Беларускія ўніверсітэты ў топе сусветных рэйтынгаў: што перашкаджае нашай мары

Змаганне беларускіх ВНУ за незалежныя рэйтынгі – карысны “пендаль”, калі не скоціцца ў кампанейшчыну. Але без рэформаў на гэтым шляху ўсё роўна не абысціся.
Вадзім Мажэйка· 8 Снежня 2017
Беларускія ўніверсітэты ў топе сусветных рэйтынгаў: што перашкаджае нашай мары

Жаданне выйграць канкурэнцыю ў сусветных універсітэтаў можа стаць прычынай карэнных зменаў усёй беларускай вышэйшай адукацыі. Бо пагоня за месцамі ў рэйтынгах прымушае глядзець на заходнія стандарты і пакрысе перабудоўваць універсітэцкую сістэму.

Прычыны такога памкнення варта шукаць у вонкавай арыентацыі беларускіх ВНУ. Аднак унутраныя хібы дзяржавы робяць патрэбныя змены занадта амбітнымі, а часам і немагчымымі ў асобна ўзятай сістэме адукацыі.

Арыентацыя на замежнікаў: карысная, але рызыкоўная

Беларусь клапоціцца пра замежных студэнтаў, бадай, болей, чым пра сваіх. Уся эпапея з далучэннем Беларусі да Балонскага працэсу ў значнай ступені грунтуецца на жаданні прывабіць замежнікаў (і іх валюту) магчымасцю атрымаць прызнаны ў Еўропе дыплом. І сістэма адукацыі арыентуецца на прыцягненне ўсё новых іншаземцаў. Як адзначыў міністр Карпенка: “Мы маем намер нарошчваць тэмпы, плануем павялічваць колькасць спецыяльнасцяў, падрыхтоўка па якіх будзе весціся на англійскай мове”.

Адпаведна і месца беларускіх ВНУ ў сусветных рэйтынгах больш хвалюе замежнікаў.

Напрыклад, умоўнага кітайца, які шукае ўніверсітэт у недарагой еўрапейскай краіне, рэйтынг БДУ паводле Times Higher Education цікавіць у значна большай ступені, чым умоўнага хлопца з Баранавічаў, якога бацькі накіравалі ў сталіцу вучыцца на эканаміста.

Сама па сабе такая арыентацыя на студэнтаў карысная справа. Сёння канкурэнцыя за чалавечы капітал глабальная, трэба змагацца нават за айчынную моладзь, каб мазгі не ўцяклі. А прыток у краіну актыўных замежнікаў – гэта штуршок інавацыйнаму мысленню ды мультыкультурнаму асяроддзю.

Што праўда, у беларускіх умовах студэнты-іншаземцы могуць прыносіць універсітэтам вялікую шкоду. Вучэльні ахвяруюць доўгатэрміновай рэпутацыяй дзеля хуткіх грошай, калі выдаюць дыпломы людзям без рэальнай адпаведнай кваліфікацыі. Прывілеяваныя ўмовы для замежнікаў правакуюць развіццё ксенафобіі, а акадэмічная этыка працягвае паміраць.

Зварот тварам да іншаземных крытэраў

Каб падвысіць канкурэнцыю сярод беларускіх універсітэтаў ды зрабіць іх больш прывабнымі для замежнікаў, Рэспубліканская рада рэктараў ВНУ распрацавала адмысловы “Пералік інтэгральных індыкатараў развіцця нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, гарманізаваных з міжнароднымі падыходамі”. За доўгай назвай хаваецца спіс з 35 характарыстык: хто навучаецца і хто навучае, як адбываецца адукацыйны працэс ды навукова-даследчая дзейнасць, наколькі адукацыя інтэрнацыянальная ды інклюзіўная.

Сярод прапанаваных індыкатараў шмат даволі сучасных.

Напрыклад, колькасць праграм двайных дыпломаў, валоданне выкладчыкаў замежнай мовай ды доўгатэрміновае навучанне студэнтаў за мяжой па абмене.

Амаль па кожным пункце ідзе спасылка на адпаведныя крытэры міжнародных рэйтынгаў: ад Індэкса чалавечага развіцця і дзяржаўных праграм Расіі з Казахстанам да QS World Univercity Rankings і Інавацыйнага індэкса Блумберга.

Дакумент пакуль не зацверджаны ў Мінадукацыі, хоць Рэспубліканская рада рэктараў і раіць гэта зрабіць. Таму цяжка сказаць, калі і ў якой рэдакцыі пералік індыкатараў будзе прыняты. Аднак звяртае на сабе ўвагу сам факт: кіраўніцтва беларускіх ВНУ гатовае арыентавацца на міжнародныя рэйтынгі і змагацца за добрыя месцы ў іх, грунтуючыся на нацыянальна зацверджаных крытэрах.

Міжнародныя рэйтынгі: карысны інструмент, але не панацэя

Такі падыход мае як свае плюсы, так і істотныя пасткі.

Не існуе 100% аб’ектыўных ды ўсеабдымных рэйтынгаў, а для абагульняльнага погляду здалёк на ўвесь свет непазбежна сціраюцца нюансы. Аднак, безумоўна, станоўчы момант QS World Univercity Rankings ці рэйтынг Times немагчыма прымусіць падфарбаваць патрэбныя беларускім чыноўнікам вынікі. Міжнародныя рэйтынгі незалежныя ды аўтаномныя, на гэтым грунтуецца іх аўтарытэт, і з-за Беларусі сітуацыя не зменіцца.

Знешні кантроль – добры інструмент, калі няма ўнутранай незалежнасці ўніверсітэтаў. Да таго ж любая канкурэнцыя – рухавік прагрэсу.

