Худыя гаманцы, тоўстыя жываты

Беларусь на першым месцы ў атлусценні сярод жанчын у Еўропе.
Вольга Чарныш (Belarus Digest) · 2 Верасня 2014
Худыя гаманцы, тоўстыя жываты

Толькі 8 рэстарацыяў МакДональдс працуе ў Беларусі, і наагул фаст-фуд – даволі рэдкае задавальненне для большасці жыхароў.

Атлусценне, тым не менш, застаецца на ўздыме. Паводле Сусветнай Арганізацыі Здароўя (WHO), Беларусь займае першае месца ў Еўропе ў колькасці жанчын, якія пакутуюць ад лішняй вагі

Прычына шырокіх таліяў беларусак, у вялікай ступені, гэта іх дыета.

Нягледзячы на тое, што беларусы выдаткоўваюць большую частку сваіх фінансаў на ежу, яны спажываюць нездаровыя харчы з-за недастатковых ведаў пра харчаванне і высокіх коштаў на прадукты.

Што характэрна, Беларусь ‑ сусветны лідар у спажыванні бульбы. Калі танныя рэстарацыі хуткага харчавання адчыняцца ва ўсёй краіне, аб’ёмы беларусаў будуць павялічвацца надалей.

Атлусценне: праблема, якая абвастраецца

WHO вымярае лішнюю вагу на падставе тэстаў індэксу масы цела – суадносіны вагі і росту. Калі індэкс масы цела роўны 25, гэта азначае лішнюю вагу, 30 – атлусценне.

Паводле гэтых вымярэнняў, каля 70 % беларускіх жанчын ва ўзросце ад 15 гадоў маюць лішнюю вагу. Атлусценне мае троху меншыя маштабы сярод беларускіх мужчынаў – “толькі” 63.7 % мужчын пакутуюць ад лішняй вагі, паводле WHO.

Трывожны факт: Беларусь абганяе іншыя краіны Усходняй і Заходняй Еўропы ў ступені атлусцення сярод жанчын. “Толькі” 49 % украінак і толькі 44 % палячак пакутуюць ад атлусцення або лішняй вагі.

Узровень атлусцення сярод жанчын у Злучаных Штатах перавышае дадзены паказнік у Беларусі на 6%.

Праблема закранае не толькі дарослых, але і дзяцей. За апошнія 10 гадоў, колькасць дзяцей з лішняю вагою або атлусценнем павялічылася ўдвая.

Сёння кожнае чацвёртае дзіця пакутуе ад лішняй вагі.

Нездаровая дыета: Мы тое, што мы ямо?

У чым прычына гэтай трывожнай тэндэнцыі? Адной са спрэчных пераваг ізаляцыі Беларусі заўжды была адсутнасць сетак заходніх рэстаранаў хуткага харчавання. Больш за тое, з-за нізкіх прыбыткаў беларусы рэдка наведваюць кавярні, бары і рэстарацыі.

Менавіта хатняя нездаровая кухня зрабіла ўнёсак у распаўсюд атлусцення ў Беларусі. Дыета тыповага беларуса базуецца на тлустых малочных і мясных прадуктах. Беларусы таксама ядуць шмат бульбы і хлеба.

Фактычна, Беларусь з’яўляецца лідарам не толькі ў атлусценні сярод жанчын, але і ў спажыванні бульбы. У 2005 беларусы з’елі ў сярэднім 181 кг бульбы на чалавека.

Для параўнання, нават бліжэйшыя суседзі ядуць меней: украінцы спажываюць толькі 136 кг бульбы на душу насельніцтва, палякі і расейцы – 131 кг, паводле звестак Харчовай і Сельскагаспадарчай Арганізацыяй ААН (FAO).

Нездаровая дыета ўплывае не толькі на вагу беларусаў, але таксама на агульны стан здароўя і нават на працягласць жыцця. Паводле Міністэрства аховы здароўя беларусы паміраюць ад хваробаў органаў харчовай сістэмы ў два разы часцей, чым іншыя еўрапейцы.

Трывожыць таксама той факт, што Беларусь першая на кантыненце ў распаўсюджанасці іншых нездаровых звычак кшталту палення або ўжывання алкаголю.

Худыя гаманцы – тоўстыя жываты?

Паглынаючы нездаровыя стравы, беларусы выдаткоўваюць большую частку сваіх прыбыткаў на ежу. Паводле побытавага даследавання, праведзенага Беларускім нацыянальным статыстычным камітэтам у першым квартале 2014 году, ежа складала 41.4 % усіх выдаткаў тыповай беларускай сям’і. Беларусы траціну гэтай сумы ‑ мяса.

Даследаванне, праведзенае Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук у 2013 годзе ў 15 маленькіх гарадах паказвае нават больш сумную карціну.

