падтрымаць нас

Палітыка·Што думае Еўропа

Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен

Сем выклікаў для Урсулы фон дэр Ляен

Перад Урсулай фон дэр Ляен стаяць сем асноўных выклікаў. Ёй трэба вынайсці магічную формулу, каб сабраць палітычныя пазлы Еўрапейскага саюза.

Ніхто не чакаў, што кіраваць раздробненай Еўропай будзе лёгка. Але галасаванне ў Еўрапарламенце падчас выбараў новага старшыні Еўрапейскай камісіі, якое ледзь не скончылася правалам для Урсулы фон дэр Ляен, можна ўспрыняць як прадвесце блізкіх выклікаў. 

Перадусім яна мусіць вынайсці магічную формулу, каб урэгуляваць цяперашнюю палітычную трылему Еўрапейскага саюза: як адначасова выканаць чаканні выбарцаў, пазначыць межы паміж дэмакратыяй і вяршэнствам права ды пазбегнуць стварэння новых падзелаў у Еўропе. Гэта было б прасцей, калі б яна магла разлічваць на падтрымку ўсіх праеўрапейскіх партый, але давер паміж імі быў аслаблены пасля таго, як шмат сацыял-дэмакратаў і “зялёных” прагаласавалі супраць яе. 

Тым не менш, вырашыўшы гэтыя палітычныя галаваломкі, яна можа ўмацаваць сваю пазіцыю і вырашыць трылему. Вось сем выпрабаванняў, якія яе чакаюць. 

1. Вяршэнства права супраць неабходнасці адзінства

Геапалітычныя фактары (такія, як неабходнасць умацаваць пазіцыі Еўропы ў дачыненні да іншых звышдзяржаў, а таксама перамовы па наступным шматгадовым бюджэце ЕС будуць усё больш падштурхоўваць еўрапейскія сталіцы да супрацы. Гэта можа дапамагчы ім забыць унутраныя канфлікты, як прыкладна спадзяюцца Будапешт, Рым і Варшава. Здаецца, што большасць дзяржаваў-чальцоў вырашылі: Брусель абавязаны захоўваць цвёрдую пазіцыю наконт дэмакратыі і вяршэнства права ды граць ролю “дрэннага паліцыянта”. 

Але незразумела, ці будзе Еўракамісія прынцыповай па гэтых праблемах, як абяцала фон дэр Ляен. 

Відавочна, падтрымка польскай партыі “Закон і справядлівасць” была неабходная для прызначэння фон дэр Ляен. Ці значыць гэта, што, абараняючы вяршэнства права ў Польшчы, яна будзе адчуваць сябе абмежаванай праз пачуццё ўдзячнасці да іх?

2. Пашырэнне супраць кансалідацыі

Геапалітычныя фактары, якія штурхаюць еўрапейскія краіны трымацца разам, таксама вымушаюць іх  перагледзець павестку дня наконт пашырэння, і, магчыма, даць краінам з Заходніх Балкан рэальныя перспектывы далучыцца да ЕС. 

Але па ўсёй Еўропе да пашырэння ставяцца ў лепшым выпадку абыякава. 

Сапраўды, краіны, якія прыносяць у бюджэт ЕС больш за ўсё грошай, – Аўстрыя, Данія, Францыя, Германія, Нідэрланды – не падтрымліваюць пашырэння. Шмат крытыкаў далейшага ўзбуйнення лічаць разбурэнне вяршэнства права ў Венгрыі, Польшчы і Румыніі пацверджаннем таго, што гэтае пашырэнне зайшло вельмі далёка або прайшло надта хутка. У гэтым сэнсе дэманстрацыя здольнасці ЕС абараняць дэмакратыю ў сваіх межах можа дапамагчы вырашыць некаторыя з праблем. Але пачатак перамоваў аб уступленні краін Заходніх Балкан у ЕС урэшце будзе вымагаць адзінагалоснай падтрымкі Еўрапейскай рады. Такім чынам, кожнае рашэнне прыняць новых чальцоў у ЕС можа быць непапулярнае, але ў значнай ступені абумоўленае геапалітыкай – галіной, у якой моцнае кіраўніцтва і прыхільнасць з боку Камісіі фон дэр Ляен будуць мець вырашальнае значэнне.

