Як грамадзянская вайна ў Емене ўплывае на заробкі беларусаў

Паўстанне шыіцкай групоўкі хусітаў пагражае Емену анархіяй, свету – адраджэннем “Аль-Каіды”, а вось Беларусі можа пайсці на карысць.   
Стас Гарэлік· 28 Траўня 2015
Як грамадзянская вайна ў Емене ўплывае на заробкі беларусаў

У красавіку еменская вайна ўзняла нафтавыя каціроўкі амаль на $ 12 – гэта ўзмацніла расійскую беларускую валюты, што здавалася, нібы леташняя дэвальвацыя адмяняецца. Кошты скокнулі праз умяшанне ў еменскія разборкі Саудаўскай Аравіі, буйнейшага экспарцёра нафты і суседа Емена. Саўдзіты падтрымалі прэзідэнта Хадзі ў яго барацьбе з хусітамі, паўночнымі мяцежнікамі.

Рынак хвалюе, ці змогуць цяпер танкеры дастаўляць чорнае золата ў Еўропу і ЗША праз Адэнскі заліў і Баб-эль-Мандэбскі праліў. Емен мае выхад да абодвух, таму росквіт пірацтва дзеля лёгкай нажывы ў гэтай беднай і разбомбленай краіне выглядае рэалістычнай перспектывай. Краіна рызыкуе стаць другім Самалі з яе бясконцай крывавай бойняй. Гэта не радуе антытэрарыстычныя службы Захаду, але можа падняць настрой «нафтавым» дыктатурам і іх саюзнікам.

map_yemenХусіты – не джыхадысты і не нацыяналісты

Першыя дровы ў еменскае вогнішча падкінуў рух хусітаў. Пасля адмены льготных цэнаў на паліва яны захапілі сталіцу Сану і цяпер какетнічаюць з Іранам, першым ворагам Саудаўскай Аравіі.

Хусіты не з’яўляюцца племенем або нацыяй, хоць іх асноўныя базы знаходзяцца ў адной правінцыі – Саада, на паўночным захадзе Емена. Тут вызнаюць зэйдызм, кірунак ў шыіцкім ісламе. Але хусіты-зэйдыты не імкнуцца ператвараць Емен ў імамат на чале з духоўным лідарам. Яны паміраюць пад лозунгам “Смерць Амерыцы”, але яшчэ не былі заўважаныя ў нападах на амерыканскія аб’екты.

Mideast Yemen

Як і ўсе еменцы хусіты з падлеткавага ўзросту носяць кароткія клінкі джамбіі – сімвал мужнасці і сацыяльнага статусу

Дык хто ж такія хусіты? Гэта прыхільнікі аўтаноміі для паўночна-заходняга Емена і абаронцы зэйдызму. Рух хусітаў – гэта таксама сямейны бізнес: сваю назву ён атрымаў пасля смерці першага лідара руху Хусейна аль-Хусі ў 2004-ым, якога змяніў яго брат Абдул-Малік аль-Хусі.

Хусіты ўжо сем разоў ваявалі супраць цэнтральнай улады. У верасні мінулага года яны лёгка занялі еменскую сталіцу на хвалі абурэння дарагім палівам, а ўжо ў пачатку 2015-га скінулі прэзідэнта Абд-Рабу Хадзі і распусцілі парламент. Цяпер хусіты імкнуцца ўтварыць прэзідэнцкую раду з пяці чалавек для паступовага вяртання грамадзянскіх парадкаў.

Чужыя сярод сваіх: Емен супраць хусітаў

З такім сцэнаром пагадзіўся толькі былы прэзідэнт Алі Салех, які адышоў ад улады яшчэ ў 2012-ым. Вайсковыя часткі, якімі кіруюць сябры і сваякі Салеха, разам з хусітамі штурмуюць пазіцыі тых, хто захаваў вернасць Хадзі. Галоўная мэта Салеха (як тыповага дыктатара) – заснаваць дынастыю і паставіць ва уладзе сына. Паўстанне хусітаў “расчышчае” для яго сцэну.

Зусім іншую будучыню для краіны бачаць прадстаўнікі “Аль-Каіды” і “Ісламскай дзяржавы”. Для абедзвюх груповак усе шыіты – язычнікі. “Аль-Каіда” зараз больш даспадобы еменскім радыкалам і таму фактычна кантралюе ўсход краіны. Там тэрарысты могуць рыхтаваць новыя атакі накшталт расстрэлу рэдакцыі “Шарлі Эбдо” ў Парыжы. Адказнасць за яго ўзяў еменскі філіял “Аль-Каіды”.

rsz_sanaa_isis_mosque_blast

“Ісламская дзяржава” таксама гучна заявіла пра сябе, калі ў сакавіку ўзарвала мячэць з хусітамі. Тады загінула больш за 100 чалавек

Не любяць хусітаў, зрэшты як і ўсіх чужынцаў з поўначы, таксама суніты з паўднёвага захаду Емена. У 2007-ым годзе яны стварылі так званы Паўднёвы рух ці аль-Хірак. Ён дамагаецца вяртання незалежнасці для Паўднёвага Емена, дзе да аб’яднання з Поўначчу ў 1990-ым панавала камуністычная ідэалогія.

