Тры памылковыя падыходы да развіцця рэгіёнаў

Чаму ўсё і надалей будзе кепска, пакуль мы не зменім нашых падыходаў да вырашэння праблемы рэгіянальнага росту.
Тры памылковыя падыходы да развіцця рэгіёнаў

Сітуацыя за МКАДам з кожным месяцам робіцца толькі горшай. Заробкі там змяншаюцца хутчэй, чым у Мінску і ў некаторых абласцях гэта адбываецца ўжо трэці год запар. Відавочна, што сённяшнія рэгіянальныя палітыкі не працуюць.

 

Паспрабуем разабрацца, што мы робім не так і дзе хаваюцца галоўныя памылкі.

“Мінск вырашае”

Галоўны мінус сённяшняй палітыкі развіцця рэгіёнаў – завялікая цэнтралізацыя, калі ў Мінску вырашаюць, як якому рэгіёну жыць. У выніку мясцовыя ўлады замест таго, каб думаць, як развіваць рэгіён, хвалююцца толькі за выкананне паказнікаў, якія ім даюцца зверху.

Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць bottom-up падыход, калі на мясцовым узроўні будуць прымацца асноўныя рашэнні. Каб гэта паспяхова запрацавала, беларускім рэгіёнам патрэбны шырокі ўдзел грамадскасці, празрыстасць прыняцця рашэнняў і большая эканамічная аўтаномія.

Нацыянальныя ўлады ў гэтым працэсе павінны толькі дапамагаць, запрашаючы да супрацы экспертаў, а не дасылаць дадатковыя бессэнсоўныя паказнікі.

Але не трэба падманвацца, неэфектыўная сістэма кіравання ўласцівая і Мінску, і іншым буйным гарадам. Там яна проста хаваецца за вялікім рынкам, прыватным сектарам і тлустымі бюджэтамі. А вось у гарадах, колькасць насельніцтва ў якіх менш за 50 тысяч чалавек, вынікі зусім сумныя.

“Якую наступную галіну эканомікі будзем выратоўваць?”

Часы, калі ўлады маглі выдаткоўваць дзясяткі мільярдаў долараў на падтрымку рэгіёнаў, прайшлі. І хоць у 2016 на падтрымку сельскай гаспадаркі агулам з бюджэту было выдаткавана каля $ 1 млрд, гэта куды менш, чым у тлустыя нулявыя.

 

Мала таго, што рэгіёны жывуць у бюджэтным голадзе, інвестыцыі скарачаюцца шалёнымі тэмпамі – толькі за мінулы год у рэгіёны інвеставалі на 25 % менш, і гэты паказнік значна ніжэйшы за парог эканамічнай бяспекі. У сітуацыі, калі інфраструктура рэгіёнаў дэградуе, а бюджэту не хапае нават на падтрыманне актуальных выдаткаў, мроі пра выратаванне ўсіх – гэта проста самагубства.

 

Ёсць у гэтым і нешта пазітыўнае, бо мы добра памятаем, чым скончылася татальная мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі ці цэментных заводаў дзяржаўнымі менеджарамі. У дрэваапрацоўцы па выніках 2016-га запазычанасць у 2,5 раза большая за гадавы аб’ём выручкі (агулам больш за $ 2,7 млрд і працягвае расці!), загружанасць была толькі 60 %, а рэнтабельнасць – ажно 1 %! Відавочна, прадпрыемствам-удзельнікам яшчэ доўга давядзецца адыходзіць ад такога поспеху.

Замест «выратавання» цэлых галінаў эканомікі дзяржаве трэба абраць самыя перспектыўныя раёны, распрацаваць сапраўдныя стратэгіі развіцця і спадзявацца, што прыватны бізнес выратуе сітуацыю.

“Усе рэгіёны жывуць аднолькава кепска”

Пры ўсёй агульнай дэпрэсіўнасці лічыць, што ўсе рэгіёны з аднолькавай хуткасцю ляцяць у пекла, не варта. Розныя рэгіёны маюць розную дынаміку і трэба канцэнтравацца на найлепшых.

Напрыклад, добрую дынаміку паказваюць абласныя цэнтры, рэгіянальныя агламерацыі як Полацк і Наваполацк, Мазыр і Калінкавічы. У іх адбываецца прырост насельніцтва, застаецца моладзь і расце прыватны бізнес.

 

Такім рэгіёнам і патрэбныя ўласныя стратэгіі развіцця, супольныя інфраструктурныя праекты. Бо гэтыя кластары і будуць тымі пунктамі росту, якія будуць задаваць дынаміку развіцця краіны.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Чым адрозніваецца “Несмяротны полк” у Беларусі, Расіі і Таджыкістане і якое 9 мая нам патрэбна
Чым адрозніваецца “Несмяротны полк” у Беларусі, Расіі і Таджыкістане і якое 9 мая нам патрэбна
Наш госць Вадзім Мажэйка дзеліцца досведам супрацы з расійскімі нармальнымі СМІ і традыцыйным беларускім тэлебачаннем.
Зміцер Лысюк· 11 Траўня
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Медыцына ў Беларусі: няблага, але можна лепш
Некалькі ідэй, як можна ўдасканаліць сістэму аховы здароў’я ў краіне.
Рыгор Астапеня· 10 Траўня
Наколькі Захад дапамог рэфармаваць Усходнюю Еўропу?
Наколькі Захад дапамог рэфармаваць Усходнюю Еўропу?
Працягваем наш адукацыйны праект «Рэформы F.A.Q.» — на гэты раз тлумачым, чаму ўплыў Захаду на ўсходнееўрапейскія рэформы не такі вялікі, як шмат хто думае.