Ці гатовыя мы прыняць паўднёвых суседзяў?

Маштаб украінскай міграцыі ў Беларусь даганяе масавае перасяленне народаў пасля развалу Савецкага Саюзу. 
Аня Сафронава · 2 Лютага 2015
Ці гатовыя мы прыняць паўднёвых суседзяў?

За адзін год, дзякуючы міграцыі ўкраінцаў, насельніцтва Беларусі вырасла на 0,5 %. У параўнанні з 2013-ым колькасць грамадзянаў Украіны, якія зарэгістравалі часовае знаходжанне ў Беларусі тэрмінам да 90 дзён, павялічылася амаль у два разы. Паводле афіцыйных звестак, на 1 кастрычніка 2014 году ў Беларусі пражывала 66 115 мігрантаў з Украіны і ўсе яны маюць дазвол на працу. Для параўнання, у Расеі толькі 5 % украінскіх мігрантаў могуць уладкавацца на працу легальна. Адкуль такая розніца?

У 2014 годзе абедзве краіны – Расея і Беларусь – значна паслабілі міграцыйную палітыку для ўкраінскіх жыхароў Данецкай і Луганскай вобласцяў. Напрыклад, з верасня працэс разгляду дакументаў украінскіх мігрантаў у Беларусі складае толькі пяць дзён.

Гэта паказвае зацікаўленасць Беларусі ў працаздольных мігрантах з Украіны. У адрозненне ад Расеі, у нашай краіне відавочны дэмаграфічны перакос: нягледзячы на павелічэнне падтрымання маладых сем’яў і культуры шматдзетнасці, у Беларусі па-ранейшаму памірае больш людзей, чым нараджаецца. У такіх абставінах прыцягненне мігрантаў з падобнаю да беларусаў культураю – адна з мераў, якія могуць дапамагчы ў доўгатэрміновай перспектыве.

Як выглядае ўкраінскі мігрант

Найбольш актыўныя мігранты гэта звычайна людзі працаздольнага ўзросту, якія знаходзяцца ў пошуку лепшай долі. Падобна выглядаюць і ўкраінскія мігранты. Звычайна гэта мужчына ва ўзросце 20-50 гадоў, які прыехаў на тэрыторыю Беларусі адзін або з сям’ёй. У абставінах ваенных дзеянняў на радзіме мэты эміграцыі зразумелыя – уладкаванне на працу. Большасць імкнецца знайсці новы дом у сталіцы, бо тут большыя заробкі і магчымасці працаўладкавання. Ёсць мігранты і па-за Менскам. Другі паводле папулярнасці рэгіён – Гомельская вобласць. А вось у Горадню мігранты не спяшаюцца – іх там найменшая колькасць.

Не менш цікава паназіраць за працаўладкаваннем украінскіх мігрантаў. Паводле звестак Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі, працоўныя кантракты з беларускімі наймальнікамі па рабочых спецыяльнасцях заключылі 2413 украінскіх мігрантаў, у сферы абслугоўвання і гандлю ўладкаваліся 125. На пасады кваліфікаваных работнікаў і спецыялістаў прынятыя 327 грамадзянаў Украіны, пасады кіраўнікоў занялі 75 чалавек. Але, вядома, мігрантаў значна больш, і іх колькасць працягвае расці.

10956042_829456887128299_1022236995_n (1)

Можа нават падавацца, што змены на беларускім рынку працы звязаная з міграцыяй украінцаў. Гэтак некаторыя прадпрыемствы запрашаюць на працу са зменаю з 7.00 да 23:00 за менш чым $ 300. Хіба зацікавіцца такой працай звычайны беларус? Напэўна не. А шукальнікі з Украіны, колькасць рэзюмэ каторых дасягае 1890 у найбуйнейшым каталозе пошуку працы? Звычайна не, але ва ўмовах адсутнасці сродкаў на існаванне ў хітрых працадаўцаў ёсць шанец.

Акрамя меншых заробкаў існуе і другая праблема – немагчымасць уключэння працы на тэрыторыі Беларусі ў агульны працоўны стаж грамадзянаў Украіны. Таму, нягледзячы на свой легальны статус, мігранты не могуць разлічваць на справядлівыя пенсійныя выплаты, бо на дадзены момант эфектыўнага механізму заліку пенсіі паміж краінамі СНД няма.

Як інтэграваць украінцаў у Беларусь

Колькасць мігрантаў з Украіны будзе павялічвацца. З прававога пункту гледжання ўжо цяпер для ўкраінскіх мігрантаў у Беларусі створаныя спрыяльныя ўмовы для інтэграцыі. Але справа не толькі ў дакументах.

Пакуль украінцы пераважна разглядаюць Беларусь як тэрміновы прыстанак. Да 90 % украінскіх мігрантаў жыве на падставе часовага дазволу на пражыванне тэрмінам на тры месяцы. Але рухавік рэгіянальнай міграцыі ўжо запушчаны, і калі баі не супыняцца, Беларусь будзе негатовая прыняць большыя міграцыйныя хвалі без адпаведнай падрыхтоўкі.

Па-першае, недаступнасць жылля. У краіне, дзе нават для сваіх няма дастатковай жылой плошчы, мігрантаў застаецца толькі абняць ды пасяліць у сябе. Беларусь ужо даўно мае патрэбу ў пунктах уладкавання мігрантаў, калі жыллё не можа даць прадпрыемства, на якім яны працуюць. Выйсці з падобнай сітуацыі гэта часовае рассяленне мігрантаў у адзінкі сацыяльнага жылля паводле прынцыпу Wohngemeinschaft – камуны, дзе ў адной кватэры пражывае больш за адну сям’ю. Гэта дасць мігрантам час для пошуку працы і магчымасць самастойна зняць індывідуальнае жыллё.

Па-другое, адсутнасць сацыяльнага падтрымання мігранцкіх сем’яў з дзецьмі. Рэгістраваць украінскіх мігрантаў як уцекачоў, нягледзячы на ўсе падставы для гэтага, дзяржава не спяшаецца. Таму падрыхтоўка дзіцяці да школы кладзецца на плечы бацькоў. Беларуская і ўкраінская сістэмы навучання значна адрозніваюцца, таму трэба набываць асабістыя падручнікі, працоўныя сшыткі і матэрыялы для класных заняткаў. Мігранты не заўсёды могуць дазволіць сабе такія выдаткі, а спадзявацца на дабрыню беларускіх грамадзянаў таксама не выйсце. Таму дзяржава павінна сацыяльна падтрымліваць мігранцкія сем’і, каб не перашкаджаць іх паступовай інтэграцыі.

Трэцяе, і, відаць, самая галоўнае, беларусам нельга кансерваваць у сабе нянавісць да мігрантаў. Мы вядомыя як талерантны народ, але часта апынаемся абыякавымі. У пытанні дапамогі мігрантам не трэба забываць, што яны забяспечваюць эканамічнае развіццё абедзвюх краінаў. Таму ў нашых інтарэсах даць украінцам нармальна жыць у Беларусі.

 

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Выбары ў Расеі, чаму абмен палоннымі гэта добра і як там у Эстоніі?
Размаўляем з каардынатарам штаба Навальнага ў Маскве пра выбары і разумнае галасаванне, згадваем Маска і Лукашэнку, а таксама параўноўваем нас і суседзяў.