• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Мяккі “рускі свет” у Беларусі. Які яго рэальны ўплыў?

    Улады Беларусі ствараюць свой “рускі свет”, з азартнымі гульнямі і казакамі.

    Алармісты ўпэўненыя, што Беларуссю кіруюць наўпрост з Крамля, а Лукашэнка лічыць “рускі свет” прапагандысцкім глупствам. Наколькі насамрэч сур’ёзным можа быць уплыў расійскай мяккай сілы? Хто рэпрэзентуе яе сёння ў Беларусі і якімі могуць быць на яе адказы?

    Мяккая сіла як складнік гібрыдных войнаў

    Расія сёння ўваходзіць у ТОП-30 самых уплывовых краін па мяккай сіле, як сведчыць рэйтынг брытанскага PR-агенцтва Portland. Пад мяккай сілай у дадзеным выпадку мелася на ўвазе здольнасць уплываць на іншыя дзяржавы не зброяй і эканомікай, а культурай і каштоўнасцямі грамадзянскай супольнасці.

    Адпаведны тэрмін soft power увёў амерыканскі палітолаг, гарвардскі прафесар Джозэф Най. Ён разумеў панятак “мяккай сілы” ў больш глабальным сэнсе як палітычнае ўздзеянне агулам, якое дамагаецца вынікаў не за кошт прамалінейнай грубай сілы, а на аснове добраахвотнага ўдзелу, сімпатыі і прывабнасці пэўных ідэяў, праяў культуры.

    Аднак Расія не ўтойвае, што ўспрымае мяккую сілу ў першую чаргу не як інструмент падтрымкі рускай культуры альбо прыцягнення турыстаў, але як істотны складнік гібрыдных войнаў, адказаў на каляровыя рэвалюцыі.

    Украінскі прыклад: ад спартоўцаў да арміі

    Гісторыя Данбаса добра ілюструе гэты тэзіс. Шматлікія структуры “рускага свету”, якія ствараліся там задоўга да ўзброенага канфлікту, потым аказаліся гнёздамі, дзе выхоўваліся будучыя актывісты Антымайдана ды жаўнеры ДНР.

    Яскравы прыклад – Яўген Жылін, харкаўскі бізнесовец, які ў верасні 2016-га быў застрэлены кілерам на Рублёўцы. Да Майдана ён займаўся харкаўскім спартовым клубам “Оплот”, дзе не толькі ладзіў баі з грашовымі стаўкамі, але і “выконваў грамадзянскую місію, рыхтаваў жаўнераў”. Жаўнеры Жыліна “адстойвалі інтарэсы ветэранаў Вялікай Айчыннай” – у выглядзе паездак на мітынгі партыі “Свабода”, дзе правакавалі бойкі. Падчас Майдана Жылін заклікаў калечыць ды забіваць пратэстоўцаў, яго жаўнеры ўдзельнічалі ў захопе адміністрацыйных будынкаў, а потым войска “абаронцаў інтарэсаў ветэранаў” займела больш за сто танкаў, БМП, БТР ды “Градаў” – “усё, акрамя самалётаў і верталётаў”. Кіраўніком данецкай ячэйкі “Оплота” быў Аляксандр Захарчанка – цяперашні кіраўнік ДНР.

    Летам 2013-га гэта былі “проста” абаронцы інтарэсаў ветэранаў, арганізаваныя спартоўцы з хуліганскімі манерамі, а ўжо праз год – армія сепаратыстаў з цяжкой зброяй. Вось чаму на падобныя структуры варта звяртаць пільную ўвагу ды ўспрымаць іх патэнцыйную пагрозу ўсур’ёз.

    “Рускі свет” пад плінтусам

    Становішча арганізаваных праваднікоў “рускага свету” ў Беларусі супярэчлівае. Яно не такое добрае, як можна пачуць ад патрыётаў-алармістаў, аднак выклікае абгрунтаваную заклапочанасць.

    Добрая навіна ў тым, што ў Беларусі няма ніводнай глабальнай арганізацыі прыхільнікаў “рускага свету”, якая б мела рэальны ўплыў, і шматлікіх актывістаў ва ўсёй краіне ці ў нейкім рэгіёне альбо буйным горадзе.

