аляксандр гойшык
Як жыве запаведнік СССР.
Рэпартаж з непрызнанага Прыднястроўя

Бадай, кожны беларус калісьці чуў, што Беларусь – гэта востраў Савецкага Саюза ў бурлівым моры капіталізму. Дык вось, не верце: той, хто гэтак кажа, напэўна, мала дзе бываў. І зусім неабавязкова ехаць у далёкі і экзатычны Туркменістан, дастаткова ад’ехаць тысячу кіламетраў на поўдзень ад Мінска, каб патрапіць у самую сапраўдную савецкую краіну – з куды большай колькасцю сярпоў, молатаў і непрызнаным вось ужо чвэрць стагоддзя статусам.

Гаворка пра Прыднястроўе, непадкантрольны афіцыйнаму Кішынёву рэгіён Малдовы, першая ў еўрапейскай частцы былога СССР удалая спроба стварыць “народную рэспубліку” пры дапамозе ветлівых і не вельмі людзей.

– Извините пожалуйста, можно вас попросить сфотографировать меня?
– Конечно. Ты что, из Беларуси?!
– Да.
– Прикольно, я тоже. Из Могилёва.
– ??
– Мы в девяностые сюда переехали.
– И что, назад вернуться не хотите?
– А зачем? Там работать надо, а тут зарабатывать можно, офшор же.

З гэтага кароткага дыялогу каля вакзала ў Ціраспалі пачынаецца маё знаёмства з Прыднястроўем.

Вярхоўны Савет і Урад ПМР

Ад плацдарму для вяртання Бесарабіі да непрызнанай рэспублікі

Прыднястроўе ўяўляе сабой вузкую палоску зямлі паміж Малдовай і Украінай, на левым беразе ракі Днестр, даўжынёю каля 400 кіламетраў. Створаная яна была ў 1924-ым годзе як Малдаўская Аўтаномная ССР у межах савецкай Украіны з мэтай стаць плацдармам для вяртання ў склад Савецкага Саюза Бесарабіі, якая ў міжваенны перыяд была часткай Румыніі. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, згодна з пактам Молатава-Рыбентропа, Бесарабія адыходзіць СССР і ўваходзіць у склад Малдаўскай аўтаноміі, якая становіцца паўнапраўнай савецкай рэспублікай.

На тэрыторыю Прыднястроўя пачынаюцца масавыя перасяленні ўкраінскага і рускага насельніцтва для развіцця індустрыі ў савецкай Малдове. Тут першапачаткова ствараецца большасць прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, таму што эканоміка былой Бесарабіі пасля румынскага панавання мела пераважна аграрны характар.

Такі склад насельніцтва рэгіёна і абумовіў жаданне аддзяліцца ад Малдовы пасля развалу Савецкага Саюза. Пэўную ролю тут адыграў Малдаўскі Народны Фронт, які пасля абвяшчэння незалежнасці краіны імкнуўся як мага хутчэй аб’яднацца з Румыніяй. Калі сярод малдаўскага насельніцтва гэтыя ідэі карысталіся папулярнасцю, то ў рэгіёнах, дзе пераважалі іншыя народы, – у Прыднястроўі ды Гагаузіі – дамінавалі погляды аднаўлення СССР.

Дадаткова накаліў сітуацыю закон пра адзіную дзяржаўную малдаўскую мову. У адказ на гэта была аб’яўленая незалежнасць Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. Калі ж тагачасны прэзідэнт Малдовы Мірча Снегур паспрабаваў вырашыць праблему сілай, пачалася вайна.

Праўда, прызналі гэтую незалежнасць пакуль толькі такія ж непрызнаныя краіны: Абхазія, Паўднёвая Асеція, Нагорны Карабах.

Дзякуючы наяўнасці савецкіх вайсковых базаў, добраахвотнікам з Расіі (там праходзіў баявое хрышчэнне вядомы барацьбіт за “рускі мір” Ігар Стралкоў) і непасрэднаму дыпламатычнаму умяшальніцтву Масквы пасля некалькіх месяцаў баявых дзеянняў летам 1992-га было падпісанае мірнае пагадненне. Фактычна гэта стала пачаткам незалежнасці Прыднястроўя.

“Там рускі дух, там Руссю пахне…”

Цяпер насельніцтва гэтай непрызнанай краіны складае каля 500 тыс. жыхароў, прыблізна пароўну малдаванаў, украінцаў і рускіх. Пры гэтым грамадзянаў Расіі тут – каля 200 тыс. Атрымаць расійскі пашпарт можна за месяц, каштуе гэта каля $ 40. Былі часы, калі выдавалася да 50 пашпартоў штодня. Кожны жыхар ПМР мае па два-тры, а часам і па чатыры пашпарты: прыднястроўскі, расійскі і малдаўскі, нярэдка яшчэ і ўкраінскі.

Можна нават атрымаць і беларускі, праўда, па словах мясцовых, гэта вельмі доўгі і складаны працэс. Для гэтага раз на месяц сюды прыязджае наш консул з Кішынёва.

