарках. У выніку большасць калгасаў застаецца стратнай, а фермеры складаюць 0,6 % ад усяго прыватнага бізнесу Беларусі.

З-за гэтага мясцовыя бюджэты застаюцца без прыбыткаў, а людзі без працы.

Праз гэта вёска з’яўляецца месцам нізкаякасных сацыяльных дабротаў і слабой інфраструктуры. Для прыкладу, 10 з 70 тысяч мясцовых дарог не плануецца асфальтаваць з-за немэтазгоднасці. Апошні дзесяцігадовы план па капітальным рамонце мясцовых дарог быў выкананы толькі на 33 %. Ствараючы ж раздзельны конкурс для вясковых і гарадскіх выпускнікоў і замяняючы яго на пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, улады толькі пацвярджаюць тэзу пра слабасць негарадскіх школ.

Высокая ўрбанізацыя не сведчыць пра тое, што абсалютная большасць любіць гарады. Для прыкладу каля 20 % гараджан Расіі гатовыя пераехаць у вёскі, а палякі прагназуюць, што да 2035-га колькасць насельніцтва гарадоў краіны зменшыцца на 2 мільёны. Моладзь Беларусі вымушаная выбіраць горад з-за практычных магчымасцяў. Відавочна, што добрая экалогія, нізкі ўзровень крыміналу і спакойнае вясковае жыццё дазволіць значнай частцы насельніцтва лепш раскрыць свой патэнцыял і магчымасці.

shutterstock_470016809

Літва і Польшча маюць адныя з найніжэйшых узроўняў урбанізацыі ў ЕС: 65% і 61% адпаведна.

У заходніх суседак гэты паказнік не змяняецца ўжо другое дзесяцігоддзе.

Таннейшае жыллё, інфраструктура і падтрымка фермераў гэта асноўныя накірункі падтрымкі вёскі ў гэтых краінах да сёння. Пры ўступленні Польшчы ў ЕС дапамога фермерам была адным з ключавых пытанняў перамоваў. Канкурэнтаздольнасць сельскай гаспадаркі застаецца галоўнай задачай ЕС па развіцці сельскіх абшараў для Польшчы да 2020 года.

Чатыры накірункі, па якіх могуць рухацца ўлады

Беларускае кіраўніцтва глядзіць у правільны бок рэформаў вёскі. Але з канкрэтнымі захадамі справы ідуць нашмат горш. Падаецца, што галоўнай праблемай застаецца палітычная воля і закончанасць захадаў.

  • Допуск прыватных земляробаў да дзяржаўных датацый

Пампаванне грошай у дзяржаўныя фермы можа быць куды больш эфектыўным. Не сакрэт, што каля 40 % бюджэту ЕС гэтаксама ідзе на падтрымку сельскай гаспадаркі. Але сэнс у тым, каб дапамагаць калгасам з добрымі вынікамі, а сродкі, якія выдзяляюцца стратным гаспадаркам, накіраваць фермерам.

Прыватныя земляробы даказваюць сваю эфектыўнасць.

Калі ў 2011-15 гадах агульны прыбытак калгасаў вырас у чатыры разы (не ўлічваючы інфляцыі), то ў фермераў у шэсць. Магчымасць працаваць на сябе, а не на калгас гэта тое, чаго не хапае ініцыятыўнай сельскай моладзі.

  • Жыллёвая праграма

Не сакрэт, што якасць беларускіх аграгарадковых дамоў слабая. Калі для старэйшых людзей газавае ацяпленне, цёплая вада ў кране і прыбіральня ў хаце гэта ўжо люкс, то моладзь, відавочна, чакае іншых стандартаў. Ільготныя крэдыты ці дзяржпазыкі пад будаўніцтва свайго жытла будуць прывабнымі для гараджан, якія за кватэру ў каменных джунглях вымушаны плаціць па 18 % гадавых. Годная праца і жыллё могуць быць галоўнай перспектывай жыцця ў вёсцы.

  • Даплаты за працу ў сельскай мясцовасці

Калі бізнес можа ратаваць вёску дзякуючы месцам працы з рынкавымі заробкамі, то ў бюджэтнай сферы працы хапае, а вось заробкаў не. Сістэма павышальных каэфіцыентаў, паводле якой, напрыклад, вясковыя настаўнікі ў аддаленых і найбольш аддаленых мясцовасцях будуць атрымоўваць у 1,2-1,3 і 1,4-1,5 разоў болей за гарадскіх, можа быць моцным аргументам. Гэту сістэму можна выкарыстоўваць і для аховы здароўя, міліцыі і іншых дзяржслужб , без якіх вёсцы не абысціся.

  • Трошкі сімвалізму

Вядома, што для поўнага шчасця беларусу проста неабходны добры аўтамабіль. Вяртанне дэкрэта № 6, які дазваляў прыгнаць вясковым бізнесменам іншамарку без падаткаў, будзе далёка не апошнім аргументам, каб застацца жыць у сельскай мясцовасці. Пашырэнне закона на тых, хто прапрацаваў у вёсцы больш чым, напрыклад, 5 гадоў гэта больш, чым прыемная дробязь.

Стварэнне перспектыўных месцаў працы ўсё ж падаецца найбольш крытычнай задачай для захавання беларускай вёскі. Для гэтага не трэба дадатковых сродкаў з бюджэту дастаткова накіраваць сродкі, якія цяпер ідуць на падтрыманне стратных гаспадарак, прыватным земляробам. У адваротным выпадку цяжка пераканаць моладзь падымаць сяло, якое не мае відавочнай будучыні.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Зміцер Лысюк· 3 Кастрычніка
Як выканаць мару Лукашэнкі і падвоіць насельніцтва Беларусі
Як выканаць мару Лукашэнкі і падвоіць насельніцтва Беларусі
Тры крокі да павелічэння нараджальнасці ў краіне.
Вадзім Мажэйка· 6 Ліпеня
Як рэанімаваць мясцовае самакіраванне: украінскі досвед
Як рэанімаваць мясцовае самакіраванне: украінскі досвед
Новая структура мясцовага самакіравання можа ўтварацца хаатычна, галоўнае – пры падтрымцы грамадскасці і ў адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці.
Рыгор Астапеня· 5 Ліпеня
Беларускія ўлады няправільна змагаюцца з суіцыдамі
Беларускія ўлады няправільна змагаюцца з суіцыдамі
У Беларусі ад суіцыдаў памірае ў пяць разоў болей людзей, чым ад звычайных забойстваў. Але пры гэтым улады робяць вельмі мала, каб зменшыць колькасць самагустваў.