Паводле гэтага даследавання, кожная пятая сям’я выдаткоўвае 70-90 % прыбыткаў на ежу, кожная трэцяя ‑ 50-70%.

Заканамерна, даследаванне паказала, што дзве траціны рэспандэнтаў хвалююцца аб коштах на харчы.

Рэйтынг РИА-2012, складзены агенцтвам “РИА Новости” на аснове дадзеных статыстычных камітэтаў 40 Еўрапейскіх дзяржаваў, дае нам магчымасць параўнаць Беларусь з іншымі краінамі.

Постсавецкія дзяржавы знаходзяцца ў самым нізе рэйтынгу РИА, бо іх грамадзяне выдаткоўваюць большую частку сваіх грошай на ежу. Заможныя краіны Заходняй Еўропы займаюць вышэйшыя пазіцыі: іх жыхары харчуюцца на значна меншую частку сваіх прыбыткаў.

Паводле рэйтынгу РИА, доля выдаткаў на ежу, адваротна-прапарцыйная ўзроўню прыбыткаў. Супрацьлеглая тэндэнцыя датычыць выдаткаў на алкаголь і тытунь. Гэтыя вырабы непрапарцыйна танныя ў краінах з нізкім узроўнем прыбыткаў.

Наступ фаст-фуда

Большыя заробкі не выправяць здароўе беларусаў у хуткім часе. Замест гэтага, дыета беларусаў можа нават пагоршыцца ў бліжэйшыя гады, калі яны адкрыюць для сябе радасці харчавання па-за хатай.

Сёння ў Беларусі працуюць каля 12,5 тыс. установаў грамадскага харчавання. Каля 2000 з іх знаходзяцца ў Менску. Харчовая галіна – адзін з адкрытых для прыватных прадпрымальнікаў сектараў эканомікі. За апошнія 10 гадоў прыватная ўласнасць упэўнена перавысіла дзяржаўную.

На дадзены момант на адну ўстанову грамадскага харчавання прыходзіцца каля 790 беларусаў. У ЗША на адну ўстанову грамадскага харчавання прыходзіцца каля 150 чалавек, у Еўропе ‑ 300. Іншымі словамі, беларускаму рынку харчовага абслугоўвання яшчэ ёсць куды імкнуцца. Ягоны рост можа стымуляваць і рост жыватоў беларусаў.

У 2012 годзе ў Беларусі было толькі 43 рэстарацыі хуткага харчавання. Гэта хутка зменіцца: усё больш і больш міжнародных фаст-фуд кампаніяў шукаюць выхад на беларускі рынак. Сярод іх і знакамітая фаст-фуд франшыза Кентукі Фрайд Чыкен (KFC), якая ўжо адчыніла 250 рэстарацыяў у краінах СНД.

Расейскае эмбарга і беларускі харчовы рынак

У мінулым месяцы Расея ўвяла эмбарга на прадукты харчавання з ЕЗ і ЗША ў адказ на санкцыі Захаду за палітыку Расеі ва Украіне.

Масква забараніла імпарт ялавічыны, свініны, вырабаў з садавіны і гародніны, птушкі, рыбы, сыру, малака і малочных прадуктаў з Еўразвязу, Злучаных Штатаў, Аўстраліі, Канады і Нарвегіі.

Беларускія чыноўнікі ўзрадаваліся гэтай навіне і паабяцалі павялічыць экспарт беларускіх прадуктаў у Расею, параўноўваючы гэтую магчымасць з залатой ліхаманкай у канадскім Кландайку.

У той час, калі беларускія вытворцы атрымаюць выгаду ад узмоцненага попыту на нашыя харчы ў Расеі, беларускія спажыўцы могуць панесці страты.

Рэзкі ўздым экспарту павысіць кошты на харчы на ўнутраным рынку. Паколькі большасць зробленага ў Беларусі ўжо накіраваная ў Расею, самы хуткі шлях да павелічэння аб’ёмаў экспарту – гэта змяншэнне колькасці беларускіх прадуктаў дома.

Калі кошты павысяцца або прыбыткі панізяцца, ніякая харчовая адукацыя не ўратуе беларусаў ад іх звыклай хлебна-бульбяной дыеты.

Арыгінал артыкулу

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Ліза Заслонава · 21 Лістапада
Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам
Пяць прычын для таго, каб быць беларускім аптымістам
Чаму не варта вешаць айчынны нос.
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
Калі беларусы пачнуць жыць як шведы і хто любіць больш падпарадкоўвацца
А таксама чарка і шкварка, як універсальныя каштоўнасці і калі наша шэрасць зменіцца хюгге.
Зміцер Лысюк· 17 Кастрычніка
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Пяць фактараў, якія могуць гэтаму спрыяць.