Ваенныя опцыі Расіі ва Украіне

Аднаўленне расійскіх ваенных правакацый пакіне Украіну дэстабілізаванай ды захавае ціск на яе ўрад.
Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях , Пераклад Касі Васільевай · 12 Траўня 2015
Ваенныя опцыі Расіі ва Украіне

Пасля паразы ўкраінскіх войскаў у Дэбальцава 19 лютага, праз чатыры дні пасля таго, як Мінскае пагадненне аб спыненні агню ўступіла ў сілу, некаторы час на фронце было параўнальна спакойна, што наводзіла на думку пра тое, што Расія пераключылася з ваенных сродкаў на палітычныя і дыпламатычныя дзеля дэстабілізацыі Украіны. Аднак вайна ва Украіне мела шмат перапынкаў, і сучасная фаза адноснага спакою можа хутка закончыцца. Расія праводзіла маштабныя ваенныя манеўры ў сакавіку 2015-га. Звычайна такія манеўры – гэта прыкрыццё для ратацыі войскаў. Шмат фармаванняў пакінула баракі, некаторыя вярнуліся пасля манеўраў, некаторыя накіраваліся ў Данбас, хтосьці мусіў вярнуцца з Украіны. Заходняй выведцы цяжка вызначыць колькасць вайсковых групаў і месца іх знаходжання. Расія спрабуе схаваць сваю ваенную актыўнасць ад уласнага народу, таму яна не можа задзейнічаць адныя і тыя ж фармаванні ў зоне вайны надоўга. Каралеўскі аб’яднаны інстытут абарончых даследаванняў вызначыў, што ўсё большая колькасць расійскіх фармаванняў выкарыстоўваецца, каб на Данбас маглі трапіць жаўнеры і матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, а пры гэтым колькасць загінулых на кожны гарнізон была малой. Зімовы баявы сезон закончаны. Калі ж Расія хоча правесці вясновую атаку са свежымі войскамі, яна мусіць выправіць іх на месца цягам сакавіка-красавіка. Далейшая ваенная эскалацыя не можа быць выключана. Адпаведна, Захад не павінен адпачываць – неабходна паразважаць, што можна зрабіць, каб не дазволіць Расіі наноў развязаць вайну, і як дзейнічаць, калі гэтыя захады не дапамогуць.

Вайна да гэтага часу

Украіна сутыкнулася з вельмі цяжкай ваеннай сітуацыяй пасля захопу Крыма. У красавіку 2014-га Расія высадзіла каля 150 тысяч салдат на расійска-ўкраінскай мяжы. Каля паловы іх складалі парамілітарныя фармаванні расійскага Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Гэта сведчыць пра тое, што Расія разглядала акупацыю Украіны і ўстанаўленне акупацыйнага рэжыму. Украінскія ўзброеныя сілы былі як ніколі слабымі і малаколькаснымі. З усяго ўкраінскага войска (на той момант каля 41 тысячы чалавек) не больш за 6 тысяч можна было прызнаць баяздольнымі. Першапачатковая мабілізацыя павялічыла войска не больш за 10 тысяч асобаў. Ніводная бранявая група не магла пакінуць барак праз недахоп паліва і кепскі тэхнічны дагляд. Бронегрупы, высланыя на Данбас, былі ў жахлівым стане. Не існавала ланцуга паставак, гатовасці да вайны, дысцыпліны. Расійскія спецслужбы добра ведалі стан украінскіх узброеных сілаў. Яны ведалі, што перамога мусіць быць лёгкай. Аднак яны вырашылі не ўрывацца, і, больш за тое, яны не ўжывалі такую ваенную канцэпцыю на ўкраінскай мяжы і не сцягвалі нерэгулярныя фармаванні ў значнай колькасці. Сёння на Данбасе расійскія нерэгулярныя фармаванні выконваюць толькі ролю другога плану, кшталту падтрымкі дысцыпліны ў шэрагах расійскіх войскаў ці рамонту пашкоджанай інфраструктуры. Расійскія фармаванні на ўкраінскіх межах аказваюць падтрымку пры аперацыях, а таксама трэнуюць расейскіх валанцёраў і выдаюць ім узбраенне. Пакуль нішто не наводзіць на думку, што расійскія ваенныя стратэгі зноў разглядаюць паўнавартаснае ўварванне ва Украіну.

