Як сыдзе Лукашэнка? Тры шляхі змены ўлады ў Беларусі

Аналізуем, ці паўторыць беларускі лідар шляхі Піначэта, Чаўшэску або Ельцына.
Стас Гарэлік· 14 Чэрвеня 2016
Як сыдзе Лукашэнка? Тры шляхі змены ўлады ў Беларусі

З 2014-га Лукашэнка ўваходзіць у “эліту” палітычных доўгажыхароў, якія кіруюць больш за 20 гадоў. Такі тэрмін ва ўладзе і ўзрост Лукашэнкі прымушаюць меркаваць, што ён сыдзе праз “натуральныя” прычыны і назаўсёды.

Але ж свабоднае падзенне беларускай эканомікі абнадзейвае тых, хто чакае больш хуткіх зменаў: праз вуліцу ці рэформы. Як могуць развівацца падзеі ў першым выпадку, паказвае лёс румынскага дыктатара Чаўшэску, а як у другім – гісторыя Чылі пасля сыходу Піначэта. Праўда, Лукашэнка можа “выйсці на пенсію”, перадаўшы ўладу ў спадчыну, магчыма, гэтак жа эфектна, як Ельцын – у памятнай навагодняй прамове.

Паўстанне, сумленныя выбары і стомленасць – як сыходзяць моцныя лідары

Піначэт (сумленныя выбары): Чылійскі дыктатар прыйшоў да ўлады ў 1973-ім праз вайсковы пераварот. І хоць пасля гэтага ўлада афіцыйна належала хунце – радзе вайскоўцаў, апошняе слова заставалася за Піначэтам. Але ў 1988-ым чылійцы ўсё ж такі здолелі сказаць яму “не” на рэферэндуме аб працягу паўнамоцтваў дыктатара. Неабходнасць правесці такі рэферэндум была запісаная ў канстытуцыі Чылі, прынятай у 1980 годзе. І Піначэт пастанавіў не змяняць ні яе, ні вынікі галасавання.

Праўда, грамадзянская ўлада ўсталявалася толькі ў 1990-ым, да 1998-га Піначэт заставаўся вярхоўным галоўнакамандуючым, а яшчэ чатыры гады быў ганаровым сенатарам. Прыцягнуць яго да адказнасці ні за рэпрэсіі, ні за эканамічныя злачынствы не атрымалася, хоць такія спробы рабіліся Іспаніяй, ЗША і ў самім Чылі.  

Чаўшэску (паўстанне): Праўленне першага румынскага прэзідэнта скончылася ў калядную ноч 1989-га года, калі яго разам з жонкай пакаралі смерцю. Пры гэтым прысуд, па сутнасці, вынеслі былыя паплечнікі па Камуністычнай партыі.

Падчас крывавых пратэстаў супраць улады Чаўшэску

Падчас крывавых пратэстаў супраць улады Чаўшэску

Румынія стала адзінай краінай сацыялістычнага лагера, дзе рэжым памяняўся гвалтоўна. Мабыць, румыны не маглі больш трываць галечы. У 1980-ых, каб аддаць вонкавы доўг, Чаўшэску ўвёў рэжым жорсткай эканоміі.

Ён нават прасоўваў нізкакаларыйную дыету, сцвярджаючы, што грамадзяне шмат ядуць.

А на тэлебачанні пакінулі толькі пару праграм, каб эканоміць на энергіі і заробках прапагандыстаў.

Паўстанне пачалося пасля антыўрадавых выказванняў аднаго са святароў. Хутка пратэсты дакаціліся да Бухарэста. У адказ Чаўшэску склікаў мітынг падтрымкі, які нечакана ператварыўся ў дэманстрацыю за яго сыход. Не дапамаглі нават снайперы. Чаўшэску збег, але быў схоплены і расстраляны. Праўда, сама Кампартыя ўлады не страціла: усе беды краіны былі зваленыя на былога дыктатара, а сапраўдныя дэмакратычныя і эканамічныя рэформы пачаліся ў сярэдзіне 1990-ых.

Ельцын (стомленасць і спадчыннік): Вядома, параўноўваць Ельцына з Піначэтам некарэктна, але і лічыць Расію канца 1990-ых рэальнай дэмакратый таксама было б няправільна. Напрыклад, эксперты Freedom House давалі Расіі 4,5 пункты ў сваім вядомым рэйтынгу, дзе краіны толькі з 1-2 пунктамі лічацца сталымі дэмакратыямі.

Перадаўшы ўладу Пуціну нібыта “ў спадчыну”, першы расійскі прэзідэнт атрымаў, перш за ўсё, гарантыю спакою для сябе і сваёй сям’і. А праціўнікі Ельцына, а таксама расчараваныя ў ім расіяне атрымалі альтэрнатыву. Як гаворыцца: і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя.

Беларускі выпадак: усяго патроху

З гэтых трох варыянтаў выпадак Чаўшэску (пакуль што) здаецца самым малаверагодным сцэнаром для Беларусі. Гэтак Белстат паведаміў, што палова беларусаў жыве на заробак у Br 3,5 млн. Але румыны трывалі не год і нават не два.