Аднак у змаганні за месца ў рэйтынгу існуе вялікае рызыка мэтанакіравана, але бяздумна (а то і ўвогуле маніпулятыўна) набіваць асобныя паказнікі накшталт публікацый аднаго-двух таленавітых выкладчыкаў у замежных навуковых часопісах з моцным імпакт-фактарам.

Добрае, але сумнае параўнанне – гонка Беларусі за месца ў рэйтынгу Doing Business. Падняцца са 106 на 38 месца атрымалася, аднак вялікае пытанне, наколькі за гэтымі лічбамі хаваецца сутнаснае паляпшэнне бізнес-клімату і эканомікі ў краіне, а наколькі – шматгадовая механічная праца з метадалогіяй.

Адпаведна, у пагоні за міжнароднымі рэйтынгамі трэба не згубіць з фокуса ўласна змаганне за якасць беларускай вышэйшай адукацыі.

Як чыноўнікі самі сабе пракантралююць

Варта ўзгадаць і Грыбаедава: “А суддзі хто?” У Грамадскага Балонскага камітэта існуе вялізнае непаразуменне з Міністэрствам адукацыі наконт такога пункта дарожнай мапы ЕПВА, як стварэнне ў Беларусі незалежнага Агенцтва па кантролі якасці адукацыі. Чыноўнікі лічаць, што адпаведная структура, падначаленая Мінадукацыі, сыдзе за незалежную, што выклікае чаканую крытыку.

Улічваючы “незалежнасць” у беларускай дзяржаве і ўніверсітэтаў, і судоў, цяжка сабе ўявіць, як у такой сістэме магло б з’явіцца ды функцыянаваць такое сапраўды незалежнае агенцтва. А без гэтага адразу ўзнікаюць пытанні да фундамента рэйтынгаў беларускіх ВНУ: хто збірае звесткі і верыфікуе іх, наколькі празрыста вядзецца працэс?

Ад гэтага шмат у чым залежыць, наколькі любым рэйтынгам будуць давяраць як у самой Беларусі, так і за яе межамі.

Аўтаномія замест любімчыкаў

Беларусь далёка не адзіная краіна, якая імкнецца прасунуць свае ВНУ ў сусветных рэйтынгах. Цікава звярнуць увагу нават на Расію, дзе сёння працуе праект “5-100”, мэта якога – да 2020 года вывесці 5 расійскіх універсітэтаў у сусветны топ-100. Як усё арганізавана?

Ёсць група з 21 ВНУ, прычым адкрытая: патэнцыйна туды можа трапіць кожны з універсітэтаў краіны, а не толькі любімчыкі чыноўнікаў. Іх дасягненні ў развіцці адзначаюць па ўздыме ў тых самых міжнародных рэйтынгах, 10 аб’ектыўных паказніках ад Мінадукацыі і экспертных адзнаках Рады. Каб пазбегнуць міжсабойчыку, Рада складаецца як з расійскіх адмыслоўцаў ды чыноўнікаў, так і з міжнародных экспертаў (напрыклад, прэзідэнта Ганконгскай акадэміі навук).

Пасля адзнак Рады ўніверсітэты атрымоўваюць значнае дадатковае фінансаванне, якое адрозніваецца для лідараў і тых, хто замыкае групу, амаль на парадак.

Зрэшты, калі глядзець на лідараў сусветных рэйтынгаў ВНУ, то значную частку іх бюджэту дае фінансавая падушка бяспекі – эндаўмент, то бок іх асабісты капітал у мэтавым фондзе. У беларускіх жа ўніверсітэтаў не тое што няма грошай, а нават няма інстытуцыйнай фінансавай аўтаноміі, без якой пра стварэнне эндаўмента не варта і марыць.

Сістэмны праклён

Спроба беларускіх ВНУ атрымаць добрую пазіцыю ў міжнародных рэйтынгах натыкаецца на сістэмныя застарэлыя праблемы беларускай адукацыі і, шырэй, беларускай дзяржаўнай сістэмы, гэта значыць на адсутнасць незалежных інстытутаў, немагчымасць фінансавай аўтаноміі і арыентацыю на хуткі вынік у шкоду доўгатэрміновым перспектывам.

Зрэшты, універсітэты – гэта акурат тое месца, дзе мыслярам варта шукаць выйсця са складаных сітуацый. А за такія даследаванні і ў рэйтынгу могуць падвысіць.

ПаказацьСхаваць каментары
Вам спадабаецца
Арцём Шрайбман , Вадзім Мажэйка, Глеб Мартынаў· 18 Лістапада
Чаму БРСМ— не субкультура, а Wi-Fi ва ўніверсітэце — не рэформы
Чаму БРСМ— не субкультура, а Wi-Fi ва ўніверсітэце — не рэформы
І ці можна яшчэ абмяркоўваць скульптуру гарадавога ў падкасце?
Алёна Мельчанка , Таня Кавалёнак · 14 Лістапада
Как это было у них в Англии — третий выпуск “Минобр позвонит!”
Как это было у них в Англии — третий выпуск “Минобр позвонит!”
Таня и Алёна делятся своим опытом учебы в магистратуре в Англии.
Алёна Мельчанка , Вольга Паддубная , Таня Кавалёнак · 1 Лістапада
Отношения, власть и ЦТ — второй выпуск “Минобр позвонит!”
Отношения, власть и ЦТ — второй выпуск “Минобр позвонит!”
Тема отношений между людьми и институтами в образовательном пространстве стала центральной призмой обсуждения в этот раз. Через нее мы посмотрели на  последние новости образования в Беларуси и опыт Англии по организации ЦТ в новой рубрике “А как у них”.