лонгрыд

ЗРАБІ СЯБЕ САМ: БУДУЧЫНЯ ШТУЧНАГА ЧАЛАВЕКА

Размова з фізікам, філосафам і кампазітарам Віктарам Аргонавым пра чалавека і грамадства будучыні.

Гутарыў Глеб Мартынаў

“Ідэя” паразмаўляла з вядомым трансгуманістам, навукоўцам і кампазітарам з Уладзівастока Віктарам Аргонавым аб мінулым і сучаснасці дэмакратыі, а таксама пра тое, як будуць выглядаць дзяржавы і сам чалавек у будучыні.

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў навука, тэхналогіі, глабалізацыя, урбанізацыя, распаўсюд інтэрнэту і адначасовая лібералізацыя грамадства моцна змянілі нашае жыццё.

Тыя тэндэнцыі, якія пакуль не бачныя ў Беларусі, ужо заўважныя ў развітых краінах. Інтэрнэт рэчаў (Amazon Echo, Google Nest), дапоўненая рэальнасць (Google Glass, Microsoft Hololens), самакіравальныя электракары (Tesla, Google Car), 3D-друк і біятэхналогіі ў зачаткавым стане ёсць ужо сёння.

Гледзячы на іх, можна зразумець, у якой будучыні мы прачнёмся праз некалькі гадоў, і паспрабаваць прадбачыць, як будуць жыць нашыя нашчадкі.

1

ПРА МІНУЛЫ І СУЧАСНЫ СТАН ДЭМАКРАТЫІ

— Пачнем з грамадства. Вы пісалі пра тое, што пераход ад дагматычнага да гуманістычнага мыслення адбываецца дзякуючы ўзмацненню сацыяльных сувязяў. Гэтаму, у сваю чаргу, спрыяюць урбанізацыя ды інтэрнэт.

У той жа час, калі перамены адбываюцца занадта хутка, то канфлікт паміж носьбітамі старой і новай маралі можа падштурхнуць грамадства да таталітарызму.

Гэта пацвярджае знакамітае выказванне Уільяма Гібсана – “Будучыня ўжо тут, яна проста нераўнамерна размеркаваная”.

Вы кажаце пра тое, што інтэрнэтызацыя ў XXI стагоддзі – гэта, свайго роду “гіперурбанізацыя”, якая можа спрыяць прагрэсу, але нясе ў сабе новую пагрозу канфлікту пакаленняў. Беларускага даследчыка ўзаемадзеяння сусветнай павуціны і дэмакратызацыі Яўгена Марозава хвалююць падобныя думкі .

Як вы бачыце гэты канфлікт?

— Урбанізацыя параджае канфлікт дзвюх культур: выхадцаў з вёскі і карэнных гараджанаў. У жыхара традыцыйнай сельскай абшчыны за ўсё жыццё бывае толькі некалькі дзясяткаў знаёмых, а для ўсіх жыццёвых сітуацый традыцыя прапануе гатовае рашэнне.

У горадзе ж жыццё больш складанае і разнастайнае, і традыцыя не можа ахапіць усіх сітуацый. Ад гараджаніна патрабуецца крытычнае, вынаходлівае мысленне, адмова ад догмаў. І гэта нялёгка прыняць чалавеку традыцыйнага выхавання. Пераязджаючы ў горад, сельскі жыхар бачыць шмат “празмернасцяў”, незразумелых і непатрэбных яму з’яў. У вёсцы яму здавалася, што для шчасця дастаткова быць сытым, мець дом і сям’ю. Але ў горадзе ўсё складаней, тут адкрыта больш жыццёвых шляхоў. Тут ёсць мастацтва, навука, гандаль, палітыка. Тут у кожнага свая “праўда”, і немагчыма ўсіх прымусіць жыць аднолькава.

