• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці патрэбная #студэнтамсупраць дапамога апазіцыі?

    Недасведчаныя і апалітычныя студэнты наважыліся на пратэст супраць рашэнняў адміністрацыі ўніверсітэта. Ці мусіла апазіцыя далучыцца да моладзевага пратэсту? Што пра гэта думаюць самыя студэнты?

    Упершыню за дзесяцігоддзе ў Беларусі адбыўся марш незадаволеных студэнтаў, у якім прыняло ўдзел паводле розных ацэнак ад 50 да 200 чалавек. Афіцыйнай нагодаю пратэстаў сталася ўвядзенне платных пераздач у галоўным сталічным універсітэце. Незадаволеныя студэнты напачатку сабралі больш за 2 тыс. подпісаў супраць пабораў, але адміністрацыя БДУ нават не захацела іх разглядаць, а проста падпісала загад, відаць, палічыўшы дыялог са студэнтамі за слабасць. 

    Але неафіцыйнай нагодаю можна смела назваць адсутнасць акадэмічных свабодаў, рэальнага студэнцкага самакіравання,  ігнараванне подпісаў і непавагу да студэнцкай пазіцыі.

    Плакаты студэнтаў на маршы з выявамі марыянеткавага БРСМ кажуць нам пра набалелую адсутнасць свабоды самавыяўлення студэнтаў.

    Падчас вулічнай акцыі пратэсту моладзь сімвалічна паклала дыван перад уваходам у свой універсітэт, тым самым выклікаўшы рэктара на сур’ёзную размову. Сур’ёзных размоваў рэктарат не любіць ды і не прывык, каб такое адбывалася не з рэктарскай ініцыятывы.

    У інтэрнэце мы пасля прачытаем шмат словаў захаплення студэнцкай ініцыятывай ад чытачоў, якія ўжо звыкліся з іншымі студэнцкімі паводзінамі: з масавым датэрміновым галасаваннем, удзелам у праўладных мерапрыемствах, з наведваннем лекцыяў кшталту “старыкаўскіх”, святкаваннем Кастрычніцкай рэвалюцыі ў абмен на вольныя ад заняткаў гадзіны.

    Таксама шмат хто задаўся іншым пытаннем: а дзе былі палітычныя лідары ў той час, калі моладзь выйшла на акцыю пратэсту?

    Ці мусілі дзеячы беларускай апазіцыі нейкім чынам далучыцца да студэнтаў, і тым самым выявіць сваю салідарнасць і падтрымку? А галоўнае, ці хацела б моладзь бачыць палітычных лідараў побач з сабою на пратэсце? Ці ведаюць наагул студэнты пра дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі, як да іх ставяцца, ці хочуць яны падтрымкі і салідарнасці ад сённяшніх апазіцыйных дзеячаў?

    Мы апыталі некалькі актывістаў руху #cтудэнтысупраць, усе з якіх, дарэчы, далі свае адказы па-беларуску.

    Глеб, студэнт філфака БДУ, другі курс

    “Так, я ведаю такія моладзевыя арганізацыі, як ЦРСІ, “Студэнцкая Рада”, “Ліберальны клуб”, “Малады Фронт”, БАСС. Стаўлюся да іх станоўча і ведаю ўсё: арганізатараў, мэты, дзейнасць. Хіба што да МФ пытанне, які ж ён малады, калі там мужыкі за 30 гадоў?..А так, моладзь – рухавік прагрэсу. За намі будучыня. Да Паўла Вінаградава і Макса Вінярскага стаўлюся нармальна, ведаю іх на ўзроўні засветаў у незалежных СМІ.

    Што датычыць удзелу апазіцыйных арганізацыяў альбо палітыкаў, дык усё залежыць ад фармату акцыі. Калі мы будзем упэўненыя, што гэта пойдзе на карысць нашаму руху, тады мы іх самі паклічам.

    Няхай удзельнічаюць, але на нашых умовах, без перацягвання коўдры на сябе і піяру за наш кошт.

    Некаторыя лідары прапаноўвалі сваю дапамогу, яна не залішняя. Няхай звяртаюцца да нас у сацыяльных сетках, будзем размаўляць. Праяўляйце салідарнасць, у ёй нашая моц!”

    НoўНэйм, механіка-матэматычны факультэт БДУ, чацвёрты курс

    “У БДУ няма моладзевых дэмакратычных арганізацыяў. А тыя, што ёсць у Менску, збольшага ведаю. Напрыклад, “Рада”, “Студэнцкая Рада”, БАСС, ЦРСІ, “Фіальта”, “Фаланстэр” і інш… Тое, што яны робяць і хто там ёсць, я ведаю, за іх навінамі сачу. Лічу, чым болей такіх арганізацыяў, тым больш магчымасцяў знайсці сябе. 

