Прыднястроўе: мінулае свету, будучыня Данбасу

Чаму Данецк і Луганск найбольш зацікаўленыя ў тым, каб не замарожваць канфлікт.
Рыгор Астапеня· 8 Верасня 2014
Прыднястроўе: мінулае свету, будучыня Данбасу

Прыпыненне агню, дасягнутае ў Менску, адпавядае інтарэсам амаль усіх уцягнутых у канфлікт. Украіна атрымала магчымасць аднавіць сілы, Расія спрабуе не нарвацца на заходнія санкцыі, а Захад пазбегнуць неабходнасці гэтыя санкцыя ўводзіць. Калі нехта і губляе ў гэтай сітуацыі, то гэта Данбас. Гэта ягоная тэрыторыя будзе замарожаная на доўгія гады.

Падзеі паказваюць, што Крэмль не бачыць Данбас часткай Расеі ці “незалежнымі рэспублікамі”, але толькі падважнікам уплыву на Кіеў. Данецк і Луганск не стануць Крымам, максімум – Прыднястроўем, тыповым замарожаным канфліктам. Крэмль ужо правёў “рэферэндум” ды стварыў перамоўную групу з удзелам сепаратыстаў – гэтак было і ў Прыднястроўі. Гэта дрэнна не толькі для Украіны агулам, але і для тых баевікоў, якія шчыра прагнуць дабра для Данбасу.

Прыднястроўе: з падтрымкай Крамля і без будучыні

Гэткі сцэнар можа забяспечыць Данбасу тыя ж карысці, што атрымлівае сёння Прыднястроўе. Крэмль праўдападобна пагодзіцца даплачваць па $ 15 да кожнай пенсіі і пастаўляць амаль бясплатны газ, як ён гэта робіць у адасобленым рэгіёне Малдовы. Але не болей за тое. Напрыклад, Расея можа лёгка мадэрнізаваць маленькае Прыднястроўе, але гэтага не робіць, бо эфектыўная эканоміка пазбавіць Прыднястроўе залежнасці ад Крамля.

Усе рэгіёны замарожаных канфліктаў пусцеюць. Калі ў 1990 годзе ў Прыднястроўі жыло 750 тысяч людзей, то на пачатку 2014 гэтая лічба зменшылася на траціну – да 505 тысяч жыхароў (тут і далей афіцыйныя дадзеныя Прыднястроўя). Людзі з’язджаюць і проста выміраюць. Сёння ў Прыднястроўі больш пенсіянераў, чым людзей, якія працуюць.

Данбас мусіць ведаць, што нават Расея, ініцыятар канфлікту, не хоча інвеставаць у такія рэгіёны. Прыднястроўе ўвесь час пакутуе на аграмадны дэфіцыт бюджэту ды адмоўнае сальда ў замежным гандлі. Пры экспарце на $ 587 млн, рэгіён імпартаваў тавараў на $ 1,66 млрд за 2013 год. Пры тым, улады рэгіёну ўвялі нават уласны рубель, але ён нідзе не выменьваецца. Лагічна, што ніхто не хоча мець бізнес у краіне з мутным заканадаўствам, малым рынкам, непрызнаным прававым статусам, насельніцтвам, якое вымірае, і недэмакратычным рэжымам.

Значна болей, чым на Расею, Прыднястроўе разлічвае на сваіх працоўных мігрантаў, якія высылаюць грошы дадому. Сума толькі афіцыйных трансфераў дасягнула $ 198,5 млн у 2012 годзе.

Наўрад ці нехта ў Прыднястроўі мае спадзевы на прызнанне. Рэгіён ужо правёў і “рэферэндум”, “вынікі” якога паказалі, што 97,2 % падтрымалі далучэнне рэгіёну да Расеі. Кіраўнікі рэгіёну, як мантру, паўтараюць словы аб жаданні далучыцца і да Расеі, і да Мытнага саюзу, і да Еўразійскага саюзу. Ды і большасць людзей радыя, што прыднястроўскія “отцы воевали” на пачатку 90-ых, але ж стараюцца мець як мага больш пашпартоў: прыднястроўскі, малдаўскі, расейскі і ўкраінскі. Бо ўсе ўсведамляюць, што Расея 20 гадоў незалежнасць не прызнавала ды прызнаваць не плануе.

Адзіныя, хто можа выйграць ад прыднястроўскага сцэнара, гэта алігархі, якія здолеюць захапіць кантроль над рэгіёнам, высмактаць з яго грошы, стварыць шэрыя схемы продажу расейскага газу ды распілу гуманітарнай дапамогі Расеі. У Прыднястроўі нішу заняў “Шэрыф”, які ўтрымлівае запраўкі, супермаркеты, мабільную сувязь і нават стадыён. Кампанія дамінуе ў эканоміцы рэгіёну, але нягледзячы на гэта да нядаўняга часу карысталася падатковымі ільготамі. Ці гэта не тая самая алігархія, якую так не любяць украінцы?

Данбас на перамовах баевікоў з Кіевам, а тым болей на стацыянаванні расейскіх “міратворцаў” не выйграе. Калі ж Украіна не здолее болей ваяваць і замарозіць канфлікт, то страціць Данбас, а Данбас страціць шанцы на развіццё.

Падобныя тэмы
вайнаДанбасМалдова
ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Дзевяць рэчаў, за якімі варта сачыць падчас парламенцкай кампаніі
Тлумачым на гіфках, як ацэньваць, што будзе з беларускім парламентам пасля лістападаўскіх выбараў. 
Рыгор Астапеня· 26 Жніўня
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Тры прычыны, чаму трэба звольніць міністра Карпенку
Новае эпічнае ВІДЭА!