Яго пакойчык месціцца ў Інстытуце краінаў СНД насупраць прадстаўніцтваў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, там жа знаходзіцца Саюз рускіх абшчынаў.

Атрымаўшы расійскі пашпарт, моладзь пераважна з’язджае на заробкі ў Расію, а пенсіянеры афармляюць расійскія пенсіі. Прарасійская арыентацыя тут адчуваецца на кожным кроку: вонкавая рэклама, аб’явы на прыпынках, асартымент у кнігарнях (дзе прадаюцца партрэты Пуціна і Сталіна, а таксама сцягі Наваросіі і Расійскай імперыі), але перадусім у размовах людзей.

У 2006-ым тут нават адбыўся рэферэндум аб далучэнні да Расіі, такі ж як у Крыме ў 2014-ым. Дарэчы, у абодвух рэгіёнах “за” прагаласавалі 97 % выбарцаў. Праўда, Крым ужо ў складзе Расіі, хаця гэта і не прызнана міжнароднай супольнасцю, а непрызнанае Прыднястроўе ўсё яшчэ не.

Ну и зачем нам эта бедная Молдавия? Легли под румын и американцев, а все равно самая голо***ая страна Европы! Правильно мы их прогнали тогда, теперь ни од кого не зависим. Хотя, конечно, если они одумаются и станут такими же пророссийскими как и мы – то мы с ними объединимся, и все вместе войдём в состав России. Путин нас точно примет!

Гэты знешнепалітычны расклад мне прадставіў нефармальнага выгляду мінак на ціраспальскай вуліцы, у якога я запытаў, дзе можна знайсці кавярню з Wi-Fi. Пятру 31 год, апошнія пяць гадоў ён жыве ў Маскве, дзе займаецца пракладкай аўтаномнай каналізацыі. На радзіму прыехаў толькі, каб атрымаць новы расійскі замежны пашпарт, пасля адразу ж з’едзе назад у РФ, таму што ў ПМР “полная труба с работой и перспективами”. Хлопец свята верыць у Расію, якая выстаіць, нягледзячы на самы вялікі крызіс.

– Мы же русские, с нами Бог! – кажа ён мне на развітанне.

Незалежнасць
за расійскі кошт

Эканоміка краіны пабудаваная на вялікіх датацыях з бюджэту Расіі. Адной з самых важных крыніцаў прыбытку з’яўляецца расійскі газ, які ПМР атрымлівае амаль бясплатна. Але ўнутраныя спажыўцы плацяць за яго па рынкавых тарыфах, увесь прыбытак ад гэтага паступае на так званы “газавы рахунак”, які кантралюецца прэзідэнтам рэспублікі.

У 2012-ым тарыфы на газ для прадпрыемстваў былі паднятыя адразу на 67 %, у выніку чаго тыя моцна пацярпелі, а некаторыя збанкрутавалі і прыпынілі вытворчасць. Гэта адбілася на насельніцтве – з сакавіка мінулага года выплаты бюджэтнікам і пенсіянерам былі ўрэзаныя на 30 %, што, у сваю чаргу, адчуў мясцовы бізнес, які таксама стаў паціху згортвацца.

Сваю ролю тут адыграў таксама цвёрды курс прыднястроўскага рубля, які, у адрозненні ад рубля расійскага, застаецца нязменным апошнія пяць гадоў. У выніку ўпаў экспарт, а ў бюджэт паступіла амаль на палову менш падаткаў, чымся ў мінулым годзе.

Дарэчы, нешматлікія экспартныя прыднястроўскія тавары могуць выходзіць на знешні рынак толькі праз Малдову і з яе штрых-кодам. На этыкетках гэтак і пішуць: “Малдова, ПМР”. Праўда, калі прадукцыя адпраўляецца ў Расію, якая часта ўводзіць санкцыі супраць малдаўскай прадукцыі, на тыя ж этыкеткі ставяць расійскі штрых-код.

Яшчэ адна важная крыніца прыбытку краіны – кантрабанда, перадусім алкаголю і тытуню. Але і тут цяпер адчуваецца крызіс, і звязана гэта галоўным чынам з украінскімі падзеямі. Каб парушыць кантрабандныя схемы, быў забаронены ўвоз ва Украіну з ПМР падакцызных тавараў. Яшчэ раней сваю мяжу закрыла Румынія, так што цяпер некаторыя прыднястроўскія палітыкі заяўляюць ледзь не пра эканамічную блакаду рэспублікі.

Праблемы ПМР “Шэрыфа” не хвалююць

Праўда, усё гэта не надта адбіваецца на “Шэрыфе” – самай вялікай кампаніі ў непрызнанай краіне. Гэты холдынг забяспечвае паступленне паловы сродкаў у рэспубліканскі бюджэт. Яму належыць буйнейшая сетка аднайменных супермаркетаў, заправак, спартовы комплекс і футбольны клуб, кампанія “ІнтэрДнестрКом” – манапаліст у сферы мабільнай і фіксаванай тэлефоннай сувязі, а таксама адзіны інтэрнэт-правайдар у ПМР, вядомы завод “KVINT”, шэраг прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, адзін з найбуйнейшых у краіне банкаў, выдавецтва, шэраг СМІ і нават палітычная партыя “Абнаўленне”. Карацей, “Шэрыфу” належыць амаль усё.