    Калі апазіцыйныя палітыкі падтрымліваюць студэнтаў, то гэта добра, але не трэба спрабаваць падмяць рух пад сябе. А вось салідарнасці ніхто не адмяняў. Вядома, пісалі са словамі падтрымкі, што даволі прыемна.

    Ніякіх спробаў “аб’яднацца” з іх боку не было, што таксама добра”.

    Воля, магістрантка БДУ

    “Так, я ведаю шмат моладзевых арганізацыяў. З выключна студэнцкіх: “Студэнцкая Рада”, БАСС, ЦРСІ. Маладзёўкі: “Рада”, МСДМГ і процьма розных культурніцкіх ды адукацыйных. Я ведаю пра асноўныя накірункі іх дзейнасці, персаналіі і лідараў. За навінамі некаторых уважліва сачу. Лічу, што добра, калі ёсць такія актары, яны мусяць кансалідаваць вакол сябе моладзь і аднадумцаў. З розных прычынаў гэта рэдка ўдаецца.

    Што датычыць падтрымкі, дык я лічу, што праблема адукацыі не можа не турбаваць сумленных грамадзянаў, таму да нашага руху далучаюцца і тыя, хто даўно скончыў універсітэт, альбо тыя, хто там ніколі не вучыўся. У тым ліку і актывісты, і лідары палітычных арганізацыяў, калі яны асабіста спачуваюць студэнцтву. Я не чытала ўсіх матэрыялаў, прысвечаных маршу, таму не магу дакладна сказаць, ці выкарыстаў гэтую падзею нехта з актывістаў для піяру сваёй арганізацыі.

    Але магу дакладна сказаць, што інтэрв’ю ў іх бралі значна часцей, чым у звычайных студэнтаў.

    Мне здаецца, што для далучэння кагосьці з палітычных актывістаў, камусьці з іх трэба было б пісаць ці выходзіць на кантакт. Сама па сабе такая падзея – першая за шмат гадоў афлайнавых дзеянняў студэнтаў. Не ўзяць у ёй удзелу – немагчыма”.

    Чым апазіцыя можа дапамагчы

    Такім чынам, студэнты не супраць падтрымкі і салідарнасці. Але да сённяшніх палітыкаў ставяцца з недаверам, асцерагаючыся, што іх могуць выкарыстаць дзеля піяру. Застаючыся адкрытымі на дапамогу, студэнты зазначаюць, што яны будуць самі дыктаваць умовы, калі нехта захоча да іх далучыцца.

    Здымак: kyky.org

    Здымак: kyky.org

    На самай справе ўдзел палітычных лідараў быў бы карысны студэнтам для лабіявання іх інтарэсаў на міжнароднай арэне, тым болей у той сітуацыі, калі сам рух #студэнтысупраць не мае публічных лідараў, з кім мог бы адбывацца дыялог.

    Беларусь як краіна, якая сёлета далучылася да Балонскага працэсу, не выконвае сваіх абавязальніцтваў, бо адсутнічае дыялог паміж адміністрацыяй БДУ і студэнтамі, непасрэднымі партнёрамі навучальнай установы.

    Першасная – адсутнасць  рэальных органаў самакіравання ўніверсітэта, адсутнасць акадэмічных свабодаў, што не мае нічога агульнага з традыцыямі еўрапейскай адукацыі.

    І тут палітычныя сілы могуць узяць на сябе функцыю голасу студэнтаў у справе сістэмы вышэйшай адукацыі, якая не адпавядае еўрапейскім патрабаванням не толькі ў навучальных праграмах, а і ў акадэмічных свабодах, рэгістрацыі студэнцкіх арганізацыяў, стварэнні рэальных структураў самакіравання замест кантраляванага БРСМ.

    Ёсць заўсёдныя факты па прыцягненні моладзі да розных палітычных мерапрыемстваў, ціск падчас выбарчых кампаніяў, масавы “загон” на датэрміновае галасаванне, а таксама выкарыстанне ў сельскагаспадарчых працах –  і ўсё гэта ў вучэбны час.

    Палітычныя лідары маглі б стаць дарадцамі для студэнтаў дзеля пабудовы стратэгіі ў змаганні за свае правы, у знаёмстве з міжнароднымі моладзевымі арганізацыямі, якія могуць стацца паўнавартаснымі партнёрамі беларускай моладзі.

    ПаказацьСхаваць каментары