• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Канец канцэпцыі “Захаду”?

    Захад усё больш і больш падзелены, а яго глабальныя стратэгічныя інтарэсы ўсё больш разыходзяцца.

    “Вы, еўрапейцы, прыязджаеце ў гэты горад, каб вучыць нас, каб скардзіцца і вінаваціць, а потым чакаеце ад нас, каб мы вас баранілі”, – сказаў мне амерыканскі калега падчас нядаўняга наведвання Вашынгтона. Яго з’едлівая заўвага не была новай ні па змесце, ні па форме, аднак яна здзівіла мяне, бо з гэтым чалавекам я была знаёмая амаль 20 гадоў, з часоў пашырэння НАТА ў Цэнтральнай Еўропе. Тады ён быў непахісным аптымістам, што адпавядала духу тых часоў, ён выступаў за пашырэнне паняцця “трансатлантычны”, быў вельмі “празаходні”.

    Аптымізм пачатку 2000-ых ідэальна ўпісваўся ў канцэпцыю Захаду як канцэпцыю будучыні (Zukunftsbegriff); на фоне распаду Савецкай імперыі гэта азначала канчатковую перамогу ліберальнай дэмакратыі і, калі карацей, “канец гісторыі”.

    Для людзей з Цэнтральнай Еўропы такога кшталту аптымізм быў досыць натуральны. Мы былі сведкамі канца навязаных звонку таталітарных рэжымаў, уздыму грамадзянскай супольнасці і гатоўнасці вольнага свету да агульнай будучыні. Трансфармацыя, якой бы балючай яна не была, была папулярнай, бо азначала “вяртанне ў Еўропу”, прычым ЗША дапаўнялі карціну заможнага, крэатыўнага і аб’яднанага Захаду.

    Першы цяжкі ўдар гэты поўны энтузіязму вобраз Захаду атрымаў у 2002-ім годзе.

    Калі ішла падрыхтоўка да вайны ў Іраку, Роберт Каган напісаў: “…Справа ў тым, што еўрапейцы і амерыканцы больш не падзяляюць агульнага погляду на свет. На самыя галоўныя пытанні пра сілу – мэтазгоднасць сілы, маральнасць сілы – яны адказваюць па-рознаму”.

    Каган сцвярджаў, што пасля сканчэння Халоднай вайны, Еўропа і ЗША прыйшлі да прынцыпова розных поглядаў на тое, якім ёсць свет і якім ён мусіць быць: для еўрапейцаў гэта свет, які жыве па правілах, а для амерыканцаў – хаатычны, з пастаяннымі выклікамі прымянення цвёрдай сілы.

    Мяне здзівіла цяперашняя незадаволенасць вашынгтонскага калегі, бо на пачатку 2000-ых падзел на Марс/Венеру занепакоенасці ў яго не выклікаў. Ён, як і многія іншыя, разглядаў тое разыходжанне як магчымасць будаваць масты, дапасоўваць погляды, весці інтэлектуальную працу ў рамках трансатлантычнага даверу і пачуцця прыналежнасці да Захаду. Сёння я зразумела, што гэтыя рамкі больш не існуюць.

    У стасунках паміж ЗША і Еўропай цяпер дапускаецца адкрытая варожасць і недавер.

    Калі ў ацэнцы Кагана абодвух падыходаў у 2002-ім выглядала, што амерыканскі варыянт лепш усведамляе рэаліі сусветнай палітыкі, то ў 2018-ым у ЗША бракуе якіх-кольвек інтэлектуальных намаганняў, каб рэагаваць на іх.

    Антыінтэлектуальны характар палемікі ў Вашынгтоне здзіўляе, бо яна канцэнтруецца вакол адной асобы – прэзідэнта ЗША , эгаізм якога, дробязнасць, непавага да інстытутаў і партнёраў выглядаюць беспрэцэдэнтнымі. Адміністрацыя і прэзідэнт гавораць на розных мовах, а пасляваенная гісторыя вядзення заходняй знешняй палітыкі зыходзіць на нішто.

    Белы дом Трампа распрацаваў сваю нацыянальную стратэгію бяспекі, але “да рэаліяў прэзідэнцкага тэрміну Трампа яна дачынення не мае”, гэта чыста экспертная творчасць.

    Стратэгія не дае адказу на асноўнае пытанне: якія сапраўдныя прыярытэты адміністрацыі Трампа.

    Бо дакумент абсалютна не адпавядае заявам Трампа па ключавых пытаннях. Напрыклад, стратэгія заклікае да амерыканска-еўрапейскага адзінства супраць агульнай пагрозы з Масквы. Згадваецца, што “Расія выкарыстоўвае дыверсійныя захады, каб аслабіць давер да заангажаванасці Амерыкі на карысць Еўропы, падарваць трансатлантычнае адзінства і аслабіць еўрапейскія інстытуты і ўрады”. Для барацьбы з гэтым “ЗША і Еўропа будуць працаваць разам, каб супрацьстаяць расійскай агрэсіі і дыверсійнай дзейнасці”. Сярод іншага падкрэсліваецца, што Злучаныя Штаты па-ранейшаму застаюцца прыхільнымі артыкулу 5 Вашынгтонскай дамовы, які абавязвае Амерыку абараняць сваіх саюзнікаў па НАТА.

