Тэрытарыяльная абарона: не трэба баяцца тых, каго збіраешся бараніць

Наколькі паспяховым атрымалася тэрытарыяльная абарона ў Беларусі і чаму маладафронтаўскі клуб “Ваяр” павінен стаць яе часткай.
Іван Шыла· 17 Лютага 2016
Тэрытарыяльная абарона: не трэба баяцца тых, каго збіраешся бараніць

У 2011-ым годзе Лукашэнка заявіў, што “тэрытарыяльная абарона – гэта не паказуха”. Як думаеце, што атрымалася?

Тэрытарыяльная абарона ў Беларусі – гэта 120 тыс. чалавек з падзелам на шэсць зонаў, межы якіх супадаюць з вобласцямі, і яшчэ горад Мінск. Далей ідзе адпаведны падзел на раёны. Кіруе гэтымі злучэннямі старшыня выканкаму, а начальнікам штаба выступае мясцовы вайсковы камісар. Фінансуецца ўсё з мясцовых бюджэтаў, кіруецца афіцэрамі, а рэзервісты павінны праходзіць вучэнні, тактычныя заняткі і зборы. Міністэрства абароны распрацоўвае канцэпцыі, дае тэхніку і зброю.

А цяпер можна паглядзець, напрыклад, колькі ў Салігорскім раёне, дзе пражывае 130 тыс. чалавек, выдаткавалі на тэрытарыяльную абарону – роўна 20 млн беларускіх рублёў.

Калі суаднесці насельніцтва раёна з агульным памерам ТА па краіне, атрымаецца каля тысячы чалавек, якіх трэба трэнаваць і рыхтаваць у Салігорску. Выходзіць, што  на аднаго жаўнера на 12 месяцаў прызначана 2 тыс. беларускіх рублёў.  Хочацца запытацца ў кіраўніка краіны, ці не гэта называецца паказухай.

Як не робяць паказухі ў іншых краінах

Тэрытарыяльная абарона – гэта калі апроч арміі існуе пэўная колькасць падрыхтаваных людзей, аб’яднаных паводле вызначаных прынцыпаў і здольных да хуткай мабілізацыі. І гэтыя людзі з’яўляюцца часткай абарончай сістэмы краіны. Базавы прынцып тэрытарыяльнай абароны людзі, які не служаць у войску, але добраахвотна гатовыя ўскласці на сябе пэўныя абавязкі ў выпадку вайны і ў мірны час. Гэтыя людзі падзяляюць і базавыя каштоўнасці, такія як патрыятызм і гатоўнасць бараніць краіну.

Дзяржава ўключае іх у вайсковую сістэму, фармалізуе стасункі з імі, прымае ўдзел у планаванні і вызначэнні кіраўніцтва, забяспечвае трэнінгі і паводле магчымасці ўзбраенне.

Калі ў двух словах: ёсць патрыятычны страйкбольны клуб, дзе людзі ладзяць трэнаванні, і менавіта іх мае шукаць дзяржава ды рабіць першаснай часткай ТА.

Тэрытарыяльная абарона ў краінах Югаславіі з’явілася пасля ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў 1968-ым, у Эстоніі ў 1992-м годзе, ва Украіне і Польшчы структурнае афармленне такіх адзінак пачалося толькі год-два таму.

Утрымліваць тэрытарыяльную абарону танней, чым войска, але не зусім бясплатна, як мяркуюць, відаць, у Беларусі.

Для нас мог бы быць добрым прыклад эстонскага “Кайтсейліта”, саюза абароны Эстоніі, які інтэграваны ў нацыянальную абарончую сістэму. Туды ўваходзіць 12 тыс. чалавек, дзяржава траціць на іх падрыхтоўку 20 млн еўра ў год, пастаўляе зброю і амуніцыю, а таксама дае прававыя гарантыі. Існуюць і атрады скаўтаў для моладзі. Першапачаткова “Кайтсейліт” быў цалкам добраахвотны, удзельнікі выдаткоўвалі ўласныя грошы, а кіраваў імі патрыятызм.

Базавыя прынцыпы

У плане стварэння тэрытарыяльнай абароны Беларусь пайшла сваім “традыцыйна-ўнікальным шляхам”. У краіне, дзе існуе культ партызанаў, ідэя ўсеагульнай абароны можа добра прыжыцца. Напэўна, гэтым і кіраваўся кіраўнік Беларусі пяць гадоў таму, агучыўшы грандыёзныя планы. Проста далей усё пайшло не так.

