• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як адсутнасць рэформаў адрадзіла папуляцыю баброў

    Беларуская вёска абязлюдзела і гэта змяняе эканоміку ды экасістэму краіны.

    У Беларусі пачалі вырабляць кілбасу з баброў. Ідэя Міністэрства лясной гаспадаркі пусціць на мяса абаяльных грызуноў, мякка кажучы, здзівіла не адну тысячу беларусаў. Яшчэ 10 гадоў таму бабры знаходзіліся ў Чырвонай кнізе.

    Але сёння адстрэл жывёлаў дзеля мяса пачаўся з вельмі простай прычыны – баброў у Беларусі становіцца занадта шмат, і яны пачынаюць ствараць клопаты для людзей. Іх плаціны перагароджваюць меліярацыйныя каналы і прыдарожныя канавы, у выніку вада залівае дарогі і палі. Калі раней убачыць бабра было дзівам нават для вясковага жыхара, то цяпер іх манументальнымі хаткамі можа любавацца кожны, хто праязджае па трасе М3 з Мінска ў Віцебск.

    Бабры – не адзіныя прадстаўнікі жывёльнага царства, якія падышлі блізка да людзей. У Падзвінні сяляне вымушаныя абараняць свае падворкі ад лісаў. Сапраўдны страх на працаўнікоў фермаў наводзяць ваўкі. Жыхары селішчаў на Гарадоччыне без усялякіх жартаў расказваюць гасцям, як да іх жытла падыходзяць мядзведзі. У разы вырасла папуляцыя чапляў, дзікіх качак, гусей, дзікоў, ласёў.

    Прырода, на дзіва, хутка адваёўвае тэрыторыю, якую вякамі забіралі ў яе людзі.

    Мала хто задумваецца, што гэтае буйства прыроднага царства – вынік таго, што ў аграсектары Беларусі так і не былі праведзеныя рынкавыя рэформы. Адсутнасць прыватных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прыватнага гаспадара на зямлі прывяла не толькі да сур’ёзных эканамічных і дэмаграфічных наступстваў, але і да бачных няўзброеным вокам зменаў у экалогіі.

    Як знікла беларуская вёска

    Беларусь – гэта адзіная краіна ва Усходняй Еўропе, дзе пасля 1991 года працэс урбанізацыі працягнуўся імклівымі тэмпамі.

     

    Urbanisation_East Europe_PAPKO
    Create column charts

    Калі ў 1991 годзе 67 % беларусаў жылі ў гарадах, то ў 2016 годзе доля гарадскога насельніцтва перавысіла 77 %. Па ступені і хуткасці ўрбанізацыі мы пераўзыходзім не толькі суседнюю Украіну, Расію, краіны Балтыі ці Польшчу. Беларусь стала больш «гарадской», чым Чэхія, Германія, Італія ці Швейцарыя.

    Аднак ганарыцца такой высокай урбанізаванасцю цяжка. Прычыны масавых уцёкаў вясковага насельніцтва ў гарады – гэта адсутнасць працы з добрым заробкам і разрыў у якасці жыцця паміж горадам і вёскай.

    І разрыў гэты працягвае павялічвацца.

    Масавы пераезд вясковых беларусаў у гарады пачаўся даўно – яшчэ ў сярэдзіне 1960-ых. Ён стаў наступствам імклівай індустрыялізацыі, якая ў вялікай ступені сфармавала сённяшні эканамічны ландшафт Беларусі. Калі ў 1960 годзе 68 % беларусаў жылі ў вёсках, то ў 1991 годзе прапорцыя стала адваротнай – 67 % беларусаў былі гараджанамі.

    Гэта значыць, што ўсяго за 30 гадоў у гарадскія кватэры перасяліліся больш за 2 мільёны чалавек.

    Пасля 1991 года тэмпы ўрбанізацыі запаволіліся, аднак усяго на некалькі гадоў. Пераезд сялян у горад паскараўся кожны раз, калі разрыў ва ўзроўні жыцця паміж вёскай і горадам рос. Першы ўсплёск міграцыі назіраўся ў 1996-1998 гадах, другі пачаўся пасля 2005 года і працягваецца да сённяшняга дня.

     

    Дынаміка колькасці гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі, 1985-2016
    Create column charts

     

    Дэпапуляцыя найбольш закранула ўсход Беларусі – Гомельскую, Магілёўскую, а перш за ўсё Віцебскую вобласць (адкуль, дарэчы, паходзіць аўтар).

     

    Змена колькасці насельніцтва рэгіёнаў Беларусі, 1991-2016 (тыс. чалавек)
    Create column charts

    Калі казаць непасрэдна пра вясковае насельніцтва, то за апошнія два дзесяцігоддзі яно радыкальна скарацілася ў той жа Усходняй Беларусі, а таксама ў Гродзенскай вобласці. Гродзенскія, віцебскія альбо магілёўскія вёскі 25 гадоў таму былі амаль у 2 разы больш мнагалюднымі, чым цяпер.  

