Наталля Зубарэвіч: Беларускія рэгіёны не апусцяцца да ўзроўню расійскіх

Шэсць ідэй з Reshape 2019 аб рэгіянальнай няроўнасці.

Дзіяна Ляшкевіч· 30 Снежня 2019
Наталля Зубарэвіч: Беларускія рэгіёны не апусцяцца да ўзроўню расійскіх

Наталля Зубарэвіч, вядучая расійская спецыялістка па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў, выступіла ў нас на канферэнцыі Reshape, а мы падрыхтавалі для вас канспект гутаркі.

1. Мінск мусіць заставацца цэнтрам прыцягнення

Людзі будуць працягваць з’язджаць з рэгіёнаў у Мінск – падабаецца нам гэта ці не. У сталіцы больш працоўных месцаў, выбару, магчымасцяў для рэалізацыі. Лепш, каб людзі заставаліся ў краіне, чым з’язджалі за мяжу. Напрыклад, пасля ўступлення Латвіі ў Еўрасаюз, з гэтай краіны з’ехалі дзве траціны працаздольнага насельніцтва. Наталля лічыць, што беларускія рэгіёны наўрад ці апусцяцца да ўзроўню Пскоўскай вобласці – адной з самых бедных у Расіі. Гэта магчыма толькі пры ўмове, што межы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам стануць адкрытыя.

2. Няроўнасць у беларускіх рэгіёнах не будзе расці так шалёна, як у Расіі

На думку Наталлі Зубарэвіч, разрыў паміж рэгіёнамі ў Расіі каласальны, бо значная частка прыбытку краіны ідзе ад продажу нафты, то бок рэнты. У Беларусі няма прамой рэнты, але ёсць апасродкаваная, якая звязана з цэнавымі датацыямі ад нафтапрадуктаў, якія паступаюць у краіну. Але яе маштабы значна меншыя, чым у РФ, падкрэслівае адмыслоўца. Таксама нам не варта баяцца мільёнаў мёртвых вёсак, як у Расіі, бо Беларусь мае больш спрыяльныя агракліматычныя ўмовы і больш шчыльна ды раўнамерна заселеная, чым ўсходняя краіна-суседка.

3. Плёну ад раздачы грошай слабым рэгіёнам не будзе

Еўрапейскі саюз дае добры прыклад у барацьбе з рэгіянальнай няроўнасцю. Там існуюць структурныя фонды, якія інвестуюць у тое, каб выраўняць развіццё краін-чальцоў саюза. 

На працягу пятнаццаці гадоў, па словах Наталлі, краіны Еўрапейскага саюза пераразмяркоўвалі сродкі так, каб падтрымаць слабыя рэгіёны. У сярэдзіне нулявых да саюза далучыліся краіны Усходняй ды Цэнтральнай Еўропы, і ЕС перайшоў на іншы прынцып у падтрымцы сваіх чальцоў. Ад гэтага моманту яны даюць грошы не проста так, а пад ініцыятывы, якія ідуць “знізу”, бо гэта больш эфектыўна.

4. Рэгіянальная няроўнасць у краіне, якая развіваецца, – гэта натуральна

Няроўнасць у працэсе развіцця расце, і на гэта ёсць эканамічныя падставы: калі дзесьці ўмовы лепшыя, то туды едуць людзі, ідзе бізнес, горад развіваецца. Наталля лічыць, што гэта натуральна для ўсіх краін, якія даганяюць іншых у развіцці. Стаўку на рэгіёны з канкурэнтнымі перавагамі робяць, напрыклад, у Кітаі ды Індыі. На думку Наталлі, калі краіна ўладкавана правільна, то пазітыўны эфект з такіх рэгіёнаў будзе пашырацца на іншыя.

5. Вёскі будуць павольна і з болем трансфармавацца

Як лічыць Наталля, людзі не пакінуць тэрыторыі, якія максімальна эфектыўныя для сельскай гаспадаркі. Але і цяпер там не трэба гэтак шмат людзей, як раней. Цяпер 5-6 чалавек з добрай тэхнікай могуць апрацаваць 5-6 гектараў зямлі. З болем і павольна, але сельская мясцовасць будзе трансфармавацца з толькі аграрнай і шматлюднай у поліфункцыянальную і менш населеную. Гэтыя тэрыторыі можна выкарыстоўваць, напрыклад, для турызму, палявання і г.д.

6. Мясцовае самакіраванне неабходнае, але гэта не панацэя

У мясцовага самакіравання мусіць быць падатковая база, але трэба разумець, што ў шматлікіх перыферыйных рэгіёнаў грошай не было і не будзе. Для гэтага дзяржаве трэба змяніць прапорцыі падаткаабкладання так, каб не задушыць больш моцных, але неяк дапамагчы больш слабым. Ёсць і іншая ды вельмі важная ўмова для развіцця рэгіёнаў і мясцовага самакіравання – гэта наяўнасць грамадзянскай супольнасці ды  ініцыятывы ад саміх жыхароў. Але пакуль гэтага ані ў Беларусі, ані ў Расіі не назіраецца.

Раім паслухаць архіўны выпуск Ідэйнага падкаста, дзе мы размаўлялі з Наталляй Зубарэвіч пра сацыяльную дзяржаву, лічбавую эканоміку і ўзнікненне запыту на рэформы.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Анастасія Пілюгіна , Дзіяна Ляшкевіч· 30 Студзеня 2020
Як рабіць падкаст пра сэкс у Беларусі
Як рабіць падкаст пра сэкс у Беларусі
Полчаса кардио на хвалях dzigital-падкаста
Маша Сума , Таня Кавалёнак , Глеб Мартынаў, Дзіяна Ляшкевіч, Рыгор Астапеня· 20 Студзеня 2020
20+ лепшых падкастаў, якія варта паслухаць у 2020-ым годзе
20+ лепшых падкастаў, якія варта паслухаць у 2020-ым годзе
Каманда і вядоўцы падкастаў Цэнтра новых ідэй раяць найлепшыя шоу, якія варта дадаць у свой плэйліст.
Анастасія Пілюгіна , Дзіяна Ляшкевіч· 11 Студзеня 2020
Ці трэба  інтэрнэт-маркетолагу вучыцца ва ўніверсітэце?
Ці трэба інтэрнэт-маркетолагу вучыцца ва ўніверсітэце?
А таксама як адкрыць сваё агенцтва, калі яшчэ ходзіш на пары і чаму вучыць праца ў буйным камунікацыйным агенцтве ды крыху пра трэнды ў digital на 2020 год.