• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці вернецца ў Беларусь ядзерная зброя?

    Аналітык Цэнтра пераходных даследванняў тлумачыць, чаму Беларусь ніколі не валодала ядзернай зброі, мець яе не плануе, але захоўвае абагачаны ўран.

    Закінутае сховішча ядзерных зарадаў у Брэсцкай вобласці

    Беларускі партал эканамічных навінаў afn.by на мінулым тыдні апублікаваў артыкул з правакацыйным загалоўкам “Лукашэнка: Сітуацыя ў Крыму дазваляе Беларусі павернуць сабе ядзерную зброю”.

    Натуральна, гэта было перабольшванне – у арыгінальным выказванні скразіла скруха з нагоды неэфектыўнасці Будапешцкага мемарандуму і гарантый бяспекі, якія ён нібыта даваў тым краінам, каторыя адмовіліся ад уласнай ядзернай зброі. Размовы аб вяртанні ядзернай зброі на Беларусь носяць не толькі тэарэтычны характар.

    Мінск, верагодна, усё яшчэ валодае пэўнай колькасцю абагачанага ўрану. Расея можа пераканаць свайго беларускага саюзніка перадыслакаваць расейскую ядзерную зброю ўнутры краіны. Ці стане Беларусь дэ-факта ядзернай дзяржавай, дазволіўшы Расеі заснаваць вайсковую базу на сваёй тэрыторыі?

    Ці была Беларусь хоць калі ядзернай дзяржавай?

    Naviny.by, вэбсайт інфармацыйнага агенцтва Белапан, памылкова заявіў, што “Беларусь заставалася чальцом сімвалічнага клубу ядзерных дзяржаў цягам усяго толькі пяці гадоў: з моманту развалу Савецкага Саюзу ў 1991 да 27 лістапада 1996, калі апошні цягнік з ядзернай зброяй пакінуў яе землі.”

    Сапраўды, савецкае войска дыслакавала тактычную і стратэгічную ядзерную зброю ў Беларусі. Пасля дасягнення незалежнасці, беларускі ўрад ніколі не атрымаў кантроль над гэтай зброяй – замест гэтага ён прытрымліваўся прынцыпу стварэння без’ядзернай зоны, абвешчанага яшчэ ў 1990 годзе. Беларусь ужо сур’ёзна пакутавала ад наступстваў Чарнобыльскай ядзернай катастрофы і хацела пазбавіцца ад усяго ядзернага.

    Мінск, нягледзячы на фармальнае права на ўсе аспекты савецкай спадчыны ўключна з ядзерным арсеналам, ніколі не меў сапраўднага шансу прыбраць да рук ядзерную зброю. І заходнія сілы, і Расея настойліва пратэставалі супраць фрагментацыі савецкага ядзернага арсеналу.

    Былы беларускі дыпламат Андрэй Саннікаў, які ўдзельнічаў у перамовах на гэтую тэму напачатку 90-ых, патлумачыў у інтэрв’ю літоўскаму інфармацыйнаму парталу Delfi.lt, што “ЗША не прымалі ніякага іншага варыянту і былі гатовыя прыняць жорсткія меры разам з Расеяй, калі б ядзерны шантаж [з боку новых незалежных дзяржаваў] працягнуўся.”

    Толькі Украіна зрабіла кволую спробу захаваць ядзерную зброю для сябе, але ў выніку далучылася да Беларусі і Казахстану, якія ўрачыста здалі ядзерную зброю, каторай па факце ніколі і не валодалі.

    Без’ядзерныя сумневы

    Першапачаткова ніхто не ставіў пад пытанне дэнуклеарызацыю Беларусі. Апазіцыя хвасталася тым, што заклала прынцып без’ядзернасці ў Дэкларацыю Незалежнасці маладой нацыі. У 1996 прэзідэнт Лукашэнка запрапанаваў стварыць без’ядзерную зону ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе.

    У 1999 ён падцвердзіў, што ў Беларусі няма намераў зноў станавіцца ядзернай сілай. Падобныя выказванні былі праявай незалежнага мыслення, бо яны супярэчылі патэнцыйным планам Расеі пасунуць ядзерную зброю на захад ад уласных межаў. Аднак, пачынаючы з сярэдзіны 2000-ых гадоў, настрой Беларусі перамяніўся. У 2007 годзе расейскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў нямякнуў на магчымасць размяшчэння расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, зважаючы на небяспеку экспансіі НАТА і планы Амерыкі усталяваць  сістэму супрацьракетнай абароны ў Цэнтральнай Еўропе.

    Перспектыва вяртання расейскай ядзернай зброі ў Беларусь сур’ёзна затурбавала амерыканцаў. Амерыканскі сенатар Рычард Лугар сказаў, што калі такая перадыслакацыя адбудзецца, гэта будзе “контрпрадуктыўна для расейска-амерыканскіх стасункаў”.

    У 2010 годзе Лукашэнка абвінаваціў “нацыяналістаў” і Станіслава Шушкевіча ў здачы ядзернай зброі на невыгодных умовах. Ён ляматаваў, “я быў вымушаны падпісаць тую дамову, у мяне не было выбару, і Расея, і Штаты ціснулі на мяне – здай ядзерную зброю, ты абяцаў. Мы не павінны былі гэтага рабіць, гэта быў […] дарагі тавар, які мы мусілі прадаць па больш высокім кошце.”