Стварэнне добраахвотных сілаў (так званыя батальёны Майдана, якія пазней інтэграваліся ў войска ці Нацыянальную гвардыю) і валанцёрскіх арганізацый, якія аказвалі ўсе неабходныя паслугі ўзброеным сілам (прадукты, запасныя часткі, абмундзіраванне, хуткая дапамога, рамонтныя майстэрні, удасканаленне абмундзіравання) сталася сюрпрызам для Расіі. Украіна аказалася больш стойкай пад ваенным ціскам, чым таго чакала Расія. Больш за тое, неафіцыйныя структуры, на якія абапіраецца ваенная моц Украіны, могуць такім жа чынам спрацаваць у партызанскай вайне. Калі б расійскія войскі пасунуліся ўглыб Украіны, Расіі давялося б весці антыпаўстанцкую кампанію, чаго яна не магла сабе дазволіць. Вынікі такой кампаніі былі б няпэўнымі. Такім чынам, Расія адхіліла думку аб правядзенні паўнавартаснай вайны на карысць вайны абмежаванай. Варта адзначыць: калі б поўнамаштабная вайна мела занадта высокі кошт, падвышэнне ставак у абмежаванай вайне наўрад ці прымусіць Маскву перагледзець свае разлікі.

Пасля таго, як Украіна істотна адціснула назад прарасійскіх сепаратыстаў летам 2014-га, пагражаючы існаванню “народных рэспублік”, Расія задзейнічала рэгулярныя механізаваныя бронегрупы супраць украінскіх сілаў, пачынаючы са жніўня. На той момант добраахвотныя батальёны Нацыянальнай гвардыі праводзілі большую частку баёў за Украіну. Рэгулярнае войска збольшага выконвала функцыі баявога забеспячэння. Валанцёрскія фармаванні складаліся пераважна з пяхоты і не маглі супрацьстаяць расійскім рэгулярным узброеным фармаванням, нягледзячы на высокую матывацыю. Самая маштабная разня з удзелам валанцёрскіх войскаў адбылася падчас бітвы пад Ілавайскам, дзе ў акружэнне трапілі каля 5 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Такія страты адбыліся праз нястачу абсталявання ды тактычныя і аперацыйныя памылкі, дапушчаныя лідарамі.

Калі б расійскія войскі наступалі адначасова ў іншых месцах уздоўж лініі фронту, Расія магла б прасунуцца значна глыбей ва Украіну, акружыць Марыупаль і дасягнуць межаў як мінімум Данецкай вобласці. Расія абрала не рабіць гэтага. Расіі было дастаткова нанесці ганебную паразу пад Ілавайскам і прадэманстраваць, што яна можа ў любы момант сарваць украінскія ваенныя аперацыі на ўсходзе. Пасля баёў у верасні-кастрычніку 2014-га вайна прыйшла ў часовую стадыю ахаладжэння, якая была выкарыстана Расіяй для ратацыі, пераразмеркавання і пераабсталявання войскаў. У сувязі з павелічэннем выдаткаў на абарону, частковай мабілізацыяй і паляпшэннем ланцуга паставак (у прыватнасці, дзякуючы таму, што многія задачы забеспячэння арміі былі перададзеныя добраахвотным арганізацыям) Украіна змагла выставіць нашмат больш рэгулярных вайсковых падраздзяленняў. Зімовы баявы сезон распачаўся з бітвы за Данецкі аэрапорт у студзені 2015-га.