     

    Скарачэнне вясковага насельніцтва ў рэгіёнах Беларусі ў 1991-2016, %
    Create column charts

    За апошнія 25 гадоў у Беларусі зніклі сотні, калі не тысячы вёсак. Варта ведаць, што беларускія лясы і багны паглынаюць пакінутыя паселішчы не горш за індыйскія джунглі.

    Напрыклад, вясковая дарога, па якой перастаюць ездзіць, зарастае лесам і становіцца непралазнай ужо праз 2-3 гады.

    Чаму сяляне масава ўцякаюць у гарады?

    Цікава, што хвалі пераезду з вёскі ў горад у вялікай ступені супадаюць з перыядамі, калі ў Беларусі ўзмацняўся эканамічны рост. Гэта можа азначаць, што вынікі эканамічнага развіцця адчуваюцца перадусім у гарадах. На сяле ж умовы жыцця змяняюцца вельмі мала.

    За апошняе дзесяцігоддзе прыкметай прагрэсу ў вёсцы стаў хіба што прыход інтэрнэту і кабельнага тэлебачання.

    Але большасці сялянаў па-ранейшаму не хапае заробкаў, каб правесці ў доме каналізацыю і водаправод, дазволіць сабе выехаць на адпачынак ці стаць незалежнымі ад працы на прысядзібных участках.

    Сістэма, пры якой у сельскай гаспадарцы непадзельна пануюць дзяржаўныя структуры, а цэны на сыравіну рэгулююцца дзяржавай, проста не ў стане даць высокіх заробкаў працаўнікам калгасаў. Ствараць больш эфектыўныя прыватныя прадпрыемствы ў вёсцы дагэтуль не ўваходзіла ў планы беларускіх уладаў. Захаванне планавай эканомікі на сяле з’яўлялася і пакуль з’яўяецца для іх абсалютным прыярытэтам.

    Павысіць узровень жыцця вяскоўцаў дзяржаўныя ўлады стараліся не эканамічнымі рэформамі, а маштабнымі інвестпраектамі і замаскаванай падтрымкай перасялення ў гарады.

    Як адзначаюць беларускія сацыёлагі, 80 % людзей, якія пераязджаюць у гарады з вёскі, складаюць студэнты.

    Да 2014 года пры паступленні ў ВНУ існавалі так званыя «сельскія ільготы». Яны былі ліквідаваныя толькі пасля таго, як прахадны бал пры паступленні ва ўніверсітэты быў значна паніжаны, а сама адукацыя стала ў вялікай ступені платнай.

    Паступіць у ВНУ – хаця б на платнае аддзяленне – цяпер можна незалежна ад якасці ведаў. У шмат якіх выпадках бацькі-сяляне ідуць на ўсё, каб аддаць сына ці дачку на «платнае». Яны гатовыя выдаць любыя грошы за тое, каб дзеці маглі жыць у камфортным вялікім горадзе і мелі перспектыву знайсці працу з больш-менш годным заробкам.

    Праграма будаўніцтва «прэзідэнцкіх домікаў» канца 1990-пачатку 2000-х гадоў, як і праграма стварэння аграгарадкоў, якая пачалася ў 2005 годзе, не змаглі спыніць уцёкаў вясковага насельніцтва. Маладыя лічаць за лепшае пераехаць у горад і збіраць грошы на «аднушку» ў панэльнай шпакоўні, чым атрымліваць мізэрны заробак у вёсцы і жыць у пабудаваным дзяржтрэстам доміку вельмі сумнеўнай якасці, які, у дадатак, немагчыма прыватызаваць.

    Беларускую вёску пазбаўляе маладога насельніцтва не толькі масавая міграцыя ў гарады, але і выезд людзей на працу ў Расію. Заробкі на будоўлях ці лесанарыхтоўках Расіі былі надзвычай папулярнымі як у«ліхія 1990-ыя», так і ў «тлустыя гады» другой паловы 2000-ых, калі расійскую гаспадарку ажывіў прыток нафтадолараў.

    Крызіс: стымул вярнуцца ў вёску ці апошні ўдар па ёй?

    Варта яшчэ раз адзначыць, што дэпапуляцыя беларускай вёскі адбылася ў гады адноснага дабрабыту. Што ж змянілася з надыходам эканамічнага крызісу, які пачаўся ў Беларусі ў 2015 годзе? Можна было чакаць, што з падзеннем заробкаў беларусы масава пачнуць займацца натуральнай гаспадаркай: вясковыя жыхары пачнуць саджаць больш бульбы, заводзіць свіней і кароваў, а гараджане ў першым пакаленні падцягнуцца дапамагаць сваім бацькам.

    Пакуль гэтага, аднак, не адбываецца.

    Відавочнага росту пагалоўя кароваў, свіней ці плошчаў ворнай зямлі прынамсі на Віцебшчыне, не назіраецца. Жыхары вёскі – гэта пераважна людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, якія ўжо не маюць фізічнай сілы, каб апрацоўваць зямлю. Іх гарадскія дзеці пакуль лічаць больш выгадным знаходзіць падпрацоўкі ў гарадах, чым праводзіць выходныя на полі, каб увосень атрымаць пару дадатковых мяхоў бульбы.

