Рэвалюцыя ў галаве Пуціна

Дырэктар Еўрапейскай рады па міжнародных дачыненнях тлумачыць, як у Маскве перапісваецца звод ідэалагічных, геапалітычных і эканамічных правілаў.
Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях · 30 Красавіка 2014
Рэвалюцыя ў галаве Пуціна

Калі напрыканцы лістапада ўкраінцы выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць ураду, яны спадзяваліся зладзіць рэвалюцыю. Яны не ўсведамлялі, што, калі яны ў лютым зрынуць прэзідэнта Віктара Януковіча, яшчэ большая рэвалюцыя адбудзецца ў галаве Уладзіміра Пуціна.

Пасля змены прэзідэнта краінаю збольшага кіруюць людзі, якія належаць да сталага палітычнага класу. Шанцы на сур’ёзны разрыў з мінулым невялікія. У Маскве, наадварот, звод ідэалагічных, геапалітычных і эканамічных правілаў цяпер перапісваецца.

Былыя крамлёўскія службоўцы, дыпламаты і дысідэнты, з якімі я размаўляў нядаўна ў Маскве, пагаджаюцца, што прагматычны лідар Пуцін адрадзіўся як сапраўдны рэвалюцыянер, які ставіць Захад перад новымі выпрабаваннямі.

1. Пуцін супрацьпастаўляе заходняму ўтылітарызму нанова адкрыты ідэалагічны азарт. Паводле аднаго палітычнага дзеяча, Пуцін абдумваў дзве магчымасці за дзень да падзення Януковіча. Першая была: заснаваць у Харкаве на ўсходзе Украіны так званы “легітымны ўрад у выгнанні” пад кіраўніцтвам украінскага прэзідэнта. Другою опцыяй была анексія Крыму.

Пуцін скарыстаў патэнцыйны этнічны нацыяналізм у Крыме. Ён усведамляў яго моц і разумеў, што, калі ён не выкарыстае сітуацыі, гэта зробіць нехта іншы. Запатрабаваўшы аддаць Крым, Пуцін стаў закладнікам нацыяналістычнага азарту настолькі, наколькі ён яго выкарыстаў. Сёння ён мусіць адпавядаць тым спадзяванням, якія ён сам і стварыў. Тактыка, якую ён абраў для асабістага палітычнага выжывання, трансфармавалася ў місію, якая забяспечыць яму месца ў гісторыі Расеі.

Новая ідэалогія Пуціна мае на мэце аб’яднанне этнічнага нацыяналізму з неаімперскім праектам пабудовы “Еўразійскага Саюзу”. У выніку атрымліваецца грымучая сумесь, якая дазваляе пуцінскаму рэжыму, які ўжо пачынаў страчваць папулярнасць, падняцца на хвалі масавай мабілізацыі.

Адзін з апытаных, з якімі я размаўляў, сказаў, што раптоўны скачок папулярнасці Пуціна можна параўнаць з 2000 годам, калі ён распачаў вайну ў Чачні неўзабаве пасля абрання прэзідэнтам.

2. Пуцін мае рэвалюцыйную веру ва ўласныя сілы. Ён не лічыць, што гісторыя адбываецца сама па сабе, а наадварот, упэўнены, што гісторыю ствараюць людзі. Менавіта таму ён шчыра падазрае Захад у арганізацыі пратэстаў, што зрынулі Януковіча.

Пуцін зробіць усё магчымае, каб выбары ва Украіне 25 траўня палічылі нелегітымнымі. “Чакайце прывід Майдану на усходзе”, – пажартаваў крамлёўскі дзеяч, маючы на ўвазе, што Расея зарганізуе дастаткова народных пратэстаў, каб стварыць хаос ва Украіне. Дзеяч патлумачыў, што досвед стасункаў з Януковічам пазбавіў Пуціна даверу да мясцовых суразмоўцаў, таму Расея будзе вымушаная зарганізаваць пратэсты самастойна.

Пуцін не верыць, што мясцовыя палітычныя лідары абароняць інтарэсы Расеі. Гэта тлумачыць ягонае рашэнне настойваць на перамовах з Захадам у Жэневе. Мэта Крамля ў гэтых перамовах – не стабілізацыя ў Крыме, а яго падзел – няважна, гвалтоўным шляхам, праз пратэсты, ці мірным, праз перамовы аб федэралізацыі дзяржавы.