Партыя “Абнаўленне” атрымала ўпэўненую перамогу на нядаўніх парламенцкіх выбарах над прэзідэнцкай партыяй “Адраджэнне”, што прывяло нават да няўдалага лакальнага міні-Майдана. Падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў перад будынкам ЦВК Прыднястроўя сабралася каля 400 чалавек – гэта былі пераважна працоўныя металургічнага камбіната, падкантрольнага прэзідэнту, якіх у найлепшых савецкіх традыцыях прывозілі туды цэлымі аўтобусамі.

Праўда, як кажуць, пасля тэлефоннага званка з Масквы ўсё раптам скончылася.

Супрацьстаянне з “Шэрыфам” ужо прыводзіла да змены палітычнага кіраўніцтва краіны, калі ў 2011-ым не перавыбралі першага прэзідэнта ПМР Ігара Смірнова, які кіраваў рэспублікай больш за 20 гадоў. У разгар барацьбы прэзідэнта і Вярхоўнага Савета, якім кіраваў лідар “Абнаўлення”, на палітычную сцэну выйшаў Яўген Шаўчук – былы лідар гэтай жа партыі, які заявіў пра сябе як пра незалежнага кандыдата, які навядзе парадак з карупцыяй і падвысіць узровень жыцця грамадзянаў.

Крыніца: афіцыйны сайт Яўгена Шаўчука

Досыць падобна прыйшоў да ўлады Лукашэнка ў 1994-ым. Насельніцтва, стомленае палітычным крызісам, выбрала новага чалавека. Як і Лукашэнка, Шаўчук пачаў з чысткі палітычнага апарату і замены нелаяльных чыноўнікаў. Будучы выхадцам з МУС, новы прэзідэнт пачаў вайну таксама і з чэкістамі. Іх ведамства было паніжанае ў статусе з міністэрства да камітэта, у адстаўку быў адпраўлены яго нязменны кіраўнік (які займаў свой пост амаль 20 год) генерал-лейтэнант Уладзімір Анцюфееў.

Праўда, пасля адстаўкі ён нядоўга сядзеў без працы: з пачаткам падзеяў у Крыме і на Данбасе Расея зноў паклікала свайго вернага афіцэра бараніць “рускі мір”. Цяпер Анцюфееў з’яўляецца першым намеснікам кіраўніка Савета міністраў гэтак званай Данецкай Народнай Рэспублікі.

У Прыднястроўі пагаворваюць, што разам з сабою на Данбас ён забраў каля 60 вайскоўцаў, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек адправіліся туды добраахвотна.

Як узгадвалася вышэй, новы прэзідэнт ПМР замкнуў на сабе ўсе прыбыткі ад продажу расійскага газу на ўнутраным рынку. Таксама СМІ ўзгадваюць пра афіляваную з ім фірму-пасярэдніка па продажу электраэнергіі ў Малдову, якая працуе дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. Пасля выбрання на пасаду Шаўчук і прызначаная ім міністарка замежных справаў ПМР Ніна Штанскі зрабілі шэраг аднабаковых саступак афіцыйнаму Кішынёву, што адразу ж выклікала рэзкі шквал крытыкі з боку Расіі. Дарэчы, у мінулым годзе гэтая самая міністарка стала першай лэдзі Прыднястроўя.

Шматмоўе па-беларуску

У ПМР тры афіцыйныя мовы: малдаўская (у кірылічным запісе), украінская і руская. Але так як і ў Беларусі афіцыйнае шматмоўе не мае нічога агульнага са спрэс рускамоўнай рэчаіснасцю: у Прыднястроўі дзейнічае ўсяго восем малдаўскіх школ і адзін украінскі ліцэй, усе СМІ рускамоўныя. За некалькі дзён у ПМР я адзін раз пачуў украінскую мову, і столькі ж – малдаўскую. Кіроўца, які вёз мяне з Прыднястроўя ў Кішынёў, не хаваў свайго абурэння: “Почему они называют себя Молдавской республикой, если для них молдавский язык хуже мата!”

Малдаўская мова кірыліцай

На прыкладзе Прыднястроўя можна яскрава пабачыць, што нельга бясконца рэанімаваць труп СССР. Раней ці пазней усё стане на месцы, бо законы рынку працуюць, нягледзячы на ўсе нарматывы і загады. І нават калі адваяваць сабе кавалак зямлі і паспрабаваць там стварыць савецкі рай на зямлі (няхай і на расейскія грошы), то глабальныя эканамічныя працэсы дастануць і там. Як гэта было і ў выпадку СССР, зрэшты. Усё гэта мусіць быць паказальна як для розных Д/ЛНР, так і для сучаснай Беларусі.