Аб’яднаная беларуская нацыя?

Беларусы ў шматлікіх аспектах нагадваюць украінцаў, аднак у іх адсутнічае палітычна афарбаваны дуалізм паміж усходнімі і заходнімі рэгіёнамі, які сур’ёзна паўплываў на апошнія падзеі ва Украіне. 
Сяргей Богдан (Belarus Digest) · 21 Траўня 2014
Аб’яднаная беларуская нацыя?

Прага знаходзіць агульныя схемы ў розных краінах з рознай гісторыяй часта прыводзіць да няўцямных вынікаў. Прафесар Алег Манаеў, дырэктар Незалежнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, падмацоўвае гэты пункт гледжання вынікамі даследавання грамадскай думкі, праведзенага ягоным інстытутам у сакавіку. Падчас іх прэзентацыі ў мінулым месяцы ў Мінску ён адзначыў, што насельніцтва заходняй і ўсходняй Беларусі не адрозніваецца па палітычных поглядах.

Заходняя Беларусь – гэта геаграфічная катэгорыя

“Адрозненні існуюць, але не ва ўкраінскім маштабе. Разыходжанне каштоўнасцяў праходзіць па лініі “прыхільнікаў” і “апанентаў” ураду,” ‑ сцвярджае Манаеў.

“Прасцей кажучы, мы можам канстатаваць, што жыхары буйных гарадоў больш дынамічныя, больш праеўрапейскія, больш прадэмакратычныя і ў большай ступені падтрымліваюць рынкавую эканоміку, чым жыхары малых гарадоў.” Манаеў падкрэсліў, што жыхары мястэчак па ўсёй Беларусі істотна не адрозніваюцца ў сваіх палітычных поглядах.

На сённяшні момант Беларусь падзеленая на 6 абласцей, якія маюць збольшага агульны гістарычны лёс і вельмі блізкія антрапалагічныя прыкметы. Толькі Палессе на поўдні краіны (цяпер падзеленае паміж Беларуссю і Украінаю, а ў межах Беларусі – паміж Берасцейскай і Гомельскай абласцямі) мела трохі больш своеасаблівасцяў з-за ягонай ізаляванасці ў балотах. Рэлігійны раскол паміж каталікамі і праваслаўнымі прыводзіў да пэўных канфрантацыяў у мінулым, але не ў сучаснасці. Канфлікты сціхлі, калі беларусы разыйшліся па гэтых дэнамінацыях, а таксама пратэстантызму і ўніяцтву.

Эксплуатацыя праваслаўнай і каталіцкай царквы Расеяй і Польшчай адпаведна падвысіла рэлігійны скептыцызм беларусаў. Згодна з двума даследаваннямі Інстытуту Галапа ў 2009 і 2011, Беларусь была ў першай дзясятцы найменш рэлігійных краінаў свету.

Дык які гістарычны кантэкст і палітычнае значэнне нясе ў сабе тэрмін “Заходняя Беларусь”? Ва Украіне стагоддзі аўтаномнага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця выліліся ў з’яўленне “Заходняй Украіны”.

На кожных выбарах, пачынаючы з 1991 году, Заходняя Украіна галасавала абсалютна насуперак Усходняй. У Беларусі адрозненні паміж больш каталіцкім Захадам і больш праваслаўным Усходам ніколі не прыводзілі да з’яўлення хоць якіх устойлівых межаў паміж імі. Насамрэч “Усходняя” і “Заходняя” Беларусь узніклі толькі ў выніку іх адасобленага існавання ў 1921-1939 гадах.

У тыя часы паміж дзвюма сусветнымі войнамі, усходняя частка была ў складзе Савецкага Саюзу. Бальшавіцкі ўрад стварыў беларускую протадзяржаву. У Савецкай Беларусі, мадэрнізацыя крочыла побач з маштабнымі рэпрэсіямі, а развіццё сучаснай беларускай культуры адбывалася паралельна з камуністычнай індактрынацыяй.

Заходнія рэгіёны жылі пад аўтарытарнаю і шавіністычнаю польскаю уладаю. Польскі ўрад праводзіў палітыку каланізацыі, зачыніў большасць беларускіх арганізацый і занядбаў сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё Заходняй Беларусі. Падобныя неспрыяльныя ўмовы эфектыўна перашкодзілі фармаванню яскравай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, альтэрнатыўнай беларускай культуры і ўсялякай дэмакратычнай палітыкі ў рэгіёнах, што знаходзіліся пад Польшчай. Больш за тое, гэтыя ўмовы прыцягнулі ўсе важныя заходнебеларускія арганізацыі і большасць актывістаў у левыя рухі, якія падтрымліваліся камуністычным Менскам і Масквою.

Зраўняць з зямлёю

Пасля аб’яднання Беларусі ў 1939 і асабліва пасля другой сусветнай вайны савецкія ўлады намагаліся нівеляваць рэгіянальныя адрозненні. Яны выслалі шмат, але далёка не ўсіх, польскіх жыхароў з заходніх рэгіёнаў. Потым прыйшла агрэсіўная мадэрнізацыя Захаду і будаўніцтва сучасных прамысловых аб’ектаў на ягонай тэрыторыі. Улады Савецкай Беларусіі цалкам змянілі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, змяшаўшы рэгіёны, наколькі было магчыма, з абласцямі як заходняй, так і ўсходняй часткі.