    З надыходам эканамічнага крызісу і падзеннем заробкаў у Расеі адтуль пачалі масава вяртацца беларускія гастарбайтары пераважна старэйшага ўзросту. Пры даволі высокіх коштах жыцця ў Беларусі іх расійскія камандзіроўкі перасталі прыносіць заробкі настолькі высокія, каб яны маглі некалькі месяцаў спакойна пажыць разам з сям’ёй. На некаторы час праблема вострага недахопу працоўных рук у вёсцы адступіла. Пры гэтым маладыя працягваюць ездзіць у Расею – лепш мець меншыя грошы, чым увогуле ніякіх.

    Заробкі простых сялянаў, якія нават да крызісу не перавышалі 120-150 долараў, падчас эканамічнага спаду прыкметна скараціліся. Сотні людзей, якія ў свой час пасяліліся ў выдзеленых калгасамі доміках, пабудаваных у межах праграмы адраджэння вёскі, апынуліся ў сітуацыі прыгонных сялян. Яны не могуць памяняць працы ў пошуках вышэйшых заробкаў, бо сыходзячы з калгаса, яны страчваюць дах над галавой.

    Сумны погляд у будучыню: вялікія гарады сярод беларускіх джунгляў

    Што чакае вясковыя селішчы ў найбліжэйшай будучыні? Сёння ў вёсцы пражывае каля 2,1 мільёна чалавек. Дэмографы мяркуюць, што да 2030 года (усяго праз 13 гадоў!) у ёй будзе жыць на 400 тысячаў менш. На паўночным усходзе імклівымі тэмпамі ідзе канцэнтрацыя насельніцтва ўздоўж абласных і рэспубліканскіх трас, у той час як вёскі, размешчаныя на адлегласці 5-7 кіламетраў ад транспартных артэрыяў, проста знікаюць. На іх месца прыходзіць дзікая прырода. Падобныя працэсы, хутчэй за ўсё, будуць адбывацца і ў іншых рэгіёнах краіны.

    Падтрымліваць інфраструктуру ў малых вёсках становіцца ўсё больш стратна. У паселішчах, дзе жыве каля сотні жыхароў, зачыняюцца не толькі школы ці фельчарска-акушэрскія пункты, але і паштовыя аддзяленні, аптэкі і нават крамы.

    Зразумела, што маладыя людзі ў вёсцы, адкуль да бліжэйшай крамы, шпіталя ці аптэкі трэба дабірацца з дзясятак кіламетраў, жыць не будуць. Яны пераязджаюць у райцэнтры ці гарады, дажываць свой век у вёсцы застаюцца толькі старыя. Пасля іх смерці дамы стаяць яшчэ некаторы час, а затым пры згодзе нашчадкаў іх зносяць, а на месца вёсак прыходзіць лес.

    Зямлі патрэбны гаспадар. Адкуль ён прыйдзе?

    Выміранне беларускай вёскі – гэта перш за ўсё плата за калгасы і іх «прыгожа заараныя», але хранічна стратныя палі. Бо пры ўсёй дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі вясковае насельніцтва Беларусі скарачаецца анамальна хуткімі – нават на фоне суседніх Расіі і Украіны – тэмпамі. На пачатку 2000-ых там былі праведзеныя рэформы, якія стварылі інстытут прыватнай уласнасці на зямлю і зямельны рынак (у большай ступені гэта датычыць Украіны, чым Расіі).

    У краінах, дзе ёсць прыватныя аграпрадпрыемствы і прыватная ўласнасць на зямлю, у сельскіх жыхароў менш матываў пакідаць зямлю сваіх продкаў. Фермеры маюць магчымасць утрымлівацца з зямлі, зарабляць і ствараць месцы працы для іншых. Беларускія сяляне магчымасцяў зарабляць на сельскагаспадарчай працы не маюць, таму ім застаецца толькі зʼязджаць.

    Прыватны гаспадар раней ці пазней прыйдзе і на беларускую зямлю.

    Верагодна, прадвесцем будучай прыватызацыі з’яўляецца кампанія па пераводзе сельскагаспадарчых кааператываў (калгасаў) ва ўнітарныя дзяржаўныя прадпрыемствы або акцыянерныя таварыствы, якая завяршаецца ў Беларусі. Такая форма ўласнасці спрашчае перадачу прадпрыемства прыватнаму інвестару, але робіць немагчымай фізічную раздачу зямлі калгаснікам, як гэта было, напрыклад, ва Украіне.

    Так што новым прыватным гаспадаром на беларускай зямлі жыхар сучаснай беларускай вёскі, у продкаў якога савецкая ўлада гэтую зямлю забрала, ужо не стане. Магчыма, сельгаспрадпрыемствы перададуць ва ўласнасць буйным беларускім бізнесменам. А магчыма, што іх уласнікамі стануць кітайскія, аўстрыйскія, нямецкія, польскія ці расейскія інвестары. Яны будуць развіваць толькі тую вытворчасць, якая прыносіць прыбытак.

    Сельгаспрадпрыемствы і вёскі будуць канцэнтравацца каля вялікіх транспартных шляхоў, а за імі будзе пачынацца царства дзікіх гусей, ласёў і любімых усімі баброў.

    ПаказацьСхаваць каментары