Школа будучыні. Тры прынцыпы рэфармавання сярэдняй адукацыі

Беларуская школа мусіць будавацца паводле патрэбаў, якія нясе новы рынак працы. І вось як гэта зрабіць.
Марыя Русак· 16 Лютага 2016
Школа будучыні. Тры прынцыпы рэфармавання сярэдняй адукацыі

У часопісе Міжнароднага эканамічнага форуму (які арганізоўвае сустрэчы ў Давосе) “Будучыня працы” акрэсленыя 10 навыкаў, якія, на меркаванне вядучых эканамістаў, будуць неабходныя для паспяховай прафесійнай самарэалізацыі ў 2020-ым і 2050-ым гадах. Падаецца, што перспектыва далёкая, але 2050-ы год для сённяшніх беларускіх школьнікаў будзе перыядам кар’ернага развіцця.

Патрабаванні будучыні зусім іншыя, чым чакаліся раней. Ды і рынак адукацыйных паслугаў у Беларусі і свеце будзе расці і станавіцца ўсё больш канкурэнтным. Беларуская школа павінна дастасоўвацца да зменаў і вось тры прынцыпы для будучых рэформаў.

Комплексны падыход

Першае месца ў спісе прыярытэтных навыкаў для паспяховых прафесіяналаў займае комплекснае шматузроўневае вырашэнне праблем. Гэта азначае, што

чалавек мусіць бачыць сутнасць праблем і разбірацца з чыннікам, а не з вынікам, пры гэтым ён мусіць умець ужываць веды з розных галінаў.

У беларускіх школах сёння наадварот змагаюцца з рознабаковымі падыходамі да вырашэння праблемаў, імкнуцца зменшыць колькасць прадметаў і падзяліць вучняў адпаведна ўзроўню ведаў і спецыялізацыі.  

Зусім з іншага боку, які нашмат больш адпавядае запытам будучага рынку, падыходзяць да працэсу навучання ў школах Фінляндыі ды Швецыі. Прадметы не падзяляюцца на вузка абмежаваныя вобласці, кожная з якіх даследуе спецыфічную тэму.

Падыход да навучання больш фенаменальна-арыентаваны – школьнікі назіраюць нейкі рэальны феномен, напрыклад беспрацоўе ў грамадстве, і вывучаюць яго з пункту гледжання розных дысцыплінаў. Гэтак школьнікі разумеюць, як выкарыстаць веды на практыцы. Працэс навучання для іх сперсаналізаваны, бо навучэнцы ўсведамляюць, што ім больш цікава, а чаго не хапае.

Такі падыход не замяняе звычайных прадметаў,

напрыклад, матэматыкі і дакладных навук, але праз такое навучанне больш эфектыўна ўспрымаюцца базавыя тэмы, а веды навучэнцы атрымліваюць не пасіўна, а актыўна.

Для старэйшых класаў варта было б выкарыстаць сістэму, падобную да міжнароднага бакалаўрыята, дзе ў комплексным праектным навучанні студэнты выбіраюць вобласці спецыялізацыі. Напрыклад, матэматыка застаецца абавязковай, але можна выбраць адзін ці два прадметы дакладных навук і адзін ці два прадметы грамадскіх навук. Падобная практыка дзе-нідзе існуе ў беларускіх школах і мусіць быць пашыраная.

Крытычнае мысленне

Крытычнае мысленне застаецца прыярытэтам любога паспяховага прафесіянала заходняга свету. У Беларусі гэтага не проста не выкладаюць у школе, але

школьнікаў наадварот вучаць думаць меней і больш аўтаматычна.

Болей за тое, беларуская сярэдняя школа сёння выконвае функцыі адміністрацыйнага элемента, дзе вучняў збіраюць на парады, мітынгі, суботнікі і раённыя святы.

