Сланцавая палітыка

Набіраючы моц, сланцавая рэвалюцыя можа прынесці ў Беларусь доўгачаканыя перамены. 
Алесь Чарняковіч· 31 Кастрычніка 2014
Сланцавая палітыка

Тэхналогія здабычы сланцавага газу і інфраструктура тэрміналаў звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) імкліва развіваюцца. Першая адкрывае доступ да новых радовішчаў, другая – да новых рынкаў. Разам яны азначаюць магутны крок да энергетычнай незалежнасці. Менавіта так – “Незалежнасць” – называецца першы ў Прыбалтыцы тэрмінал ЗПГ, які днямі запусціла Літва.

Тэндэнцыя да дыверсіфікацыі паставак і рост прапановы газу на сусветным рынку могуць моцна падарваць мажлівасці Расеі падтрымліваць сваіх палітычных саюзнікаў. Першым наступствы адчуе рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

Няўклюдная камандная эканоміка, якая не моцна змянілася з савецкіх часоў, здолела выжыць праз 20 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе толькі дзякуючы грунтоўнай падтрымцы з Расеі. Дапамога прыходзіць у выглядзе ільготных коштаў на энерганосбіты, танных крэдытаў і наўпроставых датацыяў. Згодна з падлікамі “Форбс”, толькі ў перыяд з 2001 па 2011 гады расейскія субсідыі ў беларускую эканоміку склалі звыш $ 60 мільярдаў.

Для рэжыму Лукашэнкі гэта азначае магчымасць выконваць негалосны сацыяльны кантракт: урад забяспечвае зразумелую для народу стабільнасць, рост заробкаў і пенсіяў і атрымлівае маўклівую згоду насельніцтва на парушэнне іх грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Аднак, хутка гэта можа змяніцца.

Як беларуская эканоміка залежыць ад Расеі, так Расея залежыць ад высокіх коштаў на газ і нафту. Больш за палову яе прыбыткаў паходзіць з продажу вуглевадародаў. Расейскі бюджэт настолькі залежны ад нафтагазавых прыбыткаў, што звычайныя рынкавыя калыванні здатныя выклікаць эканамічную і палітычную нестабільнасць у краіне. Гэта ставіць Крэмль у далікатнае становішча, бо распрацоўка сланцавага газу і дапаможнай інфраструктуры маюць патэнцыял прынесці далекасяжныя рынкавыя зрухі.

“Газпром” па-за гульнёю

Стратэгічнае планаванне “Газпрому”, расейскага газавага манапаліста, базавалася на разліку, што кошты на традыцыйны прыродны газ працягнуць расці. Кампанія не разглядала ўсур’ёз неабходнасць інвеставаць у новыя тэхналогіі, кшталту сланцавага газу або ЗПГ, калі яшчэ быў шанец канкурэнтна ўвайсці ў гэты рынак. Расейская эйфарыя ад захмарных коштаў на энерганосьбіты ў другой палове 2000-х–першай палове 2010-х не дазволіла краіне скарыстацца магчымасцю і своечасова ўхапіць свой кавалак пірага.

Зразумеўшы, што цягнік сыходзіць, “Газпром” не пабачыў іншага выйсця, як інвеставаць у рухі, што дыскрэдытуюць тую самую тэхналогіі, якую “Газпром” праігнараваў. Гэтыя рухі падыходзяць да справы з двух бакоў: выстаўляюць распрацоўку сланцавага газу як шкодную для экалогіі ў краінах, дзе грамадская думка асабліва чуллівая да такіх пытанняў; і як непрыбытковую ў тых, дзе большае значэнне надаецца эканоміцы. “Газпром” кажа: “Гэта дорага і небяспечна”, але насамрэч адчайна баронячы сваю долю рынку мае на ўвазе “калі не нам, дык нікому”.

У іх ёсць на гэта ўсе нагоды. Паводле Адміністрацыі энергетычнай інфармацыі, незалежнай амерыканскай статыстычнай агенцыі ў галіне энергетыкі, цана сланцавага газу будзе ў чатыры разы ніжэйшая за цану ў доўгатэрміновых кантрактах “Газпрому”. Паліва не толькі стане таннейшае само па сабе, але і раптоўна павялічаная рынкавая прапанова будзе ціснуць на цэны, апускаючы іх яшчэ ніжэй. Разам з газам патаннее і нафта, бо яны ўзаемазаменныя. Усё гэта – дрэнныя навіны для расейскага бюджэту, які сутыкнецца са значным падзеннем прыбыткаў.