    Больш за тое, “калі б у нас зараз была тая зброя, яны [Захад] б абыходзіліся з намі па-іншаму [не так, як зараз].” У студзені 2014 апазіцыйны палітык Сяргей Навумчык выказаў падобнае меркаванне, абвінаваціўшы Шушкевіча ў неналежнай здачы нацыянальнай ядзернай зброі.

    Ці ёсць у Беларусі інгрэдыенты для бомб?

    Беларусь захоўвае каля двух тон урану з савецкіх часоў, і гэта тэарэтычна дае ёй змогу распачаць ядзерную праграму. У 2010 годзе Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць абагачаны ўран, і сотні кілаграмаў менш абагачанага ядзернага матэрыялу, які эфектыўна выкарыстоўваецца ва ўзбраенні.

    Былы галава парламенту Станіслаў Шушкевіч аспрэчыў гэтую заяву. Беларускі ўрад дагэтуль настойвае, што навукоўцы выкарыстоўваюць гэты ўран выключна ў даследчых і медычных мэтах.

    Лукашэнка кажа, што і ЗША, і Расея напрацягу многіх гадоў спрабавалі забраць у яго беларускія запасы ўрана. Беларускі бок вагаўся, ці аддаваць іх, пасля двухбаковай сустрэчы ў снежні 2010, калі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан прынялі сумесную заяву датычна планаў Беларусі саступіць запасы абагачанага ўрану да 2012 году.

    Аднак, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2010 годзе паклалі пачатак новага вітку пагаршэння стасункаў паміж Беларуссю і Захадам. Толькі дзесяць адсоткаў запасаў абагачанага ўрану былі адпраўленыя ў Расею да таго, як беларускі ўрад прыпыніў пастаўку ўрана за мяжу.

    Дырэктар Аб’яднанага Інстытута энергетычных і ядзерных даследванняў  Вячаслаў Куўшынаў заявіў у жніўні 2011 году, што перадача ядзернага паліва працягнецца пасля паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і ЗША. Пакуль што сітуацыя не змянілася, хоць ЗША і Расея здолелі пераканаць іншыя постсавецкія краіны (напрыклад, Украіну і Узбекістан) перадаць абагачаны ядзерна-актыўны матэрыял Расеі.

    У красавіку 2013 году беларуская дэлегацыя на сэсіі падрыхтоўчага камітэту агляднай канферэнцыі удзельнікаў дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі пагражала перагледзець ядзерны статус краіны.

    Чальцы дэлегацыі сцвярджалі, што ЗША і Вялікабрытанія парушылі гарантыі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, прапісаныя ў Будапешцкім мемарандуме, увёўшы санкцыі супраць Беларусі. Такім чынам, Мінск больш не абавязаны падпарадкоўвацца ўмовам Будапешцкага мемарандуму.

    Насамрэч, трэці пункт мемарандума абавязвае гарантаў (Расею, ЗША і Велікабрытанію) устрымлівацца ад эканамічнага ціску на Беларусь. Амбасада ЗША ў Мінску патлумачыла, што мемарандум не мае юрыдычнай сілы, і санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў не могуць лічыцца эканамічным ціскам, бо яны накіраваныя на недапушчэнне распаўсюду зброі масавага знішчэння і парушэння правоў чалавека.

    Расейскі варыянт

    Ці стане Беларусь зноўку дэ-факта ядзернай дзяржавай, дазволіўшы Расеі заснаваць новую вайсковую базу ўнутры краіны? У лютым гэтага году Аб’яднаная Грамадзянская Партыя выказала падозранні, што расейскія самалёты, якія рэгулярна размяшчаюцца ў Беларусі з мінулага снежня, могуць мець ядзерную зброю. У рэчаіснасці, аднак, баявыя самалёты СУ-27П могуць атакаваць толькі ў паветры, што робіць абсурднымі чуткі аб ядзерным грузе.

    Перадыслакацыя расейскіх ядзерных сілаў у Беларусі зойме пэўны час. Пасля здабыцця незалежнасці Мінск не надаваў вялікай увагі закінутым вайсковым базам, якія раней выкарыстоўваліся для захоўвання ядзернай зброі. У выніку складаная інфраструктура прыйшла ў заняпад.

    Былы афіцэр стратэгічных ракетных войск Уладзімір Яўсееў пракаментаваў “Белгазеце”, што без належнага догляду пускавая шахта хутка руйнуецца, і што знішчыць яе і пабудаваць новую атрымліваецца нават танней.

    Сучасны беларускі ўрад пакуль не прадэманстраваў рызыковых паводзінаў ні на якой арэне. Гэта рэжым выжывання. Мінск ведае, што можа заплаціць высокі кошт за валтузню з ядзерна-актыўным матэрыялам. Свет можа падумаць, што Беларусь робіць бомбы, і наўрадці як Захаду, так і Ўсходу спадабаецца перспектыва Лукашэнкі з бомбай.

    Беларускі рэжым таксама добра ўсведамляе той факт, што Беларусь ляжыць паміж Расеяй і ЕС з НАТА. Расейская ядзерная зброя ў Беларусі справакуе канфрантацыю ў рэгіёне. Падобная канфрантацыя паставіць Беларусь у яшчэ большую залежнасць ад Масквы – а гэта далёка не тое, чаго б хацела беларуская эліта.

    (Здымак: Павел Бабкоў)

    Арыгінал артыкулу

    ПаказацьСхаваць каментары