Узгадаем, як гэта было ў СССР. Шмат каму з сялянаў, якія нарадзіліся ў вёсцы ў пачатку XX стагоддзя, а потым пераехалі ў горад, найбольшым шчасцем падавалася простая адсутнасць голаду, водаправод і электрычнае асвятленне. Нават камунальныя кватэры былі крокам наперад пасля хат з земляной падлогай. Учорашнім сялянам было цяжка зразумець, чаму карэнныя гараджане, якія ўсё гэта маюць, шукаюць чагосьці большага. Слухаюць нейкую незразумелую музыку, уступаюць у палавыя адносіны да шлюбу, а то і наагул крытыкуюць любімую народам уладу.

Атрымаўшы ўладу, носьбіты традыцыйнага мыслення стараліся выкарыстоўваць яе, каб спрасціць грамадства да ўзроўню вёскі, жорстка караючы тых, хто не хоча “спрашчацца”. Склалася цэлая машына рэваншу, машына помсты беднаты гараджанам, “якія зажэрліся”. І вінаваты ў гэтым не асабіста Сталін. Віна – у хуткай урбанізацыі ва ўмовах дзяржаўных прэферэнцый для бядоты.

Потым урбанізацыя запаволілася. Выраслі дзеці перасяленцаў і канфлікт памякчэў. У 1990-ых гадах, калі абвалілася савецкая ўлада, многім здавалася, што на ўсёй Зямлі вось-вось усталюецца адзіны, усімі любімы парадак, усе людзі пойдуць у Макдоналдсы, супермаркеты і Дыснэйлэнды, ёсць свабода слова, але толькі ў пэўных межах і г.д.

Але з’явіўся інтэрнэт. І зноў пачаліся змены як пры ўрбанізацыі. У вёсцы чалавек меў дзясяткі знаёмых, у горадзе – сотні і тысячы. А ў інтэрнэце няцяжка пазнаёміцца з дзясяткамі і сотнямі тысяч. Ён сустракае процьму розных пунктаў гледжання на кожнае пытанне, пазнае розныя маральныя сістэмы і можа крытычна прааналізаваць сваю. У некаторых краінах парнаграфія легальная, а ў іншых наадварот. У некаторых краінах замуж выходзяць у 9 гадоў, а ў іншых – – у 21. У некаторых краінах у вольным продажы можна набыць каноплі ды галюцынагенныя грыбы, а ў іншых – забароненыя нават рыталін і нурафен-плюс.

Як селянін у 1930-ых гадах захапляўся электрычнасцю і багаццем прадуктаў харчавання ў горадзе, так “добрасумленны грамадзянін”, трапляючы ў інтэрнэт, з радасцю задавальняе свой інфармацыйны голад. Але пазнаёміўшыся з інтэрнэтам бліжэй, “добрасумленны грамадзянін” адчувае шок: ад парнаграфіі, ад брыдкаслоўя і тролінгу, ад гітлерыстаў і сталіністаў, ад мааістаў і сатаністаў. І ў яго, які яшчэ ўчора лічыў сябе чалавекам сучасным і вальнадумным, з’яўляецца думка: “Тут занадта шмат свабоды, трэба ачысціць інтэрнэт ад усялякага бруду”.

Толькі наіўныя людзі могуць думаць, што рэпрэсіі магчымыя толькі ў дачыненні “амаральных людзей”. Таталітарныя тэндэнцыі небяспечныя для ўсіх.

Калі ў XX стагоддзі таталітарызм будаваўся дзеля “абароны Радзімы”, то цяпер ён стаў ствараецца дзеля “абароны дзяцей”. “Добрасумленны грамадзянін” б’е трывогу. На шалях “выратаванне” цэлага пакалення, і дапускаюцца самыя жорсткія меры. І ўрады ў той ці іншай меры ідуць на повязі за гэтымі настроямі. Гэты канфлікт разгортваецца на нашых вачах, і пакуль незразумела, да якой ступені будуць закручаныя гайкі.