Нягледзячы на ўсе высілкі “Газпрому”, развіццё сланцавага газу ідзе на пад’ём. ЗША ўжо цалкам задавальняюць уласныя патрэбы і ператварыліся з імпарцёра ў экспарцёра звадкаванага газу. Адпаведна, шэраг буйных экспарцёраў, якія дагэтуль прадавалі ЗПГ у Штаты, напрыклад Катар і Алжыр, ужо перанакіравалі свае патокі ў Еўропу. У сваю чаргу Еўропа, асноўны для Расеі рынак, актыўна шукае спосабы разнастаіць пастаўкі энергіі і развівае інфраструктуру тэрміналаў ЗПГ. Апошняе – асабліва трывожны званок для Расеі, якая транспартуе ўвесь свой газ выключна па трубах і проста не мае тэхнічных магчымасцяў адказаць на выклік новай тэхналогіі.

Расейскае дамінаванне на энергетычным рынку Еўропы і яе нафтагазавыя звышпрыбыткі могуць атрымаць фінальны ўдар, калі еўрапейскія краіны пачнуць распрацоўваць уласныя радовішчы сланцавага газу. Найбуйнейшыя на кантыненце запасы месцяцца ў Польшчы і Украіне, якія з радасцю скарыстаюцца нагодаю вызваліцца з энергетычнага палону Масквы. Геалагічная выведка таксама вядзецца ў Злучаным Каралеўстве, Нямеччыне, Румыніі, Даніі і Вугоршчыне, а Еўракамісія заяўляе, што прамысловае свідраванне можа пачацца ўжо ў 2015 годзе.

Дарагая цацка “Імперыя”

Нізкія кошты на энерганосьбіты і страта часткі рынку паставяць перад Крамлём два тыпы выклікаў. Першы – унутрыпалітычны: эканамічны заняпад можа прывесці да грамадскага незадавальнення ці нават вулічных пратэстаў, у той час, калі масіўна субсідаваныя сепаратысцкія рэгіёны, як Чачэнія, могуць вярнуць у парадак дня пытанне вайсковай бяспекі. Другі выклік – вонкавапалітычны: з-за недахопу рэсурсаў на залатванне бюджэтных дзірак нават у сваёй краіне, Крэмль наўрад ці будзе здольны працягваць падтрыманне саюзнікаў.

Для Беларусі гэта азначае, што ўрад прыпыніць атрымліваць “сяброўскія бонусы”, што падарве яго ўнутраныя пазіцыі. Без сілкавання з Расеі ўлады будуць няздольныя падтрымліваць узровень жыцця, а эканоміка ўваліцца ў рэцэсію. Дзяржаве належыць ад 70 да 80 % гаспадаркі краіны, а гэта значыць, што ў магчымых росце беспрацоўя, скарачэнні заробкаў і затрымках выплат людзі звінавацяць урад.

Грамадская незадаволенасць можа прывесці да народных хваляванняў: калі ўрад няздатны надалей выконваць умовы сацыяльнага кантракту, грамадзяне, верагодна, запатрабуюць назад свае правы і свабоды, прымушаючы ўлады да эканамічнай і палітычнай лібералізацыі. Падобная сітуацыя ўжо склалася падчас фінансавага крызісу ў 2011 годзе. Штотыднёвыя пратэсты, акцыі аўтамабілістаў і спажыўцоў, заўважнае пагаршэнне ў эканоміцы, гіперінфляцыя і імклівае падзенне жыццёвага ўзроўню прымусілі ўрад пачаць усур’ёз размаўляць пра рэформы. Толькі чарговы крэдыт з Расеі дазволіў уладам чарговы раз згарнуць рэформавую павестку.

Калі скончацца грошы, Расея можа быць занадта занятая ўласнымі праблемамі, каб прыйсці на дапамогу рэжыму Лукашэнкі. Пад грамадскім ціскам і без падтрымання з Масквы ўраду давядзецца або пачаць даўно запатрабаваныя рэформы, або сысці.

У любым выпадку, эканамічныя нягоды запусцяць палітычныя змены. У Беларусь такія змены можа прынесці неспадзяваны палітычны актор – сланцавы газ, які змяняе сусветны энергетычны рынак.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вэсэла Чэрнева (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 12 Ліпеня
Трамп супраць ЕС: тупік нарматыўнага падыходу
Трамп супраць ЕС: тупік нарматыўнага падыходу
Падзелены ЕС – з нестабільнай Германіяй, Вялікабрытаніяй у працэсе выйсця і дзяржавамі-раскольнікамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – цікавы для ЗША толькі як саюзнік у суперніцтве з Расіяй і Кітаем.
Сяргей Суханкін (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 27 Чэрвеня
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Чэмпіянат свету ў Калінінградзе: Пацёмкінская вёска ці рэальныя змены?
Няма нічога дзіўнага ў тым, што пасля таго, як Масква трактавала Калінінград у апошнія гады, заўзятары чэмпіянату свету хутчэй за ўсё будуць ездзіць на матчы з Польшчы, а не заставацца там.
Вэсэла Чэрнева (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 8 Чэрвеня
Канец канцэпцыі “Захаду”?
Канец канцэпцыі “Захаду”?
Захад усё больш і больш падзелены, а яго глабальныя стратэгічныя інтарэсы ўсё больш разыходзяцца.