Чатыры прычыны, чаму беларуская навука памірае

Гісторыя пра беднасць, закрытасць, слабы менеджмент і імітацыя вынікаў у беларускай навуцы.
Рыгор Астапеня· 15 Лютага 2016
Чатыры прычыны, чаму беларуская навука памірае
Здымак: getty images

Хоць беларускае дзяржаўнае тэлебачанне не перастае хваліцца інавацыйнасцю беларукай эканомікі, на практыцы айчынная навука памірае. Час закрыцця гігантаў, як МАЗ ці БелАЗ, якія раней былі прыкладам прамысловага развіцця, набліжаецца. У 2014-ым годзе Беларусь падала ў чатыры разы менш заявак на рэгістрацыю ў Міжнароднай патэнтнай сістэме, чым маленькая суседняя Літва. Калі ж паглядзець на статыстыку вытворчасці краіны, то бачна, што Беларусь імкліва становіцца сыравіннай краінай.

Колькасць патэнтаў у Беларусі і суседзяў
Create bar charts

Чаму навука памірае

Па-першае, беднасць. Колькасць дзяржаўных выдаткаў на навуковыя даследванні складае 0,24 % ВУП. Пры тым, што ў такіх краінах, як Нямеччына ці Нідэрланды дзяржава выдаткоўвае прыкладна працэнт. І гэта пры тым, што яшчэ прыватныя фірмы выдатковаўваць прыкладна столькі ж.

Наша Акадэмія навук выглядае як клуб старцаў, бо беларускія навукоўцы пераважна не маюць адэкватных эканамічных стымулаў. Як заявіў год таму кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, беларуская навука — гэта не зараблянне грошаў, а месца для рэалізацыі патэнцыялу. Праз крызіс цяжка дакладна сказаць колькі сёння складае сярэдні заробак у НАН, але ён праўдападобна ў раёне $300.

Беднасць абумоўлівае, што навуковая інфраструктура вельмі слабая — гаворка не толькі пра абсталяванне, якое заўсёды дарагое, але нават пра навуковыя часопісы. Згодна з Сусветным банкам, у 2011-ым годзе ў Беларусі было апублікавана 342 навуковыя артыкулы на тэхнічную тэматыку. У суседняй і ў разы меншай Літве іх была надрукавана 457.

Па-другое, дрэннае кіраванне. З пункту гледжання ўладнай вертыкалі ўсё схоплена, бо існуе адмысловы Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях. Але на практыцы навукова-даследчыя інстытуты і прамысловыя прадпрыемствы дзейнічаюць разрознена.

Дысфункцыянальнасць менеджменту беларускай навукі вядзе да таго, што беларускія інавацыі пераважна не камерцыйныя. За 2014-ы год распрацоўкі Акадэміі навук прынеслі Беларусі 500 000 $ — вельмі малая сума як на нашую краіну.  

Па-трэцяе, слабая інтэрнацыяналізацыя. Многія беларускія навукоўцы літаральна не валодаюць англійскай мовай. Навуковая супольнасць мае вельмі мала кантактаў з Захадам, а некаторыя беларускія рэктары яшчэ нядаўна наагул не мелі права ўезду ў Еўрапейскі саюз. У Беларусі не прызнаюцца ўплывовыя замежныя часопісы, а шмат хто з нашых навукоўцаў і навуковых кіраўнікоў не мае Індэкса Хірша, то бок сусветнага  індэкса ягоных публікацыяў і цытавання.

Хоць супрацоўніцтва з замежнымі кампаніямі існуе, але пакуль мы ў падобных партнёрстваў не так шмат выйграем. Аляксандр Вайтовіч, былы кіраўнік НАН, часта прыводзіць прыклад паўднёвакарэйцаў, якія на пачатку 90-ых не мелі тэхналогіяў з вадкімі крышталямі, але прыехалі ў Беларусь, фінансавалі ў нас лабараторыі, прысылалі сваіх навукоўцаў, перанялі нашыя веды і цяпер выкарыстоўваюць гэта ў вытворчасці тэлевізараў ці ноўтбукаў.

Па-чацвёртае, імітацыя поспехаў. Парк высокіх тэхналогіяў, самы паспяховы праект у інавацыйнай палітыцы Беларусі, мае слабое дачыненне да дзяржавы, апроч ільготаў. Але калі казаць пра дзяржаўную праграму інавацыяў, то яна не выконваецца. Спадарожнікі “Белка” ці стварэнне суперкамп’ютара, чым так ганарацца улады Беларусі, наагул незаўважальныя нідзе ў свеце.

І яшчэ істотна далей удасканальваць статыстычную метадалогію, якая можа ствараць уражанне вельмі інавацыйнай краіны. Згодна з Белстатам, 28,49% беларусаў працуюць у навукаёмкіх відах дзейнасці. У Германіі ці Нідэрландаў гэты паказчык у два разы меншы.

Навукаёмістасць ВУП Беларусі
Create column charts

Што рабіць

Наўрад ці сёння Беларусь можа выдаткаваць нейкія дадатковыя грошы на навуку, таму трэба даць ільготы інавацыйным прадпрыемстам і зрабіць магчымым венчурнае фінансаванне. Пакуль у нас у статыстыцы Белстата насупраць венчурнага фінансавання стаіць прочырк.

Варта дапусціць маладзейшых навукоўцаў да менеджменту і пачаць інтэрнацыяналізацыю беларускай навукі. Трэба, каб замежныя часопісы прызнаваліся ў Беларусі, а беларускія навуковыя кіраўнікі былі абавязаныя мець Індэкс Хірша. Тым болей, што ў суседнім Еўрапейскім саюзе ёсць так шмат грантаў на навуковае супрацоўніцтва.

І варта разумець, што калі б нават беларуская эканоміка была спраўнай, калі б менеджарскія кадры ў беларускай навуцы былі б добрыя, то Беларусь усё адно мела б праблемы ў барацьбе за ўласных навукоўцаў са Злучанымі штатамі ці Ізраілем, куды сёння пераважна і з’ядзжаюць нашыя навукоўцы. Хоць гэта ўсё ж не апраўдвае існаванне прынамсі чатырох праблемы, якія ёсць у беларускай навуцы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Ліза Заслонава · 21 Лістапада
Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам
Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам
Чаму не варта вешаць айчынны нос.
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
А таксама чарка і шкварка, як універсальныя каштоўнасці і калі наша шэрасць зменіцца хюгге.
Зміцер Лысюк· 17 Кастрычніка
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Пяць фактараў, якія могуць гэтаму спрыяць.