Прадбачу пытанне: ці так важны гэты канфлікт? Хіба прагрэс чалавецтва спыніцца ад таго, што з інтэрнэту знікне маргінальны кантэнт? Я не ведаю. Але я ўпэўнены, што на самой справе мэты большасці палітыкаў як і ў XX стагоддзі – зусім не “абарона радзімы ад шкодных асобаў” ці “абарона дзяцей ад шкоднай інфармацыі”. Мэта папулізму ва ўсе часы, нават пад самымі зручнымі лозунгамі, – узмацненне ўлады. І таму толькі наіўныя людзі могуць думаць, што рэпрэсіі магчымыя толькі ў дачыненні “амаральных людзей”. Таталітарныя тэндэнцыі небяспечныя для ўсіх.

~

Віктар Аргонаў

Віктар Аргонаў – фізік-тэарэтык, кандыдат фізіка-матэматычных навук, працуе старшым навуковым супрацоўнікам у Далёкаўсходнім аддзяленні Расійскай акадэміі навук. Асноўныя кірункі яго даследаванняў – тэарэтычная фізіка, футуралогія і філасофія свядомасці. Аўтар больш за 20 працаў у вядучых рэцэнзуемых часопісах, сябра Расійскага трансгуманістычнага руху, эксперт руху “Расія 2045”.

Акрамя навукі і філасофіі Віктар Аргонаў вядзе блог і ўдзельнічае ў музычных праектах, дзе шырока прапагуе навуковую і філасофскую тэматыку.

~

2

ПРА БУДУЧЫНЮ ДЗЯРЖАЎ

— Якая сучасная краіна ў вашым уяўленні можа быць правобразам дзяржавы будучыні?

— Мне падабаецца Швейцарыя. Менавіта гэтая краіна ўсур’ёз наблізілася да ўвядзення базавага прыбытку (дапамогі для ўсіх грамадзянаў, як тых, хто працуюць, гэтак і беспрацоўных) у памеры каля 2 000 еўра у месяц. Пакуль што эксперты палічылі, што швейцарская эканоміка не можа сабе гэтага дазволіць, але грамадства ўжо гатовае да самой ідэі, і таму гэта пытанне толькі часу. Гэтыя людзі думаюць не лозунгамі, а інтарэсамі. У Швейцарыі вельмі шырокія эканамічныя свабоды, але людзі не лічаць, што “здрадзяць” справе рынку, увёўшы базавы прыбытак. Наадварот, яны разумеюць, што гэта толькі лібералізуе рынак працы, ачысціўшы яго ад тых, хто працуе толькі дзеля выжывання. Гэта значыць, ад дрэннай працоўнай сілы, якая не хоча працаваць.

“Гэтыя людзі думаюць не лозунгамі, а інтарэсамі”.

— У сваіх тэкстах вы часта пішыце пра вельмі аддаленыя “футурыстычныя” перспектывы развіцця чалавецтва. Ці будуць у будучыні наагул мець значэнне нацыянальныя дзяржавы?


— На нізавым узроўні (турызм, гандаль) межы будуць станавіцца больш празрыстымі, і свет будзе яднацца. А на палітычным узроўні будзе ісці зваротны працэс – падзел чалавецтва на мноства дробных дзяржаў з вельмі рознымі законамі, каб кожны грамадзянін мог выбраць сабе сістэму паводле ўпадабання і не перашкаджаў “добрасумленным грамадзянам” з іншымі каштоўнасцямі.

Колькі на Зямлі праіснуе дзяржава як з’ява? Думаю, што да таго часу, пакуль улада над іншымі будзе даваць грамадзяніну больш пераваг, чым праблем. Калісьці кароль або дыктатар меў вялікія прывілеі. А цяпер палітык абавязаны прыкідвацца, што юрыдычна ён такі ж, як усе. Сёння людзі ўжо ідуць ва ўладу не столькі дзеля самой ўлады, колькі па грошы. Але магчыма, што аднойчы і грашовае багацце перастане мець вялікае значэнне.