Украінскія жаўнеры, як з рэгулярных аддзелаў, так і валанцёры, зноў прадэманстравалі выключную смеласць і стойкасць, але бітва за Данецкі аэрапорт выкрыла сур’ёзныя хібы ўкраінскай арміі: кепскую каардынацыю паміж танкавымі войскамі, пяхотай і артылерыяй, гэтаксама як паміж рэгулярнай арміяй і апалчэннямі Нацыянальнай гвардыі; неадэкватнае разуменне сітуацыі; недастатковую камунікацыю пры зменах тактычнай сітуацыі; зноў жа – тактычныя і аператыўныя памылкі. Расія перамагае ўкраінскія войскі не сілай, а манеўрамі. Зноў расійскія войскі не выкарыстоўваюць сваю перамогу, каб пранікнуць глыбей ва Украіну. Такі ж алгарытм быў выкарыстаны ў бітве за раён на паўднёвым усходзе ад Дэбальцава. Украінскія салдаты біліся мужна, асабліва ў самім горадзе Дэбальцава, дзе гарадское наваколле часткова нейтралізавала перавагу Расіі ў тэхніцы і кіраванні. Аднак трэба было выводзіць украінскія войскі як мага хутчэй, бо было зразумела, што пагорак дасць магчымасць расейскім войскам акружыць украінскія сілы зноў. Адступленне ўкраінцаў было хаатычным: яно было хутчэй самаарганізаванае на месцы, чым загадана Кіевам. Адмова падпарадкоўвацца Кіеву паставіла пад сумнеў здольнасць генеральнага штаба. Зноў Расія выкарыстала дэстабілізацыйны эфект ад паразы, не ўзяўшы пад кантроль большай часткі Украіны.

Паводзіны Расіі падчас вайны паказваюць, што ваенныя дзеянні з’яўляюцца часткай дэстабілізацыйнай палітыкі, мэта якой – зламаць рашучасць Кіева ў супрацьстаянні патрабаванням Расіі. Такім чынам, Расія не мае патрэбы заваёўваць большай тэрыторыі Украіны, яна канцэнтруецца на нанясенні ганебных паразаў, якіх можна дамагчыся лёгка. Расія лічыць, што Украіна рана ці позна пацерпіць палітычны, ваенны альбо эканамічны крах. Што тычыцца палітыкі і вайны, Масква пакуль што недаацаніла стойкасць Украіны. Аднак бачыцца магчымым аднаўленне ваенных дзеянняў, калі Украіна прадэманструе і эканамічную стойкасць таксама.

Што Расія будзе рабіць далей?

Мір не мусіць прымацца як належнае: пакуль Расія прытрымліваецца тактыкі абмежаванай і (афіцыйна) таемнай вайны, ёй неабходны перапынкі паміж рознымі стадыямі баявых дзеянняў. Расія не зможа пакінуць свае падраздзяленні на Данбасе надоўга, бо дыспрапарцыйныя страты ў батальёнах будзе цяжка прыхаваць. Таму Расія будзе праводзіць ратацыю сваіх брыгад і батальёнаў на Данбасе. Расія таксама можа спадзявацца, што адна з прарасійскіх дзяржаваў у Еўропе – Аўстрыя, Венгрыя альбо Грэцыя накладзе вета на пашырэнне санкцыяў, калі на фронце будзе ціха.

Расія ўсё яшчэ хоча навязаць сваю волю Кіеву. Калі б прадметам ваенных спрэчак быў Данбас, Расія б, верагодна, прызнала “народныя рэспублікі” незалежнымі дзяржавамі. Гэта б дало ёй магчымасць адкрыта прысутнічаць у “братэрскіх краінах” і кансалідаваць здабыткі. Аднак, нягледзячы на некалькі зручных выпадкаў, Масква адмовілася гэта зрабіць, што кажа: вайна з’яўляецца адным з інструментаў ціску на Кіеў, а значыць – будзе працягвацца.