Емен – іскра для ўсяго Блізкага Усходу

26-га сакавіка еменская вайна перастала быць унутранай справай краіны. У гэты дзень паветраныя сілы Саудаўскай Аравіі правялі першае бамбаванне хусіцкіх пазіцый. Галоўнаму еменскаму ўцекачу – прэзідэнту Хадзі  –  даў прытулак саудаўскі кароль.

Вядома ж, Саудаўская Аравія жадае пакласці канец нестабільнасці ў сябе “пад бокам”. Новы кароль, які ўзышоў на трон сёлета ў студзені, таксама дэманструе сваю магутнасць. Аднак галоўнае, чаго хоча суніцкая Саудаўская Аравія – пазбавіць шыіцкі Іран яго ўплыву ў рэгіёне. Саўдзіты мяркуюць, што Іран моцна дапамагае хусітам зброяй і ваеннымі спецыялістамі.

rsz_saudi_troops

Саудаўская Аравія таксама мабілізавала больш за 100 тыс. жаўнераў на мяжы з Еменам, які гатовы пачаць сухапутную аперацыю

Але вядучы эксперт па хусіцкаму руху, галоўны аналітык Міжнароднай крызіснай групы доктар Эйпрыл Элі лічыць, што ўплыў Ірана на хусітаў мінімальны. Яна падкрэслівае, што іранцы і хусіты вызнаюць розныя напрамкі шыізму. Тым не менш, пасля захопу ўлады хусіты ўжо зладзілі прамыя паветраныя зносіны з Іранам і паспелі адправіць у Тэгеран афіцыйную дэлегацыю.

Адкрытая вайна паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам наўрад ці здарыцца праз асцярогу перад разбуральнымі наступствамі і праз амерыканскую пазіцыю па ўлагоджанні Ірана. Але рост напружанасці паміж двума багатымі на нафту краінамі можа зрабіць кошты “чорнага золата” яшчэ вышэйшымі за сённяшнія $ 60.

Мір у Емене – слабы рубель

Ні хусіты, ні зрынуты прэзідэнт Хадзі не імкнуцца да  міру. Яны адмовіліся прымаць удзел у мірных перамовах, якія Арганізацыя Аб’яднаных Нацый планавала правесці ў Жэневе 28 мая. Працягваюць бамбаванні і саўдзіты, нягледзячы на афіцыйнае “завяршэнне” аперацыі яшчэ ў красавіку.

Усё гэта прынесла ўжо амаль 2 тыс. смерцяў. Яшчэ паўмільёна чалавек сталі бежанцамі. Многія з іх спрабуюць трапіць у Еўропу праз Міжземнае мора, рызыкуючы загінуць у яго хвалях. Падаецца, арабская назва Баб-эль-Мандэбскага праліва – «брамы смутку», стала для Емена прароцкім.

rsz_Sanaa_PanoramicView

Сталіца Емена Саана – адзін з самых дзіўных і прыгожых гарадоў Блізкага Усходу, але турысты сюды вернуцца няхутка

Канешне, канфлікт можа перайсці ў пасіўную фазу, калі кожная з еменскіх груповак будзе паспяхова кіраваць на сваёй тэрыторыі. Пры іншым сцэнары сусветная супольнасць усё ж такі прызнае ўладу паўстанцаў-хусітаў, тым больш што ЗША ўжо адпраўлялі да іх сваіх прадстаўнікоў.

Пакуль гэтага не здарылася, і таму еменскія тэрарысты маюць магчымасць у адкрытую рыхтаваць смяротнікаў для паказальных пакаранняў няверных. Дарэчы, некаторыя з іх могуць апынуцца ў Еўрапейскім Саюзе пад выглядам бежанцаў. Ды і ўвогуле невядома, ці хопіць хусіцкаму або іншаму ўраду моцы, каб ваяваць з “Аль-Каідай” і “Ісламскай дзяржавай”. Гэтыя групоўкі знайшлі ў Емене добры плацдарм.

Аднак, некаторым краінам, у тым ліку і Беларусі, няма нагоды сумаваць. Чым больш блытаніны ў Емене, тым вышэйшыя нафтавыя каціроўкі, тым больш «стабільныя» расійская і беларуская валюты – тым вышэйшыя беларускія заробкі.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Алесь Ганчаронак· 16 Кастрычніка
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Якія гарады і раёны Беларусі самыя «еўраопнутыя»?
Мы прааналізавалі распаўсюджанасць крамаў самага буйнога гандлёвага сеткавага аператара Беларусі і гатовыя распавесці, якая адміністрацыйная адзінка Беларусі – самая «еўраопнутая».
Рыгор Астапеня· 28 Верасня
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры рэчы, якія трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Кароткі ролік, але з процьмай графікаў.
Рыгор Астапеня· 24 Ліпеня
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Усё, што трэба ведаць пра злачыннасць у Беларусі
Тры пункты, шэсць графікаў – усё як мы любім.