    Больш-менш падобным да такога гульца быў Беларускі славянскі камітэт.

    Вясной 2014-га года, адразу пасля анексіі Крыма, гэтае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне паспрабавала выкарыстаць заканадаўчую магчымасць трансфармацыі ў партыю. Аднак вельмі хутка яго лідар Сяргей Касцян пачаў публічна скардзіцца на беспрэцэдэнтны ціск КДБ: аматараў славянскага адзінства пад пагрозамі прымушалі пісаць заявы аб выхадзе з Беларускага славянскага камітэта.  Арганізацыя, якую лічылі праўладнай, імгненна адчула на сабе рэпрэсіі, даўно знаёмыя апазіцыі, і фактычна знікла з грамадска-палітычнага жыцця.

    Апошнім часам гучна выбухнулі гісторыі пра вайскова-патрыятычныя клубы казакоў ды праваслаўных святароў, дзе беларускіх дзяцей выхоўваюць у расійска-імперскім духу, вывозячы на зборы ў Расію. Там з імі займаюцца інструктары-неанацысты з вайсковым досведам на Данбасе. Ад незалежнай прэсы тэму хутка перахапіў дзяржаўны тэлеканал АНТ. Супраць такіх ініцыятываў “рускага свету” скіравала сваю дзейнасць міліцыя, таксама гэта асудзіў Беларускі экзархат РПЦ.

    У такіх умовах арганізацыі, што супрацоўнічаюць з “Россотрудничеством” альбо “Фондом Горчакова”, не надта афішуюць сваю дзейнасць. У публічнай прасторы немагчыма заўважыць нейкія іх гучныя акцыі альбо масавую актыўнасць. Нават калі ў Мінск прыязджаў пісьменнік Мікалай Старыкаў, адзін з ідэолагаў “рускага свету”, сустрэчы з ім збольшага былі адмененыя, а на той, што ўсё ж адбылася ў Доме Масквы, адзначыліся актывісты “Маладога фронту”, а не натоўп беларускіх аднадумцаў Старыкава.

    Свае казакі

    Адказам на ініцыятывы “рускага свету” можа быць стратэгія гульні на апярэджанне. З аднаго боку, кіраўнік Беларусі неаднаразова згушчаў фарбы, малюючы жудасныя карціны рускіх на валізках у 1990-ыя, якіх нібыта прыгняталі ды праганялі БНФаўцы. І таму галоўнымі абаронцамі інтарэсаў рускіх у Беларусі прэзентаваліся самыя ўлады Беларусі. З іншага боку, на традыцыйным полі “рускага свету” могуць падтрымлівацца цалкам лаяльныя Беларусі персанажы і праекты. Напрыклад, сярод казакоў.

    На парламенцкіх выбарах 2016-га года сутыкнуліся атаман Улаховіч, кіраўнік Беларускай патрыятычнай партыі, і лідар Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Васіль Задняпраны. Абодва яны лічыліся праўладнымі кандыдатамі, аднак высветлілася іх адрознасць. Будучы пераможца Улаховіч падчас парламенцкай кампаніі крытыкаваў апанента за прыхільнасць да “рускага свету”, аднак спрабаваў улагодзіць Расію: “Гэта партыя “рускага свету”. Я буду супраць яе змагацца, чаму не. Я ж патрыёт Беларусі, а не патрыёт славянізму”; “Я супраць “рускага свету”. А навошта ён нам патрэбны? Мы можам і так з Расіяй сябраваць”.

    Такім чынам, улады Беларусі добра бачаць пагрозу ад “рускага свету”, аднак рэагаваць спрабуюць мякка, не дражнячы расійскага мядзведзя. Адсутнасць неадкладных і гучных дзеянняў уладаў можа не падабацца. Аднак, калі аналізаваць паводзіны дзяржавы, то генеральная лінія вымалёўваецца зразумела: манаполія на абарону інтарэсаў рускіх у Беларусі належыць дзейнаму кіраўніцтву.

    ПаказацьСхаваць каментары