— Гаворачы аб трэндах: што сёння – індустрыя заўтрашняга дня, у якой можа дасягнуць поспеху нават невялікая развітая краіна (як, напрыклад, мікраэлектроніка вывела ў лідары краіны Паўднёва-Усходняй Азіі)?

— Безумоўна, гэта біятэхналогіі і медыцына. Калі паглядзець на каціроўкі акцый кампаній розных сектараў, то біятэх і фармацэўтычныя карпарацыі асабліва вылучаюцца з агульнага шэрагу. Людзі рэальна ўскладаюць надзеі на гэтыя галіны, і на гэта ёсць падставы.

EPAM і біятэхналогіі

Улетку 2014 беларускі IT-гігант EPAM Systems набыў расійска-амерыканскую кампанію GGA Software Services, якая аказвае паслугі ў сферы навуковай інфарматыкі для глабальных фармацэўтычных і медыка-біялагічных карпарацый. Сярод кліентаў GGA (а цяпер кліентаў EPAM), да прыкладу, Moderna Therapeutics, якая займаецца распрацоўкамі ў сферы матрычнай РНК, робячы магчымым самастойны сінтэз арганізмам лекаў супраць цэлага шэрагу хвароб.

Пра амбіцыі EPAM у сферы біятэхналогій нам ужо распавядаў дырэктар па распрацоўцы ў Паўночнай Амерыцы гэтай кампаніі Антон Томчанка – канспект лекцыі тут.


— У 2000-ых гадах з’явіліся пратэзы рук з кіраваннем кожным пальцам, з’явіліся партатыўныя штучныя лёгкія. У 2010-ых з’явіліся пратэзы з адчувальнасцю штучнай скуры. Спартоўцы ўжо даўно бегаюць на штучных нагах хутчэй за сваіх звычайных калегаў. Штучныя дапаможныя сэрцы дасягнулі такіх магчымасцяў, што многія пацыенты адмаўляюцца ад трансплантацыі донарскага органа на карысць механічнага.

Фармакарпарацыі прынята крытыкаваць, але і яны робяць важныя справы. У 2013 годзе адна з вядучых кампаній распрацавала сафасбувір – першы ў свеце надзейны сродак супраць гепатыту C. Пастаянна паляпшаюцца прэпараты супраць СНІДу і рака, надзвычай цікавыя перспектывы адкрываюцца ў псіхафармакалогіі. Напрыклад, дзве кампаніі цяпер тэстуюць прэпарат CERC-501. Гэта антаганіст апіоідных каппа-рэцэптараў, радыкальна новы тып антыдэпрэсанту, які тэарэтычна можа цалкам пазбавіць чалавека ад любых пакут.

Трансгуманізм – філасофская канцэпцыя і рух, якія заклікаюць да выкарыстання дасягненняў навукі і тэхналогій дзеля паляпшэння разумовых і фізічных здольнасцяў чалавека.

У ідэале трансгуманізм імкнецца да поўнага збавення чалавека ад пакут, хвароб, старэння і нават смерці.
Трансгуманісты выступаюць за актыўнае выкарыстанне існых навуковых дасягненняў, а таксама развіццё геннай інжынерыі, камп’ютарных, бія- і нанатэхналогій.

3

ПРА ЭВАЛЮЦЫЮ ЧАЛАВЕКА

— Давайце пагутарым пра вашыя трансгуманістычныя погляды на будучыню чалавецтва. Вы прагназуеце, што ў далёкай будучыні людзі змогуць не толькі падаўжаць сваё жыццё і змяняць сваё цела, але і адвольна змяняць свае патрэбы (матывацыі), самапраграмавацца для атрымання большага задавальнення.

Вы апісваеце гэта так: “Прыродныя праграмы больш не маюць значэння. Значэнне мае толькі тая праграма, якую чалавек закладзе сабе сам альбо хтосьці закладзе яе замест яго”. Вы называеце такую будучыню “постчалавечым сацыялізмам”.

Раскажыце пра гэта падрабязней.


