Чаму Беларусі патрэбнае грамадства меншасцяў

Выключаючы “нябачныя” групы, беларускае грамадства страчвае шанцы на эканамічнае развіццё і дэмакратызацыю.
Глеб Мартынаў· 3 Ліпеня 2014
Чаму Беларусі патрэбнае грамадства меншасцяў

Адным з неабходных атрыбутаў дэмакратычнай дзяржавы з’яўляецца гэтак званая грамадская згуртаванасць (social cohesion), то-бок роўныя эканамічныя і сацыяльныя магчымасці для ўсіх удзельнікаў грамадства і моцныя сувязі паміж рознымі групамі грамадства. Гэта значыць, што ўсе групы насельніцтва маюць права на аднолькавы доступ да пэўнага ўзроўню адукацыі, працаўладкавання, аховы здароўя і сацыяльных прывілеяў. Пры гэтым адносіны паміж рознымі групамі павінны быць роўнаснымі і мірнымі. Такім чынам, без грамадскай згуртаванасці сапраўдная дэмакратыя немагчыма.

У Беларусі нястача грамадскай згуртаванасці не мусіць успрымацца як нешта, што вырашыцца само сабою пры змене ўлады на дэмакратычную. Наадварот, каб такая змена адбылася, трэба павялічваць сувязі ўнутры грамадства ўжо сёння. Тым больш, што, калі некаторыя паляпшэнні без дэмакратызацыі немагчымыя, пэўныя праблемы можна пачынаць вырашаць не чакаючы змены ўлады.

Беларусь пакутуе ад шэрагу сацыяльных хваробаў, такіх як алкагалізацыя насельніцтва (адно з першых месцаў у свеце) і звязаны з гэтым узровень хваробаў, колькасць разводаў (6 з 10 шлюбаў), ўзровень самагубстваў (кожная сотая смерць) і памер працоўнае эміграцыі і кароткая працягласць жыцця.

Гэтыя праблемы немагчыма цалкам патлумачыць аўтарытарызмам ці эканамічным складанікам, але яны добра адпавядаюць нізкаму ўзроўню сацыяльнай згуртаванасці. Ёсць некалькі групаў насельніцтва, якія, хаця і не ўяўляюць палітычнай пагрозы рэжыму, у Беларусі маргіналізаваныя.

Па-першае, гэта людзі сталага ўзросту. У Беларусі сярэдняя працягласць жыцця – 72 гады (67 – у мужчынаў, 78 – у жанчынаў). Беларусь – старая краіна: у 22,5 % насельніцтва працаздольны ўзрост ужо прайшоў. Кожны пяты грамадзянін Беларусі знаходзіцца цяпер у апошнім і дастаткова кароткім, згодна са статыстыкай, этапе свайго жыцця.

Гэтыя людзі выцясняюцца з працоўных месцаў на пенсію, дзе дапамога з боку дзяржавы абмяжоўваецца мізэрнымі грашыма: сярэдні памер пенсіі ў РБ у 2014 годзе складае $ 230. У грамадскім сектары ёсць пазітыўны прыклад ўніверсітэту “залатога веку” для сталых людзей у Горадні, але гэта толькі першы крок на шляху таго, што трэба зрабіць.

Такія развітыя краіны, як ЗША, Японія, ці Швецыя, разумеюць істотнасць даглядання сваіх старых: распаўсюджаныя грамадскія, мясцовыя і дзяржаўныя клюбы для пенсіянераў, цэнтры адукацыі і перакваліфікацыі, сацыяльнай працы і псіхалагічнай дапамогі. Гэтакіх структураў мала ў Беларусі, дзе людзі часта пасля пэўнага ўзросту выключаюцца з эканомікі і актыўнага сацыяльнага жыцця. Як вынік – далейшая страта кваліфікацыі, эканамічная маргіналізацыя, псіхалагічныя праблемы (у тым ліку з алкаголем), што дрэнна ўплывае на ўсё грамадства.

Па-другое, гэта людзі з інваліднасцю і сур’ёзнымі хваробамі. Як у кожнай краіне, у Беларусі шмат людзей, якія не ходзяць, не чуюць, не бачаць, або жывуць з ракам, ВІЧ, клінічнай дэпрэсіяй ці іншымі цяжкімі захворваннямі. Гэтая частка насельніцтва Беларусі амаль што выключаная з публічнай сферы.

Калі сапраўдныя патрэбы пенсіянераў проста незразумелыя для грамадства, то нават само існаванне інвалідаў у Беларусі не відавочнае. У ЕЗ і ЗША пандусы і аўтобусы для людзей з інваліднасцю – норма, інваліды ходзяць у крамы, навучаюцца ва ўніверсітэтах, працуюць у офісах і на кафедрах. У Беларусі гэта надалей успрымаецца як дзіва.

Такое ігнараванне часткі грамадства – рэшта савецкай ментальнасці, з якой трэба змагацца. Паляпшэнне сістэмы аховы здароўя, развіццё інфраструктуры для інвалідаў і праграмы іх сацыяльнае рэінтэграцыі добра паўплываюць і на свядомасць грамадства, і на яго эканамічны стан. Напрыклад, кошт наступстваў дэпрэсіі ў краінах Еўропы без уліку выдаткаў на ахову здароўя – 163 еўра на кожнага жыхара, што значыць што толькі адна гэта “нябачная” праблема каштуе Беларусі як мінімум паўтара мільярды еўра штогод.

Па-трэцяе, гэта гомасексуальная частка насельніцтва Беларусі. Навуковыя дадзеныя сведчаць аб існаванні пэўнага нязменнага адсотку людзей гомасексуальнай арыентацыі сярод папуляцыі (каля 3%).

У выпадку Беларусі, гэта значыць што толькі ў Менску жыве каля 35 тысячаў мужчынаў гомасексуальнай арыентацыі і каля 7 тысячаў мужчынаў гомасексуальнай арыентацыі ў найбольш эканамічна і сацыяльна актыўным узросце 20-30 год. Хтосьці з іх усё адно знойдзе спосаб быць паўнапраўным чальцом грамадства, але іншыя з вялікай верагоднасцю папоўняць статыстыку разводаў ці спажывання алкаголю. Выцясненне гэтай немаленькай колькасці суайчыннікаў у маргіналы ці па-за межы краіны – недапушчальная раскоша для Беларусі.

Прыклад скандынаўскіх краінаў, якія маюць лепшыя ў свеце паказнікі грамадскай згуртаванасці (напрыклад, Фінляндыя), сведчыць аб тым, што для маленькіх дзяржаваў практыка ўключэння ўсіх груп насельніцтва ў грамадскае жыццё – не менш істотная, чым нацыянальная ці моўная палітыкі. Інтэграцыя грамадства – менавіта тая ненацыянальная і непалітычная ідэя, якая мусіць падштурхнуць Беларусь да нацыянальнай і палітычнай дэмакратызацыі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 13 Кастрычніка
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Колькі плацяць беларускім экспертам у Страсбургу і як не бачаць будучыню ў Вільні
Кулуары сесіі ПАРЕ, расейскія дэпутаты і праблемы беларускіх НДА.
Антон Раднянкоў , Глеб Мартынаў, Іван Шыла· 7 Кастрычніка
Сяргей Чалы пра TUT.by, эканоміку і сумную будучыню
Сяргей Чалы пра TUT.by, эканоміку і сумную будучыню
Нарэшце гэта здарылася – Сяргей Чалы прыйшоў да нас у падкаст!