Акрамя таго, на паўстанне супраць Чаўшэску натхняла не толькі безвыходнасць, але і перамены ў суседніх краінах сацлагера. Гэта было мацней за любы Майдан, які, аднак, праз дзейнасць праўладных медыяў зусім не натхняе, а нават пужае беларусаў.

Тым не менш, сыход Чаўшэску нагадвае, што абсалютна любы рэжым можа абрынуцца, як картачны домік, а што важней – нават “адданыя” эліты гатовыя выступіць супраць “усемагутнага” дыктатара пры любой рэальнай магчымасці. Яе толькі трэба стварыць.

Часам такія шанцы на змену ўлады ў аўтарытарных рэжымах даюць выбары. Але для гэтага дыктатар павінен правесці іх адносна сумленна, а апазіцыя – актыўна. У 1988-ым Піначэт “дазволіў“ апазіцыі праводзіць агітацыю адносна свабодна, бо хацеў паказаць легітымнасць свайго рэжыму. Усе 1980-ыя Чылі скалыналі забастоўкі і дэманстрацыі супраць хунты: перамога ў галасаванні паказала б, што ўсе яны – толькі авантуры апазіцыі, і што Піначэт усё яшчэ папулярны.

Вось толькі выступіла супраць яго кааліцыя з 14 самых розных партыяў: ад камуністаў да хрысціянскіх дэмакратаў.

Разам яны правялі рэкламную кампанію, якая зрабіла “не” (новаму тэрміну Піначэта) сімвалам шчасця і светлай будучыні. Да таго ж падтрымліваць Піначэта адмовіліся ЗША, бо дэмакратыя набірала абароты па ўсім свеце: для абароны ад камунізму, які канаў, ужо не патрэбныя былі дыктатуры.

Агітацыйная кампанія чылійскай апазіцыі нават стала сюжэтам для фільма-лаўрэата Канскага фестывалю з Гаэлем Берналем у галоўнай ролі (на фота – кадр з фільма)

Агітацыйная кампанія чылійскай апазіцыі нават стала сюжэтам для фільма-лаўрэата Канскага фестывалю (на фота – кадр з фільма)

Але сёння Беларусь знаходзіцца пад значна меншым ціскам буйных дэмакратыяў: і з боку Еўрасаюза, і з боку ЗША, бо незалежнасць Беларусі ад Расіі выглядае важнейшай, чым дэмакратыя. А пра перадвыбарчую актыўнасць нашай апазіцыі нават казаць няёмка.

Не варта забываць, што Піначэт усё ж быў прафесійным вайскоўцам, а не папулістам, які калісьці выпадкова выйграў выбары. Ён да канца падпарадкоўваўся афіцэрскай этыцы. Пасля пройгрышу чылійскі дыктатар хацеў ануляваць вынікі галасавання, але астатнія камандзіры пастанавілі вярнуцца ў казармы, каб не гнявіць апазіцыі. Піначэт быў вымушаны пагадзіцца.

Але калі ні народнае паўстанне, ні параза на сумленных выбарах сённяшняму беларускаму рэжыму не пагражаюць, то вось перадача ўлады можа стаць аптымальным “выйсцем з гульні” для Лукашэнкі. Так ён можа зняць з сябе адказнасць і за балючыя рэформы ў будучыні, і за іх магчымы правал.

А замест гэтага застацца ў гісторыі хаця б проста першым прэзідэнтам Беларусі.

Аднак Лукашэнка павінен быць упэўнены ў сваёй бяспецы, і што больш важна – да перадачы ўлады яго ўсё ж павінна нешта падштурхнуць. Першая праблема вырашаецца прызначэннем праверанага спадчынніка, можа быць, нават уласнага сына. А вось падштурхнуць могуць або пратэсты, або моцная апазіцыя, у тым ліку сярод уласных элітаў, або адчувальны міжнародны ціск. Але нічога гэтага пакуль няма.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Джэрэмі Шапіра (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 25 Кастрычніка
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Увесь свет хутка пачне гаварыць, як Трамп
Тры высновы пра масавую камунікацыю, што робяць палітыкі ў ЗША і за мяжой на падставе досведу цяперашняга амерыканскага прэзідэнта.
Зміцер Лысюк· 17 Кастрычніка
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Беларусь пасля Лукашэнкі: ці ёсць у нас шанец стаць дэмакратыяй пасля яго сыходу
Пяць фактараў, якія могуць гэтаму спрыяць.
Сэбасцьян Дулін (Еўрапейская рада па міжнародных дачыненнях) · 26 Верасня
Ці ў стане ліберальная дэмакратыя перажыць яшчэ адзін фінансавы крызіс?
Ці ў стане ліберальная дэмакратыя перажыць яшчэ адзін фінансавы крызіс?
Выглядае, што мы не засвоілі ўрокі нядаўняга мінулага і, можа быць, нам выпадзе паўтараць іх у будучыні.