— Тэма штучнага перапраграмавання чалавечых матывацый – гэта адно з маіх галоўных філасофскіх зацікаўленняў. Мой першы акадэмічны артыкул на гэтую тэматыку выйшаў у 2008 у часопісе “Пытанні філасофіі”. Там я сцвярджаю, што рана ці позна чалавек з дапамогай тэхналогій навучыцца лёгка перапраграмоўваць свае асабістыя якасці, прышчапляць сабе новыя інтарэсы і карэктаваць старыя. Атрымае “чароўную кнопку”, націснуўшы якую, ён зможа палюбіць тое, чаго раней не любіў (напрыклад, цяжкую працу), або разлюбіць тое, што раней любіў (напрыклад, шкодную ежу).

Рана ці позна чалавек з дапамогай тэхналогій навучыцца лёгка перапраграмоўваць свае асабістыя якасці, прышчапляць сабе новыя інтарэсы і карэктаваць старыя.

Але тут магчымыя два сцэнары. Альбо людзі самі будуць праграмаваць сябе, як хочуць (але тады магчыма, што некаторыя запраграмуюць сабе шкодныя і агрэсіўныя патрэбы), альбо ўлада будзе праграмаваць людзей сілком (як гэта адбывалася ў рамане Олдаса Хакслі “О дзіўны новы свет”).

— Вас не палохае такая перспектыва?

— У артыкуле я выказаў здагадку, што гэтыя дзве крайнасці з часам згладзяць свае вострыя куты. Занадта адкрытыя таталітарныя антыўтопіі будуць нежыццяздольныя, але і самі людзі стануць устрымлівацца ад праграмавання занадта антысацыяльных і эгаістычных патрэбаў.

У пэўнай ступені барацьба за чалавечыя патрэбы ўжо ідзе на нашых вачах. Дзяржава даўно праграмуе нашыя патрэбы – праз прапаганду, сістэму выхавання, сацыяльную рэкламу. Калі казаць пра самыя радыкальныя сучасныя спосабы ўмяшання ў псіхіку, напрыклад, праз псіхатропныя прэпараты, то і тут дзяржавы не заставаліся ў баку. Дастаткова ўзгадаць “шакалад танкістаў” з метамфетамінам ў фашысцкай Германіі. Гітлер марыў ператварыць увесь народ у ідэальных салдат без страху, голаду і стомленасці, а псіхатропы ў гэтым дапамагалі – хай і не на карысць здароўю. Падобныя “стымулятары гераізму” выкарыстоўваліся не толькі ў Германіі, але і ў іншых краінах, якія ваявалі.

У канцы XX стагоддзя патрэба ў салдатах і фанатыках зменшылася і на алімп выйшаў новы герой – паспяховы і працавіты офісны работнік. Большасць дафамінергічных стымулятараў, напрыклад, метамфетамін, былі забароненыя, затое з’явіліся сератанінергічныя антыдэпрэсанты, напрыклад, празак (флуоксецын). Яны няблага пазбаўляюць чалавека ад “шкодных думак” (“ці правільна я жыву?”), дадаюць агульнага аптымізму і працавітасці.

Праблема толькі ў тым, што пры працяглым ўжыванні яны прытупляюць здольнасць чалавека адчуваць любыя моцныя пачуцці – не толькі негатыўныя, але і пазітыўныя. Але менавіта такія людзі былі запатрабаваныя. Празак ды іншыя падобныя прэпараты актыўна прапагандаваліся, а іншыя сератанінергікі, псіхадэлікі, здольныя выклікаць моцныя пачуцці і экзістэнцыйныя думкі, напрыклад, ЛСД або МДМА (экстазі) – былі забароненыя.

Цяпер свет мяняецца і працы патрабуецца менш. Магчыма, хутка большасць насельніцтва развітых краін будзе жыць на сацыяльныя выплаты. Затое на першы план выходзіць бяспека. Урады больш заклапочаныя не тым, каб людзі працавалі, а тым, каб не бунтавалі і не ваявалі.