Таемнасць супрацьстаяння азначае, што Расія мусіць прытрымлівацца абмежаванай вайны альбо вайны на знясіленне. Любыя маштабныя, шматфазавыя механізаваныя ваенныя дзеянні супраць Украіны выкрыюць прамы ўдзел Расіі ў вайне з Украінай перад расійскім народам і нават перад прарасейскімі замежнымі ўрадамі. Расія ў такім выпадку будзе падлягаць пашыраным санкцыям, і гэта самае малое з наступстваў. Расійскія ваенныя аналітыкі хвалююцца, якія дзеянні прымуць Злучаныя Штаты ў выпадку такога сцэнара.

Поўнамасштабная вайна з захопам усёй тэрыторыі Украіны выглядае малаверагоднай. Расія наўрад ці мае дастаткова сродкаў, каб падтрымліваць акупацыйны рэжым ва ўсёй Украіне, набыць лаяльнасць сярод мясцовых жыхароў і весці паўнавартасную антыпаўстанцкую кампанію. Больш сціплая магчымасць – заваяванне “Наваросіі” да Дняпра. Такі сцэнар выключыць магчымыя цэнтры самага адчайнага супраціву і мясцовасці, найбольш спрыяльныя для партызанскай вайны, павялічыўшы рычагі ўплыву на Украіну пры перамовах аб “федэралізацыі” і “нейтралізацыі”. Аднак гэта таксама павялічыць кошт расійскай акупацыі, і антыпаўстанцкая кампанія спатрэбіцца ўсё адно. Больш за тое, прыватныя прадпрыемствы, хутчэй за ўсё, не захочуць мець справаў з “Наваросіяй” праз страх перад заходнімі санкцыямі, таму Расіі давядзецца ўкласці туды расійскія народныя грошы. Расія не можа быць упэўнена, што Украіна будзе весці з ёй перамовы, што Захад не нарасціць палітычную, ваенную і эканамічную падтрымку Украіне ці нават не прыме “Заходнюю Украіну” ў НАТА і ЕС, як гэта было з Заходняй Нямеччынай. У гэтым выпадку Расія назаўжды страціць рэшту Украіны. Такім чынам, яна будзе спрабаваць знайсці больш таннае рашэнне, каб дэстабілізаваць Украіну, не выклікаючы моцнай рэакцыі Захаду.

Найбольш верагодны курс дзеянняў Расіі – гэта весці абмежаваныя наступленні супраць украінскіх сіл (неабавязкова тэрытарыяльна), каб прадэманстраваць Украіне, што гвалт скончыцца толькі на ўмовах Расіі. Яшчэ адна з магчымых установак Расіі – абвастрэнне эканамічных праблемаў Кіева. Вайна прывяла да істотных эканамічных цяжкасцяў, і няпэўнасць будучыні Украіны паспрыяе працягу гэтых праблем. Чым даўжэй трывае эканамічны крызіс, тым большы ціск будзе аказвацца на афіцыйны Кіеў у справе пошуку кампрамісу. У дадатак Захад мусіць укачваць грошы ва Украіну праз эканамічныя наступствы вайны, няўпэўненасць інвестараў і гандлёвую палітыку Расіі ў дачыненні да Украіны. Заўважныя, але танныя ў ваенным сэнсе перамогі Расеі (як пад Дэбальцава) могуць пасеяць расчараванне сярод украінскага насельніцтва, ад чаго выйграе Расія. Такім чынам, абмежаваныя ваенныя эскалацыі ўбудаваны ў палітыку палітычнай падрыўной дзейнасці, гандлёвай вайны, фінансавай ізаляцыі, тэрарыстычнай дэстабілізацыі і палітычнай дэфармацыі Украіны на Захадзе. Расія будзе гнуткай у выкарыстанні сваёй ваеннай перавагі, хутка рэагуючы на новыя магчымасці. Незадаволенасць украінскімі палітычнымі крокамі, узгодненымі ў Мінску (напрыклад, правіла самакіравання для паўстанцкіх рэгіёнаў), можа быць выкарыстана, каб распачаць абмежаваныя правакацыі ці выступы мяцежнікаў. Расійскія войскі будуць чакаць, каб выкарыстаць адказ Украіны ў інтарэсах Расіі.