Нядаўняя эскалацыя ва ўсходняй Украіне неабавязкова прывядзе да анексіі. Пуцін хутчэй захоча, каб Захад дапамог Украіне застацца плацежаздольнай, пакуль ён выкарыстоўвае свае падважнікі для падрыву ўраду ў Кіеве, ператвараючы Украіну ў няўдольную дзяржаву кшталту Босніі.

3. Пуцін стараецца дэманстраваць непрадказальнасць, каб узмацніць уплыў на Захад. Ён ведае, што заходнія краіны зробяць, каб спыніць яго (дакладней, ён ведае, чаго яны не зробяць). Ніводзін з маіх суразмоўцаў у Маскве не чакаў анексіі Крыму. Пуцін настолькі збіў іх з панталыку, што яны больш не бачаць ніякіх межаў у ягоных далейшых дзеяннях – ва Украіне, Малдове, Грузіі ці дзе заўгодна яшчэ на постсавецкай прасторы. Як сказаў дарадца ў вонкавай палітыцы, “выключэнні сталі правілам”. Ранейшы вонкавапалітычны лад вычарпаў сябе ў Косаве, Іраку і Крыме.

Пуцін зрабіў настолькі ж незразумелай унутраную палітыку. Акадэмік, якога летась прызначылі напісаць прамову для прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, быў дапытаны службамі бяспекі: “У мінулыя часы, – кажа ён, ‑ Вы ведалі, што да чаго. Вы альбо на баку рэжыму, альбо на допыце. Цяпер ніхто нічога не разумее”.

Пуцін увёў у карыстанне рыторыку “замежных агентаў” і “пятай калоны”, каб дэлегітымізаваць інтэлектуальную эліту, скептычна настаўленую да рэжыму. Упадабаная фраза Крамля на гэты момант ‑ “кіраваны хаос”. Пуцін прайшоў доўгі шлях ад сваёй “кіраванай дэмакратыі”.

4. Пуцін спрабуе адказаць на спробы Захаду кантраляваць наступствы ўкраінскага крызісу пры дапамозе айчыннай этыкі самаахвярнасці. Расейскія эканамісты пагардліва ставяцца да заходніх санкцыяў. Яны сцвярджаюць, што ў недалёкай будучыні дэвальвацыя валюты, імпартазамяшчэнне і “патрыятычнае” спажыванне айчынных прадуктаў дадуць штуршок расейскай эканоміцы. У далёкай перспектыве, санкцыі могуць прымусіць Расею выйсці за межы вугляроднай эканомікі, адысці ад залішняй залежнасці ад Захаду, каб развіваць азіяцкія рынкі, дэвальваваць рубель і зрабіць пэўныя крокі да пераіндустрыялізацыі эканомікі.

Блізкія да Крамля палітыкі сцвярджаюць, што, калі ЗША выкіне Расею з сусветнай эканомікі, БРІКС (BRICS) праявіць салідарнасць з Масквою. Прыхільнік Крамля кажа, што ЗША і Еўропа больш не рэпрэзентуюць усяго свету. “Міжнародная супольнасць і Захад – гэта не адно і тое ж”, ‑ заявіў ён.

Задзірыстыя палітыкі кажуць пра “мадэрнізацыю супраць Захаду” як рэха расейскае палітыкі ў 1930-ыя гады.

Масква рыхтуецца да працяглай канфрантацыі з Захадам. Пуцін правёў шмат гадоў на варце статусу кво і сёння, здаецца, схіліўся да пераменаў. Расея – геній рэвалюцыяў. Яна білася ў канвульсіях палітычных зменаў у 1905, 1917 і зноў у 1991 гадах. Аднак калі папярэднія рэвалюцыі мелі на мэце змену лідараў краіны, то пуцінская рэвалюцыя мусіць змяніць парадак вакол яе.

Гэты артыкул упершыню быў апублікаваны агенцтвам Reuters.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.
Рыдван Бары Уркоста (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 6 Жніўня
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Унутры Севастопаля: горад-бунтар наносіць зваротны ўдар
Самая прарасійская частка Крыма таксама з’яўляецца крыніцай галаўнога болю для Масквы. Ці здолее Крэмль умацаваць свой уплыў у Севастопалі?