• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Хто заробіць мільярды на новых спосабах даставы тавараў

    Час, калі набытую кніжку даставіць беспілотнік, усё бліжэй.

    Экспансія ІТ-тэхналогіяў працягвае раскрываць нявыкарыстаны эканамічны патэнцыял існага асяроддзя. Мабільны старт-ап Uber на цяперашні момант вырас з дастасавання для iPhone’а ў сусветную сетку арэнды прэміум-таксі, а ў хуткім часе зменіць правілы гульні ў сферы даставы тавараў.

    Кампанія без свайго парку аўтамабіляў, супрацоўнічаючы з прыватнымі кіроўцамі, якія часта не маюць ліцэнзіяў на перавоз пасажыраў, зрабіла рэвалюцыю на рынку паслуг таксі. Дастасаванне з’явілася ў 2009 годзе і дазваляла жыхарам Сан-Францыска націсканнем адной кнопкі выклікаць люксавае таксі. Дзякуючы адладжанай лагістыцы, лепшай за любы дыспетчарскі цэнтр таксапарку, гнуткаму цэнаўтварэнню і прастаце аплаты, сэрвіс хутка знайшоў армію прыхільнікаў сярод кліентаў і кіроўцаў.

    Як вынік, сёння Uber працягвае пашырацца, ахапіўшы 70 гарадоў у свеце, у тым ліку суседнюю Маскву. З ростам папулярнасці кампанія пачала прапаноўваць больш даступныя машыны, а цэны, асабліва не ў гадзіны пік, на 20–30 % ніжэйшыя за класічныя таксі. Інертны бізнес таксовак не быў гатовы да такога ўзроўню канкурэнцыі. Амаль у кожным горадзе, куды прыходзіў Uber, распачыналіся судовыя справы адносна законнасці яго дзейнасці.

    Аднак дзякуючы інавацыйнасці і высокаму ўзроўню якасці паслуг, кампанія паспяхова супрацьстаіць лобі таксапаркаў і мясцовых рэгулятараў. Каб павысіць колькасць машын і панізіць кошты паслуг, Uber узяў пазыку $ 2,5 млрд. За гэтыя грошы кампанія дазваляе сваім кіроўцам узяць нізкапрацэнтавы крэдыт на новае аўта, што прывязвае кіроўцаў да кампаніі і стабілізуе базу аўтамабіляў.

    Перспектывы ж росту бізнесу ўражваюць. Выкарыстоўваючы адпрацаваную на таксі схему, Uber неўзабаве зможа прапаноўваць амаль усе віды транспартавых і лагістычных паслуг. Такім чынам кампанія дасягне агромністых маштабаў, а капіталізацыя, на думку аналітыкаў Крамянёвай даліны, пераваліць за $ 100 млрд.

    Ужо сёння кампанія мае стабільную фінансавую схему, угандлёўваючы больш за $ 200 млн. З выхадам на новыя нішы ‑ дастава тавараў, кур’ерскія і паштовыя паслугі ‑ яна павялічыцца ў некалькі разоў. Першыя крокі экспансіі ўжо бачныя. Гэтак, на пачатку красавіка Uber анансаваў роварную службу даставы. А гэта ўжо напад на сферу інтарэсаў такога гіганта, як Amazon.

    Дарэчы, Uber сам нагадвае Amazon. Апошні развіваўся спачатку як кніжная інтэрнэт-крама, а потым распаўсюдзіў адпрацаваную схему працы на іншыя нішы. У гадавы пік ‑ Дзень падзякі ‑ хуткасць продажаў склала 426 наменклатурных адзінак тавару за секунду.

    Для ўмацавання пазіцыяў у гэтым сектары – сёння Amazon адпрацоўвае новы від даставы, Prime Air, які будзе ажыццяўляцца дронамі. Гэта лятальныя беспілотныя апараты, якім пад сілу перавярнуць сферу даставы тавараў. Хоць такі метад значна паскорыць даставу са складу да пакупніка, застаецца шмат як праўных пытанняў, так і праблемаў з бяспекаю і надзейнасцю даставы. Як бы там ні было, Amazon не зможа запусціць паслугу раней за 2015 год, калі ЗША адкрыюць сваё неба для беспілотнікаў.

    Лагістыка, асабліва «апошняя міля» – адлегласць са складу да кватэры пакупніка, ёсць гарантам росту сферы гандлю і паслуг. Адметна, што ў Беларусі менавіта гэты элемент лагістыкі – самы слабаразвіты. Дзяржаўны паштовы аператар «Белпошта» цалкам забюракратызаваны. Чакаць ад яго інавацыйных і перадавых рашэнняў цяжка.

    Тым часам інтэрнэт-гандаль у краіне неймаверна расце. Неўзабаве «Белпошта» можа апынуцца ў ступары, як суседская «Пошта Расеі». З павелічэннем абароту інтэрнэт-крамы вымушаныя будуць аддаваць даставу на аўтсорсінг. Для стварэння ж эфектыўнай кур’ерскай сістэмы пажадана мець гарантаваную кліенцкую базу.

    Папулярная кніжная крама Oz.by, якая ўжо цяпер апрацоўвае дастатковую колькасць замоваў, магла б стаць такім агрэгатарам кур’ерскіх паслуг даставы. Неўзабаве яна сутыкнецца з лімітам росту, а кур’ерскія паслугі маглі б быць добрым кірункам для далейшага развіцця.

    «Белпошта» занадта занятая праблемамі з ростам і апрацоўваннем вонкавых пасылак, таму пытанні «апошняй мілі» яе зусім не цікавяць. Для выхаду на гэты перспектыўны і свабодны рынак, кампаніі неабходна мець толькі амбіцыі.

    ПаказацьСхаваць каментары