Расія не мае намеру скончыць супрацьстаянне ў хуткім часе. Расія ведае, што нават калі яе ўласная эканоміка прыходзіць у заняпад, украінская эканоміка памірае хутчэй. У пэўным сэнсе Расія можа і здолее прывесці да ладу ўнутраную эканоміку. Хуткая ваенная перамога прывяла б да вялікіх фінансавых выдаткаў з боку Расіі. У той час, калі вайна працягваецца, выдаткі нясе Захад. Калі б Украіна пацярпела крах пасля некалькіх гадоў бясплённай падтрымкі з боку Захаду, гэта б утрымала ЕС і ЗША ад спробаў падтрымаць любыя “каляровыя” рэвалюцыі ў блізкіх ад Расіі краінах.

Міф аб расійскім кантролі над эскалацыяй

Заходнія полісімэйкеры, асабліва ў Заходняй Еўропе, часта кажуць, што “ваеннага вырашэння канфлікту не існуе”. Гэтае выслоўе ўводзіць у зман і асуджанае на правал. Усе ваенныя канфлікты заканчваюцца дыпламатычнымі пагадненнямі, але ваенная сітуацыя дыктуе ўмовы пагадненняў. І пакуль Захад устрымліваецца ад далейшага ўдзелу, Расія можа навязаць сваё ваеннае выйсце.

Больш за тое, думка, што Расія пойдзе на абвастрэнне канфлікту, як толькі заходняе ўзбраенне прыбудзе ў Кіеў, не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Расійская прапаганда сцвярджае, што РФ ужо вядзе вайну чужымі рукамі ва Украіне супраць НАТА, Злучаных Штатаў ці заходніх спецслужбаў. Расія не турбуецца, пацвердзіцца яе хлусня дзеяннямі Захаду ці не. Расія ўстрымліваецца ад далейшага абвастрэння ў сувязі з выдаткамі, а не з паводзінамі Захаду. Агрэсіўная рыторыка Расіі мае на мэце напалохаць Захад – чым сур’ёзней Захад паставіцца да пустых пагроз Масквы, тым большы эфект будзе дасягнуты. Праблема Масквы ў тым, што пакуль ЗША ў стане перасунуць узброеныя сілы на еўрапейскі кантынент, Захад будзе здольны на такі ваенны адказ, які не пацягне Расія. Расія ведае, што прайграе ў поўнамаштабнай вайне супраць Захаду. Аднак сітуацыя зменіцца, калі Расіі ўдасца раскалоць Захад, асабліва ўбіць клін паміж ЗША і Еўропай. Расія таксама ведае, што заходнія полісімэйкеры вагаюцца, калі справа тычыцца ваенных дзеянняў, у той жа час Расія выкарыстоўвае ваенныя пагрозы для запалохвання.

У прыватнасці ядзерныя пагрозы накіраваны на падрыў адзінства Захаду і яго гатоўнасць рэагаваць на расійскую агрэсію. З 2008-га года высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі пагражалі выкарыстоўваць моцныя  ядзерныя ўдары па выбраных важных аб’ектах, калі Захад умяшаецца ў канфлікт у непасрэднай блізкасці ад Расіі. Уладзімір Пуцін уступіў у гэтую гульню ў першы раз падчас анексіі Крыма, агучыўшы заўвагі аб павышэнні стану гатоўнасці ядзернай зброі Расіі. У мінулым агрэсіўная рыторыка пра апераджальнае прымяненне ядзернай зброі з’яўлялася адным з элементаў стратэгіі запалохвання, каб пераканаць Еўропу не ўмешвацца ў  расійскую “сферу ўплыву”. Але Захад можа нават ажыццявіць эскалацыю ядзернай вайны не на карысць Расіі. Расія робіць стаўку на тое, што ў ядзернай гульні “хто першы спужаецца” Захад адступіць першым.