    У выказваннях Трампа наконт НАТА наадварот не было ніякіх згадак пра небяспеку з боку Расіі і акцэнтавалася ўвага выключна на пагрозе, якая сыходзіць ад “саюзнікаў-нахлебнікаў”. “Я не пагаджуся на пратэрміноўкі ў аплаце ад дзяржаваў-чальцоў, калі мы гарантуем іх бяспеку і гатовыя ваяваць за іх”, – заявіў амерыканскі прэзідэнт. Трамп зусім забыўся ў сваёй прамове пра абавязанні Амерыкі, што вынікаюць з артыкула 5 Стратэгіі нацыянальнай бяспекі.

    Некаторыя амерыканскія чыноўнікі апошнім часам спрабуюць скараціць разрыў паміж пазіцыямі прэзідэнта і адміністрацыі.

    “Глядзіце на палітыку без лішніх эмоцыяў, не звяртайце ўвагі на розгалас і ўпакоўку”, – такім было пасланне Трампа да еўрапейцаў на сустрэчах за зачыненымі дзвярамі. Аднак той факт, што згодна з апытаннем Pew Research 2017-га года, 75 % рэспандэнтаў у 37 краінах па ўсім свеце апісваюць Трампа як пыхліўца, робіць немагчымым адасобіць пасланніка ад паслання.

    Яшчэ больш ашаламляльныя вынікі з даследавання нямецкай і амерыканскай грамадскай думкі. “Прыкладна дзве траціны амерыканцаў характарызуюць амерыкана-нямецкія адносіны як добрыя, а большасць – 56 % – немцаў прытрымліваюцца процілеглага пункту гледжання”, – такія высновы праведзенага даследавання. Тут нямецкія эліты і грамадскасць, верагодна, на адным баку. У той жа час, напрыклад, палітыкі ў Берліне надта добра разумеюць, наколькі выключна важныя блізкія адносіны з ЗША ў сферы бяспекі і абароны, але з імі пагаджаюцца ўсяго толькі 16 % немцаў.

    На сёлетняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ішла гаворка пра нестабільны і хаатычны характар цяперашняй шматпалярнасці на фоне вялікіх абаронных выдаткаў ЗША пры адсутнасці даверу між трансатлантычнымі саюзнікамі (“свет на разломе”).

    Аднак хто-ніхто спадзяецца, што знікненне аптымістычнай канцэпцыі Захаду мае не толькі дрэнны бок.  

    Гэта мусіць паспрыяць больш узгодненым высілкам па стварэнні еўрапейскай абарончай сістэмы. Апытанне грамадскай думкі, праведзенае на замову MSC and McKinsey, паказвае, што большасць еўрапейцаў хоча, каб узброеныя сілы іх краін мелі магчымасць разгарнуцца і па-за дзяржаўнымі межамі, пажадана па ўсім свеце.

    Акрамя таго, добрая навіна заключаецца ў тым, што трампаўскі ўзлёт на вяршыню суправаджаецца ўзмацненнем нацыяналістаў і папулістаў у Еўропе. Як напісала Наталі Нугэрэд, доўгатэрміновым эфектам ад Трампа можа быць умацаванне еўралібералаў ды інтэнсіфікацыя дыскусіі ў Еўропе, а гэта значыць, што трансатлантызм яшчэ мае сэнс. Да канца не зразумела, якім будзе амерыканскі адказ на пуцінскае запрашэнне ўключыцца ў гонку стратэгічных узбраенняў.

    А абвяшчэнне Трампам захадаў па гандлёвым пратэкцыянізме, здаецца, вядзе да гандлёвай вайны.

    Як можна заставацца трансатлантыстам у гэтыя дні?

    Рэйган, Трамп і імперыя зла

    Верныя амерыканафілы з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ўсё яшчэ памятаюць Рэйгана, прэзідэнта ЗША, які перамог “імперыю зла”. Яго перадвыбарны лозунг быў падобны да трампаўскага “Зробім Амерыку вялікай ізноў”, а ў свой першы год у Белым доме ён скараціў падаткі і павялічыў ваенныя выдаткі (якія ў сваю чаргу зацягнулі СССР у эканамічную бездань).

    Дарэчы, спалучэнне гэтых двух палітычных крокаў прывяло да імклівага павелічэння бюджэтнага дэфіцыту, які ўзрос амаль да 6 % валавога ўнутранага прадукту ў 1983 годзе. Па гэтым шляху пайшоў таксама Дональд Трамп, набіраючы каля $ 1 трыльёна запазычанняў у бягучым фінансавым годзе.

    Рэйган таксама спрабаваў увесці шэраг пратэкцыянісцкіх захадаў, але яго дзеянні адрозніваліся ад таго, што робіць цяпер Трамп, бо Рэйган правёў перамовы наконт такіх крокаў з еўрапейскімі партнёрамі перад тым, як іх зрабіў (а пазней хутка іх адмяніў).