Сёння да канца не ясна, як выглядае тэрытарыяльная абарона.

Не спрабуйце шукаць інфармацыю ў вайсковай прэсе. Там адныя прарывы і дасягненні, але няма лічбаў і канкрэтных словаў.

 

RIAN_00847610.HR.ru-pic700-700x467-63093

Да прыкладу, палкоўнік Сяргей Дудко ў інтэрв’ю з назвай “Территориальная оборона вышла на качественно новый уровень развития” падводзіць вынікі чатырохгадовай працы:

“В 2015 году завершился очередной среднесрочный этап строительства территориальной обороны Республики Беларусь, в ходе которого произошли значительные изменения в системе организации руководства территориальной обороной. За прошедший период было уделено большое внимание разработке нормативных правовых актов и уставных документов, регламентирующих вопросы подготовки, развертывания и ведения территориальной обороны”.

Цэлы артыкул прыкладна ў такім стылі, на ўвесь тэкст адна лічба – “40 мерапрыемстваў”. І гэтак паўсюль, пачынаючы з дэкларацыяў тагачаснага міністра абароны Леаніда Мальцава і заканчваючы справаздачамі аб праверках, якія не ўтрымліваюць ніякай канкрэтыкі. Рэальна ж бачна, што выдаткі на тэрытарыяльную абарону не перавышаюць 1,7 млн долараў. У цэлым па краіне сітуацыя лепшая, чым у Салігорску.

На аднаго жаўнера выдаткоўваць адзін долар у месяц – на амуніцыю, транспарт, харчаванне, трэнінгі і г.д.

Праігнараваныя і два іншыя базавыя прынцыпы – інтэграванасць з усімі ўзброенымі сіламі і добраахвотнасць удзелу ў ТА. Застаюцца і іншыя – няма афіцэраў, якія будуць праводзіць падрыхтоўку; адпаведнай колькасці прызыўных пунктаў для мабілізацыі 120 тыс. чалавек; і што надзвычай важна – няма ідэалагічнай базы.

“Ваяр” – аснова тэрытарыяльнай абароны

Дзяржава традыцыйна баіцца супрацы з грамадскімі ініцыятывамі ў сферы абароны. І гэта памылка, асабліва для тэрытарыяльнай абароны.

Такія ініцыятывы, як маладафронтаўскі “Ваяр”, калі людзі гатовыя праводзіць трэнінгі за свае грошы і дэкларуюць патрыятычныя настроі – апірышча ТА ў любой краіне.

Іх трэба шукаць і спрыяць іх паўстанню, займацца ідэалагічным складнікам і падрыхтоўкай. Гэта, канешне, не значыць, што бюджэт павінен застацца такім жа мізэрным, але гэта дакладна танней, чым абышлося б утрыманне 120 тыс. рэзервістаў, якія зусім не добраахвотна трапілі ў гэтыя шэрагі.

І пра лічбы – 120 тыс. у тэрытальный абароне гучыць прывабна, але малавыканальна.  Няма сэнсу будаваць планы, дзе адразу задаюцца памылковыя параметры.

P.S. Гэта артыкул меў паўстаць раней і ніяк не звязаны з заявамі “казакоў” пра тое, што яны хочуць стаць часткай ТА. Іх ініцыятыва не павінна быць аптымальнай формай добраахвотнага ўдзелу беларусаў у абарончай сістэме. Каб зразумець гэта, можна спачатку пачытаць статуты і заявы казакоў, а пасля – заглянуць у беларускую Канстытуцыю.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Каманда Ідэі · 28 Жніўня
Серыя лекцый “Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь”
Серыя лекцый “Крэш-курс рэфарматара: як пабудаваць новую Беларусь”
Мы едзем у турнэ на ўсход і чакаем сустрэчы з вамі.
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Бабіч кродеться і колькі каштуе адкрыць бар?
Спойлеры трох наступных выпускаў “Новых беларусаў” і расійскі пасол у новым ідэйным падкасце.
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Калі Лукашэнка перастане крычаць і чаго чакаць ад Румаса?
Думкамі ў Воршы і з новым прэм’ерам