Пры гэтым самі людзі ўсё менш задураныя тэлевізійным дурманам, і маніпуляваць імі з дапамогай рэкламы і прапаганды ўсё цяжэй. Дзяржава ўжо не можа дзейнічаць такімі нязграбнымі метадамі як раней (адзін прэпарат забаронім, іншы разрэкламуем). У грамадстве павялічылася запатрабаванне на сапраўдныя моцныя пачуццяі. Цяпер у заходніх краінах ідзе пошук новага статус-кво.

Вядучыя навукоўцы адкрыта выступаюць за дэкрыміналізацыю псіхадэлікаў. А фармакарпарацыі працуюць над больш кампраміснымі, але не менш сур’ёзнымі прэпаратамі – новымі антыдэпрэсантамі, якія не глушаць пачуццёвасць, як празак, а перанакіроўваюць яе ў бяспечнае рэчышча. І ўжо ёсць першыя ластаўкі.

Я ўжо казаў пра прэпарат CERC-501, але ён пакуль толькі тэстуецца. Затое ў 2015-ым годзе на амерыканскім рынку з’явіўся іншы інавацыйны антыдэпрэсант – флібансерын. Журналісты скандальна назвалі яго “жаночай віяграй”. На яго пакуль мала водгукаў, але ёсць падставы лічыць, што гэта лекі з сур’ёзным “падвойным дном”, бо гэта антаганіст сератанінавага рэцэптара 1A, а такія прэпараты не толькі падымаюць палавую цягу (гэта не галоўная іх уласцівасць), але таксама зніжаюць агрэсію, страхі і стрэсы, павышаюць прыязнасць, памяншаюць сарамлівасць пры зносінах, а таксама памяншаюць дыскрымінацыю патэнцыйных партнёраў паводле сексуальнай прывабнасці.

Чалавек, які пастаянна прымае моцнадзейныя антаганісты рэцэптара 1A, калі яны не будуць шкодныя для здароўя і інтэлекту, – гэта псіхалагічна ўжо постчалавек. Ён вольны ад злосці і нянавісці, ад неабгрунтаваных страхаў, сарамлівасці і дэпрэсій, ён не ацэньвае людзей вакол па знешнасці і сексуальнасці, бо яму ўсе падаюцца прыгожымі і добрымі. Ім больш кіруе розум, чым інстынкты.

Незразумела, ці гатовыя сучасныя дзяржавы да з’яўлення такога чалавека, і наўрад ці сам флібансерын стане такой панацэяй. Але нават калі названыя ўласцівасці ў яго будуць хаця б часткова – гэта будзе найцікавейшы прарыў.

Таму магчыма, што некаторыя падзеі, якія я раней адносіў у будучыню, на справе ўжо адбываюцца.

— Што датычыць аддаленых перспектыў эвалюцыі чалавека: у сваіх артыкулах вы пастулюеце гэтак званы “прынцып задавальнення” і вылучылі гіпотэзу, што нават вельмі аддалены лёс чалавецтва, як і тэарэтычна любога іншага разумнага віду, можа быць прадказаны з пункту гледжання максімізацыі задавальнення.

Іншымі словамі, людзі, як від, будуць развівацца ў бок асалоды.

Вы бачыце два шляхі развіцця нашага віду: бясконцая агрэсіўная экспансія (павелічэнне сябе ў прасторы) або шлях неўміручасці (падаўжэння сябе ў часе). Можаце спыніцца на гэтым больш падрабязна?

— Гэта сапраўды далёкія, можна сказаць, фантастычныя, перспектывы. Сёння іх можна абмяркоўваць толькі ў самых агульных рысах. Яшчэ раней я задаваўся пытаннем: калі дапусціць, што прынцып задавальнення слушны, і чалавек аднойчы атрымае поўны кантроль над сваімі адчуваннямі і матывацыямі, то што адбудзецца з чалавецтвам? Ці не ператворыцца яно ў пацука, які ў доследах пастаянна стымуляваў свае мазгі, адмовіўшыся ад ежы і наагул не клапоцячыся пра выжыванне?

