• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Украінскі эксперымент з даверам

    Давер з'яўляецца дэфіцытным рэсурсам ва ўкраінскай палітыцы. Ці можа тэлевізійны прэзідэнт стаць тым, хто дадасць гэтага даверу на выбарах?

    “Слуга народа” – найбольш папулярны ва Украіне тэлесерыял – апавядае гісторыю настаўніка гісторыі, які нечакана становіцца прэзідэнтам краіны. Яго герой Васіль Галабародка адыходзіць ад шоку пасля сваёй перамогі, каб пайсці крыжовым паходам супраць карупцыі і ўсякага роду іншых злоўжыванняў улады, абяцаючы служыць свайму народу найлепш, як ён толькі можа.

    Ён шчыры, рашучы, смешны і сціплы – і ездзіць на працу на ровары.

    Галабародка заваяваў сэрцы ўкраінцаў, з якіх каля 4,7 млн глядзелі кожную серыю. Трэці сезон пачнецца ў сакавіку 2019-га года, калі ва Украіне адбудуцца сапраўдныя прэзідэнцкія выбары.

    Мяжа паміж выдумкай і рэальнасцю пачала знікаць у сакавіку 2018-га года, калі поспех “Слугі народу” натхніў на стварэнне палітычнай партыі з такой жа назвай. Уладзімір Зяленскі – паспяховы комік, актор і прадзюсар, які грае Галабародку – абвясціў у студзені 2019-га года, што ён будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта. У цяперашні час ён самы папулярны кандыдат паводле апытанняў, нягледзячы на тое, што ён балатуецца супраць дзейнага прэзідэнта Пятра Парашэнкі і экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі. Самае апошняе апытанне дае Зяленскаму 26,9 % галасоў, Парашэнку – 17,7 %, а Цімашэнцы – 15,8 %.

    Ці ўкраінцы паверылі, што Зяленскі – гэта насамрэч Галабародка? Наўрад ці.

    Тым не менш яны, падобна, лічаць, што ён можа быць Галабародкам. Украінскія выбарнікі адчайна хочуць лідара, якому яны змогуць давяраць. Але знайсці такога складана. Нягледзячы на шматлікія дасягненні ў падпісанні Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, атрыманні бязвізавага рэжыму з Шэнгенскай зонай і захаванні дзяржавы ў часе вайны на ўсходзе, Парашэнку часта абвінавачваюць у тым, што пры ім карупцыя толькі павялічылася. 60,8 % украінцаў маюць да яго негатыўнае стаўленне. Яго апошнія поспехі – дапамога Украінскай Праваслаўнай Царкве атрымаць незалежнасць ды ўпісанне намераў стаць чальцом НАТА і ЕС ва ўкраінскай Канстытуцыі – толькі нязначна палепшылі яго імідж.

    Сярэдні клас украінцаў глыбока расчараваны. Некаторыя з іх суайчыннікаў загінулі на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасці пяць гадоў таму. Гэты боль яшчэ свежы. Украінцы лічаць, што яны заслугоўваюць лепшага за тую высокую цану, якую яны заплацілі. Ці сумяшчальная Цімашэнка з годнасцю, якую яны шукалі? Яна мае адмоўны рэйтынг для 50 % украінцаў і лёгка заняла першае месца ў нядаўнім рэйтынгу галоўных папулістаў і хлусаў ва ўкраінскай палітыцы. Яна да гэтага часу вядзе ў некаторых апытаннях, але яе падтрымка згасае.

    Агулам украінцы моцна не давяраюць уладзе. Гэта відаць не толькі з сацыялагічных даследаванняў, але і з гутарак з многімі жыхарамі Кіева. Такі недавер цалкам зразумелы, калі ўлічыць досвед дзесяцігоддзяў савецкай улады, глыбока ўкаранелую карупцыю і алігархію. Украіна з’яўляецца краінай, моцна траўмаванай жахам Галадамору, які забраў жыцці 6-8 млн людзей, у тым ліку 4-5 млн украінцаў. Са сваёй падазронасцю ў дачыненні ўрада ўкраінцы імкнуцца адмяніць законы аб імунітэце палітыкаў, якія перашкаджаюць лёгка звальняць і саджаць у турму палітыкаў. Яны бачаць гэта як адну з найбольш важных рэформаў, якую можа зрабіць дзяржава.

    Зяленскі, здаецца, разумеў гэта, калі стварыў верагодны вобраз Галабародкі. Калі ён зможа пераканаць выбарнікаў у тым, што яму таксама можна давяраць, ён мае вельмі высокія шанцы на перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Яго адмоўны рэйтынг складае ўсяго 20 %.

