• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму амерыканцам не да Украіны?

    І рэспубліканцы, і дэмакраты цікавяцца геапалітыкаю толькі ў той ступені, у якой яна вырашае іх унутраныя праблемы.

    4 лістапада на сярэдзінных выбарах (midterms) у губернатарскія офісы і федэральны кангрэс ЗША, якія называюць рэпетыцыяй прэзідэнцкіх выбараў 2016 году, аглушальна перамаглі рэспубліканцы – “ястрабы” амерыканскай палітыкі і апаненты Абамы. Гэта дазволіла некаторым аналітыкам прагназаваць узмацненне жорсткасці вонкавай палітыкі ЗША ў дачыненні да “Ісламскай дзяржавы” і расейска-ўкраінскай вайны. Ці гэта сапраўды так?

    Вынік выбараў хутчэй сведчыць, што самі амерыканцы больш засяроджваюцца на ўнутраных праблемах і вонкавая палітыка іх не цікавіць. Нават пераможцы-рэспубліканцы, якія да таго ж яшчэ не аправіліся ад войнаў эры Буша малодшага, будуць рабіць сур’ёзныя міжнародныя крокі толькі ў надзвычайнай сітуацыі. То-бок, калі замежная палітыка наўпростава ўплывае на ключавыя пытанні ўнутранай.

    Вонкавая палітыка = барацьба з тэрарызмам

    Згодна з апошнім апытаннем Gallup, толькі 9 % амерыканцаў лічаць вонкавую палітыку важнейшаю за хатнюю. Тры адсоткі з дзевяці пры гэтым вылучаюць толькі адну праблему ‑ канфлікт у Іраку і паўстанне “Ісламскай дзяржавы”. У даследаванні партыйнай папулярнасці Pew Research, вонкавая палітыка нават адсутнічае як пункт. Замест яго – “тэрарыстычная пагроза”. Гэта сведчыць аб нежаданні ЗША (і асабліва дэмакратычнага ўраду) уцягвацца ў чужыя праблемы, прынамсі пакуль яны не пагражаюць бяспецы амерыканцаў.

    Для параўнання, толькі дадатковых сродкаў на вайсковую аперацыю супраць тэрарыстаў “Ісламскай дзяржавы” ЗША выдаткавала 5,6 мільярдаў долараў. Гэта амаль што ў 20 разоў больш за пакет дапамогі Украіне. Прычына ‑ “Ісламская дзяржава” разглядаецца як непасрэдная пагроза, а сітуацыя ва Украіне ‑ як усходнееўрапейская авантура непрадказальнай Расеі, у якую не варта ўблытвацца.

    Эканоміка, клімат, грамадства

    Але што сапраўды клапоціць амерыканцаў? Адказ ‑ іх уласныя ўнутраныя праблемы. Амерыканская эканоміка пераадолела глабальны крызіс, але для амерыканскага выбарніка дагэтуль найважнейшае ‑ эканамічнае пытанне. У ім грамадства ЗША застаецца роўна падзеленым паміж “кансерватарамі” (рэспубліканцамі) і “лібераламі” (дэмакратамі).

    Каб стымуляваць эканамічны рост, рэспубліканцы ставяць на вызваленне бізнесу ад лішніх падаткаў і звужэнне федэральных праграмаў. Асабліва яны мараць адмяніць галоўнае тварэнне Абамы – закон аб абавязковым страхаванні здароўя, бо лічаць яго занадта “сацыялістычным”. Верагоднасць іх поспеху малая, але крытыка “пашырэння ўраду” здолела прынесці рэспубліканцам шмат месцаў у кангрэсе на сярэдзінных выбарах.

    У дэмакратаў іншы парадак дня ‑ яны прытрымліваюцца курса на барацьбу з няроўным даходам праз дзяржаўныя праграмы, прагрэсіўныя падаткі для звышбагатых ды павышэнне мінімальнага заробку. Левы фланг дэмакратычнай партыі таксама крытыкуе адсоткавую палітыку пазыкаў на вышэйшую адукацыю. Прыбытак, які ўрад робіць на студэнцкіх крэдытах (каля 10 млрд долараў за год) яны называюць схаваным падаткам на моладзь з сярэдняга класу.

    Дэмакраты, у адрозненні ад рэспубліканцаў, таксама звяртаюць увагу на неабходнасць барацьбы з кліматычнымі зменамі (што значыць больш дзяржаўных рэгуляцыяў у гэтай галіне) і крытыкуюць вуглевадародныя праекты. Так, яны асцярожна ставяцца да фракінгу, спосабу здабычы сланцавага газу ды нафты, а таксама выступаюць супраць будаўніцтва нафтаправоду Кістоўн з Канады да паўднёвага ўзбярэжжа ЗША. У той жа час, апошні праект рэспубліканцы прасоўваюць пад маркаю стварэння працоўных месцаў.

    Сярод сацыяльных пытанняў першае месца займае іміграцыйная рэформа. Яе неабходнасць прызнаецца і рэспубліканцамі, і дэмакратамі – на дзіва, іміграцыйнае заканадаўства ЗША не стымулюе высокаспецыялізаваную іміграцыю. А мільёны нізкакваліфікаваных, але патрэбных ЗША нелегалаў з Лацінскай Амерыкі вымушаныя працаваць “у чорную”, не плацячы падаткаў. Тым не менш, за апошнія гады заканадаўцы не прыйшлі да згоды, што падштурхнула прэзідэнта Абаму падпісаць адпаведныя выканаўчыя дэкрэты без дапамогі кангрэсу.

    Шэраг іншых сацыяльных пытанняў, як аборты або правы геяў, у апошнія гады ўвогуле страцілі актуальнасць на федэральным узроўні і вырашаюцца на ўзроўні асобных штатаў або праз суды.

    Геапалітыка для лузераў

    Фокус на ўнутранай палітыцы азначае, што пакуль што не варта чакаць ад ЗША рэзкіх крокаў на ўсходзе: як бы не хацелася, ні танкаў для Украіны, ні вялікіх грантаў для беларускай апазіцыі не будзе.

    Палітыка ў дачыненні да Беларусі наўрад ці істотна зменіцца. У адносінах да Расеі і Украіны, ЗША будуць і далей карыстацца эканамічнымі падважнікамі. Украіна не павінна спадзявацца на нешта большае за эканамічную і абмежаваную ваенную дапамогу. Ціск на Расею таксама будзе з боку эканамічных, але не палітычных, санкцыяў.

    Эскалацыю напружанасці можна будзе чакаць, толькі калі Расея працягне ствараць тэрарыстычны анклаў а-ля “Ісламская дзяржава” на Данбасе, а акты дзяржаўнага тэрарызму кшталту знішчэння малайзійскага Боінга будуць паўтарацца. У іншым выпадку ЗША будуць рабіць стаўку на павольны эфект санкцыяў і таннай нафты, займаючыся пераважна хатнімі эканамічнымі праблемамі.

    Трэба пазбавіцца ад ілюзіяў, што амерыканцы атрымліваюць асалоду ад геапалітычных гульняў. У адрозненне ад Расеі і Беларусі, амерыканскі ўрад павінен прыслухоўвацца да народу, які галасуе за эканамічны рост на радзіме замест неабавязковых і дарагіх авантураў у замежжы.

    ПаказацьСхаваць каментары