У культурніцкім накірунку, камуністы прыгняталі як каталіцкую, так і праваслаўную цэрквы. Пасля дзесяцігоддзяў атэістычнай савецкай улады ў беларусаў не засталося моцных рэлігійных пачуццяў, яны дэманструюць значна большую гатоўнасць змагацца адно з адным па любым іншым пытанні, апрача рэлігіі.

У апошнія дваццаць гадоў некаторыя інтэлектуалы спрабавалі адрадзіць міт аб Заходняй Беларусі як больш “беларускай” альтэрнатыве спадчыне Савецкай Беларусіі. Аднак, гэты міт разбураецца такім простым фактам, як польскі перапіс насельніцтва ў 1931 годзе, у якім беларусы зарэгістраваныя як нацыянальная меншасць на землях Заходняй Беларусі; альбо статыстыкай колькасці беларускіх школаў у Заходняй Беларусі – напрыканцы 30-ых гадоў іх колькасць раўнялася нулю.

Больш беларускія ўсходнія рэгіёны

Насамрэч, апытанне грамадскай думкі, праведзенае ў 2009 годзе сацыялагічнай лабараторыяй “Новак” і Беларускім інстытутам стратэгічных даследванняў паказала, што найбольш “беларускай” была ўсходняя Магілёўская вобласць.

Галоўным прынцыпам беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца стаўленне да беларускай мовы. Большасць насельніцтва Магілёўскай вобласці выказалі жаданне карыстацца беларускаю моваю і заявілі, што добра ёй валодаюць.

Магілеўская вобласць, бясспрэчна, усходнебеларуская, праваслаўная і мяжуе з Расеяй. Існуе шмат тлумачэнняў сітуацыі, але адно з іх вылучаецца.

Магілёўская вобласць была ядром Савецкай Беларусі з самага пачатку. Гэта азначае, што бальшавіцкі ўрад праводзіў тут найбольш шырокую палітыку беларусізацыі, і яна працягвалася даўжэй, чым у іншых рэгіёнах.

Верагодна, лінгвісты змогуць адшукаць больш беларускамоўных людзей на Захадзе, і іх мова будзе менш русіфікаванаю. Тым не менш, насельніцтва заходніх рэгіёнаў мае больш размытую ідэнтычнасць і разуменне, хто яны ёсць і на якой мове размаўляюць. Досыць часта, нават сёння на Захадзе можна пачуць паняцці “руская” (ад “Русь”, часам няправільна трактуецца як “расейская”) ў дачыненні да праваслаўнай царквы і “польская” ў дачыненні да каталіцкай.

Некаторыя аналітыкі звяртаюцца да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 1994 году, калі нацыяналіст-дэмакрат Зянон Пазняк дасягнуў найлепшых вынікаў у “Заходняй Беларусі” ў якасці контраргумента, які нібыта сцвярджае большую нацыяналістычнасць Захаду. Сапраўды, кампанія 1994 году прызнаецца ўсімі галоўнымі палітычнымі сіламі адзінаю справядліваю і праўдзіваю. Тым не менш мы не будзем разглядаць дадзеныя вынікі літаральна.

Пазняк набраў больш за чвэрць усіх галасоў (нідзе не наблізіўся да паловы) толькі ў дзевяці акругах з 118. Некаторыя з гэтых акругаў даволі малыя і складаюць драбнейшую частку “Заходняй Беларусі” 1921-39 гадоў. Магчыма, што звычайны кансерватызм выбаршчыкаў дапамог Пазняку атрымаць такі ўзровень падтрымкі, а не нацыяналізм.

Агулам у Беларусі не назіраецца тэндэнцыяў да расколу ці спрэчак з-за рэгіянальнай прыналежнасці. Вядома, звязаная з моваю беларуская культура застаецца занядбанаю, але моўная сітуацыя істотна не адрозніваецца ва ўсіх рэгіёнах.

Ніхто не знішчае беларускую мову, аднак кожная палітычная сіла намагаецца яе палітызаваць. Апазіцыя часам выдае сябе адзіным абаронцам беларускай мовы. Гэта негатыўна ўплывае на тых, хто адасабляе моўнае пытанне ад палітыкі.

Улады лічаць найлепшым нічога не рабіць дзеля прасоўвання мовы з-за страху нейкім чынам узмацніць апазіцыю. У выніку, мова знікае па ўсёй Беларусі.

Добрая навіна палягае на тым, што хоць Беларусь і можа сутыкнуцца з разнастайнымі катастрофамі, але ёй не пагражае сцэнар расколу як у Крыме ці Усходняй Украіне. Не толькі дзякуючы таму, што беларускі ўрад, у адрозненне ад мінулага ўкраінскага, насамрэч кантралюе краіну, але таму што народ эфектыўна дэманструе сваю еднасць.

Многія аналітыкі ў апошнія месяцы паддаліся спакусе выкарыстаць украінскія алюзіі для прадказання будучыні Беларусі. Гэта сумнеўны падыход, бо ў Беларусі свае праблемы, магчымасці і свая спецыфіка, якая патрабуе акуратнага ўжывання аналогій з суседнімі народамі.

Арыгінал артыкулу

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.