• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Рэферэндум у Беларусі. Быць альбо не быць?

    Чатыры пытанні і адказы пра магчымы плебісцыт.

    У апошні год актыўна ходзяць чуткі аб рэферэндуме ў Беларусі. І хоць на афіцыйным узроўні дагэтуль пацвярджэння гэтым чуткам не было, дыму без агню не бывае. Што тычыцца даты, то частка экспертаў сыходзіцца ў меркаванні: калі рашэнне будзе прынятае, улады будуць хацець правесці рэферэндум у 2018-ым. Прычым найбольш зручна было б сумясціць яго з мясцовымі выбарамі ў лютым 2018 года.

    Якія пытанні могуць быць вынесеныя на галасаванне?

    Вядома, самае галоўнае пытанне – гэта павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта. Шмат хто лічыць, што варыянт з сямю гадамі можа разглядацца ўладай як аптымальны. Разумеючы, што такая ініцыятыва абавязкова выкліча як унутраны, так і вонкавы супраціў, з боку ўладаў разумна было б прапанаваць незадаволеным – а менавіта, Захаду і апазіцыі – “пернікі”.

    Што да Захаду, дык гэта ў першую чаргу пытанне пра мараторый на смяротнае пакаранне.

    Гэта акурат тое, чаго еўрапейскія палітыкі дамагаюцца ад Беларусі шмат гадоў. Атрымаўшы такі “пернік”, ЕС мог бы знізіць узровень крытыкі ў адрас Лукашэнкі, тым самым усяго толькі злёгку паўшчуваўшы яго за хітрыкі.

    Каб знізіць градус напружання ў грамадстве, апазіцыя магла б атрымаць рэферэндумны “пернік” у выглядзе ўвядзення змяшанай (мажарытарна-прапарцыйнай) сістэмы падчас выбараў у Палату Прадстаўнікоў. Плюс па выніках выбараў  як бонус некаторым апазіцыйным палітыкам маглі б дастацца дэпутацкія мандаты ў мясцовыя саветы. Дарэчы, гэты аргумент можа быць адрасаваны таксама і заходнім партнёрам.

    Навошта ўладзе рэферэндум?

    Відавочна, што для ўладаў прэзідэнцкія выбары – гэта заўсёды стрэс. Так, механізм пераабрання Лукашэнкі ўжо адпрацаваны і верагоднасць таго, што ён дасць збой, нікчэмная. Аднак няўпэўненыя ў народнай падтрымцы ўлады заўсёды чакаюць выбары з асцярогай, тым больш прэзідэнцкія выбары.

    Таму цалкам нармальным з’яўляецца жаданне зрабіць так, каб падобныя сітуацыі здараліся як мага радзей. Вядома, ідэальна было б увогуле адмяніць выбары. Аднак нават Лукашэнка не зможа адважыцца на гэта сёння. А вось павялічыць тэрмін кіравання – у самы раз. Як гэта, напрыклад, зрабілі ў Расіі ў 2008 годзе, павялічыўшы тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта з чатырох да шасці гадоў.

    Яшчэ адной прычынай можа быць простая калькуляцыя, праведзеная Лукашэнкам. Як вядома, яму цяпер 63 гады. Лагічным было б выказаць здагадку, што ён задумваецца пра тое, што будзе пасля яго і хто зможа ў будучыні замяніць яго на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

    У гэтым выпадку, магчыма, Лукашэнка хоча загадзя паклапаціцца, каб пераемнік (Віктар Лукашэнка ?) меў як мага радзей клопаты з выбарамі.

    Якія рызыкі правядзенне рэферэндуму нясе для ўладаў?

    Пры ўсёй, здавалася б, устойлівасці рэжыму, які існуе ў Беларусі, улады панічна баяцца пратэстаў. У выпадку правядзення рэферэндуму яны непазбежныя і іх наступствы зусім нялёгка прадказаць.

    Не адчуваючы сябе дастаткова ўпэўнена, сёння ўлады стараюцца ўсяляк пазбягаць канфліктных сітуацый, спрабуючы гасіць іх у зародку, як гэта было ў выпадку з гібеллю салдата ў Печах. Лукашэнку прыйшлося асабіста ўмяшацца для таго, каб збіць хвалю незадаволенасці насельніцтва, калі праваахоўнікі спрабавалі спусціць расследаванне гібелі Аляксандра Коржыча на тармазах.

    Пратэсты выклічуць новыя арышты дзеля таго, каб у чарговы раз запалохаць грамадства.

    Гэта ў сваю чаргу справакуе негатыўную рэакцыю Захаду.

    А беларускі ўрад сёння, відавочна, не зацікаўлены ў парушэнні далікатнага дыялогу, які існуе паміж бакамі.

    Наколькі рэальны рэферэндум?

    З аднаго боку ўнутраная і знешняя сітуацыі спрыяюць правядзенню рэферэндуму. Станоўчыя эканамічныя паказнікі могуць надаваць упэўненасці Лукашэнку і яго камандзе.

    Знешняя палітыка таксама павінна надаваць аптымізму. З Расіяй вырашаныя асноўныя праблемныя пытанні. З Еўропай таксама адносіны развіваюцца. Наглядным прыкладам гэтаму служыць першае ў гісторыі персанальнае запрашэнне для Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства ў Бруселі.

    З іншага боку, не да канца зразумела, навошта сёння ўладам патрэбны рэферэндум. У 1995, 1996 і 2004 гадах існавала пагроза ўладзе Лукашэнкі. Адпаведна рэферэндумы былі неабходныя. Цяпер жа пагрозы для Лукашэнкі няма, і рызыкоўнымі ўчынкамі ўлады могуць толькі нашкодзіць сабе.

    Адсутнасць па гэтай тэме значных публічных абмеркаванняў, ініцыяваных уладамі альбо яе прыхільнікамі, таксама могуць сведчыць пра тое, што наўрад ці рэферэндум адбудзецца ў хуткім часе. Бо пры такіх важных падзеях артпадрыхтоўка звычайна пачынаецца задоўга да запланаванага мерапрыемства.

    Такія намёкі нібыта былі год таму, але сціхлі.

    Павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў прэзідэнта не той аргумент, каб варта было непакоіць жыццё ў краіне і правакаваць грамадства. Гульня проста не вартая свечак.

    ПаказацьСхаваць каментары