Цэнзура па-еўрапейску, або чаму Google выдаляе спасылкі

Як новапаўсталае “права на забыццё” змяняе інтэрнэт.
Юлія М · 14 Красавіка 2015
Цэнзура па-еўрапейску, або чаму Google выдаляе спасылкі

Уявіце, што адзін з блізкіх вам людзей стаў ахвярай аўтакатастрофы і вам не хочацца, каб здымкі ягонага цела без цэнзуры распаўсюджваліся ў інтэрнэце. Але што вы можаце зрабіць, каб спыніць распаўсюд непажаданага кантэнту?

На жаль, у Беларусі пакуль нічога. Цяпер беларускія законы па абароне асабістых звестак займаюць маргінальнае становішча і значна адстаюць ад законаў не толькі Еўрасаюза і ЗША, але таксама і Расіі. Гэтак у 2006-ым Расія прыняла закон па абароне асабістых звестак. Іх перадача за мяжу дазволена толькі ў краіны з адэкватным узроўнем пратэкцыі – тыя, што падпісалі 108 канвенцыю Рады Еўропы пра абарону асабістых звестак.

Беларусь не ўдзельнічае ў Радзе Еўропы. Адпаведна мы не падпісалі 108 канвенцыю. Адсутнічае ў Беларусі і заканадаўчы падзел паміж правам на інфармацыю і правам на абарону асабістых звестак. Таксама ёсць праблемы з вызначэннем самога тэрміна “асабістыя звесткі”. Акрамя таго беларусы не могуць зрабіць запыт у “Google” аб выдаленні спасылак на непажаданы кантэнт, бо ў нас няма “права на забыццё”.

Што такое “права на забыццё”?

Іспанец Марыё Кастэха Гансалес хацеў схаваць з вынікаў пошуку “Google” інфармацыю пра свае ранейшыя праблемы з выплатай крэдыту за дом. Па зразумелых прычынах дадзеныя аб пазыках маглі нанесці шкоду пры афармленні крэдыту або пошуку працы. Справа дайшла да Суда Еўрасаюза, які ў 2014-ым упершыню ў свеце абвясціў “права быць забытым”. Гэта значыць матэрыял не будзе даступны ў пошуку “Google”, але застанецца на сайце газеты. Гэтак значна паменшыцца яго бачнасць і даступнасць.

Хутка “Google” атрымаў каля 10 тысяч запытаў праз бясплатны рэсурс “Forget.me” (забудзь мяне), які дазваляе звяртацца па выдаленне асабістай інфармацыі. Большасць з іх прыпадае на спасылкі на актыўнасць у “Facebook”, “Google+”, “Picasa”, “Badoo”, “Profileengine.com”, “Groups.google.com” і “YouTube”.

Вялікая частка выпадкаў аб выдаленні асабістай інфармацыі тычацца такіх дадзеных, як хатні адрас, прыбытак, рэлігійныя погляды. Але “Google” захоўвае права адхіліць запыт аб выдаленні інфармацыі, калі яна была нядаўна апублікавана і ўяўляе цікавасць для грамадства. Каля 60 % запытаў засталіся незадаволенымі. Гэтак “Google” адмовіў лекарам, якія патрабавалі выдаліць спасылкі на негатыўныя водгукі пацыентаў.

Чаму крытыкуюць “права на забыццё” 

Гэта дзіўна выглядае, але “Google” выдае розныя вынікі на пошукавыя запыты ў ЗША і Еўрасаюзе. ЗША, дзе права на свабоду слова замацавана першай папраўкай да Канстытуцыі, выступілі з жорсткай крытыкай Еўрасаюза. На еўрапейскай версіі сайтаў “Google” высвечваецца надпіс “некаторыя вынікі маглі быць выдаленыя”. А на амерыканскай версіі сайта “Google.com” ўсё застаецца па-ранейшаму. Усё застанецца па-ранейшаму і на “Google.by”.

Google case

Ці не з’яўляецца гэта пачаткам канца глабальнага інтэрнэту? Ды і ці можна надзяліць транснацыянальную кампанію, як “Google”, правам на цэнзураванне?

Многія медыі лічаць, што “права на забыццё” прывядзе да абмежавання свабоды слова ў Еўрасаюзе. Гэтак “Бі-Бі-Сі” крытыкуе “права на забыццё” і прапануе фіксаваць на асобным сайце ўсе запыты аб выдаленні спасылак на старонкі з асабістай інфармацыяй. Таксама можна стварыць сховішча накшталт “Chillingeffects”, дзе фіксуюцца запыты аб выдаленні спасылак з “Google” ў сувязі з парушэннем аўтарскіх правоў.

Хто лабіруе “права на забыццё”

Майкл Ферцік, стваральнік сайта “Reputation.com” наадварот выказаўся за “права на забыццё”. На яго погляд, гэта права аб чалавечай годнасці. Калі “Sony” ці “Dysney” могуць запатрабаваць выдаліць спасылкі на іх кантэнт з-за парушэння аўтарскіх правоў, то правамерна, што простыя грамадзяне таксама павінны мець магчымасць кантраляваць інфармацыю пра сябе.

Пазіцыя “Reputation.com” заканамерная. Карэкціроўка анлайн-іміджу – гэта іх хлеб. Першапачаткова найбольшым попытам дадзены рэсурс карыстаўся ў маладых людзей у пошуках працы. Каля 80% амерыканцаў шукаюць інфармацыю пра чалавека онлайн перад тым, як уступіць з ім у дзелавыя адносіны.

Але “Google” дазваляе зірнуць толькі на некаторыя фрагменты нашага жыцця, у тым ліку і тыя, аб якіх нам хацелася б забыць. Уявіце, што калісьці вы былі заўзятым чальцом палітычнай арганізацыі, ідэі якой вы больш не падзяляеце. Вы памыляліся, але вы змяніліся і маеце права на другі шанец, маеце “права на забыццё”.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў· 19 Траўня
Як Беларусь развівае турызм і пры чым тут Еўрапейскі Саюз
Што мы маем і што мы маглі б мець, калі б сур’ёзна ўзяліся за развіццё турызму.
Арцём Ткачук· 10 Траўня
Павер мне. Чаму для поспеху рэформаў трэба пачаць адно аднаму давяраць
Ужо не адно дзесяцігоддзе ўлады выпрабоўваюць на жыхарах Беларусі больш і менш папулярныя змены. Рэформаў было столькі, што давер да іх перастаў цікавіць усіх, таму і Беларусь рэфармуюць абы-як.