10 лепшых прамоваў TED з беларускімі субцітрамі

Слухайце і глядзіце ідэі, вартыя распаўсюду, па-беларуску.
Іна Чанчавік· 20 Красавіка 2015
10 лепшых прамоваў TED з беларускімі субцітрамі

Калі два гады таму “Ідэя” пісала пра развіццё TED-культуры, у Беларусі гэтая глабальная сетка інтэлектуалаў заставалася невядомай. Але з таго часу шмат змянілася. У Мінску і Гродне прайшлі некалькі падзеяў у фармаце TEDx, а спікерамі выступалі як актыўныя беларусы, гэтак і замежныя госці. У 2014-ым на мінскі TEDx завітаў Брэн Ферэн, распрацоўнік спецэфектаў для галівудскіх фільмаў і канструктар амерыканскіх забаўляльных паркаў. Наступная TEDх-падзея запланаваная ў Гродне на лістапад 2015-га года.

Падзеі – гэта толькі частка TED-культуры ў Беларусі. Ідэя перакласці прамовы TED у нашай краіне належыць невялікай групе валанцёраў, якім важна не толькі самаразвіццё, але і “стварэнне беларускамоўнай інтэлектуальнай суполкі”, распавяла моўная каардынатарка і адна з актывістак “TED па-беларуску” Ганна Барадзіна.

Першыя відэа з беларускімі субцітрамі з’явіліся на пачатку 2013-га, а перакладамі займаліся абсалютна розныя людзі. Адна з моўных  каардынатарак Алена Жалязняк жыве ў Паўднёвай Афрыцы. Цяпер, дзякуючы валанцёрам, на старонцы TED можна знайсці 36 харызматычных прамоваў з беларускімі субцітрамі.

“Ідэя” абрала 10 найлепшых

Найбольш папулярнае відэа TED ва ўсім свеце – гэта прамова Кена Робінсана пра тое, як школы прыгнятаюць творчасць. У сваім дасціпным 18-хвілінным выказванні ён апавядае пра традыцыйную сістэму адукацыі, якая аднолькавая для ўсяго свету і руйнуе таленты. Ён заклікае “радыкальна перагледзець” тое, як мы вучым дзяцей, і запрашае педагогаў дазволіць дзецям танчыць, рабіць эксперыменты і… памыляцца.

Філосаф Рут Чанг пытаецца, чаму некаторыя выбары ў жыцці так цяжка зрабіць. Яна разважае, як цяжкі выбар уплывае на нашае жыццё і як дапамагае ў самаўдасканаленні. “Разуменне цяжкага выбару дазваляе раскрыць патэнцыял, якім валодае кожны з нас”, – сцвярджае філосаф.

Захапляльная і ўразлівая відэа-прамова Майсун Заід, якая хварэе цэрэбральным паралічам. Хвароба, аднак, не перашкаджае ёй быць акторкай, комікам, пісьменнікам і заснавальнікам Нью-Ёркскага араба-амерыканскага камедыйнага фестывалю. З годнасцю і гумарам яна расказвае пра закуткі свайго жыцця і паказвае, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць права да рэалізацыі сваіх мараў, да быцця самімі сабой.

Шэрыл Санберг у сваёй размове з Пэт Мітчэл апавядае, як самотна адчувае сабе жанчына ў вышэйшых шэрагах праўлення бізнесам, бо жанчын у гэтых шэрагах няшмат. Сама Шэрыл з’яўляецца першай жанчынай на пасадзе галоўнага аперацыйнага дырэктара ў “Facebook’у”. Яна кажа, што дагэтуль “культурныя стэрэатыпы не дапускаюць жанчын да пазіцый улады”, і заахвочвае звярнуцца зноў да паняцця фемінізму.

Інжынер “Google” Мэт Каттс у вельмі кароткай прамове прапануе спрабаваць нешта новае цягам 30 дзён як дзейсны і цікавы спосаб пастаноўкі і дасягнення жыццёвых мэтаў.

Псіхолаг Келлі МакГонігал заклікае змяніць стаўленне да стрэсу, які запаланіў нашае жыццё, паглядзець на яго з іншага, станоўчага боку. Са стрэсам варта пасябраваць, бо ён “пазітыўна ўплывае на здароўе і робіць нас больш таварыскімі”.

Прадпрымальнік і заснавальнік “CD Baby” Дэрэк Сіварс у кароткім і ўражлівым відэа распавядзе і навучыць вас, як распачаць рух. Так насамрэч трэба толькі… двое.

У далікатным і забаўным відэа прафесарка-даследніца ўніверсітэта ў Х’юстане і аўтарка пяці бестселераў Брэнэ Браўн нагадвае, што варта быць самім сабою. Але як? Прыняўшы сваю недасканаласць. Яна заклікае ўсіх нас быць такімі, якія мы ёсць, быць рэальнымі, быць чулымі. Трэба дазволіць іншым убачыць вашыя слабасці, любіць усім сэрцам. Калі гэтак зрабіць, вы будзеце больш добрымі і да сябе, і да іншых. “Хопіць біць сябе! Вы паўнавартасныя!”.

Стваральнік выяваў Аляксандр Цярас у сваёй прамове “Ад зачацця да нараджэння ў выявах” прапануе паглядзець, як развіваецца дзіця ва ўлонні маці, пачынаючы з першых дзён свайго існавання. Ён дзеліцца гэтым цудам праз цікавую медыцынскую візуалізацыю.

Плыўчыха-рэкардзістка на доўгія дыстанцыі Дыяна Наяд дакладна распавядае пра матывацыю. Яна сцвярджае, што “калі ў цябе ёсць мара – заўсёды знойдуцца перашкоды ў яе дасягненні”. Але жыццё – гэта шлях, а не мэта. Таму варта ніколі не паддавацца, ніколі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Вадзім Мажэйка· 17 Кастрычніка
Тры грахі кіравання беларускімі ўніверсітэтамі
Тры грахі кіравання беларускімі ўніверсітэтамі
Рэктара прызначаюць паводле невядомых рэзонаў, акадэмічным вольнасцям – гамон, замест рынкавых падыходаў пануе валюнтарызм – вось як кіруюць ВНУ ў Беларусі. Хопіць гэта трываць!
Вадзім Мажэйка· 11 Кастрычніка
Пяць рэцэптаў, каб мазгі не ўцяклі
Пяць рэцэптаў, каб мазгі не ўцяклі
Дзяржаўныя стыпендыі, мэтанакіраванае вяртанне таленавітай моладзі і рэформы ў краіне – мусіць быць толькі так, калі мы не хочам застацца без мазгоў.
Ліза Заслонава · 22 Жніўня
Тры графікі пра тое, чаму Беларусь не стане ІТ-краінай
Тры графікі пра тое, чаму Беларусь не стане ІТ-краінай
Чаму рэгіёнам патрэбная ІТ-адукацыя, а тэхналагічнаму сектару – новая кроў.