Пакуль сітуацыя з крытычным мысленнем у Беларусі застаецца складанай, у першую чаргу варта дэпалітызаваць працэс сярэдняй адукацыі. Для паспяховай будучыні беларускія школы мусяць быць аддзеленыя ад палітыкі і адміністрацыйных пакаранняў, а школа як і ўніверсітэт мусяць выхоўваць не сістэмных элементаў, а грамадзянаў, якія думаюць.

02 (1)

Па-другое, школьнае выхаванне мусіць быць пазбаўленае такія прадметаў, як “Чалавек і грамадства” ў той форме, у якой яны існуюць сёння. Для прыхільнікаў нацыянальнай ідэі гэта таксама можа гучаць як кепская навіна. Некаторыя фрагменты з сённяшніх падручнікаў нельга проста выкінуць, замяніўшы на кнігу Уладзіміра Арлова “Адкуль наш род”.

Варта стварыць асобны навучальны модуль крытычнага мыслення, які будзе базавацца на адным з прадметаў, але таксама будзе праходзіць чырвонай ніткай праз усе іншыя дысцыпліны. Паспяховыя мадэлі ўжо распрацаваныя, і класы, у якіх прысутнічае крытычнае даследаванне першасных крыніц і другасная аналітыка, з’яўляюцца абавязковымі ў школах краінаў Паўночнай Еўропы.

Напрыклад, падручнік гісторыі ў апісанні нейкай падзеі прапаноўвае пяць розных крыніцаў: ад арыгінала летапісу да апісання падзеі “іншым бокам” і аналізу гісторыкаў 1990-ых. Каб стварыць сваё ўяўленне пра падзею і гістарыяграфію, вучань піша эсэ, у якім спалучае аналіз падзеі і крыніцаў інфармацыі: чаму аўтары паказалі падзею менавіта гэтак, і як перадузятасць аўтараў уплывае на апісанне падзеі.

Крэатыўнасць

Трэці элемент у спісе паспяховых навыкаў прафесіяналаў будучыні і самы недаацэнены ў беларускай сістэме школьнай адукацыі.

Сёння ўсе, хто не падпадае пад шаблоны сярэдняй школы, лічыцца ці лянівым, ці дурнем.

Насамрэч, усё больш складана і, магчыма, будучы беларускі Біл Гейтс сядзіць на галёрцы ў сярэдняй школе і не лічыць школу цікавай. Паводле сённяшняга міністра адукацыі Беларусі, студэнтаў варта “навучыць вучыцца,” але гэта вымагае індывідуальнага падыходу, а не адміністрацыйнай сістэмы.

Каб забяспечыць індывідуальны падыход і магчымасці развіцця, беларускай школьнай адукацыі варта, па-першае, змяніць увесь падыход да набору выкладчыкаў. Каб патрапіць на факультэт пачатковай адукацыі БГПУ, варта было набраць 168 балаў, што з атэстатам у 80 балаў азначае 30 па ўсіх трох іспытах. Настаўнікі, адказныя за фарматыўныя гады навучання, мусяць хацець гэтым займацца, быць адданымі сваёй справе, а не выбіраць педагагічны факультэт, бо няма іншага выйсця.

Мусіць быць створаны прэстыж прафесіі настаўніка, змененыя фінансавая і адміністрацыйная базы, каб дазволіць маладым і апантаным працаваць. У Беларусі ёсць шмат гісторыяў маладых апантаных сваёй справай выкладчыкаў, якія пры сутыкненні з рэчаіснасцю адукацыйнай сістэмы губляюць жаданне працаваць. Такія настаўнікі і могуць стаць правадніком зменаў для беларускай адукацыі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вадзім Мажэйка· 29 Ліпеня
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Пяць рэформаў, якіх патрабуе школьны курс літаратуры
Кнігі пісалі не толькі ў Расіі, не толькі мужчыны і не толькі даўным-даўно.
Рыгор Астапеня· 24 Ліпеня
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры пункты, шэсць графікаў – усё як мы любім. 
Зміцер Лысюк· 22 Ліпеня
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне
Як без радыкальных захадаў можна палепшыць сітуацыю ў войску.