3. Пытанні клімату супраць эканамічных прыярытэтаў

Фон дэр Ляен зрабіла значныя намаганні, каб паказаць, што яе Камісія будзе змагацца са зменай клімату. Але ёй яшчэ трэба будзе распрацаваць тут канкрэтныя стратэгіі. Акцэнт на карпаратыўнай адказнасці можа зацікавіць левыя партыі. Але Еўракамісіі патрабуецца падтрымка і ад кансерватараў, і ад лібералаў, якія могуць ухваліць захады, каб зрабіць упор на індывідуальную адказнасць. 

Таму выклік у тым, каб знайсці залатую сярэдзіну між двума бакамі. 

Гэта таксама тычыцца таго, каб кліматычная палітыка Еўракамісіі засталася прымальнай для ўсіх урадаў – асабліва для Чэхіі, Нідэрландаў, Польшчы і Славакіі, дзе выбарцы неадназначна ставяцца да неабходнасці вырашэння гэтай праблемы наагул.

4. Унутранае супраць знешняга

Тым часам краіны-ўдзельніцы ЕС яшчэ больш імкнуцца вынесці на знешні ўзровень тыя праблемы, якія не могуць вырашыць унутры. Так, напрыклад, адбываецца са спрэчкай на тэму мігрантаў: з-за таго, што краіны ЕС не могуць дамовіцца, дзе будуць знаходзіцца цэнтры апрацоўкі звестак аб мігрантах, яны папрасілі гэта зрабіць краіны Паўночнай Афрыкі. Цяпер, калі яны не могуць дамовіцца аб мэтавых паказніках скарачэння выкідаў CO2 ў Еўропе, краіны-ўдзельніцы ўсё больш імкнуцца перакласці адказнасць за палітыку ў галіне змены клімату на іншыя часткі свету – як гэта відаць з дыскусій па такіх пытаннях, як выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў рамках пагадненняў з краінамі трэцяга свету. 

Але такія захады могуць толькі дапаўняць, а не замяняць палітыку ўнутры ЕС. 

Фон дэр Ляен неабходна супрацьставіцца спакусе перарабіць унутраныя праблемы ў знешнія, асабліва з улікам таго, што шмат яе калег-кансерватараў – прыхільнікі такога падыходу. 

5. Іміграцыя супраць эміграцыі

Як паказаў аналіз Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях, эміграцыйныя асцярогі шырока распаўсюджаныя ў Еўропе, асабліва ва ўсходніх і паўднёвых краінах ЕС: у Грэцыі, Венгрыі, Італіі, Польшчы, Румыніі ды Іспаніі. У гэтых жа краінах людзі песімістычна ставяцца да сваіх эканамічных перспектыў і магчымасцяў павысіць якасць жыцця. 

Падобна яны ўяўляюць і будучыню сваіх дзяцей. 

Але праблемы эміграцыі адсутнічалі апошнім часам у галоўных палітычных дыскусіях ЕС. Магчыма, таму, што не існуе хуткіх рашэнняў, і кожны (ад дзяржаў-чальцоў да інстытутаў ЕС) часткова вінаваты ў гэтым. Фон дэр Ляен можа ўзняць гэтыя пытанні падчас абмеркавання новай шматгадовай фінансавай праграмы развіцця. У рэшце рэшт, кожная краіна-ўдзельніца Еўрасаюза павінна быць зацікаўленая, каб падтрымліваць вольнае перамяшчэнне ў межах ЕС і адначасова захоўваць адзінства ды выконваць абяцанне эканамічнага збліжэння. 