    Сёння праз павышэнне тарыфаў на сталь федэральны ўрад ЗША адчужае ад сябе свайго найбольш прыязнага суседа, Канаду, а таксама шэраг еўрапейскіх урадаў.

    Аналагічная сітуацыя ўзнікла ў сувязі з нядаўнім прыняццем Кангрэсам санкцыяў супраць Расіі: гэта адбылося без кансультацыяў з ЕС, нягледзячы на тое, што эканамічныя сувязі паміж еўрапейцамі і Расіяй нашмат большыя, чым паміж ЗША і Расіяй.

    Кантраст з Рэйганам, верагодна, будзе найбольш паказальным, калі ўзяць  дачыненні з Расіяй. У той час, як палітыка Рэйгана мела выразную мэту, – “напісаць апошнія старонкі гісторыі Савецкага Саюза”, палітыка Трампа больш чым двухсэнсоўная. Трамп не толькі выдзяляецца на фоне сваёй “ястрабінай” адміністрацыі ў гэтым пытанні, але яго неадназначная пазіцыя адносна ўмяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ўзмацніла надпартыйную большасць супраць яго ў Кангрэсе.

    Шызафрэнія ў Вашынгтоне, падобна, не бянтэжыць лідараў Польшчы ці Венгрыі.

    Ваенная падтрымка Польшчы з боку ЗША задаволіла чаканні Варшавы адносна ЗША з пункту гледжання бяспекі. Польскае кіраўніцтва цяпер занятае запэўніваннямі сваіх амерыканскіх калегаў, што “нічога” не адбудзецца, калі ўступіць у сілу шырока раскрытыкаваны закон супраць прызнання ролі Польшчы ў Халакосце.

    Палякі, вядома, удзячныя Рэйгану за перамогу над камунізмам, прасоўванне свабоды і дэмакратычных прынцыпаў (у 2007-ым годзе ён быў пасмяротна ўзнагароджаны прэзідэнтам Лехам Качыньскім найвышэйшай польскай узнагародай для замежнікаў – ордэнам Белага Арла). Сёння Яраслаў Качыньскі можа практыкаваць трампаўскі папулізм, але неаб’яўлены крыжовы паход Трампа супраць ліберальнай дэмакратыі фактычна супярэчыць рэйганаўскай спадчыне ў Польшчы.

    У Будапешце мяккі аўтакрат Орбан святкаваў перамогу Трампа. Але орбанаўскія спадзевы на блізкія адносіны з ЗША яшчэ маюць здзейсніцца: праз яго зычлівую пазіцыю ў дачыненні да Пуціна і (даволі паспяховую) спробу ператварыць Венгрыю ў падабенства пуцінскай Расіі да гэтага часу яму яшчэ адмаўляюць у запрашэнні наведаць Белы дом.

    Да жалю спадара Орбана Венгрыя не настолькі важная, каб стаць “справай, вартай увагі боса”.

    Адзінай рэччу, што аб’ядноўвае спадароў Качыньскага, Орбана і Трампа, па-за непрыманнем лібералізму ды іх здольнасцю гаварыць ад імя народа, з’яўляецца нелюбоў да Нямеччыны Меркель.

    Побач з помнікам Рэйгану на плошчы Свабоды ў Будапешце з’явіўся новы помнік венгерскім ахвярам нацысцкай акупацыі. Як тлумачаць крытыкі, у лепшым выпадку гэты помнік – спроба прыкрыць саўдзел Венгрыі ў трагедыі Другой сусветнай вайны, а ў асноўным – гэта выраз новага венгерскага нацыяналізму.

    Ашаламляльны кантраст паміж рэйганаўскім заклікам да ўз’яднання (“спадар Гарбачоў, знясіце гэтую сцяну!”) ды ізаляцыянізмам Орбана, які пабудаваў сцяну супраць мігрантаў, яшчэ раз падкрэслівае слабасць паралеляў Рэйган-Трамп у амерыкана-еўрапейскіх дачыненнях.

    Прэзідэнцтва Дональда Трампа, несумненна, будзе мець вялікія наступствы для Еўропы, трансатлантычных адносінаў і свету, а яго эфекты, верагодна, яшчэ доўга будуць уплываць на сусветную бяспеку, сістэму міжнароднага гандлю і глабальнае кіраванне пасля сканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў.

    Але ўжо фактам ёсць тое, што мы наблізіліся да разбурэння Захаду як канцэпцыі.

    Цалкам магчыма, што гэта ішло сваёй хадой яшчэ і да нечаканай перамогі Трампа і адбылося б крыху пазней з іншым кандыдатам, але праўда ў тым, што 45-ы прэзідэнт ЗША дадаў недаверу, справакаваў варожасць і распачаў дзеянні, якія ў корані падрываюць гэтую канцэпцыю. І цяжка вызначыць, як гэта можна адкруціць назад.

    ПаказацьСхаваць каментары