Я прыводжу аргументы, што гэтага не адбудзецца: нават калі прынцып задавальнення слушны, то разумная істота ўсё роўна імкнецца максімізаваць не толькі бягучы ўзровень задавальнення, але і сумарнае задавальненне за доўгі перыяд часу.

Калі чалавек вынайдзе кнопку перманентнага шчасця, то гэта не пазбавіць яго ад неабходнасці выжываць. Наадварот, каб атрымаць максімальнае сумарнае задавальненне, яму трэба будзе максімальна доўга жыць. А для гэтага – развіваць навуку, клапаціцца пра бяспеку і г. д. Але ў леташнім артыкуле я паставіў іншае пытанне: у якой ступені магчымасць атрымання задавальнення чыста тэхнічна залежыць ад прыродных рэсурсаў?

Калі чалавек вынайдзе кнопку перманентнага шчасця, то гэта не пазбавіць яго ад неабходнасці выжываць. Наадварот, каб атрымаць максімальнае сумарнае задавальненне, яму трэба будзе максімальна доўга жыць.

Можа быць, магчымае некаторае найвышэйшае шчасце, вышэй за якое рухацца няма куды. Усе людзі дасягнуць яго і пытанне аб задавальненні будзе знята з парадку дня. Яны будуць проста жыць далей, падаўжаць сваё жыццё і, магчыма, рабіць шчаслівымі іншых істот.

Але магчымая і альтэрнатыўная сітуацыя: шчасце кожнай істоты можна павялічваць неабмежавана, спажываючы ўсё больш энергіі ды іншых рэсурсаў. Тады чалавецтва чакаюць драматычныя часы. Усе будуць біцца за рэсурсы і канца гэтай вайне не будзе. Трансгуманістычны філосаф Дэвід Пірс прапанаваў канцэпцыю уцілітроніума – звышістоты, якая дзеля максімізацыі ўласнага шчасця праглыне ўсіх астатніх істот на Зямлі і ператворыцца ў гэтакі Салярыс. Горкая іронія, што пасля гэтага на Зямлі сапраўды застануцца толькі шчаслівыя істоты, у колькасці адной штукі.

Які з гэтых двух сцэнароў слушны? Адказ на гэтае пытанне могуць даць даследаванні мазгоў, але пакуль ён невядомы. Занадта шмат чаго мы пакуль не ведаем пра механізмы задавальнення.

— Вы лічыце сябе трансгуманістам, вітаеце наступленне будучыні “тут і цяпер”. Што б вы сказалі кансерватарам, якія баяцца таго, што чалавек паступова перастае быць чалавекам?

— Скажу, што не трэба фетышызаваць чалавека такім, які ён ёсць цяпер. Чалавек – гэта толькі адзін з біялагічных відаў. Яго заслуга ў тым, што ён першым здолеў пабудаваць развітую цывілізацыю. У неандэртальца для гэтага не хапіла розуму. У гома сапіенса ледзь хапіла. Але гэта не значыць, што чалавек – вянок светабудовы. У чалавеку ёсць што мяняць. Яго можна зрабіць лепшым, больш шчаслівым, надзейным, разумнейшым, мацнейшым, дабрэйшым… Якой бы этычнай сістэмы вы ні прытрымліваліся (акрамя рэлятывізму), вы можаце ўявіць сабе больш прыгожага чалавека, чым ён ёсць цяпер. Усё, што вас палохае ў трансгуманізме – гэта тое, што ён імкнецца ствараць гэтага цудоўнага чалавека “штучнымі” сродкамі. Але ўся наша цывілізацыя і культура – усё, што адрознівае нас ад малпы, – усё гэта і ёсць штучнае.

Не трэба фетышызаваць чалавека. Яго можна зрабіць лепшым, больш шчаслівым, надзейным, разумнейшым, мацнейшым, дабрэйшым