6. Пратэкцыянізм супраць лібералізацыі гандлю

Міжнародныя дачыненні будуць займаць важнае месца ў павестцы Еўракамісіі фон дэр Ляен, асабліва з улікам таго, што апетыты ў некаторых краінаў-чальцоў растуць да таго, каб разглядаць эканамічную палітыку як частку стратэгічнага інструментара ЕС, а не як сродак для стварэння дабрабыту. Падобныя ідэя распаўсюджаныя не толькі ў Францыі і Германіі. Напрыклад, Польшча нядаўна далучылася да гэтых краін у выданні сумеснай дэкларацыі па палітыцы ў галіне канкурэнцыі, якая заклікае Брусель спрасціць ўнутрыеўрапейскае зліццё і кансалідацыі. Варшава таксама падтрымлівае Францыю ў адвакатаванні GAFA-падатку [падатак на дзейнасць лічбавых кампаній з глабальнай выручкай больш за € 750 млн; назва паходзіць ад першых літар імёнаў кампаній Google, Apple, Facebook, Amazon, якія пад яго трапляюць]. 

Але многае залежыць ад таго, як у гэтым напрамку пойдзе еўрапейскае адзінства. Калі б Еўрапейскі саюз уступіў у татальную гандлёвую вайну з ЗША, напэўна, было б складана падтрымліваць такія краіны, як Польшча, улічваючы іх больш шырокія стратэгічныя інтарэсы.

Аналагічным чынам, калі ЕС стаў бы больш эканамічна стабільным у адносінах да Кітая, ён сутыкнуўся б з перашкодай у супрацьлеглых поглядах на важнасць выкліку і правільную рэакцыю на яго. Напрыклад, прыхільнікі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і прыхільнікі намесніка прэм’ер-міністра Італіі Матэа Сальвіні лічаць, што Кітай уяўляе пагрозу для эканамічных інтарэсаў іх краін, але большасць сярод першых мяркуе, што Еўропа зоймецца гэтым пытаннем, у той час як большасць апошніх выступае за нацыянальны адказ. Акрамя таго, большасць выбарцаў партыі “Фідэс” (якая кіруе Венгрыяй) вераць, што эканамічныя інтарэсы іх краіны ў адносінах да Кітая знаходзяцца ў бяспецы. 

Такім чынам, хоць гандлёвая і канкурэнтная палітыка ўжо ўваходзяць у кампетэнцыю ЕС, яны могуць стаць часткай яго знешнепалітычнага інструментара толькі ў тым выпадку, калі краіны-ўдзельніцы зблізяцца адна з адною як у сваёй стратэгічнай перспектыве, так і ў сваёй канцэпцыі сродкаў, неабходных для забеспячэння інтарэсаў Еўропы.

7. Стратэгічны суверэнітэт супраць разбежных адчуванняў пагрозы

У больш шырокім сэнсе: хоць краіны-чальцы ЕС усё часцей прызнаюць, што Еўропе неабходна стаць удзельніцай палітыкі звышдзяржаваў, іх спробы пераўтварыць гэта ў рэчаіснасць могуць супярэчыць іх разбежным уяўленням аб пагрозах. Напрыклад, некаторыя краіны-ўдзельніцы могуць успрыняць Еўрапейскую абарончую інтэграцыю як праблему для выконвання іх абавязкаў перад Трансатлантычным альянсам. У Даніі, Польшчы і Румыніі грамадзяне аддаюць перавагу ўмацаванню НАТА, а не абарончым ініцыятывам ЕС. 

Такім чынам, Еўракамісія фон дэр Ляен павінна пераканаць краінаў-удзельніц знайсці агульную мову ў пытаннях абароны і бяспекі. 

Яна, безумоўна, мае для гэтага магчымасці, пра што можа сведчыць, напрыклад, яе досвед кіраўніцтва Міністэрствам абароны Германіі. Тым не менш, гэта можа мець наступствы для іншых праблемных пытанняў, пра якія ішла гаворка вышэй: ад перамоваў па бюджэце ЕС да эканамічнай палітыкі і пытанняў вяршэнства права.