    Усведамляючы, што імунітэт палітыкаў вельмі непапулярны, ён зрабіў адмену гэтага імунітэту сваім прыярытэтам.

    І разумеючы, што многія ўкраінцы баяцца моцных урадаў, ён паабяцаў часцей звяртацца да прамой дэмакратыі – праз правядзенне рэгулярных рэферэндумаў.

    Адным з аргументаў супраць Зяленскага з’яўляецца тое, што ён сапраўды не мае палітычнай праграмы. Але многія выбарнікі могуць падумаць, што яе не меў і Галабародка, які дзякуючы сваёй прыстойнасці і розуму неўзабаве зразумеў, якія правільныя рэчы трэба рабіць. Прынамсі, людзі могуць верыць, што Галабародка будзе сумленна старацца дзейнічаць у інтарэсах грамадства. У духу служэння людзям і, дазваляючы ім уплываць на яго, Зяленскі запрасіў усіх ахвотных далучыцца да яго партыі – але толькі тых, хто не мае ніякага вопыту ў палітыцы.

    Некаторыя палітолагі прагназуюць, што Зяленскі страціць сваё лідарства ў апытаннях грамадскай думкі, як толькі згасне эйфарыя вакол пачатку яго кампаніі. Тым не менш негатыўнае стаўленне да Парашэнкі і Цімашэнкі настолькі моцныя, што цяжка зразумець, як гэта можа змяніцца.

    Зяленскі, хутчэй за ўсё, атрымае галасы проста па той прычыне, што ён – не Парашэнка і не Цімашэнка.

    Праціўнікі Зяленскага часам звяртаюць увагу на тое, што многія з яго прыхільнікаў – гэта маладыя людзі, якія могуць лёгка мабілізавацца ў сацыяльных сетках, але часта не прыходзяць галасаваць. Тым не менш гэта маладыя ўкраінцы распачалі Рэвалюцыю Годнасці. Маючы такі досвед, яны хочуць узяць сваю будучыню ў свае рукі. Пасля рэвалюцыі назіраецца бум новых кампаній, у той жа час многія маладыя людзі пайшлі ў войска, кіруючыся пачуццём, што іх краіна мае патрэбу ў іх, і адчуваючы гонар, што яны ўкраінцы. Хаця многія маладыя людзі пакідаюць Украіну, тыя, якія застаюцца, магчыма, зробяць яшчэ адну спробу змяніць краіну – шляхам галасавання.

    Некаторыя назіральнікі сцвярджаюць, што нацыя ў стане вайны патрабуе дасведчанага лідара, і што гэтае меркаванне будзе адштурхоўваць выбарнікаў ад Зяленскага па меры прыбліжэння дня выбараў. Але нядаўняе даследаванне паказала, што 70 % украінцаў падтрымліваюць нейкі кампраміс з Расіяй у пытанні Данбаса, але пры ўладзе Парашэнкі такое пагадненне наўрад ці магчымае. Зяленскі, наадварот, кажа, што ў якасці прэзідэнта ён будзе весці перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, а затым правядзе рэферэндум аб тым, ці варта прымаць выніковае пагадненне. Не зусім зразумела, як гэта будзе працаваць на практыцы, але многія выбарнікі могуць палічыць, што варта прынамсі паспрабаваць.

    Насамрэч не зусім зразумела, як Зяленскі спраўдзіцца як прэзідэнт у кожным з магчымых аспектаў.

    Уся гэтая гісторыя крыху сюррэалістычная. Яго перамога на выбарах будзе адлюстроўваць грандыёзны эксперымент – для некаторых вар’яцкі безадказны эксперымент; для іншых – спакуслівы і амаль непераадольны. Галасуючы за Зяленскага, украінцы правераць вельмі радыкальную гіпотэзу: ці могуць яны абраць надзейнага прэзідэнта.

    Вядома, усё гэта можа пайсці наперакос. Гэта можа быць катастрофай. Але, перажыўшы дзесяцігоддзі эндэмічнай карупцыі, якая пакінула многіх без доступу да адэкватнай медыцынскай дапамогі і іншых паслуг, украінцы могуць адчуваць, што гэта рызыка вартая таго. Калі брытанцы могуць эксперыментаваць з “брэксітам” і амерыканцы з Дональдам Трампам, то ўкраінцы могуць таксама хацець выпрабаваць новую смелую тэорыю.

    ПаказацьСхаваць каментары