Аднак, калі Расея палічыць, што яна не можа ўтрымаць Захад такімі пагрозамі, наўрад ці яна пойдзе на далейшае абвастрэнне. Захад кантралюе эскалацыю. І пакуль Захад не выказваецца адназначна, якую падтрымку ён акажа Кіеву, Расія мусіць узважана падыходзіць да рызыкі, якую яна гатовая прыняць.

Опцыі Еўропы

Спыненне агню не будзе трываць доўга, бо Расія правяла ратацыю, узмацненне і пераабмундзіраванне сваіх войскаў на ўсходзе Украіны. З гэтай прычыны Захад мусіць больш шырока абдумаць, як спыніць расійска-ўкраінскую вайну.

Адзін падыход прадугледжвае ўзмацненне патэнцыялу Украіны ў нанясенні стратаў расійскім войскам, што ўскладніла б для Расіі магчымасць адмаўляць ступень свайго ўдзелу. Прыхільнікі перадачы ўзбраення Украіне забываюць, што падрыхтоўка і дактрына – аднолькава важныя. Рыхтаванне ўкраінскіх ваенных кадраў пачалося ў невялікім аб’ёме. Аб’яднаныя польска-літоўска-ўкраінскія брыгады разам з навучальнымі ініцыятывамі ЗША і Вялікабрытаніі таксама падвысяць узровень прафесіяналізму ўкраінскіх ваенных кадраў. Аднак навучанне і падрыхтоўка прынясуць плён толькі праз некаторы час. Рэформа абароны, якую Кіеў распачаў у студзені, пакуль прынесла сціплыя вынікі. Кіеў мусіць зразумець, што падтрымка афіцыйных дзяржаўных структур валанцёрскімі групамі мусіць мець межы: Захад не можа пастаўляць цяжкую зброю недзяржаўным арганізацыям па юрыдычных прычынах. Украінскаму Міністэрству абароны неабходныя глыбокія рэформы і люстрацыя – гэта будзе найбольш эфектыўна пад назіраннем і з удзелам заходніх афіцэраў.

Другі падыход заключаецца ў перадачы Украіне вайсковага персаналу ў выглядзе міратворчых сілаў ці аднабаковай падтрымкі. Стаўкі для Расіі могуць быць узняты яшчэ болей неадназначнымі гарантыямі суверэнітэту Украіны, якія не падштурхнуць Кіеў да наступальных дзеянняў, але створаць пагрозу ваеннага адказу Захаду на агрэсію Расіі, кшталту гарантый ЗША для Тайваня. Такія захады на дадзены момант падаюцца занадта радыкальнымі, і, магчыма, выглядаюць непрымальнымі для народаў заходніх краінаў. Але еўрапейскае кіраўніцтва мусіць зразумець: чым даўжэй яны ўстрымліваюцца ад эфектыўнага процідзеяння расійскай агрэсіі, тым смялей Расія пачне пагражаць суседнім краінам і выконваць гэтыя пагрозы.

Падобныя тэмы
вайнаРасіяУкраіна
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Сяргей Суханкін (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 27 Чэрвеня
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Няма нічога дзіўнага ў тым, што пасля таго, як Масква трактавала Калінінград у апошнія гады, заўзятары чэмпіянату свету хутчэй за ўсё будуць ездзіць на матчы з Польшчы, а не заставацца там.
Эндру Уілсан (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 11 Чэрвеня
Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў
Украінскія выбары: Парашэнка і памнажэнне папулістаў
Праз чатыры гады пасля Еўрамайдана агульная карціна ва Украіне змрочная.
БНР100: што гэта было і чаго чакаць у будучыні
БНР100: што гэта было і чаго чакаць у будучыні
Ці стане Пальчыс новым Статкевічам і што рабіць з беларускімі прыхільнікамі рускага свету.