Тры міфы пра падзенне цэнаў на нафту

Чаго імкнецца дасягнуць Саудаўская Аравія, пры чым тут сланцавая рэвалюцыя і як гэта паўплывае на Беларусь.
· 20 Кастрычніка 2014
Тры міфы пра падзенне цэнаў на нафту

За апошнія чатыры месяцы цэны на нафту абваліліся на 25 % да $ 86. Такое падзенне са $ 115 даўно прадказвалася экспертамі, але ўсё адно змены аказаліся нечаканымі для рынку. На фоне ціску Захаду на Расейскую Федэрацыю адразу пачалі памнажацца тэорыі змоваў. Разглядзім самыя распаўсюджаныя з іх.

Саудаўская Аравія абвальвае цэны на нафту наўмысна

Хоць Саудаўская Аравія павялічвае аб’ёмы здабычы нафты, эканамічна ёй гэта не карысна. Насамрэч, для большасці краін АПЕК, на якую прыпадае 40 % сусветнай здабычы нафты, цэны менш за $ 90 ‑ стратныя. Акрамя Кувейта і Амана, якія могуць вытрымаць падзенне да $ 75, астатнія краіны АПЕК хочуць бачыць цану на нафту значна вышэй за $ 100. Нават для Саўдаўскай Аравіі, каб мець нулявую прыбытковасць, патрэбныя цэны на ўзроўні $ 93.

Сённяшняе падзенне звязанае хутчэй з эканамічнымі акалічнасцямі. Абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе ў мінулыя гады эфектыўна кампенсавалася ростам здабычы сланцавай нафты ў ЗША. З ажыўленнем паставак з Лівіі пагроза дэфіцыту нафты значна зменшылася. Таксама на сітуацыю ўплывае і запавольванне эканамічнага росту рухавікоў сусветнай эканомікі ‑ Нямеччыны і Кітаю ‑ якія адпаведна пачынаюць менш спажываць чорнага золата.

Саудаўская Аравія не змяншае здабычу, бо проста не хоча паўтарыць памылку нафтавага крызісу 80-х. Тады краіна істотна скараціла здабычу, спадзеючыся на адпаведныя крокі і ад астатніх краін АПЕК. Але, апынуўшыся без падтрымання, такімі дзеяннямі толькі павялічыла свой бюджэтны дэфіцыт.

ЗША жадаюць абваліць эканоміку Расеі і Ірану

Вельмі распаўсюджанае меркаванне, што Абама наўмысна націснуў на Саудаўскую Аравію, каб правучыць Расейскую Федэрацыю. Безумоўна, падзенне больш чым на 20 % вельмі балюча адгукнецца на апанентах ЗША. Эканоміка Ірану толькі пачынае выкарасквацца з зацяжной рэцэсіі. Аднак для яе далейшага росту і прыбытковасці нафтаздабычы цэны павінны быць на ўзроўні каля $ 140. Выйсцем тут была б адмена санкцыяў супраць краіны, але для гэтага Тэгерану прыйдзецца значна паглыбіць дыялог з ЗША ў пытанні сваёй ядравай праграмы.

Гэтак жа і Расея не падрыхтаваная да коштаў ніжэй за $ 100. Аднак наіўна лічыць, што ў гэтым ёсць нейкая змова ЗША. Праўда ў тым, што падзенне коштаў да $ 80 ставіць пад пытанне існаванне ўсёй сланцавай здабычы Злучаных Штатаў. Краіне прыйдзецца зачыняць свае радовішчы ў Паўночнай Дакоце ды Тэхасе, бо нават існуючы ўзровень коштаў робіць рызыкоўным распрацоўку новых больш цяжкадасягальных сховішчаў. Такое развіццё падзеяў не зусім згаджаецца з планамі ЗША заваяваць рынак Еўропы. Таму, пры ўсіх плюсах, казаць, што яны задаволены развіццём падзей, было б даволі смела.

Аслабленне Расеі будзе карысным для незалежнасці Беларусі

Падзенне нафты на $ 1 нясе страты расейскаму бюджэту, які быў спрагназаваны з разліку на сярэдні кошт у $ 104, на $ 2 млрд. Менавіта нафта дае 45 % паступленняў у расейскі бюджэт, але беларускія незалежнікі апошнімі павінны радавацца эканамічным нягодам суседа.

Палова нашага экспарту ідзе ў Расейскую Федэрацыю. Таму чым мацней упадзе расейскі рубель, тым мацней нам прыйдзецца дэвальваваць уласную валюту, каб нашыя тавары заставаліся канкурэнтаздольнымі на суседнім рынку. Бюджэтны дэфіцыт Расеі не менш небяспечны, бо скарачэнне бюджэтных праграмаў і льготнага крэдытавання аўтаматычна ўдарыць па нашай цяжкой прамысловасці. Асабліва складана прыйдзецца машынабудаванню, дзе 90 % легкавых аўтамабіляў, 70 % грузавых аўтамабіляў, і амаль 60 % трактароў экспартуецца ў Расею.

І не варта забывацца, што Беларусь таксама з’яўляецца буйным экспарцёрам нафтапрадуктаў. Два нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы забяспечваюць каля 30 % экспарту краіны. І хаця для нас значна важнейшыя аб’ёмы паставак, такая рэзкая карэкцыя цэнаў зменшыць паступленні ў бюджэт гэтак жа, як і ўскладніць фінансавы стан заводаў.

Гістарычна праглядаецца, што часы росквіту беларускай эканомікі абавязкова звязаныя з высокімі коштамі на нафту і дабрабытам у самой Расеі. Эканамічныя складанасці суседкі абавязкова прыводзілі да значна больш сур’ёзных крызісаў у Беларусі. Усе спробы дыверсіфікацыі экспарту скончыліся правалам, і таму як толькі бюджэт суседкі пачне адчуваць голад, нашую эканоміку чакаюць цяжкія выпрабаванні.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 13 Кастрычніка
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Кулуары сесіі ПАРЕ, расейскія дэпутаты і праблемы беларускіх НДА.
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 7 Кастрычніка
Сяргей Чалы пра TUT.by, эканоміку і сумную будучыню
Сяргей Чалы пра TUT.by, эканоміку і сумную будучыню
Нарэшце гэта здарылася – Сяргей Чалы прыйшоў да нас у падкаст!
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Лукашэнка і амерыканскія выбары, Мінск культавы і бяда рэгіёнаў
Хто пераможа на амерыканскіх выбарах і чаму звальненне супрацоўнікаў дзярж.прадпрыемстваў уратуе бізнес? Адказы ў новым выпуску ідэйнага падкасту.